Пошук

20.07.2024 11:11   Vatican News
Падчас Імшы ў Ля Мадлен у Парыжы, 19 ліпеня 2024 г. Фота: Diocèse de Paris

«Алімпійскія гульні па сваёй прыродзе нясуць мір, а не вайну», — адзначыў Святы Айцец у пасланні да арцыбіскупа Парыжскага Ларана Ульрыша, апублікаваным 19 ліпеня.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у гэты дзень іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў касцёле святой Марыі Магдалены (Ля Мадлен) у сталіцы Францыі з удзелам прадстаўнікоў уладаў і спартовага свету за тыдзень да цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў.

У пасланні Святы Айцец заахвоціў вернікаў Парыжа быць гасціннымі і шчодра сведчыць сваю веру ўсім, хто прыбывае да іх. Ён таксама пажадаў, каб падзея дапамагла жыхарам французскай сталіцы будаваць «братэрскую гармонію, якая дазваляе, нягледзячы на адрозненні і супрацьлегласці, умацаваць адзінства народа».

Папа падкрэсліў, што Алімпіяда — гэта ўнікальная магчымасць прымірыцца для народаў, нават самых варожых паміж сабою.

«Таму я жадаю, каб Алімпійскія гульні ў Парыжы сталі ўнікальнай магчымасцю для ўсіх тых, хто прыязджае з усяго свету, адкрыць і ацаніць адзін аднаго, пераадолець прадузятасць, выклікаць павагу там, дзе ёсць пагарда і недавер, і сяброўства там, дзе ёсць нянавісць. Алімпійскія гульні па сваёй прыродзе нясуць мір, а не вайну», — напісаў Папа Францішак.

Святы Айцец нагадаў пра тое, што ў старажытныя часы падчас Гульняў паміж канфліктуючымі бакамі дзейнічала перамір’е. «У гэтыя неспакойныя часы, калі мір у свеце знаходзіцца пад сур’ёзнай пагрозай, я шчыра спадзяюся, што ўсе будуць паважаць такое перамір’е ў надзеі на вырашэнне канфліктаў і аднаўленне згоды. Няхай Бог злітуецца над намі! Няхай прасветліць сумленне тых, хто мае ўладу, адносна цяжкай адказнасці, якая ляжыць на іх; няхай дасць міратворцам поспех у іх намаганнях і благаславіць іх», — звярнуўся Папа да арганізатараў Алімпійскіх гульняў у Парыжы.

Абноўлена 20.07.2024 11:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.