12 лютага ва ўрадзе Японіі было створана новае міністэрства: па пытаннях адзіноты і сацыяльнай ізаляцыі.
Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, асноўная яго задача — супрацьстаяць і ліквідаваць абедзве гэтыя з’явы і будаваць новыя адносіны паміж людзьмі. Кіраўніком новага міністэрства стаў 70-гадовы Тэцушы Сакамота. Раней ён быў міністрам рэгіянальнага развіцця і набыў вядомасць як стваральнік розных праграм дапамогі састарэлым, самотным і бедным дзецям. Ён таксама прыняў меры па павелічэнні нараджальнасці ў японскіх сем’ях.
Прэм’ер-міністр Японіі Ёсіхідэ Суга падкрэсліў, што новае міністэрства ствараецца ў перыяд пандэміі, «ад якой жанчыны пакутуюць больш, чым мужчыны, і сярод іх цяпер больш суіцыдаў». Звяртаючыся да новага міністра, кіраўнік ураду выказаў надзею, што той «вывучыць гэтую праблему і прыме адпаведныя меры для яе вырашэння».
На думку польскага дамініканіна айца Яраслава Янацінскага, які працуе ў Японіі больш за 40 гадоў, назва новага міністэрства, якое паклікана займацца адзінотай і сацыяльнай ізаляцыяй, адлюстроўвае вялікую сацыяльную праблему, што існуе ў гэтай краіне.
Гэта словы, якія маюць вельмі балючае значэнне ў японскай культуры і грамадстве. Да гэтага часу гэтая праблема больш закранала мужчын, якія, цалкам засяроджваючыся на сваёй прафесійнай працы, не ведалі, што рабіць з сабой пасля дасягнення пенсійнага ўзросту (прынамсі некаторыя з іх).
Яшчэ да пачатку пандэміі на гэтую тэму неаднаразова выказваўся памерлы нядаўна арцыбіскуп Токіо на пенсіі Пітэр Такеа Акада і яго дапаможны біскуп, ужо таксама пенсіянер Пол Кацухіра Моры. Яны заахвочвалі касцёльныя супольонасці звяртаць больш увагі на гэтыя праблемы.
Можа здавацца, што жанчыны больш звязаныя з сям’ёй дзякуючы кантакту з дзецьмі. Аднак праўда і тое, што дзеці, стаўшы дарослымі, пакідаюць бацькоўскі дом і ідуць у свет, а маці застаюцца з неспатоленай прагай кантактаў дома. Аказваецца, асабліва ў часы пандэміі, калі ўлады афіцыйна рэкамендуюць «абмежаваць кантакты з іншымі», таксама ў касцёлах, не ўсе жанчыны ў стане справіцца з гэтай праблемай. Такі стан рэчаў супярэчыць распаўсюджанаму меркаванню, што «японка без сябровак — як рыба без вады».
Магчыма, таму і з’явілася праблема вялікай колькасці самагубстваў сярод жанчын, аб чым сігналізуе прэм’ер-міністр.
Паводле абнародаваных у кастрычніку статыстычных звестак, за мінулы год у Японіі адбылося 2153 самагубстваў, што значна павялічылася ў параўнанні з папярэднімі гадамі, калі нават назіралася тэндэнцыя да зніжэння. У той жа час з-за COVID-19 у краіне загінула 2087 чалавек.