Пошук


Фота: https://akorda.kz/

Казахстан — краіна велізарных адлегласцяў, дзе католікі складаюць невялікую меншасць. Тут місія можа азначаць сотні кіламетраў дарогі да парафіі, школу ў вёсцы на 2500 жыхароў або размову з чалавекам, які толькі пачынае шукаць Хрыста. Паколькі 18 кастрычніка адзначаецца 100-годдзе Сусветнага дня місій, то тое, як развіваецца Касцёл ў Казахстане як нельга лепш адлюстроўвае актуальнасць ролі місій у сучасным свеце. З гэтай нагоды пры дапамозе свежых матэрыялаў Agenzia Fides і Vatican News расказваем, як жыве казахстанскі Касцёл. 

«Проста быць побач»

«Часам місія выглядае так: святар праязджае шмат кіламетраў, каб цэлебраваць святую Імшу, пагаварыць з людзьмі, выслухаць іх і проста быць побач», — кажа ў інтэрв’ю Agenzia Fides новы біскуп Караганды Пётр Пытлованы. І варта адзначыць, што гэтыя словы добра перадаюць рэальнасць Каталіцкага Касцёла ў Казахстане: тут адлегласць сама па сабе становіцца часткай місіі.

Карагандзінская дыяцэзія займае каля 711 тысяч квадратных кіламетраў — больш чым удвая большую тэрыторыю, чым Італія. Тут каля 8500 католікаў, каля 20 святароў і каля 30 законніц. Яны служаць прыкладна ў 20 парафіях.

Пётр Пытлованы, паляк па нараджэнні, прыехаў у Казахстан у 1995 годзе як святар fidei donum. За гэтыя гады служыў у розных парафіях, быў рэктарам Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Карагандзе, а перад прызначэннем біскупам працаваў пробашчам катэдры ў Астане. Дыяцэзія, якая яму цяпер даверана, мае асаблівасць: паміж парафіямі могуць быць сотні кіламетраў.

Фота: www.fides.org

Служыць тут няпроста. Святар павінен прымаць не толькі вялікія адлегласці, але і тое, што вынік сваёй працы ён убачыць няхутка. Часам цэлы дзень дарогі патрэбны дзеля сустрэчы ўсяго з некалькімі людзьмі. Але менавіта гэтая прысутнасць і становіцца часткай служэння: не колькасць сустрэч вызначае яго вартасць, а вернасць чалавеку, да якога святар едзе.

Верагодна, таму ў такім служэнні асаблівую ролю адыгрываюць супольнасць, малітва і здольнасць не губляць з поля зроку галоўнае — чалавека. Адлегласці могуць быць велізарнымі, але місія не дазваляе ператварыць іх у прычыну для аддалення.

Аднак адлегласць — не адзіны выклік, прызнаецца Пытлованы.

«Місія ad gentes азначае перш за ўсё ісці насустрач тым, хто яшчэ не сустрэў Хрыста, хто нічога пра Яго не ведае або чыя вера з часам астыла і згасла»,

— сказаў біскуп у інтервью Fides. У гэтым разуменні місія пачынаецца не з вялікага мерапрыемства. Яна пачынаецца з сустрэчы.

Папа, які сам быў місіянерам

У сваім відэапасланні да 100-годдзя Сусветнай нядзелі місій Леў XIV нечакана асабіста звязаў гісторыю гэтага дня са сваёй гісторыяй:

«Гледзячы цяпер на маю маладосць, я бачу, што малітвы, узнесеныя да Пана жніва, таямнічым чынам падрыхтавалі маё сэрца пачуць заклік Езуса ісці за Ім як аўгустынец-місіянер»,

— сказаў Папа.

Фота: www.vaticannews.va

Леў XIV добра ведае, што такое місія. Ён сам шмат гадоў служыў у Перу. У сваім пасланні Папа прызнаецца, што менавіта малітвы і ахвяраванні вернікаў падтрымлівалі яго місію ў гэтай краіне. Гэтая асабістая дэталь важная для разумення яго сёлетняга паслання. Папа сам быў адным з тых святароў, якому падтрымка вернікаў дапамагла застацца на місіі.

«Няхай усе мы ўносім свой уклад у вялікую місію евангелізацыі — якая заўсёды з’яўляецца справай любові — паводле нашага паклікання і дароў, якія мы атрымалі».

Папа нагадвае: праз хрост кожны чалавек становіцца членам Цела Хрыста і мае сваю ролю ў Яго збаўчай справе. Таму місія — не выключная справа святароў, законнікаў або прафесійных місіянераў. Тут дзейнічае ўвесь Касцёл. І ў кантэксце гэтай дзеі гісторыя Казахстана становіцца асабліва выразнай.

Касцёл, які вучыцца гаварыць па-казахску

Калісьці мясцовыя каталіцкія супольнасці ў Казахстане складаліся перадусім з нашчадкаў палякаў, немцаў і ўкраінцаў, дэпартаваных або пераселеных у савецкія часы. Але казахстанскі Касцёл паступова мяняецца, і цяпер усё больш казахаў цікавяцца хрысціянствам, вучаць Евангелле і просяць аб хросце. Сёння Касцёл усё больш звяртаецца да саміх казахаў.

У іншым матэрыяле Fides ксёндз Габрыэль Ёхер, аўстрыйскі святар з Кангрэгацыі слуг Езуса і Марыі і нацыянальны дырэктар Папскіх місійных спраў у Казахстане, распавядае пра рост цікавасці казахаў да хрысціянства. Паводле яго, будучыня Касцёла ўсё больш звязана з людзьмі, якія самі шукаюць Хрыста.

Таму асаблівае значэнне мае казахская мова. Касцёл працуе над перакладам літургічных тэкстаў, у тым ліку Імшала. Калі Касцёл пачынае гаварыць мовай людзей, сярод якіх жыве, ён мяняе і ўласнае аблічча, лічыць ксёндз Габрыэль Ёхер. 

І гэта сапраўды важны момант, бо Касцёл у Казахстане ўжо не толькі захоўвае памяць пра католікаў, якія прыехалі сюды з Еўропы. Ён шукае мову, на якой можа гаварыць з новым пакаленнем мясцовых жыхароў.

Школа, дзе дзеці вучацца быць разам

Яшчэ адзін прыклад таго, як місія Касцёла выходзіць за межы касцёльнай прасторы, — школа святога Лаўрэнція ў Корнееўцы на поўначы Казахстана. Гэта невялікая вёска прыкладна на 2500 жыхароў, размешчаная каля 120 кіламетраў ад Петрапаўлаўска. Менавіта тут адукацыя стала адным са спосабаў застацца побач з мясцовымі сем’ямі і даць дзецям магчымасць будаваць будучыню там, дзе магчымасцяў няшмат.

Фота: www.fides.org

Школу заснаваў у 1996 годзе нямецкі святар Лорэнц Гаволь. Пасля распаду Савецкага Саюза многія немцы, якія жылі ў гэтым рэгіёне, вярнуліся ў Германію. Перад святаром паўстала пытанне: таксама з’ехаць ці застацца? Ён выбраў другое. І калі ў школе, якая адкрылася ў верасні 1996 года, спачатку было толькі 11 дзяцей, то сёння тут вучацца больш за 200 дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад пяці да васемнаццаці гадоў.

Гэта не каталіцкая школа ў фармальным сэнсе. Яна з’яўляецца прыватнай школай, якая працуе ў межах казахстанскай сістэмы адукацыі і мае дзяржаўнае прызнанне. Але яе асновай застаецца хрысціянскае бачанне чалавека.

«Мы не можам называць яе каталіцкай школай, але імкнёмся перадаваць хрысціянскае бачанне чалавечай асобы праз адукацыю, этыку і развіццё асобы»,

— тлумачыць дырэктар школы ксёндз Леапольд Кропфрайтэр, святар Кангрэгацыі слуг Езуса і Марыі.

Менавіта тут пачынаецца яе асаблівае місійнае значэнне. У школе вучацца дзеці з каталіцкіх, праваслаўных, пратэстанцкіх і мусульманскіх сем’яў розных нацыянальнасцяў. Сярод настаўнікаў таксама ёсць прадстаўнікі розных рэлігій. Таму міжрэлігійны дыялог тут не з’яўляецца тэмай асобнай канферэнцыі — дзеці і дарослыя практыкуюць яго ў звычайным школьным жыцці.

Фота: www.fides.org

Пры гэтым ніхто не патрабуе ад мусульманскага дзіцяці адмовіцца ад сваёй веры, каб стаць часткай школьнай супольнасці. Хрысціянская традыцыя прысутнічае ў жыцці школы, але становіцца не бар’ерам, а магчымасцю сустрэчы. Напрыклад, на Каляды ў школьнай пастаноўцы пра Божае Нараджэнне ўдзельнічаюць усе. Былая вучаніца-мусульманка, якая пазней пераехала ў Аўстрыю, успамінала, што з радасцю ўдзельнічала ў калядных святкаваннях і нават выконвала ролю Марыі. Калі яе каталіцкі хлопец выказаў здагадку, што ў хрысціянскай школе ў Казахстане да яе маглі ставіцца варожа, дзяўчына наадварот з гонарам распавядала пра свой досвед і атмасферу адкрытасці, якую там сустрэла.

Гэты прыклад добра паказвае, што азначае міжрэлігійнасць школы на практыцы. Не ў тым, каб схаваць адрозненні, а ў тым, каб навучыць дзяцей жыць побач з імі.

Фота: www.fides.org

Але школа дае вучням не толькі вопыт такога суіснавання. Тут ёсць дзіцячы сад і інтэрнат для дзяцей з аддаленых мясцовасцяў, а разам з дзяржаўнай праграмай — спорт, мастацтва, музыка і рамёствы. Асобнае месца займае вывучэнне нямецкай мовы. З 2009 года школа ўдзельнічае ў праграме DSD, якая рыхтуе вучняў да экзаменаў на нямецкі моўны дыплом, прызнаны ў Германіі і Аўстрыі. Сёння каля 25–30 былых вучняў школы працягваюць навучанне ў гэтых краінах.

Для дзяцей з невялікай вёскі гэта больш чым вывучэнне замежнай мовы. Гэта магчымасць убачыць будучыню шырэй за межы свайго раёна. Па словах ксяндза Леапольда, галоўны вынік школы — нават не колькасць выпускнікоў, якія з’ехалі вучыцца ў Еўропу, а тое, што маладыя людзі адкрываюць свае здольнасці, становяцца больш упэўненымі і атрымліваюць магчымасць самастойна выбіраць свой шлях.

У 2026 годзе ў школе пачалі вучыць дзяцей лічбавым тэхналогіям і як карыстацца інструментамі штучнага інтэлекту.

Вучні ўжо спрабуюць ствараць з іх дапамогай уласныя праграмы і гульні. Для вёскі, дзе магчымасці моладзі абмежаваныя, гэта спосаб не адстаць ад свету, які імкліва змяняецца.

Фота: www.fides.org

Так гісторыя аднаго нямецкага святара, які вырашыў застацца ў Казахстане пасля распаду СССР, сустракаецца з гісторыяй дзяцей, якія сёння вучацца працаваць з новымі тэхналогіямі. Але галоўнае ў школе застаецца ранейшым: яна вучыць дзяцей не толькі прадметам. Яна вучыць іх бачыць у іншым не чужаземца, а блізкага чалавека.

«Місія не азначае заваёву»

Менавіта гэты досвед дапамагае зразумець і іншы кірунак місіі Касцёла ў Казахстане — міжрэлігійны дыялог. Тут ён адбываецца не толькі ў школе або на ўзроўні асобных парафій. Часам ён выходзіць на міжнародны ўзровень і ў той жа час застаецца звязаным з вельмі канкрэтнымі чалавечымі праблемамі.

З 2 па 3 кастрычніка ў Астане прайшоў II Сумесны калоквіум Апостальскай Сталіцы і Казахстана па абароне ўразлівых дзяцей. Яго арганізавалі Міжнародны цэнтр міжканфесійнага і міжрэлігійнага дыялогу Рэспублікі Казахстан і Дыкастэрыя па міжрэлігійным дыялогу Апостальскай Сталіцы. Сёлета галоўным дэвізам сустрэчы было: «Садзейнічаць здароўю, садзейнічаць міру: агульны абавязак па абароне ўразлівых дзяцей». Папярэдняя сустрэча адбылася ў 2024 годзе ў Ватыкане пры ўдзеле папы Францішка.

Фота: www.vaticannews.va

Міжрэлігійны дыялог у Астане таксама пачынаўся не з абстрактнай размовы пра розніцу паміж рэлігіямі. У цэнтры была канкрэтная чалавечая ўразлівасць — дзіця, якое хварэе, перажыло вымушанае перасяленне, сутыкнулася з наступствамі радыкалізацыі або ўзброенага канфлікту.

Прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу кардынал Джордж Джэйкаб Коавакад падкрэсліў: уразлівасць не памяншае чалавечай годнасці: пакутуючае дзіця нельга зводзіць да дыягназу або праблемы, якую трэба вырашыць.

Гэта асоба, якую трэба прыняць, суправаджаць і падтрымліваць ва ўсіх вымярэннях жыцця.

Удзельнікі калоквіуму абмяркоўвалі маральныя асновы такой дапамогі — чалавечую салідарнасць, міжрэлігійны дыялог і агульную адказнасць. Асобна гаварылі пра дзяцей, пацярпелых ад канфліктаў і радыкалізацыі, пра вымушанае перасяленне, а таксама пра тое, як размеркаванне рэсурсаў уплывае на магчымасць дапамагаць найбольш уразлівым.

Нават штучны інтэлект стаў тэмай размовы: тэхналагічны прагрэс, паводле кардынала, таксама патрабуе этычнага распазнавання, каб тэхналогія заставалася сродкам, а не ператваралася ў самамэту.

Фота: www.vaticannews.va

У гэтым кантэксце становіцца зразумела, чаму міжрэлігійны дыялог можа быць часткай місіі. Як сказаў у свежым інтэрв’ю Fides генеральны настаяцель місіянераў Кансалата ксёндз Джэймс Ленгарын,

«міжрэлігійны дыялог належыць да місіі, бо евангелізацыя не азначае “заваёву”, але сведчанне пра Хрыста з павагай і праўдай».

У Астане гэтая думка атрымала вельмі практычны працяг. Кардынал Коавакад падкрэсліў, што дыялог дасягае свайго поўнага сэнсу тады, калі вядзе да агульнай адказнасці і сумесных дзеянняў. Таму вынікі сустрэчы, паводле яго, не павінны застацца толькі ў канферэнц-зале.

Так місія зноў вяртаецца да таго ж, з чаго пачалася гісторыя школы ў Корнееўцы і служэнне біскупа Пытлованы: да чалавека. Не мае значэння, ці стаіць ён па той бок міжрэлігійнай мяжы, жыве за сотні кіламетраў ад парафіі або прыйшоў у школу з іншай рэлігійнай традыцыяй.

«Любоў — сама сутнасць місіі»

У сваім пасланні да 100-й Сусветнай нядзелі місій Леў XIV называе евангелізацыю «справай любові». Малітва і практычная падтрымка, паводле Папы, дапамагаюць несці Евангелле Божай любові ўсім людзям, асабліва найбяднейшым і тым, хто найбольш мае патрэбу.

У Казахстане гэтыя словы атрымліваюць вельмі канкрэтнае аблічча. Святар праязджае сотні кіламетраў, каб сустрэцца з некалькімі вернікамі. Настаўнік працуе з дзецьмі розных рэлігій. Місіянер вучыць казахскую мову, каб Касцёл мог гаварыць з людзьмі на іх роднай мове. Святары і прадстаўнікі Апостальскай Сталіцы садзяцца за адзін стол з прадстаўнікамі іншых рэлігій і разам шукаюць адказ на пытанне, як дапамагчы ўразліваму дзіцяці. Усё гэта розныя формы адной місіі.

Фота: www.vaticannews.va

І, магчыма, менавіта ў гэтым сёння яе галоўны сэнс: не чакаць чалавека ў касцёле, а самому ісці туды, дзе ён жыве, працуе, вучыцца, шукае адказаў і часам проста мае патрэбу ў тым, каб нехта быў побач.

«Мы не тыя, хто ратуе свет. Місіянеры пакліканы верна заставацца побач з людзьмі і дазваляць Божай любові дзейнічаць праз малыя, канкрэтныя і настойлівыя ўчынкі»,

— кажа ксёндз Джэймс Ленгарын.

Магчыма, гэта і ёсць найбольш дакладнае перасячэнне досведу Казахстана і асабістага досведу папы Льва XIV, які калісьці паехаў у Перу таксама як місіянер. Сёння, ужо з пасады Пантыфіка, ён нагадвае: місія пачынаецца з паклікання, але трымаецца на супольнасці, малітве і любові.

А ў казахстанскім стэпе яна часам пачынаецца з вельмі простай рэчы — з доўгай дарогі да чалавека.

Абноўлена 19.10.2026 18:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа