Паведамленне
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
на нядзелю Святой Сям’і
29 снежня 2024 г.
Умілаваныя ў Пану браты і сёстры!
«Дзеці прыносяць з сабою жыццё, радасць, надзею, а разам з тым і непакой, але такое жыццё. Несумненна, яны таксама прыносяць клопаты, а часам і праблемы. Але лепшае грамадства з гэтымі клопатамі і праблемамі, чым грамадства сумнае і шэрае, паколькі засталося без дзяцей!» (Папа Францішак, з прамовы на агульнай аўдыенцыі 18 сакавіка 2015 г.)
Працягваючы думку Папы Францішка, неабходна сцвердзіць, што мы сёння маем сумнае і шэрае грамадства, бо вельмі многія ў свеце пагарджаюць чалавечым жыццём. Не так было ў жыцці Святой Сям’і.
Сённяшняе Евангелле запрашае нас у падарожжа разам з Марыяй, Юзафам і Езусам у Ерузалемскую святыню. Потым Езус згубіўся, а калі Яго адшукалі, вярнуліся дадому ў Назарэт. «Езус жа ўзрастаў у мудрaсцi, у гaдах i ў лaсцы ў Бoгa i ў людзей» (Лк 2, 52). Што ж такога асаблівага можа скрывацца за гэтымі словамі? Гэта дакладна было звычайнае і простае сямейнае жыццё, якое сёння для нашых сем’яў становіцца школай Евангелля. Гледзячы на жыццё Святой Сям’і ў Назарэце, мы вучымся праслаўляць Бога сярод сціпласці і нягод, бо ці ж не давялося ім перажыць беднасць, пераслед і выгнанне? Нягледзячы на гэта, яны ўмелі ўзнёсла і ў чысціні праслаўляць Бога за ўсё, што перажывалі.
Сёння мы праслаўляем Бога за тых шматлікіх людзей, якія, нягледзячы на перашкоды і цяжкасці, ўзялі на сябе абавязак «Духоўнага ўсынаўлення».
Дзякуем усім тым, хто на працягу мінулых дзевяці месяцаў маліўся ў інтэнцыі захавання ненароджанага жыцця, якому пагражала небяспека аборту. Дзякуючы вашым малітвам гэты свет становіцца ўжо не такім сумным і шэрым.
Няхай вашым старанням і ініцыятывам, скіраваным на тое, каб кожнае зачатае дзіця магло прыйсці ў гэты свет, спадарожнічае нашае пастырскае благаслаўленне, якое вам ад усяго сэрца ўдзяляем.
Каталіцкія біскупы Беларусі