Пошук

23.07.2021 11:10   Паводле: КАІ / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: Reuters

У японскай каталіцкай газеце «Каторыку шымбун» быў апублікаваны матэрыял пра тое, як рыхтуецца мясцовы Касцёл і прадстаўнікі іншых веравызнанняў да Алімпійскіх гульняў, якія распачынаюцца ў сталіцы Японіі 23 ліпеня.

Як адзначае Кмаліцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, на жаль, рэлігійная дзейнасць падчас летняй алімпіяды будзе моцна абмежавана ў сувязі з уведзеным 12 ліпеня ўрадам краіны «надзвычайным становішчам». Арцыбіскуп Такійскі Тарчызіё Ісао Кікуці ў спецыяльным звароце папрасіў спартоўцаў не наведваць мясцовыя касцёлы з-за пандэміі.

Да пачатку эпідэміі COVID-19 каталіцкая архідыяцэзія японскай сталіцы актыўна ўдзельнічала ў працы Такійскай федэрацыі рэлігійных аб’яднанняў па стварэнні ў Алімпійскай вёсцы Рэлігійнага цэнтра, дзе алімпійцы розных веравызнанняў маглі б памаліцца і паразмаўляць з духоўнымі асобамі. Па меры нарастання эпідэмічнай пагрозы ўвага была скіравана перадусім на духоўнае суправаджэнне спартоўцаў, паколькі прыезд у Японію гледачоў і заўзятараў у цяперашніх умовах практычна немагчымы.

Прадстаўнік Такійскай архідыяцэзіі ў згаданай федэрацыі сказаў, што пасля ўвядзення новых абмежаванняў «алімпійская» дзейнасць Касцёла цяпер зводзіцца ўсяго да некалькіх пунктаў.

Перадусім гэта правядзенне спецыяльных Імшаў анлайн на розных мовах. Іх трансляцыя будзе весціся са сталічнага езуіцкага касцёла святога Ігнацыя. Другі кірунак каталіцкай дзейнасці — гэта DVD-дыскі, якія атрымаюць удзельнікі спаборніцтваў. На іх яны ў любы час знойдуць літургічныя чытанні і гаміліі на трох мовах, малітву Ружанца (на пяці мовах), «Алімпійскае благаслаўленне» арцыбіскупа Кікуці для спартоўцаў, многія з якіх яго аб гэтым прасілі.

Нарэшце, гаворка ідзе таксама пра душпастырства: парады і духоўныя размовы анлайн па папярэдняй дамоўленасці і з выбарам мовы.

Акрамя таго, Такійская архідыяцэзія падрыхтавала спецыяльны «Алімпійскі Ружанец пяці кантынентаў», які можна атрымаць, пералічыўшы ў Курыю 500 японскіх ен (каля 4,5 амерыканскіх даляраў).

«Мы сур’ёзна падыходзім да такой вялікай справы, як душпастырскае служэнне падчас алімпіяды, нягледзячы на пандэмію. Мы хочам, каб алімпійцы атрымалі найлепшыя ўражанні ад Токіо і каб пасля заканчэння эпідэміі ім захацелася яшчэ раз прыехаць у нашу краіну», — сказаў прадстаўнік архідыяцэзіі на гульнях.

Амерыканскія евангелісты, якія рыхтаваліся да місіянерскай дзейнасці падчас Алімпійскіх гульняў, павінны былі змяніць свае планы з-за немагчымасці прыбыць у Токіо. Адна з евангелічных арганізацый Youth with Mission (Моладзь з місіяй), якая з 1960 года «абслугоўвае» ўсе алімпіяды, вырашыла правесці акцыю «Мільён гадзін малітвы» ў інтэнцыі большай прысутнасці хрысціянства ў Японіі. Акрамя таго, кожны дзень на працягу ўсіх летніх Алімпійскіх гульняў (23 ліпеня – 8 жніўня), а потым і паралімпіяды (25 жніўня – 5 верасня) іх удзельнікі змогуць далучыцца да спецыяльных малітваў анлайн па-англійску і па-японску.

Абноўлена 23.07.2021 11:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.