Пошук

22.09.2020 16:47   Паводле: Vatican News
Ілюстрацыйная выява: Medium.com

Кангрэгацыя Веравучэння прадставіла ліст адносна лячэння асобаў у крытычнай і тэрмінальнай стадыі жыцця Samaritanus bonus («Добры Самаранін»). Дакумент ухваліў Папа Францішак.

Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, мэта дакумента – прапанаваць канкрэтныя шляхі рэалізацыі паслання Добрага Самараніна. У дакуменце гучыць асуджэнне любой формы эўтаназіі і дапамогі ў суіцыдальнай смерці. Нават калі «аздараўленне немагчымае або малаверагоднае», «неад’емным абавязкам» застаецца «медыцынскае, санітарна-эпідэміялагічнае, псіхалагічнае і духоўнае суправаджэнне» хворых людзей, сцвярджаецца ў пасланні.

Невылечны, але ні ў якім разе не пакінуты без лячэння

«Вылечваць, калі магчыма, лячыць – заўсёды». Гэтыя словы Яна Паўла II тлумачаць, што «невылечны» не з’яўляецца сінонімам «пакінутага без лячэння». Лячэнне да самага канца, знаходжанне разам з хворым, суправаджэнне, выслухоўванне, праяўленне любові – тое, што можа дапамагчы пазбегнуць самотнасці, страху пакут і смерці.

Увесь дакумент Samaritanus bonus сканцэнтраваны на сэнсе болю і цярпення ў святле Евангелля і Мукі Езуса Хрыста.

Непарушная каштоўнасць жыцця

«Непарушная каштоўнасць жыцця – асноўная праўда натуральнага маральнага закону і галоўны фундамент юрыдычнага парадку», гаворыцца ў лісце Кангрэгацыі. Адзначаецца, што «нельга выбіраць непасрэдна замах на жыццё чалавека, нават калі ён сам аб гэтым просіць». Падкрэсліваецца, што «аборт, эўтаназія і добраахвотны суіцыд разбураюць чалавечую цывілізацыю» і «моцна зневажаюць хвалу Стварыцеля».

Перашкоды, якія зацямняюць святую каштоўнасць жыцця

У дакуменце пералічваюцца асобныя фактары, якія абмяжоўваць здольнасць усведамляць каштоўнасць жыцця. Сярод іх, напрыклад, разуменне жыцця як «годнага» толькі пры наяўнасці пэўных псіхічных або фізічных рысаў або памылковае разуменне спагады. Сапраўдная спагада, гаворыцца ў тэксце, «заключаецца не ў правакаванні смерці», а ў прыняцці і падтрымцы хворага з праяўленнем любові і выкарыстаннем сродкаў, якія б паслаблялі яго пакуты.

Перашкодай называецца і культура індывідуалізму, якая пашыраецца і вядзе да самотнасці.

Вучэнне Касцёла

Як адзначаецца, эўтаназія з’яўляецца «злачынствам супраць чалавечага жыцця», «вераломным па сваёй сутнасці» чынам, незалежна ад абставін, а любое непасрэднае фармальнае або матэрыяльнае саўдзельніцтва – цяжкі грэх супраць чалавечага жыцця, змусіць да якога або дазволіць які «законна не можа» ніякая ўлада. Дадаецца, што тыя, хто прымае законы аб эўтаназіі, «становяцца яе саўдзельнікамі» і з’яўляюцца «вінаватымі ў бязладдзі», таму што гэтыя законы спрыяюць дэфармацыі свядомасці. Эўтаназія застаецца недапушчальнай, хоць роспач і гора могуць паменшыць ці нават зняць асабістую адказнасць таго, хто аб гэтым просіць, гаворыцца ў дакуменце.

«Не» – тэрапеўтычнай бязлітаснасці

Дакумент тлумачыць, што «абараняць годнасць смерці» – значыць, у тым ліку, выключыць тэрапеўтычную бязлітаснасць. Такім чынам, пры блізкасці непазбежнай смерці «дапушчальнае прыняцце рашэння аб адмаўленні ад лячэння, якое б прывяло толькі да нетрывалага і пакутлівага працягу жыцця», аднак без спынення нармальнага лячэння, патрэбнага хвораму.

Адзначаецца, што абавязкам з’яўляецца забеспячэнне харчавання і гідратацыі хворага, а паліятыўнае лячэнне, у тым ліку духоўнае суправаджэнне хворага і яго родных, – «каштоўная і неад’емная» мера падтрымкі пацыента.

Дапамога сем’ям

Вельмі важна, як падкрэсліваецца, каб у працэсе лячэння хворы не адчуваў сябе абузай, але «атрымліваў блізкасць і клапатлівасць з боку сваіх родных». У гэтай місіі «сям’я патрабуе дапамогі і адпаведных сродкаў». Неабходна, каб дзяржавы «вызнавалі першасную і фундаментальную сацыяльную функцыю сям’і і яе незаменную ролю, таксама і ў гэтай сферы, забяспечваючы патрэбнымі рэсурсамі і структурамі для яе падтрымкі».

Дародавае і педыятрычнае лячэнне

Дакумент сцвярджае, што з моманту зачацця дзецям з паталогіямі або злаякаснымі ўтварэннямі патрэбна суправаджэнне і паважлівае стаўленне да іх жыцця. У выпадку «прэнатальных паталогій, якія дакладна выклікаюць смерць у кароткі тэрмін», і пры адсутнасці тэрапіі, здольнай палепшыць стан гэтых дзяцей, «іх ні ў якім разе нельга пакідаць без падтрымкі», але суправаджаць да натуральнай смерці, без прыпынення харчавання і гідратацыі.

Асуджаецца прымяненне, «часам навязанае, прэнатальнай дыягностыкі» для пашырэння культуры, варожай у адносінах да абмежаваных магчымасцяў: аборт «ніколі не дазволены», перасцерагае Кангрэгацыя Веравучэння.

Інтэнсіўная седацыя

Каб суцішыць боль, выкарыстоўваюцца лекі, якія могуць выклікаць прыгнятанне свядомасці. Каталіцкі Касцёл прызнае «дапушчальнасць» прымянення седатыўных сродкаў, каб канец жыцця настаў «у максімальна магчымым спакоі». Гэта датычыцца і выпадкаў лячэння, якія «набліжаюць момант смерці (інтэнсіўная паліятыўная седацыя на апошняй стадыі жыцця)». Аднак, як дадаецца, седацыя недапушчальная, калі прымяняецца для таго, каб выклікаць смерць «непасрэдна і наўмысна».

Вегетатыўны стан

У дакуменце адзначаецца, што нават у несвядомым стане хворы «павінен атрымліваць паважлівае стаўленне і адпаведнае лячэнне», мае права на харчаванне і гідратацыю. Аднак могуць быць выпадкі, калі «такія захады могуць стаць несуразмернымі», таму што больш не даюць эфекту або таму, што сродкі для іх ажыццяўлення становяцца празмерным цяжарам. Дакумент сцвярджае, што трэба прадугледжваць «адпаведную падтрымку родным для нясення працяглай ношы дагляду за хворымі ў вегетатыўным стане».

Адмаўленне па прычыне сумлення

Ліст утрымлівае заклік да мясцовых Касцёлаў заняць адназначную пазіцыю па ўзнятым пытанні і заахвочвае каталіцкія медыцынскія ўстановы даваць сваё сведчанне.

Падкрэсліваецца, што законы, якія ўхваляюць эўтаназію, уздымаюць «сур’ёзны і дакладны абавязак пярэчання» з адмаўленнем ад выканання адпаведных працэдур па прычыне сумлення.

Важна, каб медыцынскіх работнікаў вучылі хрысціянскаму суправаджэнню паміраючых. Што датычыцца духоўнага суправаджэння тых, хто просіць аб эўтаназіі, «патрэбная блізкасць, якая б заўсёды запрашала да навяртання», аднак «ніякі знешні жэст, які б можна было інтэрпрэтаваць як ухваленне, непрымальны», як, напрыклад, асабістая прысутнасць падчас ажыццяўлення працэдуры.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця