Іерархі хрысціянскіх супольнасцяў Святой Зямлі сумесна адрэагавалі на рашэнне прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб пераносе амерыканскага пасольства ў Іерусалім і фактычным прызнанні гэтага горада сталіцай Ізраіля. У лісце Дональду Трампу іерархі трох хрысціянскіх канфесій Святой Зямлі — каталіцкай, праваслаўнай і пратэстанцкай — нагадваюць аб асаблівым значэнні Іерусаліма для ўсіх монатэістычных рэлігій.
Хоць Іерусалім і акрэсліваецца як горад спакою, але, на жаль, усё часцей становіцца месцам новых канфліктаў і пакутаў для сваіх жыхароў.
Ва ўступе ліста пастыры Касцёла Святой Зямлі ўзгадваюць пагадненні ў Кэмп-Давідзе ў 2000 годзе, якія падтрымалі міжнародны статус Іерусаліма. Па меркаванні іерархаў, прызнанне Іерусаліма сталіцай Ізраіля і перанос амерыканскага пасольства з Тэль-Авіва ў Іерусалім можа прывесці да ўзмацнення напружанасці, нянавісці, канфліктаў і пакутаў як у самім горадзе, так і ва ўсёй Святой Зямлі.
Такія дзеянні аддаляць працэс паступовага заканчэння канфлікту на Блізкім Усходзе. У канцы ліста іерархі звяртаюцца да прэзідэнта Трампа з просьбай аб захаванні мінулага міжнароднага статуса Святога Горада і захаванні ў Іерусаліме спакою ў гэты асаблівы перыяд Божага Нараджэння.
Гісторыя праблемы:
У Іерусаліме знаходзяцца святыні, важныя як для хрысціян і мусульман, так і для юдэяў. У перыяд паміж сусветнымі войнамі на тэрыторыі, дзе сёння размешчаны Ізраіль, дзейнічаў так званы брытанскі мандат у Палесціне. У пачатку ХХ стагоддзя на палесцінскія тэрыторыі з Усходняй Еўропы, Паўночнай Афрыкі, ЗША і іншых рэгіёнаў свету перасялілася каля 100 тысяч яўрэяў, якія актыўна сталі асвойвацца на новых землях.
Брытанскі мандат меў на ўвазе, што на гэтай тэрыторыі ў будучыні будзе створаны «нацыянальны дом для яўрэйскага народа». Аднак актыўная міграцыя яўрэяў выклікала незадавальненне з боку мясцовых арабаў, што ў сваю чаргу выклікала цэлыя бунты. Тады ж сфарміравалася першая еўрапейская ваенізіраваная самаабарона.
З-за бунтаў Вялікабрытанія на некаторы час абмежавала міграцыю яўрэяў, а частку тэрыторыі, на якой меркавалася стварэнне яўрэйскай дзяржавы, была аддадзена пад стварэнне Трансіярданіі (сучаснай Іярданіі). Пазней міграцыя аднавілася. Іерусалім да Другой сусветнай вайны быў пераважна заселены яўрэямі.
Да 1947 года напружанасць у рэгіёне нарастала, і Лондан адмовіўся ад мандату, прызнаўшы, што не можа знайсці рашэнне для стварэння яўрэйскай і арабскай дзяржаў на дадзенай тэрыторыі.
У лістападзе 1947 года Генасамблея ААН прыняла рэзалюцыю №181, якая мела на ўвазе перадачу Іерусаліма пад міжнародны кантроль.
Такім чынам, Іерусалім не мог быць прызнаны сталіцай якога-небудзь дзяржаўнага ўтварэння. Менавіта таму да ўрэгулявання статусу Іерусаліма краіны свету прынялі рашэнне размяшчаць свае дыпмісіі ў іншым горадзе — Тэль-Авіве, які ў Ізраілі лічаць дзелавой сталіцай.
Ізраіль аб’явіў аб сваім утварэнні 14 мая 1948 года. Ужо на наступны дзень адразу пяць арабскіх дзяржаў — Сірыя, Егіпет, Ліван, Ірак і Трансіярданія — аб’явілі новаму суседу вайну, развязаўшы такім чынам першы араба-ізраільскі канфлікт.
Статус Іерусаліма — адзін з асноўных спрэчных момантаў, якія неабходна вырашыць для ўрэгулявання араба-ізраільскага канфлікту. У выніку першай вайны Іерусалім быў падзелены на дзве часткі, аднак у 1967 годзе, пасля чарговага канфлікту, Ізраіль захапіў уладу над Усходнім Іерусалімам.
У 1980 годзе Ізраіль абвясціў Іерусалім сваёй сталіцай, пасля чаго Савет бяспекі ААН прыняў рэзалюцыю №478, у якой асудзіў Ізраіль і абвінаваціў яго ў парушэнні міжнароднага права. ЗША тады ад галасавання за праект рэзалюцыі адмовіліся.