Пошук

17.05.2023 10:24   Паводле: КАІ / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: SIR/Marco Calvarese

Сярод жыхароў Японіі расце колькасць хрысціянаў пры адначасовым змяншэнні колькасці вызнаўцаў будызму і сінтаізму.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, пра гэта 16 мая паінфармавала італьянскае інфармацыйнае агенцтва SIR са спасылкай на даклад Дзяржаўнага агенцтва па справах культуры за 2022 год.

З дакладу вынікае, што колькасць вернікаў у розных хрысціянскіх супольнасцях Японіі у 2021 годзе павялічылася прыблізна на 52 тыс. і, паводле апошніх дадзеных, складае каля 1,97 млн.

Гэтая статыстыка грунтуецца на дадзеных, прадстаўленых рэлігійнымі супольнасцямі.

Хрысціяне складаюць усяго каля 1,5 працэнта больш як 125-мільённага насельніцтва Японіі, прычым найбольш з іх (крыху менш за чвэрць) належыць да Каталіцкага Касцёла. Аднак у параўнанні з агульнай колькасцю хрысціянаў, колькасць католікаў у апошні час паменшылася прыблізна на 4 тыс. і складае цяпер каля 431 тыс. вернікаў. Касцёл тлумачыць гэта праблемамі, падобнымі да тых, што існуюць у Еўропе, у тым ліку адыходам ад Касцёла прадстаўнікоў маладога пакалення.

Большасць сярод жыхароў Японіі складаюць сінтаісты (87 млн) і будысты (83 млн), прычым шмат людзей у краіне належыць да абедзвюх гэтых рэлігій адначасова. Паводле апублікаваных даследаванняў, колькасць вызнаўцаў абедзвюх гэтых рлігій змяншаецца, падобна як і ў яшчэ адной групе, акрэсленай як «іншыя рэлігіі», акрамя хрысціянаў.

Акрамя каталіцкай меншасці, сярод хрысціянскіх канфесій у краіне прысутнічаюць шматлікія пратэстанцкія супольнасці і Праваслаўная Царква.

Наогул, японцы адносна добра знаёмыя з хрысціянствам, напрыклад са школы або праз хрысціянскае мастацтва, музыку ці архітэктуру. Таксама карыстаюцца папулярнасцю хрысціянскія калядныя традыцыі і шлюбы ў «кталіцкім стылі», на якіх распарадчыкі, апранутыя, як святары, прамаўляюць тэксты з каталіцкага абраду сужэнства. Паводле даследавання, кожны дзясяты японец хадзіў у каталіцкую школу або вучыўся ў каталіцкім універсітэце.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця