Гватэмала перанясе сваё пасольства ў Ізраілі з Тэль-Авіва ў Іерусалім. Пра гэта ў сваім Facebook напісаў прэзідэнт Гватэмалы Джымі Маралес.
«Я размаўляў з прэм’ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нетаньяху. (...) Адной з найбольш важных тэмаў стала вяртанне пасольства Гватэмалы ў Іерусалім. Я даручыў міністру замежных справаў пачаць адпаведныя дзеянні, каб гэта ажыццявіць», — напісаў Маралес.
21 снежня Генеральная Асамблея ААН прагаласавала супраць прызнання Іерусаліма сталіцай Ізраіля. Па выніках галасавання 128 краін заклікалі ЗША адмяніць рашэнне аб прызнанні Іерусаліма сталіцай яўрэйскай дзяржавы, 35 краін устрымаліся, 9 — падтрымалі амерыканцаў.
18 снежня ЗША наклаў вета на рэзалюцыю Савета бяспекі ААН, у якой не прызнавалася змяненне статусу Іерусаліма. Вашынгтон палічыў яе «абразай». За прыняцце рэзалюцыі прагаласавалі астатнія 14 дзяржаў.
6 снежня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп даручыў Дзярждэпу пачаць працу па пераносе пасольства ЗША з Тэль-Авіва ў Іерусалім. З крытыкай гэтага рашэння выступілі многія сусветныя лідары.
Ізраіль абвясціў Іерусалім сваёй сталіцай пасля сканчэння вайны за незалежнасць у 1949 годзе. У 1967 годзе пасля Шасцідзённай вайны ён захапіў Усходні Іерусалім і аб’яднаў яго з Заходнім, аднак ААН не прызнала гэта. Пасольства краін, якія падтрымліваюць дыпламатычныя адносіны з Ізраілем, знаходзяцца ў асноўным у Тэль-Авіве, Рамат-Гане і Герцліі.