10 верасня, калі адзначаецца Сусветны дзень прадухілення самагубстваў, Папа Францішак у сваім акаўнце ў Твітары звярнуў увагу на асаблівыя цяжкасці, звязаныя з перажываннем наступстваў пандэміі.
«Сёння, калі мы перажываем драму пандэміі, разбурэнне таго, што не выклікала сумневаў, перад абліччам падманутых спадзяванняў, адчування пакінутасці, якое сціскае нашыя сэрцы, Езус кажа кожнаму з нас: „Трымайся, адкрый сэрца для Маёй любові“», — напісаў Святы Айцец, словы якога публікуе польская рэдакцыя парталу Vatican News.
Невыпадкова Папа Францішак звярнуў увагу на пандэмію.
Санітарна-эпідэміялагічныя меры, пакліканыя абараніць ад заражэння каранавірусам, маюць цяжкія пабочныя эфекты. Наступствы пандэміі прывялі не толькі да эканамічнага крызісу і звязанага з ім росту беспрацоўя, але таксама да сур’ёзных псіхалагічных і эмацыянальных праблем у многіх людзей.
Толькі ў Італіі было зарэгістравана 71 самагубства, непасрэдна звязанае з пандэміяй. Як кажа супрацоўніца італьянскай службы тэлефону даверу, падчас пандэміі колькасць зваротаў, звязаных з самагубствам, павялічылася ў два разы.
Беларусь знаходзіцца сярод сусветных лідараў па колькасці самагубстваў, уваходзячы ў першую дзясятку краін свету з самымі высокімі паказчыкамі выпадкаў суіцыду на 100 тыс. насельніцтва.