Пошук

24.03.2022 09:34   Catholic.by

«Таму Пан сам дасць вам знак: Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дасць Яму імя Эммануэль, што значыць Бог з намі» (Іс 7, 14).

Паважаныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, умілаваныя сёстры і браты ў Хрысце!

Сёння мы схіляем калені перад Богам, які ў чарговы раз дазваляе нам радавацца ўрачыстасці Звеставання Пана. Мы зноў прыходзім у гэты дзень у святыню, зноў услухоўваемся ў тэксты літургіі слова, якія, як і штогод, нагадваюць нам, як Божае Слова сышло на зямлю і пасялілася між намі.

Урачыстасць Звеставання Пана адзначаецца роўна за дзевяць месяцаў да святкавання Нараджэння Хрыста.

Гэтыя падзеі былі прадказаныя за шмат стагоддзяў да Хрыстова Нараджэння. Іх прадказвалі прарокі, адным з якіх быў Ісая. Ён жыў у VIII стагоддзі да Нараджэння Хрыстова і як ніхто іншы з прарокаў апісаў асобу Месіі і прадказаў Яго Нараджэнне з Дзевы Маці. Сёння ў чытанні з кнігі прарока Ісаі мы чуем словы, што з’яўляюцца прадказаннем гэтай падзеі: «Таму Пан сам дасць вам знак: Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дасць Яму імя Эммануэль, што значыць Бог з намі» (Іс 7, 14). Гэта толькі адзін з тэкстаў, які сведчыць пра тое, як моцна Стары Запавет быў прасякнуты чаканнем прыйсця Збаўцы.

Паколькі прарок Ісая жыў у VIII стагоддзі да Нараджэння Збаўцы, мы бачым, як доўга абвешчаныя ім словы заставаліся незразумелымі. Толькі падзеі, апісаныя ў сённяшнім Евангеллі, тлумачаць нам гэтую праўду і становяцца здзяйсненнем прарочых прадказанняў. Святы Лука падае тлумачэнне гэтага прароцтва ў сваім Евангеллі, урывак з якога мы сёння пачулі.

Анёл Пана, які з’явіўся Марыі і абвясціў Ёй, што Яна была выбрана Богам, разам з тым растлумачыў Ёй таямніцу цудоўнага мацярынства: «Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю? — Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе» (пар. Лк 1, 34–35). Гэтыя словы гавораць, што цудоўнае зачацце Езуса адбылося без удзелу чалавека, але дзякуючы ўмяшальніцтву Духа Святога. Потым анёл даў пэўныя ўдакладненні, якія пераканалі Марыю ў тым, што Народжаны з Яе будзе Збаўцам свету: «Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага, і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца» (Лк 1, 32–33).

Толькі ў Бэтлееме стала зразумелым, у чым павінен быў заключацца цудоўны знак ад Бога, пра які казаў прарок больш за сем стагоддзяў да гэтага. Нявернасць караля Ахаза была толькі нагодаю для таго, каб абвясціць пераломную падзею ў гісторыі чалавецтва: Нараджэнне Езуса Хрыста, сапраўднага Месіі Эммануэля.

Сёння мы ўзгадваем падзею Звеставання Пана, якое стала пачаткам прыйсця Хрыста ў чалавечым целе.

Гэтая падзея з’яўляецца для нас нагодаю для таго, каб яшчэ раз усвядоміць сабе значэнне і сэнс чалавечага жыцця: ад зачацця да натуральнай смерці.

29 студзеня мінулага года Папа Францішак напісаў у сваім Твітары: «Культура жыцця — гэта спадчына, якую хрысціяне жадаюць падзяляць з усімі. Кожнае чалавечае жыццё, адзінае і непаўторнае, з’яўляецца неад’емнай каштоўнасцю. Гэта павінна абвяшчацца штораз нанава, з адвагаю ў словах і дзеяннях».

Сёння мы паўтараем гэтыя словы за Папам Францішкам, і не толькі паўтараем, але рэалізуем іх на справе, у чарговы раз распачынаючы нашую малітву, якая паўсюдна называецца «Духоўным усынаўленнем». Такім чынам мы не толькі «падпісваемся» пад словамі Папы, але свядома і адказна ўдзельнічаем у абароне чалавечага жыцця, сцвярджаючы, што яно адзінае і непаўторнае.

Сёстры і браты! Сёння ва ўсім Касцёле, а асабліва ў нас у Беларусі, мы распачынаем дзевяцімесячную малітву ў інтэнцыі жыцця, якое знаходзіцца ў небяспецы смерці.

Яе распачынаюць тыя, хто ўжо не раз удзельнічаў у такой форме малітвы, але, напэўна, будуць і тыя, хто ўпершыню пажадае далучыцца да супольнасці братоў і сясцёр, якія моляцца за чалавечае жыццё. Таму варта яшчэ раз растлумачыць, што такое «Духоўнае ўсынаўленне», хто можа яго прыняць і як верна выканаць прыняты на сябе абавязак.

«Духоўнае ўсынаўленне» — гэта абяцанне, дадзенае Богу, якое заключаецца ў прыняцці на сябе пэўнай асобай малітоўнага абавязку ў інтэнцыі ўратавання жыцця дзіцяці ва ўлонні маці, якое знаходзіцца пад пагрозай, а таксама справядлівага і праведнага жыцця пасля нараджэння дзіцяці, імя якога вядома толькі Богу. Сутнасць «Духоўнага ўсынаўлення» заключаецца ў штодзённай спецыяльнай малітве ў інтэнцыі дзіцяці і яго бацькоў, да якой дадаецца адна з таямніц святога Ружанца, а таксама дабравольна здзейсненыя рэлігійныя практыкі, такія як святая Камунія, пост, актыўная падтрымка дабрачынных спраў. Ёсць яшчэ адно вымярэнне «Духоўнага ўсынаўлення»: дадзенае Богу абяцанне мае вялікую духоўную каштоўнасць таксама для таго, хто яго дае, паколькі ўнутрана яго ўмацоўвае, больш мабілізуе для адданага хрысціянскага жыцця, паглыбляе сувязь з Богам.

Заахвочваем да гэтай малітвы перадусім святароў і кансэкраваных асоб. Вашыя адносіны і прыклад паказваюць вернікам, як належыць паступаць.

Просім таксама, каб як мага большая колькасць вернікаў і людзей добрай волі далучылася да гэтай формы малітвы за жыццё дзіцяці пад сэрцам маці, якое знаходзіцца ў небяспецы.

Да гэтага пакліканы Касцёл, а значыць, мы ўсе, якія да яго належым. Будзем жыць у адпаведнасці з гэтым пакліканнем, памятаючы, што кожны чалавек, а значыць і той, які ва ўлонні маці, належыць толькі Богу.

На высілак трывалай малітвы і практык, здзейсненых дзеля абароны жыцця дзіцяці, якому пагражае аборт, ад усяго сэрца ўсіх вас благаслаўляем.

Ад імя біскупаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі
Старшыня Рады па справах сям’і пры ККББ

Мінск, 30 студзеня 2022 г.

Абноўлена 24.03.2022 21:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.