
Сёлета свята Святой Сям’і прыпадае на нядзелю 30 снежня. Па традыцыі, каталіцкія біскупы Беларусі кіруюць у гэты дзень адпаведнае Паведамленне духавенству, кансэкраваным асобам, вернікам і ўсім людзям добрай волі.
Паведамленне
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
на свята Святой Сям’і 2025 года
Шаноўнае духавенства, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі і ўсе людзі добрай волі!
Прабываючы ў радаснай атмасферы святаў Божага Нараджэння, складаем вам самыя сардэчныя пажаданні і молімся, каб Дзіцятка Езус напоўніла вас супакоем і патрэбнымі ласкамі.
Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае нядзелю Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа. Чытанні, прапанаваныя нам на сёння, нагадваюць пра паслухмянасць Богу і асноўныя прынцыпы сямейнага жыцця. Аднак найбольш дасканалым узорам для нашых сем’яў з’яўляецца Святая Сям’я. Назіраючы за жыццём Езуса, Марыі і Юзафа, мы вучымся бацькоўскім і дзіцячым устаноўкам, а Бог заўсёды застаецца нашым найвышэйшым арыентырам.
У свята Святой Сям’і мы традыцыйна заканчваем дзевяцімесячную малітву за зачатае чалавечае жыццё, якому пагражае аборт. Так званае духоўнае ўсынаўленне ўжо шмат гадоў з’яўляецца важнай часткай жыцця хрысціян на нашых землях. Абавязак маліцца за зачатае дзіця датычыцца не толькі католікаў, але і вызнаўцаў іншых рэлігій.
Сёння ўсім вам хочам падзякаваць за трывалую, сістэматычную малітву ў гэтым пытанні, такім важным для нашай радзімы і ўсяго чалавецтва. Цешыць нас тое, што ўсё больш людзей разумее, што чалавечае жыццё — гэта найважнейшая каштоўнасць і ад моманту зачацця аж да натуральнай смерці трэба яго абараняць.
Жадаем, каб надыходзячы 2026 год быў для вас паспяховым і благаслаўлёным, а адказнасць за зачатае чалавечае жыццё стала важнай часткай вашага жыцця.
Няхай гэтым старанням і ініцыятывам спадарожнічае наша пастырскае благаслаўленне, якое ад усяго сэрца вам удзяляем.
Каталіцкія Біскупы Беларусі
✠ Біскуп Антоні Дзям’янка
Старшыня Рады па справах сям’і пры ККББ
P. S. Паведамленне неабходна прачытаць ва ўсіх святынях Беларусі ў Нядзелю Святой Сям'і 28 снежня 2025 года.







