Пошук

25.07.2024 13:13   Паводле: КАІ / Catholic.by
Фота: Holy Games

З нагоды летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы, якія распачынаюцца ў пятніцу, 26 ліпеня, Каталіцкі Касцёл у Францыі будзе праводзіць шэраг спадарожных мерапрыемстваў.

У межах ініцыятывы Канферэнцыі Біскупаў Францыі пад назвай Holy Games — «Святыя гульні» — на працягу двух тыдняў летніх Алімпійскіх гульняў і тыдня наступных Паралімпійскіх гульняў будзе праводзіцца шэраг малітваў, канцэртаў і спартовых мерапрыемстваў, мэтай якіх з’яўляецца рапаўсюджванне ідэі салідарнасці і абвяшчэнне хрысціянскага паслання.

Парыжская архідыяцэзія і Канферэнцыя Біскупаў Францыі звяртаюцца са сваёй ініцыятывай як да прыкладна 10 тысяч спартоўцаў, удзельнікаў Гульняў, так і да 15–20 мільёнаў чаканых гасцей Алімпіяды.

40 святароў, якія размаўляюць на іншых мовах і любяць спорт, прайшлі спецыяльную падрыхтоўку для душпастырства ў межах «Святых гульняў», а за рэалізацыю адказваюць 2000 маладых валанцёраў з розных рэгіёнаў Францыі. Так, было вырашана, што ў 70-і парыжскіх парафіях вакол алімпійскіх аб’ектаў касцёлы будуць адчыненыя ўвесь дзень, каб забяспечваць пастырскую апеку і праводзіць набажэнствы на розных мовах. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена людзям з абмежаванымі магчымасцямі, асабліва падчас Паралімпійскіх гульняў.

Цэнтральнай «алімпійскай парафіяй» з’яўляецца неакласічны касцёл Ля Мадлен — святой Марыі Магдалены — у самым цэнтры Парыжа. Ужо мінулай восенню там была пасвячана капліца «Маці Божай Спартоўцаў», а ў крыпце адкрыўся пункт пасілкаў для бедных. 19 ліпеня ў касцёле адбылася святая Імша, у якой, акрамя больш як сотні дыпламатычных дэлегацый, узялі ўдзел прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах і мэр Парыжа Ан Ідальго.

Біскуп Эмануэль Габіяр / Wikidata

Цырымонію адкрыцця ўзначаліў біскуп дыяцэзіі Дынь у Правансе Эмануэль Габіяр. Папа Францішак прызначыў яго сваім спецыяльным пасланнікам на Алімпійскія гульні, таму на час Гульняў біскуп перанёс сваю рэзідэнцыю ў шматканфесійны цэнтр Алімпійскай вёскі. Там жа працуюць іншыя хрысціянскія, юдэйскія, мусульманскія і будысцкія духоўныя асобы. У інтэрв’ю біскуп Габіяр прызнаўся, што ён заўзяты спартовец.

З дзяцінства ён займаецца футболам, тэнісам і рэгбі, катаецца на лыжах, займаецца дзюдо і каратэ, а таксама любіць скакаць з парашутам.

Яшчэ адна важная рэлігійная цырымонія — гэтым разам у базіліцы Сэн-Дэні — завершыць Паралімпійскія гульні. У гэтай святыні ўвечары 25 ліпеня, перад афіцыйным адкрыццём Гульняў, адбудзецца тэлевізійны вечар малітвы з благаслаўленнем спартоўцаў і ўручэннем Цудадзейнага медаліка ў памяць пра аб’яўленні Маці Божай у іншым касцёле ў цэнтры Парыжа. Больш за тое, у самай вядомай святыні Парыжа — катэдры Нотр-Дам — 4 жніўня адбудзецца міжрэлігійная малітоўная сустрэча, падчас якой прадстаўнікі ўсіх рэлігій сумесна выкажуць сваё «жаданне міру».

Падрыхтоўка да мерапрыемстваў «Святых гульняў» вядзецца ўжо некалькі гадоў і ахоплівае многія іншыя дыяцэзіі Францыі. Напрыклад, падчас свайго падарожжа па Францыі алімпійскі агонь спыняўся ў многіх хрысціянскіх месцах, каб падкрэсліць хрысціянскае вымярэнне Гульняў. Першыя Алімпійскія гульні сучаснасці ў Афінах у 1896 годзе сталі плёнам сяброўства французскага педагога П’ера дэ Кубэртэна з дамініканскім святаром Анры Дыдонам, аўтарам знакамітага алімпійскага дэвізу Citius, altius, fortius — «хутчэй, вышэй, мацней».

Ужо ў чэрвені прайшоў футбольны турнір Pater Cup з удзелам каманд святароў, якія ўдзельнічаюць у «Святых гульнях», а раней былі забегі ад Нотр-Дам да іншых парыжскіх касцёлаў.

Іншыя хрысціянскія канфесіі таксама актыўна дзейнічаюць на летніх Алімпійскіх гульняў.

У гэты час платформа Ensemble 2024 («Разам 2024») і гурт Paris je t’aime («Парыж, я цябе люблю») хрысціянскага спартовага таварыства Go+Sport ладзяць музычныя фестывалі, канцэрты і набажэнствы. Місіянеры маюць намер абвяшчаць Евангелле на вуліцах Парыжа, раздадуць 130 тысяч асобнікаў Бібліі і будуць маліцца за гасцей гэтага вялікага спартовага свята.

Абноўлена 25.07.2024 13:19
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.