Пошук

20.11.2026 13:36   Паводле прес-рэліза Right To Life UK / Catholic.by
Фота:www.vaticannews.va

Гісторыі людзей, якія скончваюць жыццё з дапамогай асіставанага самагубства, працягваюць быць тэмай дыскусій з боку этычных і грамадскіх супраціўнікаў легалізацыі такой практыкі. Колькасць падобных выпадкаў у свеце не спыняецца — толькі ў адной Аўстрыі тэмп росту асіставаных самагубстваў за апошнія тры гады склаў 267%. Каталіцкі Касцёл нагадвае: годнасць чалавечага жыцця не залежыць ад стану здароўя, а адказам на пакуты павінны быць клопат, паліятыўная дапамога і чалавечая салідарнасць. 

30 студзеня 2026 года аўстрыец Самюэль Прынц-Райтэрэр памёр у дзень свайго 22-годдзя. Малады чалавек скончыў жыццё з дапамогай асіставанага самагубства пасля таго, як захварэў на міялгічны энцэфаміяліт, вядомы таксама як сіндром хранічнай стомленасці (ME/CFS). Захворванне развілося пасля перанесенага COVID-19. 

У студзені Самюэль публічна расказаў пра сваё рашэнне на платформе Reddit. Паводле яго слоў, хвароба настолькі абмежавала яго фізічныя магчымасці, што ён быў вымушаны амаль увесь час знаходзіцца ў ложку, не пераносіў святла, і нават нязначная актыўнасць выклікала моцнае знясіленне. 

«Цела думае, што памірае, бо ў яго сканчаецца энергія, і таму запускае крайні стан пакуты. Настолькі моцны, што часта думаеш, што застаўся толькі адзін выхад»,

— прызнаўся ён. 

Пра намер скончыць жыццё малады чалавек паведаміў за дванаццаць дзён да смерці. «Многія не бачаць выхаду; узровень самагубстваў надзвычай высокі. Мая хвароба таксама рухаецца ў кірунку, калі мне можа спатрэбіцца штучнае харчаванне. Таму праз 12 дзён я прайду праз асіставанае самагубства», — сказаў Самюэль. 

Гісторыю Самюэля распаўсюдзіла брытанская арганізацыя «Right To Life», якая выступае супраць прыняцця закона аб асіставанам самагубстве і эўтаназіі. У Аўстрыі гэты закон дзейнічае з 1 студзеня 2022 года, і ён дазваляе пры выкананні вызначаных умоў паўналетнім дзеяздольным людзям скончыць жыццё з дапамогай іншай асобы. 

Даведка 

«Right To Life» (у перакладзе з англ. — «Права на жыццё») — гэта агульная назва для шэрагу буйных некамерцыйных, праваабарончых і лабісцкіх арганізацый па ўсім свеце, якія выступаюць супраць абортаў, эўтаназіі і асіставанага самагубства.

Вядома, што прыведзеныя ёю абставіны варта разглядаць, разумеючы іх паходжанне і кантэкст. Аднак сам выпадак ставіць пытанне, якое выходзіць за межы асобнай гісторыі: ці атрымліваюць людзі з цяжкімі хранічнымі захворваннямі ўсю неабходную дапамогу, перш чым смерць пачынае здавацца ім адзіным магчымым выйсцем? 

Каталіцкія біскупы пільна сочаць за развіццём падзей, якія адбываюцца на фоне дазволу легальнага самагубства. Прыклад другой краіны — Аўстраліі, дзе такі закон дзейнічае з 2023 года, — канстатуе абмежаваны доступ да лячэння і паліятыўнай дапамогі. Паводле даных Сіднейскай архідыяцэзіі, дзве траціны выпадкаў эўтаназіі адбыліся менавіта ў тых раёнах, дзе доступ да згаданых паслуг абмежаваны.

«Калі добраахвотнае сканчэнне жыцця — гэта выбар, як сцвярджаюць прыхільнікі гэтага закона, то ўвага павінна быць сканцэнтравана на тым, ці маюць пацыенты ў гэтых рэгіёнах доступ да якаснага лячэння і паліятыўнай дапамогі»,

— адзначылі іерархі Сіднейскай архідыяцэзіі. 

Яшчэ адна краіна, дзе дэбаты наконт закона аб легалізацыі асіставаных самагубстваў і эўтаназіі развіваюцца асабліва горача, а сам закон пакуль застаецца на стадыі абмеркавання, — Францыя. Як сцвярджае французскі біскуп Марк Айе, «у Францыі паліятыўная дапамога застаецца настолькі недастатковай (нягледзячы на некалькі законаў, прынятых амаль аднагалосна), што амаль палова нашых суграмадзян да гэтага часу не мае да яе доступу і не валодае дастатковымі магчымасцямі для аказання паліятыўнай дапамогі». 

Іерарх занепакоены, што канчатковае прыняцце гэтага законапраекта можа толькі заахвоціць самых бедных або найбольш уразлівых пацыентаў звярнуцца да асіставанага самагубства або эўтаназіі. У той жа час біскуп канстатуе: 

«Амаль усе пацыенты, якія схільныя звярнуцца па асіставанае самагубства або эўтаназію, адмаўляюцца ад гэтай ідэі, калі трапляюць у аддзяленне паліятыўнай дапамогі, у якім могуць клапаціцца пра іх».

Але, як сведчаць біскупы яшчэ адной краіны, якая таксама змагаецца супраць закона аб асіставаных самагубствах, — Брытаніі, — вопыт краін, дзе ён дзейнічае, сведчыць, што яго легалізацыя негатыўна ўплывае на якасць і развіццё паліятыўнай дапамогі. 

Між іншым, Самюэль не быў невылечна хворым, і гэта істотная акалічнасць, калі гаворка ідзе пра аўстрыйскае заканадаўства. 

Каб скончыць жыццё, аўстрыйцу не абавязкова мець захворванне, якое непазбежна прывядзе да хуткай смерці: закон прадугледжвае таксама цяжкія працяглыя хваробы з устойлівымі пакутамі.

Ацэньваючы агульную карціну, эксперты прадказваюць, што жадаючых зрабіць фатальны выбар будзе станавіцца толькі больш.   

Лічбы, якія патрабуюць асэнсавання 

Паводле нядаўна апублікаванага даклада аўстрыйскага Міністэрства працы, сацыяльных спраў, аховы здароўя, догляду і абароны спажыўцоў «Самагубствы і прадухіленне самагубстваў у Аўстрыі — 2026», у 2025 годзе ў краіне было зарэгістравана 198 смерцяў у выніку асіставанага самагубства. У 2024 годзе іх было 112, а ў 2022-м, першым поўным годзе дзеяння закона, — 54. 

Такім чынам, за тры гады колькасць такіх выпадкаў павялічылася на 267%, а толькі за апошні год — на 77%. Паводле ацэнак, асіставанае самагубства ў Аўстрыі цяпер складае амаль адну сёмую ўсіх самагубстваў. 

Асаблівую занепакоенасць выклікае тое, што сярод памерлых былі людзі ва ўзросце ад 20 гадоў, і гэта паказвае, што асіставанае самагубства ўжо не датычыцца выключна пажылых людзей, якія знаходзяцца напрыканцы жыцця.

Лідары руху «Right To Life» звярнуліся з заклікам да міністра аховы здароўя Аўстрыі Карыны Шуман арганізаваць незалежную праверку закону аб асіставаным самагубстве.

«Міністр павінен устанавіць, чаму смерці выраслі так хутка і ці абараняюць гарантыі закону ўразлівых людзей на практыцы»,

— настойваюць яны. 

Каталіцкі Касцёл не скрывае сваіх трывог. Патрыярх Венецыі арцыбіскуп Франчэска Маралья выказаў «горыч», калі ў верасні гэтага года ў італьянскім рэгіёне Венета быў прыняты такі закон. Паводле іерарха, падобная культурная і медыцынская мадэль можа прывесці «да цяжкакантраляваных наступстваў». 

«Годнасць чалавечага жыцця з сённяшняга дня выглядае менш абароненай»,

— адзначыў Маралья. Ён звярнуў увагу на тое, што матывы, звязаныя з псіхалагічным станам чалавека, могуць ствараць шырокія магчымасці для суб’ектыўнага тлумачэння. Іерарх, як і эксперты, згодны з тым, што з цягам часу колькасць сітуацый, у якіх будзе дазволена медыцынска асіставанае самагубства, можа павялічвацца. 

Венецыянскі пастыр таксама папярэдзіў пра небяспеку паступовага пашырэння такога падыходу: калі пакінуць шырокія магчымасці для тлумачэння паняцця «невыносныя пакуты», то ўзнікае пытанне, паводле якіх крытэрыяў у кожным асобным выпадку будуць вызначаць іх наяўнасць. 

Іерарх выказаў трывогу, што прыняты закон — гэта толькі пачатак працэсу, які можа пашырацца. 

Брытанскія іерархі згодныя са сваім калегам. Біскуп Нотынгема Патрык Маккіні ў брытанскім парламенце напярэдадні чарговага чытання законапраекта аб легалізацыі асіставанага самагубства звярнуўся да вернікаў з пастырскім лістом, у якім ён папярэдзіў:

«Праект закона мае патэнцыял даць пачатак змене парадыгмы ў тым, як мы разумеем, цэнім і аберагаем святасць кожнага чалавечага жыцця». Прыняцце такога дакумента акажа «глыбокі ўплыў на саму тканіну нашага грамадства», бо яно закранае асновы правапарадку. Іерарх нагадаў, што «права на жыццё ляжыць у аснове ўсіх іншых правоў, у тым ліку права на свабоду». 

Аналізуючы вопыт іншых краін, Маккіні адзначыў, што такога роду нормы з часам пашыраюцца і прыводзяць да небяспечных зрухаў. Ён падкрэсліў, што «права на смерць пагражае вельмі хутка ператварыцца ў абавязак смерці». 

Тое, што грамадскае пагадненне, паводле якога чалавечае жыццё лічылася недатыкальнай каштоўнасцю, зараз знішчана, сцвярджаюць і аўстрыйскія біскупы. У чэрвені гэтага года аўстрыйскі епіскапат апублікаваў сямістаронкавую заяву супраць «усіх форм некарнай дапамогі ў самагубстве». У дакуменце адзначаецца, што самагубства з дапамогай іншых асоб усё часцей прадстаўляецца як дапушчальны і этычна нейтральны адказ на пакуты ці безнадзейнасць. 

Аднак годнасць чалавека і каштоўнасць яго існавання не могуць залежаць ад стану здароўя ці суб’ектыўнай ацэнкі якасці жыцця. Менавіта таму асобы, якія знаходзяцца ў стане асаблівай бездапаможнасці, патрабуюць узмоцненай аховы. Аўстрыйскія іерархі нагадалі, што яшчэ падчас прыняцця адпаведнага закона ў 2021 годзе папярэджвалі пра небяспечныя наступствы рашэння Канстытуцыйнага суда. 

З іншага боку, лічбы росту колькасці асіставаных самагубстваў у Аўстрыі яшчэ самі па сабе не даказваюць, што прычынай іх стала прыняцце закону. Так, для пэўнай ацэнкі сітуацыі патрэбны даныя пра захворванні памерлых, долю людзей з невылечнымі дыягназамі, іх псіхічны стан, сацыяльныя ўмовы, даступнасць догляду. Эксперты прызнаюць: гэтую інфармацыю часам сабраць немагчыма.

«Але грамадства павінна ведаць, чаму людзі скончылі сваё жыццё такім чынам, ці атрымлівалі яны належную дапамогу і ці былі выкананыя ўсе гарантыі бяспекі»,

— заклікаюць супраціўнікі асіставанага самагубства. 

Смяротныя прэпараты без належнага кантролю 

Яшчэ адно пытанне, якое ўздымаюць арганізацыі супраць асіставаных самагубстваў, — гэта месцазнаходжанне невыкарыстаных прэпаратаў. Калі чалавек адмаўляецца ад ранейшага рашэння або памірае з іншай прычыны, узнікае пытанне, хто павінен забяспечыць вяртанне або бяспечнае знішчэнне гэтых сродкаў. 

Паводле звестак, прыведзеных «Right To Life», з пачатку 2022 года да снежня 2025-га аптэкі выдалі 721 такі прэпарат. 103 былі вернутыя, а ў 239 выпадках пасля іх выкарыстання адбыліся смерці. Месцазнаходжанне прыкладна 380 прэпаратаў (гэта 52 %) засталося невядомым — інакш кажучы, яны ляжаць амаль у любой шуфлядзе каля ложка. 

Як паведаміў выканаўчы дырэктар арганізацыі Алістэр Хангерфард-Морган, у некаторых краінах ужо былі выпадкі, калі людзі з суіцыдальнымі намерамі скончылі жыццё, выкарыстаўшы прэпараты для асіставанага самагубства, прызначаныя камусьці іншаму.

Яшчэ большую занепакоеннасць выклікае і тое, што невернутыя прэпараты могуць выкарыстаць нават дзеці. 

Такім чынам, праблема тычыцца не толькі права дарослага чалавека прыняць пэўнае рашэнне адносна ўласнага жыцця. Яна закранае таксама і адказнасць дзяржавы за бяспеку навакольных, і калі заканадаўства прадугледжвае выдачу смяротных прэпаратаў, сістэма павінна забяспечваць поўны кантроль за іх абарачэннем. 

Чалавечае жыццё не губляе годнасці праз хваробу 

У гэтай дыскусіі Каталіцкі Касцёл займае цвёрдую пазіцыю — чалавечае жыццё з’яўляецца дарам Бога. Шэрагам сваіх пастаноў Каталіцкі Касцёл нагадвае, што чалавек адказны перад Богам за сваё жыццё, якое атрымаў, і павінен яго захоўваць.

Невыкананне гэтай адказнасці па сваёй сутнасці з’яўляецца парушэннем пятай Божай запаведзі. 

Аб гэтым сказана і ў канстытуцыі Другога Ватыканскага Сабора «Gaudium et spes» (27): «Усё, што скіравана супраць самога жыцця: забойствы, генацыд, аборт, эўтаназія і добраахвотнае самагубства <...> — усе гэтыя і да іх падобныя справы і практыкі з’яўляюцца ганебнымі». 

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла сцвярджае, што каштоўнасць дара чалавечага жыцця (пункт 2280 ККК) не вызначаецца фізічным здароўем ці ўзростам, прадукцыйнасцю, здольнасцю да самастойнага жыцця або адсутнасцю пакутаў. Чалавек не перастае быць асобай, якая заслугоўвае любові і павагі, нават калі становіцца залежным ад дапамогі іншых. Самагубства разглядаецца як супярэчнае любові да сябе, любові да бліжняга і справядлівасці (пункт 2281 ККК). 

Пры гэтым Каталіцкі Касцёл выразна адрознівае маральную ацэнку ўчынку ад ацэнкі чалавека. Цяжкія псіхічныя расстройствы, глыбокая трывога і моцны страх перад пакутамі могуць памяншаць асабістую адказнасць чалавека за самагубства. Таму Касцёл (пункт 2283 ККК) заклікае не страчваць надзеі на збаўленне тых, хто скончыў жыццё самагубствам, і нагадвае, што Касцёл моліцца за іх. 

Гэта важны аспект хрысціянскай пазіцыі: гаворка тут ідзе не пра асуджэнне чалавека, які апынуўся ў стане адчаю, а наадварот — менавіта ў такі момант ён асабліва патрабуе спагады, прысутнасці і дапамогі. 

Згодна з пунктам 2277 Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, эўтаназія ці асіставанае самагубства маральна непрымальныя — па сутнасці, гэта наўмыснае спыненне жыцця з мэтай пазбавіць чалавека ад пакутаў.

Тыя, хто супрацоўнічае ў гэтым, таксама становяцца на бок антыхрысціянскага разумення святасці жыцця. 

У прыватнасці, брытанскія біскупы падкрэсліваюць, што ўцягванне медыцынскіх работнікаў у пазбаўленне жыцця іх пацыентаў з’яўляецца памылковым у прынцыпе. Падобныя законапраекты не могуць належным чынам гарантаваць права на свабоду сумлення медыцынскіх работнікаў і не прадугледжваюць механізму адмовы ад удзелу для хоспісаў і пансіянатаў, якія не жадаюць удзельнічаць у эўтаназіі. 

«Кожны чалавек створаны паводле вобразу і падабенства Божага, і кожны чалавек, незалежна ад свайго жыццёвага становішча або таго, праз што ён праходзіць, мае дадзеную Богам годнасць, якую неабходна паважаць. Людзям нельга забіваць адзін аднаго ні ў якім кантэксце»,

— заяўляе англійскі біскуп Хэксэма і Ньюкасла Стывен Райт. Адносна самога закона ён выказваецца адназначна: «Калі пакінуць у баку мараль і этыку, гэта дрэнны законапраект. Ён не забяспечвае абароны найбольш уразлівых слаёў грамадства. Гэты законапраект — непатрэбны і памылковы». 

Аднак гэта не азначае, што Каталіцкі Касцёл патрабуе любой цаной працягваць лячэнне або падтрымліваць біялагічнае жыццё незалежна ад абставінаў. Касцёл дапускае адмову ад празмерных, небяспечных або непрапарцыянальных медыцынскіх працэдур, калі яны не даюць адпаведнага выніку або ствараюць празмерны цяжар для пацыента (пункт 2278 ККК). У такім выпадку смерць не з’яўляецца мэтай: чалавек прымае яе як непазбежнасць. 

І гэта адрозненне прынцыповае: адмова ад непрапарцыянальнага лячэння не раўназначная наўмыснаму выкліканню смерці. 

Не паскорыць смерць, а палегчыць пакуты 

Каталіцкі Касцёл не адмаўляе неабходнасці медыцынскай дапамогі людзям, якія пакутуюць ад невылечных і хранічных захворванняў, і бачыць выйсце ў паліятыўнай дапамозе, якая разглядаецца як важны спосаб падтрымання чалавечай годнасці.

Паліятыўная дапамога — гэта асаблівая форма бескарыслівай любові, якую неабходна заахвочваць. 

Больш за тое, абязбольванне і іншыя сродкі палягчэння пакутаў могуць быць маральна дапушчальнымі нават тады, калі ёсць рызыка скараціць жыццё чалавека, калі смерць не з’яўляецца мэтай і не выбіраецца як сродак (пункт 2279 ККК). 

Гэты падыход не азначае, што кожны боль можна цалкам ліквідаваць або што медыцына заўсёды здольная вярнуць чалавеку ранейшыя магчымасці. Але ён сцвярджае: нават калі вылечыць чалавека немагчыма, застаецца магчымасць палегчыць яго пакуты, дапамагчы яму жыць і не пакінуць сам-насам з хваробай. 

Таму ў цэнтры дыскусіі пра асіставанае самагубства Касцёл ставіць не толькі пытанне пра асабістае права выкарыстоўваць сваё жыццё як хочацца, але і пра адказнасць грамадства. Ці мае чалавек доступ да належнага лячэння? Ці можа атрымаць паліятыўную дапамогу, псіхалагічную і сацыяльную падтрымку? Ці ёсць побач людзі, якія дапамогуць яму пераадолець ізаляцыю і адчуванне безвыходнасці? 

Гісторыя Самюэля Прынц-Райтэрэра не дае магчымасці адказаць на ўсе гэтыя пытанні. Але яна прымушае іх задаць. Бо за кожнай статыстычнай адзінкай стаіць чалавек, чые пакуты нельга вымераць толькі медыцынскім дыягназам або прававым статусам. 

Каталіцкі Касцёл перакананы: адказам на пакуты павінны быць не прапанова смерці і не адзінота, а клопат, суправаджэнне і салідарнасць. 

Людзям, якія пакутуюць, неабходна падтрымка, а не самагубства. І абавязак грамадства — зрабіць так, каб чалавек не мусіў выбіраць паміж невыноснымі пакутамі і смерцю, каб быць пачутым і атрымаць дапамогу. 

Абноўлена 20.11.2026 15:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.