Пошук

10.12.2024 17:11   Фота: Reuters / Catholic.by
Фота: Christian Hartmann / Reuters

7 і 8 снежня, напярэдадні і ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у сталіцы Францыі Парыжы адбылося ўрачыстае адкрыццё адноўленай пасля пажару катэдры Маці Божай — Нотр-Дам.

7 снежня ў другой палове дня ў Нотр-Дам адбылося набажэнства і афіцыйная цырымонія з удзелам прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, абранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, а таксама іншых кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, афіцыйных асобаў, мецэнатаў, запрошаных сумесна дзяржавай і Парыжскай архідыяцэзіяй, прадстаўнікоў усіх парыжскіх парафій, канонікаў катэдральнага капітула і духавенства французскай сталіцы.

Усяго сабралося больш за 1,5 тысячы ўдзельнікаў.

На пачатку ўрачыстай цырымоніі прэзідэнт Макрон з жонкай Брыджыт, а таксама арцыбіскуп Парыжскі Ларан Юльрыш сталі перад дзвярыма катэдры, якая ўпершыню пасля пажару, што адбыўся тут больш за пяць гадоў таму, азвалася біццём званоў. Арцыбіскуп Юльрыш тройчы пастукаў у дзверы сваім пастаралам, пасля чаго дзверы адчыніліся і ўдзельнікі набажэнства ўвайшлі ў адноўленую святыню.

Фота: Christophe Petit Tesson / Reuters

На адкрыцці прысутнічалі ратавальнікі, якія тушылі пажар у Нотр-Дам, а таксама тыя, хто аднаўляў старадаўнюю парыжскую катэдру.

«Я стаю перад вамі, каб выказаць падзяку французскага народа, нашу ўдзячнасць усім тым, хто выратаваў і аднавіў катэдру», — звярнуўся да іх Макрон. Упершыню ў гісторыі Нотр-Дама кіраўнік французскай дзяржавы, якая з часоў рэвалюцыі 1789 года дэкларуе поўнае аддзяленне ад Касцёла, выступіў усярэдзіне святыні, прычым незапланавана. Прэзідэнт Макрон павінен быў прамовіць на плошчы перад катэдрай, аднак з-за дрэннага надвор’я выступленне вырашылі правесці ўсярэдзіне.

Фота: Sarah Meyssonnier / Reuters

На наступны дзень, у нядзелю 8 снежня, Нотр-Дам адкрыўся для вернікаў.

У адноўленай святыні прайшла першая пасля пажару 15 красавіка 2019 года святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Юльрыш.

Па запрашэнні арцыбіскупа Парыжскага, у цэлебрацыі ўзялі удзел амаль 170 біскупаў з розных мясцін Францыі і з усяго свету, а таксама па адным святары з кожнай са 106-і парафій Парыжскай дыяцэзіі і па адным святары з кожнай з сямі каталіцкіх цэркваў усходняга абраду разам з вернікамі з гэтых супольнасцяў.

Фота: Sarah Meyssonnier / Reuters

Падчас гэтай доўгачаканай Імшы ў катэдры Маці Божай арцыбіскуп Юльрыш пасвяціў новы бронзавы алтар.

«Сёння боль ад 15 красавіка 2019 года быў спатолены», — сказаў іерарх, маючы на ўвазе дзень пажару ў Нотр-Даме, у выніку якога была святыня была значна пашкоджана.

Фота: Christian Hartmann / Reuters

Уваход у парыжскую катэдру пасля яе адкрыцця будзе магчымы для ўсіх ахвотных, але толькі па папярэднім запісе.

Як растлумачыў арцыбіскуп Парыжскі Ларан Юльрыш, гэта зроблена для таго, каб пазбегчы шматгадзінных чэргаў.

На аднаўленне Нотр-Дама было выдаткавана больш за 700 млн еўра. У 2025 годзе пачнецца наступны этап рэстаўрацыі, на які будзе прызначана яшчэ 140 млн еўра. Поўнае завяршэнне аднаўленчых работ у катэдры запланавана на 2029–2030 гады.

 

Абноўлена 10.12.2024 17:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.