Пошук

12.04.2022 14:23   Паводле: Vatican News
Фота: catholic-kazakhstan.org

Падчас сеансу відэасувязі з прэзідэнтам Казахстана Такаевым Папа Францішак выказаў намер наведаць Сёмы кангрэс лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій, які пройдзе ў верасні гэтага года ў казахстанскай сталіцы Нур-Султане.

Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, гэтую інфармацыю пацвердзіў кіраўнік прэс-службы Святога Пасаду Матэо Бруні.

«Я з нецярплівасцю чакаю гэтай важнай з пункту гледжання развіцця міжрэлігійнага дыялогу, адзінства і збліжэння дзяржаў падзеі, што вельмі важна ў нашы дні. <…> Мы бачым, наколькі разнастайная і адзіная ваша краіна. Гэта аснова стабільнасці. Мы радыя, што ў Казахстане гэта разумеюць. Вы можаце разлічваць на маю падтрымку, я шаную вашыя намаганні», — сказаў Папа Францішак.

Пантыфік падкрэсліў выключную значнасць дасягнення адзінства і згоды ў свеце ва ўмовах цяперашняй складанай геапалітычнай сітуацыі.

Са свайго боку, Такаеў пацвердзіў жаданне Казахстана далей развіваць супрацоўніцтва са Святым Пасадам у сферы рэлігійнай згоды і ўзаемапавагі.

Першы Кангрэс лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій прайшоў у Астане ў 2003 годзе. Узорам для яго стаў Дзень малітвы за мір у свеце, скліканы Янам Паўлам II у Асізі ў студзені 2002 года. Сустрэча мела на мэце пацвердзіць станоўчы ўнёсак розных рэлігійных традыцый у дыялог і згоду паміж народамі і дзяржавамі пасля напружанасці, звязанай з нападамі 11 верасня 2001 года ў ЗША.

Тэмай наступнага міжрэлігійнага кангрэсу, які пройдзе 14–15 верасня 2022 года ў казахстанскай сталіцы, стане «Роля лідараў сусветных і традыцыйных канфесій у сацыяльна-духоўным развіцці чалавецтва ў постпандэмічны перыяд».

Калі запланаваны на верасень візіт адбудзецца, Папа Францішак стане другім Пантыфікам, які наведае Кастахстан. У верасні 2001 года з Апостальскім візітам у краіне знаходзіўся Ян Павел ІІ.

Абноўлена 02.08.2022 12:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа