Шаснаццацігадовая Райса Леал з Бразіліі пасля таго, як заваявала бронзавы медаль на Алімпійскіх гульнях у Парыжы, перадала на мове жэстаў словы: «Езус — гэта дарога, праўда і жыццё».
Як паведаміла Niedziela.pl, маладая алімпійка здабыла бронзу Гульняў у Парыжы ў спаборніцтвах па скейтбордынгу. Тры гады таму дзяўчына стала наймалодшай алімпійскай прызёркай сваёй краіны, заваяваўшы серабро. Гэтым разам яна заняла трэцяе месца на алімпійскім п’едэстале.
На відэа, якое распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках, відаць, як спартсменка скарысталася момантам, каб даць сведчанне сваёй веры.
Яна перадала паведамленне мовай жэстаў: «Езус — гэта дарога, праўда і жыццё».
Райса Леал у сваім допісе, у якім выказала радасць з нагоды заваёвы алімпійскага медаля, працытавала Біблію: «Хіба я не загадваў табе: будзь адважны і моцны? Не бойся і не жахайся, бо Гасподзь, Бог твой, з табою, куды б ты ні пайшоў» (пар. Нав 1, 9).
Сведчанне маладой алімпійкі мае вялікае значэнне на фоне скандалу, якім было азмрочана адкрыццё алімпіяды ў Парыжы, калі арганізатары з краіны, якая прымае сёлетнія Гульні, у падрыхтаваным перформансе падчас цырымоніі адкрыцця прадставілі абразлівыя блюзнерчыя і антыхрысціянскія сцэны, што стала прыкрым сведчаннем поўнай адсутнасці ў іх элементарнай культуры і тактоўнасці, непавагі да прынцыпаў алімпійскага руху і правоў чалавека, а таксама выявіла глыбокую маральную і духоўную дэградацыю ў сучаснай Францыі і ў Заходняй Еўропе наогул.