У нядзелю 8 снежня, больш чым праз пяць гадоў пасля разбуральнага пажару, які здарыўся ў парыжскай катэдры Нотр-Дам 15 красавіка 2019 года, святыня зноў будзе пасвячана і адчынена для вернікаў і турыстаў.
Увесь гэты час тут вяліся інтэнсіўныя рэстаўрацыйныя працы.
Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, 7 снежня ў другой палове дня ў Нотр-Дам запланавана набажэнства з удзелам прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона, а таксама кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, афіцыйных асобаў, мецэнатаў, запрошаных сумесна дзяржавай і Парыжскай архідыяцэзіяй, прадстаўнікоў усіх парыжскіх парафій, канонікаў катэдральнага капітула і духавенства французскай сталіцы. Запланаваны выступ прэзідэнта Макрона.
Падчас абраду адкрыцця дзвярэй арцыбіскуп Парыжскі Ларан Юльрыш ударыць у зачыненыя дзверы катэдры пастаралам. Святыня адгукнецца патройным спевам 121-а пасальма, і калі хваласпеў прагучыць у трэці раз, дзверы адчыняцца.
Пасля ўступнага абраду адкрыцця дзвярэй набажэнства будзе складацца з трох частак.
Першай з іх стане «абуджэнне» вялікага аргана: распачаўшы малітву знакам крыжа, арцыбіскуп Юльрыш здзейсніць благаслаўленне інструмента. Падчас абраду іерарах восем разоў будзе звяртацца да інструмента, і той будзе адгукацца ў адказ.
Набажэнства бузе складацца з гімна, псальмаў, спеву Марыі Magnificat, малітоўных інтэнцый за ўвесь свет і малітвы Панскай. Пасля гэтага адбудзецца заключнае благаслаўленне арцыбіскупа і спеў гімна Te Deum.
У нядзелю 8 снежня ў 10.30 запланавана святая Імша, на якой таксама будзе прысутнічаць прэзідэнт Макрон.
Па запрашэнні арцыбіскупа Ларана Юльрыша, арцыбіскупа Парыжскага, у цырымоніі возьмуць удзел амаль 170 біскупаў з розных мясцін Францыі і з усяго свету, а таксама па адным святары з кожнай са 106-і парафій Парыжскай дыяцэзіі і па адным святары з кожнай з сямі каталіцкіх цэркваў усходняга абраду разам з вернікамі з гэтых супольнасцяў.
Святая Імша распачнецца з акраплення асвячонай вадой: пасля прывітання сабраных арцыбіскуп пасвяціць ваду і акрапіць ёю сход. Потым іерарх акропіць алтар і амбону на знак ачышчэння і таго, што яны прызначаны для сакральнага выкарыстання.
Чытанні Літургіі слова будуць з другой нядзелі Адвэнту; пасля іх арцыбіскуп Юльрыш прамовіць гамілію. Перад пачаткам Эўхарыстычнай Літургіі іерарх пасвяціць алтар.
На ім будуць змешчаны рэліквіі пяці святых: трох жанчын і двух мужчын, чыя гісторыя звязана з Парыжскім Касцёлам: святой Марыі Эжэні Мільерэ (1817–1898), пераломным момантам у жыцці якой сталі велікапосныя рэкалекцыі ў катэдры Нотр-Дам, якія праводзіў айцец дамініканін Анры-Дамінік Лакардэр; святой Мадлэн-Сафі Бара (1779–1865), заснавальніцы Кангрэгацыі Найсвяцейшага Сэрца Езуса (Sacré-Cœur); святой Кацярыны Лябурэ (1806–1876), з якой звязаныя аб’яўленні Цудатворнага медаліка; святога Шарля дэ Фуко (1858–1916), які перажыў у Парыжы сваё навяртанне, і благаслаўлёнага Уладзіміра Гікі (1873–1954), румынскага арыстакрата, які прыняў каталіцтва ў Парыжы і стаў мучанікам за веру падчас камуністычнага рэжыму.