Пошук

23.04.2026 21:48   Тэкст: Кс. Аляксандр Амяльчэня, Марыя Валодзіна / Паводле: Vatican News BY / Catholic.by

Фота: Aleteia

23 красавіка 2026 года, у апошні дзень апостальскага падарожжа ў Афрыку, Леў XIV узначаліў урачыстую Імшу на гарадскім стадыёне ў Малаба, дзе сабраліся каля 20 тысяч вернікаў з розных рэгіёнаў краіны і з-за мяжы.

Ці разумеем мы Слова Божае?

У гаміліі Пантыфік звярнуўся да евангельскага ўрыўка пра сустрэчу дыякана Філіпа з эфіопскім еўнухам з Дзеяў Апосталаў. Ён падкрэсліў, што гэты тэкст заахвочвае нас задацца пытаннем, ці сапраўды мы разумеем тое, што чытаем у Святым Пісанні.

Дыякан Філіп, сустрэўшы падарожніка, які вяртаўся з Ерузалема ў Афрыку, спытаў: «Ці разумееш, што чытаеш?» (Дз 8, 30). Гэта быў еўнух каралевы Эфіопіі, які сціпла адказаў: «Як жа магу разумець, калі ніхто не павучыў мяне? Яго адказ дэманструе адкрытасць і жаданне зразумець», — сказаў Святы Айцец.

Ад няволі да свабоды ў Хрысце

Папа прапанаваў паразважаць над асобай гэтага чалавека: ён багаты, як і яго зямля, і ўсё ж ён нявольнікаў. Багацце, якім ён распараджаецца, яму не належыць: усё, што ў яго ёсць, — гэта яго праца, якая прыносіць карысць іншым. Ён разумны і адукаваны, аб чым сведчаць як яго дзяржаўная роля, так і малітва, але не цалкам вольны. Яго становішча адлюстроўваецца нават у яго целе: ён еўнух, чалавек, пазбаўлены магчымасці даць жыццё. Яго жыццёвая сіла пастаўлена на службу ўладзе, якая кантралюе яго і пануе над ім.

Фота: Vatican Media

«Аднак абвяшчэнне Евангелля на радзіме, у Афрыцы, якая была для яго месцам няволі, вызваляе яго. Божае слова, якое ён чытае, прыносіць нечаканы плён у яго жыцці. Сустрэча з дыяканам Філіпам, сведкам укрыжаванага і ўваскрослага Хрыста, ператварае яго з простага чытача Пісання ў аднаго з удзельнікаў гісторыі збаўлення, якая цяпер тычыцца яго асабіста. Праз хрост ён становіцца дзіцём Божым і нашым братам у веры. Нягледзячы на няволю і бяздзетнасць, ён адраджаецца да новага і свабоднага жыцця ў імя Пана, і мы па сённяшні дзень гаворым пра гісторыю яго збаўлення, чытаючы Святое Пісанне», — нагадаў Пантыфік.

Вера як ключ да разумення Святога Пісання

Падобна яму, мы таксама праз хрост атрымалі тое ж святло тую ж веру, з дапамогай якой чытаем і разумеем Святое Пісанне: разважаем пра прароцтвы, чытаем псальмы, вывучаем Божы Закон і абвяшчаем Евангелле ў сваім жыцці. «Усе тэксты Святога Пісання раскрываюць свой сапраўдны сэнс у веры, бо яны былі напісаны і перададзены нам праз веру. Таму чытанне Бібліі заўсёды з’яўляецца не толькі асабістым, але і супольным, касцёльным актам — яно ніколі не бывае ізаляваным або чыста механічным», — падкрэсліў Леў XIV.

Фота: Vatican Media

Мы чытаем Святое Пісанне разам як агульную спадчыну Касцёла, пад кіраўніцтвам Духа Святога і Апостальскай традыцыі, якая яго захавала і перадала. Як і еўнух, мы можам прыйсці да разумення Божага слова з дапамогай настаўніка, які суправаджае нас на шляху веры, як гэта было з дыяканам Філіпам, які абвясціў яму Добрую навіну пра Езуса.

«Тое, аб чым чытаў еўнух у прароцтве Ісаі, спраўдзілася ў Хрысце: церпячы слуга, пра якога казаў прарок — гэта Езус, які праз муку, смерць і Уваскрасенне збаўляе чалавецтва ад граху і смерці. Ён — Слова, якое стала целам, у якім спаўняецца і атрымлівае поўны сэнс і канчатковую мэту ўсё Святое Пісанне»,

— сказаў Папа.

Хрыстус — хлеб жыцця

«Бог адкрываецца людзям у Езусе Хрысце, які дае жыццё. Як манна ў пустыні была знакам Божага клопату, так цяпер гэты старажытны сімвал саступае месца сакрамэнту новага і вечнага запавету. Езус становіцца «хлебам жывым» у Эўхарыстыі: хто прымае Яго, атрымлівае вечнае жыццё, таму што Хрыстус — жывы! Ён уваскрос і працягвае аддаваць жыццё за ўсіх людзей», — сцвердзіў Леў XIV.

Выбар паміж надзеяй і роспаччу

«Уваскрасенне Хрыста вызваляе чалавецтва ад няволі зла і дае яму выбар: верыць і мець жыццё вечнае або заставацца ў роспачы. Прымаючы рашэнне верыць у Яго, кожны з нас выбірае паміж непазбежным адчаем і надзеяй, якую прапануе Бог», — сказаў Святы Айцец.

«Хрыстус — гэта ўсё для нас! У Ім мы знаходзім паўнату жыцця і сэнс, адказ на свае патрэбы — справядлівасць, моц, жыццё, шлях і святло. Хоць жыццёвыя цяжкасці не знікаюць, у Божай прысутнасці яны атрымліваюць тлумачэнне. Бог заўсёды любіць нас першым і дае чалавеку Добрую Навіну, якую кожны хрысціянін пакліканы сведчыць сваім жыццём, служэннем і прабачэннем»,

— нагадаў Папа.

Радасць Евангелля і небяспека эгаізму

Леў XIV нагадаў словы Папы Францішка аб тым, што сустрэча з Хрыстом напаўняе чалавека радасцю, але гэтая радасць можа знікнуць, калі сэрца замыкаецца ў эгаізме, ліхаманкавай пагоні за легкадумнымі задавальненнямі, прытупленым сумленні і абыякавасці да іншых, асабліва да бедных. Менавіта любоў Пана падтрымлівае нашы намаганні, асабліва ў служэнні справядлівасці і салідарнасці.

Папа заклікаў вернікаў Экватарыяльнай Гвінеі працягваць місію першых вучняў Хрыста: чытаць Евангелле разам, абвяшчаць яго з запалам і ўсім сваім жыццём сведчыць пра веру, якая збаўляе, каб Божае слова стала «добрай закваскай» для ўсіх.

 Леў XIV вяртаецца ў Рым: завяршэнне візіту ў Афрыку

Фота: Vatican Media

У міжнародным аэрапорце горада Малаба прайшла афіцыйная цырымонія развітання, якая завяршыла знаходжанне Святога Айца на афрыканскай зямлі. Ля трапа самалёта Льва XIV праводзілі Прэзідэнт Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абіанг Нгема Мбасога і яго жонка Канстанцыя Манге дэ Абіанг. Урачыстасць уключала выкананне дзяржаўных гімнаў і адданне пашаны сцягам.

Паветраны шлях Пантыфіка пралягае праз неба 7 дзяржаў. Пасля вылету з Экватарыяльнай Гвінеі самалёт па чарзе перасякае паветраную прастору Камеруна, Нігерыі, Нігера, Алжыра і Туніса, пакуль нарэшце не дасягае італьянскіх берагоў.

Час у палёце для Льва XIV будзе напоўнены не толькі адпачынкам, але і звыклай працай. Праграма прадугледжвае правядзенне прэс-канферэнцыі, падчас якой Пантыфік падзеліцца ўражаннямі ад паездкі, а таксама абед і сумесную фатаграфію з экіпажам.

Прызямленне ў міжнародным аэрапорце імя Леанарда да Вінчы ў Ф'юмічына запланавана каля 20.00. Адразу пасля гэтага Святы Айцец перасядзе ў аўтамабіль, каб пераадолець апошнія 28 кіламетраў да Ватыкана, завяршаючы свой насычаны апостальскі візіт.

Абноўлена 23.04.2026 23:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа