Пошук

25.03.2022 08:00   Catholic.by
Звеставанне. Мастак Генрых Ёган Зінкель / Wikimedia Commons

25 сакавіка адзначаецца ўрачыстасць Звеставання Пана і распачынаецца традыцыйная акцыя духоўнага ўсынаўлення.

У гэты дзень Касцёл узгадвае, як Божы пасланец анёл Габрыэль прынёс Марыі і ўсяму чалавецтву Добрую Вестку аб збаўленні.

І сказаў Ёй анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі <…> і валадарству Яго не будзе канца».

(пар. Лк 1, 30–33)

У гэты момант усё залежала ад адказу Дзевы: Бог чакае згоды чалавека: зусім маладзенькай дзяўчыны з беднага правінцыйнага мястэчка, каб здзейсніць самыя важныя справы ў гісторыі чалавецтва. І Марыя з пакораю кажа: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (пар. Лк 1, 38).

Так збылося старадаўняе прадказанне прарока Ісаі (гл. Іс 7, 10–14), і Другая Асоба Святой Тройцы, спрадвечнае Божае Слова, пачало існаваць у часе: «Слова сталася Целам і пасялілася між намі» (пар. Ян 1, 26–38).

Ілюстрацыйная выява з адкрытых крыніц

Ва ўрачыстасць Звеставання Пана Каталіцкі Касцёл асабліва падкрэслівае святасць і непарушнасць кожнага зачатага жыцця, бо не з дня нараджэння, а ўжо з моманту зачацця пачынаецца існаванне чалавека — новай унікальнай асобы, створанай на вобраз і падабенства Божыя. Таму грэх аборту — грэх дзетазабойства ва ўлонні маці — з’яўляецца адным з найцяжэйшых грахоў супраць жыцця і любові.

Ва ўрачыстасць Звеставання Пана, або Зачацця Хрыста ў дзявочым улонні Марыі, мільёны вернікаў ва ўсім свеце, у тым ліку і ў Беларусі, далучаюцца да акцыі «Духоўнага ўсынаўлення зачатага дзіцяці».

Пачынаючы з 25 сакавіка на працягу дзевяці месяцаў ажно да Божага Нараджэння ўдзельнікі акцыі кожны дзень моляцца за адно зачатае дзіцятка, якому пагражае аборт, верачы, што дзякуючы гэтай малітве ад знішчэння ратуецца адно бясцэннае чалавечае жыццё.

Каталіцкія біскупы Беларусі нагадваюць пра важнасць духоўнага ўсынаўлення і заклікаюць вернікаў мясцовага Касцёла не занядбоўваць гэтую пабожную практыку.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа