Пошук

08.11.2023 17:52   Catholic.by
Кардынал Піццабала. Фота: Ammar Awad / Reuters

7 лістапада было апублікавана інтэрв’ю Лацінскага Патрыярха Ерузалема кардынала П’ербатысты Піццабалы, якое ён даў ватыканскаму выданню «L’Osservatore Romano».

У размове іерарх асаблівым чынам падкрэсліў неабходнасць размаўляць з усімі.

На пытанне журналіста штодзённіка, ці можна размаўляць з тэрарыстамі, кардынал упэўнена адказвае «так». «Мы размаўляем з усімі. Калі б гэта было магчыма, нават з імі», — кажа Ерузалемскі Патрыярх, маючы на ўвазе тэрарыстаў, і дадае, што ўся гісторыя Хрыста не мела б сэнсу, калі б мы не павінны былі размаўляць з грэшнікамі.

«Будзь адкрытым для ўсіх і размаўляй з усімі», — паўтарае іерарх у інтэрв’ю ватыканскаму выданню.

«Трэба любіць усіх. Гэта вялікі выклік, які мы тут маем як хрысціяне», — кажа Патрыярх пра ролю хрысціянаў на Святой зямлі. Хрысціяне павінны быць у стане любіць юдэяў і мусульманаў, ізраільцянаў і палестынцаў. «Нават калі яны не прымаюць нашай любові», — дадае кардынал Піццабала.

На яго думку, хрысціяне на Святой Зямлі не падзелены. «Так, яны дэзарыентаваныя, змучаныя, але не падзеленыя», — кажа іерарх. Яны дэзарыентаваныя, таму што эмацыйны ўплыў закрануў таксама і іх. «Напрыклад, габрэйскамоўнае насельніцтва дрэнна ўспрыняла першы ліст Патрыярхаў Святой Зямлі, а арабскамоўнае можа пацвердзіць тое самае ў іншых аспектах», — тлумачыць кардынал. Найважнейшым ён лічыць тое, што вернікі ўбачылі, што біскуп прысутны сярод іх.

«Біскупа часам могуць любіць, а часам не, але ён там», — кажа іерарх. Потым ім трэба будзе размаўляць паміж сабою, даходзіць да паразумення. «Гэта не будзе лёгка, але яны з гэтым справяцца», — упэўнены Патрыярх. Так, як гэта наогул трэба зрабіць у грамадствах, якія жывуць у гэтых краінах.

І тады гэтая маленькая хрысціянская супольнасць павінна будзе быць у стане штосьці сказаць усім. «Але цяпер пакуль зарана, таму што ўсё яшчэ так шмат болю, а калі ёсць боль, прастора для аналізу і разважання звужаецца», — тлумачыць кардынал Піццабала. Жалоба паглынае шмат энергіі, таму гэта зойме пэўны час. «Адна з рэчаў, якія я зразумеў у гэтыя дні — і, можа, у гэтых адносінах я крыху слабы, — гэта тое, што існуе вялізнае патрэба ў блізкасці, у пачуцці», — адзначыў іерарх. У яго ўжо пыталіся, ці ён любіць хрысціянаў на Святой Зямлі. «Гэта важна, не трэба гэтага недаацэньваць», — лічць кардынал.

Што датычыцца яго самога, пэўны вопыт самотнасці непазбежны, а таксама карысны, калі нясеш на сабе адказнасць. «І гэта таксама трэба цаніць», — кажа кардынал Піццабала і дадае:

«Самай вялікай і суцяшальнай блізкасцю была блізкасць Папы Францішка, які нават тэлефанаваў мне некалькі дзён таму», — кажа Патрыярх. «Мне хацелася б яшчэ штосьці дадаць адносна стану нашай хрысціянскай супольнасці. Канечне, палярызацыя, якая закранае хрысціянаў, прычыняе мне боль, але, у рэшце рэшт, вернікі — гэта чалавечыя істоты, і, як і ўсе іншыя, таксама жывуць пачуццямі. Калі б штосьці падобнае здарылася ў Італіі, Іспаніі або ў Францыі, ці хрысціяне адрэагавалі б інакш?» — кажа Патрыярх.

Гэтая трагедыя таксама стала нагодаю, «калі так можна сказаць», для пераасэнсавання ўласнай тоеснасці. Нядаўна па тэлефоне яму паведамілі, што курсы духоўнай арыентацыі, якія праводзіліся пры семінарыі ў Бэйт Джале, выклікалі вялікую зацікаўленасць. «Існуе вялікая патрэба ў слове блізкасці і высвятленні сітуацыі», — кажа ў інтэрв’ю «L’Osservatore Romano» кардынал П’ербатыста Піццабала.

Абноўлена 08.11.2023 17:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця