Пошук

05.06.2020 19:26   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Прэзідэнт Дональд Трамп з жонкай Меланіяй каля Нацыянальнага санктуарыя св. Яна Паўла ІІ у Вашынгтоне 2 чэрвеня. Фота: CNS / Tom Brenner, Reuters

У Злучаных Штатах Амерыкі ідуць гарачыя дыскусіі наконт апошніх рэлігійных жэстаў прэзідэнта Дональда Трампа і яго жонкі Меланіі, якія гэтымі днямі наведалі гістарычны пратэстанцкі збор святога Яна Хрысціцеля і каталіцкі санктуарый святога Яна Паўла ІІ у Вашынгтоне.

У СМІ шырока разышліся здымкі прэзідэнта ЗША, які, не выступаючы з прамовамі, проста ўздымае ўгору Біблію і разам з першай лэдзі пазуе на фоне помніка святому Яну Паўлу ІІ.

Гэтыя жэсты прэзідэнцкай пары выклікалі неадназначную рэакцыю супольнасці.

«Мы як нацыя цяпер як быццам праходзім „тэст Роршаха“: у адным сімвале кожны бачыць тое, што хоча бачыць», — кажа вядомы амерыканскі баптысцкі пастар Робэрт Джэфрэс з Даласа, штат Тэхас.

Як са спасылкай на таблоід The Guardian паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, гэты жэст Трампа з Бібліяй ужо падзяліў пратэстантаў-евангелістаў, якія да гэтага часу ў сваёй большасці падтрымлівалі дзеючага прэзідэнта. Адны з іх, напрыклад пастар Джоні Мур, які ўзначальвае Кангрэс хрысціянскіх лідараў, бачаць у ім паўтор біблійнага захопу Ерыхона з дапамогаю «Божага слова, якое з’яўляецца мячом».

Разам з тым іншыя, а сярод іх і 90-гадовы тэлевізійны евангелізатар Пэт Робертсан, лічаць, што зварот да Бібліі з боку прэзідэнта ніяк не спалучаецца з яго поглядамі адносна падаўлення цяперашніх хваляванняў у краіне сілавымі метадамі.

Дональд Трамп з Бібліяй падчас наведвання пратэстанцкага збору св. Яна Хрысціцеля 1 чэрвеня.Фота: CNN

З другога боку, амерыканскія СМІ часта цытуюць словы прэс-сакратара Белага дома Кэйлі Макэнані, якая аднесла «біблійны жэст» Дональда Трампа да сімвалічных дзеянняў Уінтсана Чэрчыля, а таксама некаторых іншых амерыканскіх прэзідэнтаў, якія аб’ядноўвалі краіну падчас розных крызісаў.

«Чэрчыль, які наведваў разбомбленыя жылыя кварталы Лондана [падчас Другой сусветнай вайны], даў брытанцам вельмі моцны сігнал, што ён з’яўляецца іх лідарам. Таксама і Джордж Буш Малодшы, які першым кінуў бейсбольны мяч на стадыёне Янкі ў Нью-Ёрку пасля незабыўнага дня 11 верасня 2001 года. Падобным чынам прэзідэнт Джымі Картэр часта насіў швэдар, каб заахвоціць суграмадзянаў эканоміць энергію, а прэзідэнт Джордж Буш Старэйшы падпісаў дакумент, скіраваны на падтрымку інвалідаў, так званы Disabilities Act, у прысутнасці двух амерыканцаў з інваліднасцю».

Паводле прэс-сакратара, прэзідэнт такім чынам паслаў моцны сігнал тым, хто выклікае хваляванні, анархістам, што яны не могуць разлічваць на перамогу, і што падпальванне святыняў (збор святога Яна Хрысціцеля быў падпалены, а каталіцкая катэдра св. Патрыка ў Нью-Ёрку таксама пацярпела падчас беспарадкаў) супярэчыць духу Амерыкі.

Асаблівую ўвагу варта звярнуць на здымкі, якімі ілюструюць прысвечаныя гэтай тэме матэрыялы ў СМІ. Хоць яны больш датычацца пратэстанцкіх супольнасцяў, аднак часта іх суправаджаюць фота прэзідэнцкай пары на фоне помніка св. Яну Паўлу ІІ каля Нацыянальнага санктуарыя ў Вашынгтоне. Прэзідэнт Дональд Трамп разам з жонкай Меланіяй наведаў санктуарый св. Яна Паўла ІІ у Вашынгтоне 2 чэрвеня, у 41-ю гадавіну пачатку гістарычнага візіту Вялікага Папы на радзіму, у Польшчу.

Фота: CNN

Абноўлена 06.06.2020 12:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця