Пошук

24.07.2024 16:11   Паводле: KNA / KAI / Catholic.by
Фота: Michel Euler / AP

Да сёлетняй летняй Алімпіяды ў Парыжы адкрылі алімпійскі касцёл, якім стане славутая Ля Мадлен, што ў самым цэнтры французскай сталіцы.

Касцёл святой Марыі Магдалены на плошчы Згоды ў Парыжа перажыў розныя моманты ў сваёй гісторыі. Хоць гэта адна з самых папулярных святынь горада, на працягу многіх гадоў яе калонны фасад у стылі класіцызму быў закрыты, а ўваход часта быў закіданы смеццем.

Аднак у сувязі з летнімі Алімпійскімі гульнямі, якія пачынаюцца ў гэтыя выходныя, дзяржава і Касцёл аб’ядналі намаганні. Пасля двух гадоў інтэнсіўных прац некалькі тыдняў таму быў завершаны рамонт фасада. Укладзена каля дзесяці мільёнаў еўра, заменена больш за 150 кубаметраў каменя і сотні квадратных метраў пакрыцця.

Да 8 верасня Ля Мадлен будзе «алімпійскай парафіяй», а таксама месцам спакою і духоўнага ўмацавання для спартоўцаў.

Набажэнствы падчас Гульняў будуць праводзіцца кожны дзень для розных краін-удзельніц, запланаваныя таксама музычныя праграмы і іншыя мерапрыемствы.

Святая Імша з нагоды ўрачыстага адкрыцця «алімпійскага касцёла» адбылася тут у пятніцу 19 ліпеня. Цэлебрацыю ўзначаліў арцыбіскуп Парыжскі Ларан Ульрыш.

Побач з прэзідэнтам Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томасам Бахам і мэрам Парыжа Ан Ідальго ў першым шэрагу таксама сядзелі два члены французскага ўрада: міністр культуры Рашыда Даці і міністр спорту Амэлі Удэа-Кастэра. На пачатку святой Імшы арцыбіскуп Ульрыш зачытаў спецыяльнае Пасланне Папы Францішка, а пробашч парафіі святой Марыі Магдалены ксёндз Патрык Шавэ прывітаў паслоў з многіх краін свету.

«Як мы можам верыць у алімпійскае спыненне агню, калі ў свеце так шмат канфліктаў, пачынаючы з Украіны і сектара Газа? — задаў рытарычнае пытане святар. — Падчас гэтай святой Імшы мы перажываем момант супольнасці, нават калі ён і нядоўгі», — сказаў ксёндз Шавэ, падкрэсліўшы, што гэта знак «маленькай надзеі, якая натхняе ўсіх нас, веруючых і няверуючых».

Пасля святой Імшы міністр спорту Удэа-Кастэра і прэзідэнт МАК Бах выпусцілі пяць галубоў як сімвал міру.

Абноўлена 24.07.2024 16:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця