Пошук

22.04.2026 20:25   Кс. Аляксандр Амяльчэня, Марыя Валодзіна / Vatican News BY / Catholic.by

Фота: Vatican Media

Папа працягвае візіт у Экватарыяльную Гвінею. Другі дзень прысвечаны кантынентальнай частцы: ад святыні ў Мангома да сустрэчы з вязнямі і моладдзю ў партовай Баце.

22 красавіка ў рамках апостальскага падарожжа ў Афрыку Леў XIV прыбыў у горад Мангома, размешчаны ў правінцыі Вэле-Нзас, непадалёк ад мяжы Экватарыяльнай Гвінеі з Габонам. У выніку нафтавага буму 1990-х гадоў ён стаў значным адміністрацыйным і інфраструктурным цэнтрам краіны.

Пантыфік узначаліў святую Імшу ў галоўнай святыні рэгіёна — базыліцы Беззаганнага Зачацця, на якой прысутнічала каля 100 тысяч чалавек. У гаміліі ён падкрэсліў, што Эўхарыстыя з’яўляецца «крыніцай і вяршыняй жыцця і місіі Касцёла», бо ў ёй Хрыстус дорыць Сябе чалавецтву як «жывы хлеб, які сілкуе нас». Яго прысутнасць у Эўхарыстыі праяўляе бясконцую любоў Бога да ўсёй чалавечай сям'і і да кожнага чалавека.

170 гадоў евангелізацыі

На думку Папы, 170-я гадавіна евангелізацыі Экватарыяльнай Гвінеі ўяўляе сабой добрую нагоду ўспомніць «усё тое добрае, што стварыў Пан», і ў той жа час падзякаваць місіянерам, святарам, катэхетам і свецкім вернікам, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню Евангеллю, нягледзячы на выпрабаванні.

Стаць місіянерамі для саміх сябе

Святы Айцец падкрэсліў, што гэтая спадчына з’яўляецца не толькі часткай мінулага, але і заклікам да дзеяння сёння. Ён нагадаў словы Паўла VI, які ў 1969 годзе ў Кампале заклікаў афрыканцаў стаць місіянерамі для саміх сябе, бо Касцёл ужо глыбока ўкаранёны на іх глебе. Цяпер вернікі пакліканы самі несці адказнасць за яго развіццё і стварэнне агульнага дабра. Такая адказнасць патрабуе настойлівасці і самаахвярнасці. Касцёл, які бясстрашна і радасна абвяшчае Хрыста, можа падвяргацца пераследу. Але, як сцвярджае Евангелле, нават пераслед прыносіць плён — многія набліжаюцца да Слова Божага і на свае вочы бачаць цудоўныя знакі Божай прысутнасці, якая прыносіць аздараўленне хворым целам і духам.

Фота: Vatican Media

Нават сутыкаючыся з асабістымі, сямейнымі і сацыяльнымі цяжкасцямі, мы пакліканы заставацца вернымі Евангеллю і з радасцю сведчыць пра яго. Бог не праміне праявіць знакі сваёй прысутнасці, бо Ён дзейнічае ў нашым жыцці і, як «хлеб жыцця», здавальняе наш голад (пар. Ян 6, 35), — адзначыў Леў XIV.

Голад па надзеі і справядлівасці

На думку Пантыфіка, найбольшы «голад», які адчуваюць сёння гвінейцы — гэта імкненне да будучыні, поўнай надзеі, здольнай спарадзіць новае пачуццё справядлівасці і прынесці плён міру і братэрства. Гэта не невядомая будучыня, якую трэба пасіўна чакаць, а тое, што людзі пакліканы будаваць самі з Божай ласкай.

«Будучыня Экватарыяльнай Гвінеі залежыць ад вашага выбару. Яна залежыць ад вашага пачуцця адказнасці і агульнага імкнення абараняць жыццё і годнасць кожнага чалавека»,

— сказаў Папа.

Адказнасць за будучыню краіны

Пантыфік заклікаў гвінейцаў усебакова развіваць сваю краіну, выкарыстоўваць яе прыродныя багацці для ўсіх, служыць агульнаму дабру, а не прыватным інтарэсам, скарачаючы разрыў паміж прывілеяванымі і бяздольнымі. «Хай будзе больш магчымасцяў для свабоды, і хай годнасць чалавечай асобы заўсёды будзе абаронена», — пажадаў Леў XIV, нагадваючы пра найбольш уразлівых — бедных, сем’і ў цяжкім становішчы і зняволеных, якія вымушаныя жыць у неспрыяльных санітарна-гігіенічных умовах.

Фота: Vatican Media

«Хрысціянам неабходна ўзяць лёс Экватарыяльнай Гвінеі ў свае рукі. Таму я заклікаю вас: не бойцеся абвяшчаць Евангелле і сведчыць пра яго сваім жыццём! Будзьце будаўнікамі будучыні, поўнай надзеі, міру і прымірэння, працягваючы справу, распачатую місіянерамі 170 гадоў таму», — сказаў напрыканцы гаміліі Леў XIV, даручаючы гвінейцаў апецы Беззаганнай Панны Марыі.

Катэдра Сьюдад-дэ-ла-Пас: Папа асвяціў першы камень

Фота: Vatican Media

Перад святой Імшой, якая 22 красавіка 2026 года прайшла ў базыліцы Беззаганнага Зачацця ў Мангома, Леў XIV асвяціў першы камень будучага катэдральнага сабора Сьюдад-дэ-ла-Пас, новай сталіцы Экватарыяльнай Гвінеі.

Урачысты абрад прайшоў на плошчы перад базылікай, на якой сабраліся дзясяткі тысячы вернікаў. Папа звярнуўся да прысутных з цёплымі словамі прывітання, падкрэсліўшы важнасць адзінства і веры. Ён адзначыў, што гэты дзень з’яўляецца благаслаўлёным і асаблівым для ўсіх, хто праслаўляе Пана і просіць Яго ласкі для ўсіх прысутных і іх сем’яў.

«Мы жадаем аднавіць нашу веру, мы жадаем аднавіць наша абавязацельства ісці за Езусам Хрыстом з вернасцю, у Яго Касцёле, і заўсёды быць адзінымі ў каталіцкай супольнасці»,

— сказаў Святы Айцец, асвячаючы першы камень касцёла, які будзе пабудаваны ў новай сталіцы Экватарыяльнай Гвінеі Сьюдад-дэ-ла-Пас (Горад Міру).

Затым Пантыфік прамовіў малітву аб благаслаўленні Пана, заклікаючы Яго спаслаць благаслаўленне на ўвесь народ Божы і на асвечаны камень. «Гэты камень уяўляе сабою моц веры, якая аб'ядноўвае і робіць вернікаў братамі і сёстрамі ў Езусе Хрысце, сынамі і дочкамі адзінага Бога», — падкрэсліў ён.

Леў XIV наведаў тэхналагічную школу імя Папы Францішка ў Мангома

Фота: Vatican Media

Леў XIV наведаў Тэхналагічную школу імя Папы Францішка ў горадзе Мангома на ўсходзе Экватарыяльнай Гвінеі. Гэты візіт меў асаблівае значэнне, бо адбыўся на наступны дзень пасля першай гадавіны смерці Францішка.

Напярэдадні Леў XIV узгадаў свайго папярэдніка ў пасланні, якое было зачытана падчас святой Імшы ў рымскай Базыліцы Санта-Марыя-Маджорэ. У ім ён назваў Францішка адданым пастырам, які крануў сэрцы многіх людзей і падкрэсліў яго вернасць пакліканню да самага канца.

Леў XIV адзначыў, што

«Францішак быў Наступнікам Пятра і пастырам Паўсюднага Касцёла ў час, які азнаменаваў — і працягвае адзначаць — змену эпохі, цалкам усведамляючы гэта і прапаноўваючы нам сваё мужнае сведчанне, якое ўяўляе сабой важную спадчыну для Касцёла».

Тэхналагічная школа імя Папы Францішка ў Экватарыяльнай Гвінеі — гэта навучальная ўстанова, якая займаецца прасоўваннем тэхналагічнай і прафесійнай адукацыі моладзі. Яна адыгрывае важную ролю ў падрыхтоўцы новага пакалення спецыялістаў у гэтай афрыканскай краіне.

Надзея за кратамі: візіт Льва XIV у турму Баты

Фота: Vatican Media

Апостальскае падарожжа Папы ў Экватарыяльную Гвінею адзначылася асабліва кранальнай сустрэчай. У турме горада Бата Святога Айца віталі Міністр юстыцыі Рэгінальда Біёга Мба Ндонг Ангесома, кіраўніцтва ўстановы і прадстаўнікі касцёльнай душпастырскай службы.

Сустрэча ва ўнутраным дворыку, напоўненая спевамі і шчырым сведчаннем аднаго з вязняў, стала момантам глыбокага духоўнага суцяшэння для тых, хто часта адчувае сябе забытым грамадствам.

Бог нікога не выключае са Свайго міласэрнага позірку — гэтая думка стала стрыжнем прамовы Святога Айца перад людзьмі ў няволі.

Звяртаючыся да зняволеных, Леў XIV падкрэсліў, што кожны чалавек са сваёй гісторыяй, памылкамі і пакутамі застаецца бясконца каштоўным для Бога. Паводле яго слоў, Езус Хрыстус, нават будучы несправядліва асуджаным, любіў да канца, паказваючы, што любоў здольная перамяніць нават самае зацвярдзелае сэрца. Святы Айцец заўважыў, што вязні з’яўляюцца неад’емнай часткай народа і будучыні краіны.

Разважаючы пра сутнасць правасуддзя, Папа адзначыў, што юстыцыя павінна не проста караць, але ўкладаць сілы ў патэнцыял кожнай асобы. Сапраўдная справядлівасць заўсёды скіравана на аздараўленне ран — як ахвяр, так і саміх вінаватых.

Леў XIV перакананы, што без прымірэння справядлівасць губляе свой сэнс, а працэс вяртання чалавека да нармальнага жыцця павінен залучаць усю супольнасць.

Папа выказаў надзею на тое, што час у турме стане для многіх перыядам глыбокага роздуму і росту. Ён заклікаў ствараць магчымасці для навучання і працы, бо чалавек не можа вызначацца выключна сваімі мінулымі памылкамі.

Фота: Vatican Media

Падзякаваўшы супрацоўнікам турмы і капелану за іх нялёгкую службу, Леў XIV нагадаў, што спалучэнне бяспекі з павагай да чалавечнасці з’яўляецца падмуркам для перавыхавання.

Завяршаючы візіт малітвай і благаслаўленнем, Святы Айцец прыняў ад вязняў сімвалічны падарунак — драўляны крыж, зроблены іх рукамі.

Адразу пасля гэтага Папа накіраваўся да Мемарыяла ахвярам выбухаў, якія адбыліся 7 сакавіка 2021 года ў вайсковай казарме раёна Нкоантома. Сваім візітам і ўшанаваннем памяці больш чым ста загінулых Леў XIV яшчэ раз нагадаў пра важнасць салідарнасці і сілы духу, якая дапамагае народу падымацца пасля самых цяжкіх выпрабаванняў.

Абноўлена 22.04.2026 21:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.