Пошук

Пятніца, 15 лістапада
15.11.2024 12:37
Прымаючы на сябе заданне арганізаванай і плённай перадачы евангельскага паслання ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльнай камунікацыі, а таксама у клопаце пра забеспячэнне дакладнай інфармацыі пра жыццё Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі вызначае асноўныя нормы выступлення ў СМІ і сродках сацыяльнай камунікацыі духоўных асобаў і членаў Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця (далей – духоўныя і манаскія асобы). 1. Дадзеныя нормы распаўсюджваюцца таксама на асобаў, якія праходзяць адпаведную фармацыю ў духоўных установах. 2. Свецкія асобы, якія паступаюць на працу або распачынаюць пастаяннае супрацоўніцтва з інстытуцыямі Касцёла, павінны выразіць пісьмовую згоду на распаўсюджванне на іх дадзеных нормаў. 3. Толькі заявы тых духоўных і манаскіх асобаў, якія выступаюць з выразнага дазволу ардынарыя месца, згодна з кан. 831 § 1 і 832 Кодэкса Кананічнага Права, можна лічыць пазіцыяй інстытуцыі Касцёла, ад імя якой яны выказваюцца. 4. Духоўныя і манаскія асобы абавязаны верна перадаваць каталіцкае вучэнне ў адпаведнасці з дактрынай Настаўніцтва Касцёла і захоўваць нормы, выдадзеныя дыяцэзіяльным біскупам, а таксама захоўваць прадпісанні, устаноўленыя Канферэнцыяй Біскупаў, згодна з кан. 772 §1 і 2 Кодэкса Кананічнага Права. 5. Духоўныя і манаскія асобы, якія выказваюцца ў СМІ альбо ў сродках сацыяльнай камунікацыі, павінны адзначацца вернасцю вучэнню Евангелля, адпаведнымі ведамі і кампетэнцыяй, разважлівасцю і адказнасцю за сказанае слова, клопатам і любоўю да праўды, павагай да іншых людзей і шчырым пошукам супольнага дабра, каб Касцёл мог эфектыўна выконваць сваё заданне (гл. кан. 822 § 3 Кодэкса Кананічнага Права). 6. Пры выступленні ў СМІ альбо ў сродках сацыяльнай камунікацыі духоўныя і манаскія асобы павінны памятаць, што яны пакліканы прапаведаваць вучэнне Хрыста, а не ўласныя меркаванні і погляды, асабліва такія, якія могуць выклікаць блытаніну, скандал, стаць прычынай падзелаў паміж людзьмі, і каб такое выступленне спрыяла бездакорнаму захаванню праўдаў веры і добрых нораваў (гл. кан. 823 § 1 Кодэкса Кананічнага Права). Гэта таксама ўключае ў сябе ўстрыманне ад палітычных заяў і выказванняў. 7. Пры выступленні ў СМІ або ў сродках сацыяльнай камунікацыі духоўных і манаскіх асобаў неабходна дакладна выконваць касцёльныя прадпісанні (гл. кан. 822-832 Кодэкса Кананічнага Права) і дзяржаўнае заканадаўства, асабліва ў сферы аховы непаўналетніх, публікацыі фотаздымкаў іншых асоб, абароны асабістых дадзеных і аўтарскіх правоў. 8. Для ажыццяўлення супрацоўніцтва з прэсай, радыё- або тэлепраграмай, інтэрнэт-парталам, для рэгулярнага выступлення ў СМІ і вядзення ўласных праграм духоўным і манаскім асобам неабходна мець выразную згоду ўласнага ардынарыя або ўласнага вышэйшага настаяцеля (кан. 831 §1 і §2, кан.832 Кодэкса Кананічнага Права). 9. Кожны дыяцэзіяльны біскуп павінен клапаціцца пра тое, каб духоўныя і манаскія асобы, якія служаць у яго дыяцэзіі, а таксама супрацоўнікі касцёльных установаў рэгулярна прымалі ўдзел у адукацыйных праграмах, якія забяспечваюць адпаведную медыяадукацыю і кампетэнцыі для адказнага і эфектыўнага ўдзелу ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльнай камунікацыі. 10. Духоўныя і манаскія асобы нясуць персанальную маральную і юрыдычную адказнасць за ўсе ўласныя публікацыі і дзеянні ў СМІ і сродках сацыяльнай камунікацыі. 11. Нягледзячы на тое, што часта прысутнасць духоўных і манаскіх асобаў ў СМІ альбо сродках сацыяльнай камунікацыі, асабліва ў сацыяльных сетках, з’яўляецца іх прыватнай ініцыятывай, аднак яны заўсёды ўспрымаюцца як прадстаўнікі Касцёла. Іх прысутнасць у медыйнай прасторы не можа спрыяць і выкарыстоўвацца для вядзення дзейнасці супраць Бога, Евангелля, Касцёла, свайго настаяцеля, а таксама любога іншага чалавека. Такім чынам, згодна з кан. 831 §1 Кодэкса Кананічнага Права, яны не могуць удзельнічаць у медыйных кампаніях і праектах, якія супярэчаць каталіцкай веры і маралі. Кожны ўдзел у медыйных праектах павінен быць адпаведна зацверджаны ўласным ардынарыем або ардынарыем месца, дзе будзе рэалізоўвацца праект. 12. У сродках сацыяльнай камунікацыі духоўныя і манаскія асобы павінны выступаць ў духоўным або манаскім адзенні, у адпаведнасці з іх дыяцэзіяльнай або манаскай прыналежнасцю. У асобных выпадках, калі дазваляецца выключэнне з гэтага правіла, неабходна атрымаць выразную згоду ардынарыя або вышэйшага настаяцеля. 13. Адказнасць за адміністраванне сайта або старонкі касцёльнай установы ускладаецца на кіраўніка гэтай касцёльнай установы або ўпаўнаважанаю ім асобу. Адміністратары сайтаў або інтэрнэт-старонак касцёльных установаў павінны быць прызначаныя дыяцэзіяльным біскупам. 14. Неабходна мець асаблівую асцярожнасць і разважлівасць ў справах духоўнага кіраўніцтва або прыватнай кансультацыі праз сродкі сацыяльнай камунікацыі. З мэтай захавання канфідэнцыяльнасці абсалютна немагчыма цэлебрацыя сакрамэнту пакаяння і паяднання праз гэтыя сродкі, у тым ліку па тэлефоне ці праз Інтэрнэт (пар. кан. 960 Кодэкса Кананічнага Права і Нормы Апостальскай Пэнітэнцыярыі адносна гэтых пытанняў). 15. Каб пазбегнуць парушэння вышэйпералічаных нормаў уласны Ардынарый або ўласны вышэйшы настаяцель, які нясе адказнасць за тое, каб вера і добрыя норавы захоўваліся бездакорна (кан. 823 §1 Кодэкса Кананічнага Права), можа выдаць адпаведныя распараджэнні, увесці неабходныя абмежаванні і ў абгрунтаваных выпадках накладаць прадугледжаныя Кананічным Правам санкцыі (гл. кан. 1368 §1, 1373, 1378 §1 Кодэкса Кананічнага Права). Нормы выступлення і прысутнасці духоўных асобаў і членаў Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльнай камунікацыі уваходзяць у жыццё з моманту іх публікацыі.
Панядзелак, 4 снежня 2023
04.12.2023 10:00
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі! Сёння мы адзначаем у літургіі Касцёла першую нядзелю Адвэнту – пачатак новага літургічнага года. Перад намі гадавы цыкл касцёльных урачыстасцяў і святаў, а таксама літургічных перыядаў, якія, змяняючы адно аднаго, нагадваюць нам пра найважнейшыя падзеі гісторыі збаўлення і дазваляюць нанова іх перажыць. Гэта гісторыя любові Бога да чалавека, а найдасканалейшым чынам гэтую любоў нам аб’явіў Езус Хрыстус, Сын Божы, які для нас стаўся чалавекам, каб праз муку, смерць і ўваскрасенне адкупіць усё чалавецтва. Адвэнт, які пачынаецца, – гэта запрашэнне ўвайсці ў настрой суму па Збаўцу і чакання Яго прыйсця. У Старым Запавеце чытаем, як Пан Бог спрадвеку рыхтаваў свой народ да сустрэчы з абяцаным Месіяй. Натхнёныя Богам прарокі нястомна павучалі ізраэлітаў, указвалі на шматлікія выпадкі іх нявернасці і грахі, абвінавачвалі ў жорсткасці сэрца і пагардзе да Божага слова. Адначасова ў пасланнях прарокаў мы можам пачуць заклік апамятацца, распачаць пакаянне і навяртанне, разам з запэўніваннем, што Бог у сваёй бясконцай міласэрнасці акажа грэшнікам прабачэнне і літасць, а Яго ласка пераменіць і адновіць чалавечыя сэрцы. “Завялі мы, як лісце, – вызнае сёння з пакорай прарок Ісая, – а правіны нашыя, як вецер, нясуць нас. І няма нікога, хто заклікаў бы імя Тваё, хто ўстаў бы, каб моцна трымацца за Цябе. […] Але, Пане, Ты – Айцец наш, мы – гліна, а Ты – наш ганчар. І ўсе мы – справа рукі Тваёй” (Iс 64, 5-7). У перыяд Адвэнту Касцёл запрашае нас з такой жа ахвотай, у духу шчырага навяртання, з верай у Божую міласэрнасць і прабачэнне падрыхтаваць сэрцы да сустрэчы з Езусам Хрыстом, які да нас прыходзіць у таямніцы Нараджэння. Хоць Адвэнт не мае характару вузка пакаяннага, традыцыя Касцёла заахвочвае нас адмовіцца ад павярхоўных пацехаў і гучных забаваў, унутрана сцішыцца і звярнуць большую ўвагу на духоўныя справы. Не дазволім, каб гарачка перадсвяточных закупак, прысутныя паўсюль рэкламы ці спакуслівыя прапановы ў крамах заглушылі ў нас жаданне таго, што самае істотнае: больш інтэнсіўнай малітвы, больш уважлівага слухання Божага слова, больш стараннага прыняцця святых сакрамэнтаў. Няхай Адвэнт стане часам глыбокага аднаўлення нашай веры, ажыўлення надзеі, узрастання ў любові да Бога і бліжняга. Двухтысячагадовая традыцыя Касцёла выпрацавала разнастайныя адвэнтавыя практыкі, якія могуць быць карыснымі ў актыўным і свядомым перажыванні гэтага асаблівага часу ласкі. У многіх парафіях арганізоўваюцца рэкалекцыі і дні засяроджання, якія маюць на мэце нагадаць нам важныя праўды, звязаныя з верай, і дапамагчы прыняць адпаведныя адвэнтавыя пастановы, якія палегчаць нам пераадоленне ўласных слабасцяў і грахоў. Ужо цяпер сплануем час так, каб мы маглі ўзяць удзел у гэтых духоўных практыкаваннях, такіх важных і вельмі патрэбных. Па меры магчымасці пастараемся ўдзельнічаць у раратніх святых Імшах, якія традыцыйна цэлебруюцца ў Адвэнт у гонар Маці Божай. Паклапоцімся асабліва аб тым, каб у гэтых Імшах бралі ўдзел дзеці і моладзь. Няхай духоўнае знаходжанне побач з Найсвяцейшай Паннай Марыяй у чаканні прыйсця Сына Божага прынясе ва ўсіх нас плён паглыблення Марыйнай пабожнасці і яшчэ глыбейшага перажывання радасці Божага Нараджэння. Не забудзем прыступіць у перыяд Адвэнту да сакрамэнту паяднання, каб мы маглі сустрэць Хрыста, які прыходзіць, у стане асвячальнай ласкі ў нашых сэрцах. Няхай паяднанне з Панам Богам будзе для нас заахвочваннем да паяднання з бліжнімі шляхам узаемнага прабачэння, даравання правінаў і кампенсавання ўчыненых крыўдаў. Перыяд Адвэнту – гэта таксама час агарнуць асаблівым клопатам тых, хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, і аказаць ім сардэчную, бескарыслівую дапамогу. У гэты святы час агледзімся вакол сябе і заўважым людзей бедных, самотных, беспрацоўных, хворых, пажылога ўзросту, тых, якія перажываюць розныя жыццёвыя крызісы і цяжкасці. Пачуем іх нямое маленне аб дапамозе, зацікавімся імі, выкажам ім братэрскае спачуванне, падзелімся тым, што маем, і не пашкадуем для іх хвіліны часу, добрага слова і крупінкі сэрца. Будзем памятаць пра словы Езуса Хрыста: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25, 40). Умілаваныя браты і сёстры! Сёлетні перыяд Адвэнту надзвычай кароткі. Ужо праз тры тыдні мы сядзем сем’ямі за вігілійным сталом, падзелімся аплаткай, выкажам адзін аднаму віншаванні і ў чарговы раз у жыцці адчуем выключную радасць, цеплыню, дабро, мір і любоў – штосьці, што мы часта называем магіяй святаў. Спытаемся ў сябе сёння, на пачатку Адвэнту: чаму мы так мала прыкладваем старанняў, каб падобная атмасфера любові, дабрыні і міру панавала ў нашых дамах штодзень, а не толькі ў святы? Можа, варта ўжо цяпер пачаць штосьці змяняць у нашым сямейным жыцці, каб зрабіць яго паўнейшым і прыгажэйшым, больш падобным да найдасканалейшага ўзору, якім з’яўляецца для нас, хрысціян, жыццё Святой Сям’і з Назарэта? Няхай пуцяводным святлом для кожнай сям’і будуць прыгожыя словы Папы Францішка з апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia пра любоў у сям’і: “Уцелаўленне Слова ў чалавечай сям’і ў Назарэце, – піша Святы Айцец, – ўзрушвае сваёй навізной гісторыю свету. Мы павінны паглыбіцца ў таямніцу нараджэння Езуса, у „так“ Марыі, сказанае падчас нябеснага звеставання, калі ў Яе ўлонні было зачата Слова; таксама ў „так“ Юзафа, які даў імя Езусу і паклапаціўся пра Марыю; у радасць пастухоў пры яслях; у пакланенне трох Мудрацоў; у таямніцу ўдзелу Езуса ў пакутах свайго выгнанага, пераследаванага і прыніжанага народу. […] Далей трэба паглыбіцца ў перыяд трыццаці доўгіх гадоў, калі Езус зарабляў на сваё жыццё, працуючы сваімі рукамі, узносячы малітвы і захоўваючы рэлігійныя традыцыі свайго народу, выхоўваючыся ў веры сваіх айцоў, клапоцячыся, каб яна дала плён ў таямніцы Валадарства. Гэта таямніца Божага Нараджэння і таямніца Назарэта, […] з яе таксама чэрпаюць прыклады хрысціянскія сем’і, каб аднавіць сваю надзею і радасць. Запавет любові і вернасці, якім жыве Святая Сям’я з Назарэта, пралівае святло на прынцып, які надае форму кожнай сям’і і дазваляе ёй лепш спраўляцца са зменлівасцю жыцця і гісторыі. На гэтым падмурку кожная сям’я таксама ў сваёй слабасці можа стаць святлом у змроку свету. […] Няхай Назарэт сам нагадае, чым ёсць сям’я, чым ёсць еднасць любові, яе суровая і простая прыгажосць, яе святы і непарушны характар” (AL, 65-66). З усяго сэрца жадаю кожнаму з вас, дарагія браты і сёстры, цудоўнага і глыбокага, поўнага сэнсу і шчодрага на духоўныя плёны перажывання Адвэнту. Няхай гэты святы час будзе ўзбагачаны асабістай малітвай, прыняццем святых сакрамэнтаў і ўважлівым слуханнем Божага слова. Няхай не будзе ў вас недахопу ва ўнутранай цішыні і засяроджанасці, якія дазволяць пачуць у сэрцы далікатны і поўны любові Божы голас. Памятаю пра вас, дарагія вернікі дыяцэзіі, у маіх малітвах, даручаю ваш шлях адвэнтавага чування клапатлівай апецы Беззаганнай Панны Марыі і на плённую падрыхтоўку да святаў Божага Нараджэння ўсіх з усяго сэрца благаслаўляю. Aляксандр Кашкевіч Біскуп Гродзенскі Гродна, 27.11.2023 г.
Чацвер, 9 лістапада 2023
Чацвер, 19 кастрычніка 2023
Чацвер, 9 лютага 2023
09.02.2023 11:40
Змест 1. Уводзіны 2. Мэты дадзенага дакумента 3. Тэрміналогія 4. Суб’екты дакумента 5. Агульныя прынцыпы працы з непаўналетнімі 6. Правілы паводзінаў з непаўналетнімі 7. Паездкі з непаўналетнімі 8. Кантроль і адказнасць 9. Заключныя палажэнні 1. Уводзіны. 1.1. Праца з дзецьмі і падлеткамі з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў пастырства, якое ажыццяўляецца Рыма-каталіцкім Касцёлам у Беларусі. Разам з тым, Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі прызнае, што любая форма работы з непаўналетнімі патрабуе выканання пэўных норм, як маральных, так і заканадаўчых, паколькі непаўналетнія яшчэ не здольныя самастойна адстойваць свае правы і законныя інтарэсы і таму маюць патрэбу ў дадатковай абароне. 1.2. Асаблівым чынам непаўналетнія безабаронныя перад рознымі формамі злоўжывання з боку дарослых. Такое злоўжыванне даверам і ўладай прычыняе глыбокі боль і шкоду ахвярам і іх родным. На жаль, сусветны вопыт паказвае, што гэтыя злоўжыванні мелі і могуць мець месца з боку прадстаўнікоў рэлігійных супольнасцяў, што прычыняе асаблівую шкоду не толькі непаўналетнім і іх родным, але і Рыма-каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі і Касцёлу ў цэлым. 1.3. Сярод розных формаў злоўжывання асабліва цяжкім з'яўляецца сэксуальнае выкарыстанне. Яно з'яўляецца супрацьзаконным, глыбока амаральным, наносіць разбуральную духоўную, эмацыйную і псіхічную шкоду ахвярам і іх родным і ўяўляе сабой глыбокае злоўжыванне даверам у пастырскіх, чалавечых і прафесійных узаемаадносінах. Як заўважыў Папа Ян Павел II на сустрэчы з лідарамі Каталіцкага Касцёла ў 2002 годзе, спакушэнне моладзі “ва ўсіх адносінах недапушчальна і справядліва разглядаецца грамадствам як злачынства; гэта таксама жахлівы грэх у вачах Бога”. 1.4. Варта адзначыць, што парушэнні ў адносінах з непаўналетнімі могуць прывесці да сур'ёзных наступстваў згодна з дзеючым беларускім заканадаўствам, аж да крымінальнай адказнасці. Глава 20 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Злачынствы супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды» прадугледжвае дзеянні, якія альбо спалучаныя з адкрытым сэксуальным гвалтам, альбо заключаюцца ў грубым парушэнні нормаў палавой маралі паўналетнімі асобамі ў адносінах да непаўналетніх асоб. 1.5. Артыкул 166 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Гвалт» прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў за палавыя зносіны насуперак волі пацярпелай з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення да жанчыны ці яе блізкіх альбо з выкарыстаннем бездапаможнага стану пацярпелай. Пры гэтым учыненне гвалту паўторна, групай асоб, альбо заведама малалетняй караецца пазбаўленнем свабоды на тэрмін ад пяці да трынаццаці гадоў. Гвалт, што пацягнуў па неасцярожнасці смерць пацярпелай, альбо прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, альбо заражэнне ВІЧ, альбо іншыя цяжкія наступствы караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў. 1.6. Артыкул 167 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць за мужаложства, лесбіянства ці іншыя дзеянні сэксуальнага характару, учыненыя насуперак волі пацярпелага (пацярпелай) з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення або з выкарыстаннем бездапаможнага стану пацярпелага (пацярпелай), якія караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў. Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна, альбо асобай, якая раней учынiла згвалтаванне, або групай асоб, альбо ў дачыненні да заведама непаўналетняга (непаўналетняй) прадугледжваюць адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам ад пяці да трынаццаці гадоў. Гэтыя ж дзеянні, ўчыненыя ў дачыненні да заведама малалетняга (малалетняй) (асоба, якая не дасягнула 14-ці гадовага ўзросту), альбо якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць пацярпелага (пацярпелай), альбо прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, альбо заражэнне ВІЧ, альбо іншыя цяжкія наступствы, - караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў. 1.7. Артыкул 168 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да чатырох гадоў са штрафам за палавыя зносіны, мужаложства, лесбіянства ці іншыя дзеянні сэксуальнага характару, учыненыя асобай, якая дасягнула васемнаццацiгадовага ўзросту, з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту. Тыя ж дзеянні, але ўчыненыя асобай, якая раней учынiла злачынствы, прадугледжаныя гэтым артыкулам, артыкуламі 166 або 167 гэтага Кодэкса, альбо асобай, на якую ўскладзены абавязкi па выхаванню, утрыманню, забеспячэнню бяспекі жыцця і здароўя непаўналетняга, або групай асоб, - караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў. 1.8. Артыкул 169 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць за распусныя дзеянні, учыненыя асобай, якая дасягнула васемнаццацiгадовага ўзросту, у адносiнах да асобы, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту, пры адсутнасці прыкмет злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 166, 167 і 168 Крымінальнага кодэкса, у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад аднаго да трох гадоў. Тыя ж дзеянні, учыненыя з прымяненнем гвалту або з пагрозай яго прымянення, - караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да шасці гадоў. 1.9. Артыкул 170 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць за прымус асобы да палавых зносін, мужаложства, лесбіянства або да здзяйснення іншых дзеянняў сэксуальнага характару шляхам шантажу, пагрозы знішчэння, пашкоджаннем або адабраннем маёмасці або з выкарыстаннем службовай, матэрыяльнай або іншай залежнасці пацярпелага (пацярпелай) у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў са штрафам і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення. Тое ж дзеянне, але здзейсненае ў дачыненні да заведама непаўналетняга (непаўналетняй), караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да шасці гадоў. 1.10. Паводле беларускага дзяржаўнага заканадаўства ўзрост згоды на сэксуальныя дзеянні складае 16 гадоў, а палавыя зносіны ці іншыя дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту, караюцца ў адпаведнасці з вышэй узгаданымі артыкуламі Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. 1.11. Кананічнае Права ўстанаўлівае больш строгую адказнасць для вышэйпералічаных злачынстваў з асобамі, якія не дасягнулі 18-гадовага ўзросту або якія не валодаюць поўным выкарыстаннем розуму. Кананічным правам і грамадскім заканадаўствам да непаўналетніх асоб прыраўноўваюцца недзеяздольныя асобы. 1.12. Кананічнае Права Каталіцкага Касцёла (“Normae de gravioribus delictis” ад 21.05.2010) разглядае злоўжыванні ў сэксуальнай вобласці ў дачыненні да непаўналетніх як цяжкія касцёльныя злачынствы, якія прадугледжваюць жорсткія санкцыі для духавенства без тэрміну даўнасці. Касцёл прызнае сваю адказнасць за тое, каб прадухіляць гэтыя злачынствы і выхоўваць у сабе ўменне заўважаць прыкметы сэксуальнага або фізічнага выкарыстання непаўналетніх і зрабіць усё, што ў яго сілах, каб абараніць непаўналетніх ад любых формаў злоўжывання і пагарды. З іншага боку Касцёл таксама ўсведамляе, што фізічныя праявы пачуццяў і падтрымкі, хоць і могуць здавацца камусці непрымальнымі, усё ж прадстаўляюць сабой частку нармальнага пастырскага служэння. 1.13. Наступныя Прынцыпы працы і правілы паводзін, прынятыя ў Рыма-каталіцкім Касцёлам у Рэспубліцы Беларусь, пакліканы дапамагчы забяспечыць бяспечнае для непаўналетніх асяроддзе падчас пастырскай дзейнасці, а таксама правільнае выкарыстанне дарэчных формаў фізічных праяўленняў пачуццяў, без якіх немагчымыя паўнавартасныя міжасабовыя адносіны. 2. Мэты дадзенага дакумента Згодна з кананічным правам асаблівая абарона распаўсюджваецца на ўсіх асоб, якія не дасягнулі ўзросту 18-ці гадоў. Да непаўналетніх асоб прыраўніваюцца недзеяздольныя асобы. Дадзены дакумент мае наступныя мэты: 2.1. Ахова непаўналетніх. 2.2. Ахова ўразлівых асоб, г.зн. тых, якія з-за свайго фізічнага, інтэлектуальнага або псіхічнага стану не ў поўнай меры свабодныя ў сваіх дзеяннях ці могуць асаблівым чынам падвяргацца ціску. 2.3. Забеспячэнне празрыстых адносінаў з непаўналетнімі ўсіх дарослых, якія бяруць удзел у пастырскай дзейнасці. 2.4. Абарона добрага імені дарослых і пазбяганне падазрэнняў у непрыстойных паводзінах. 3. Тэрміналогія, якая ўжываецца ў гэтых Прынцыпах працы і правілах паводзін. 3.1. Непаўналетні - асоба, якой не споўнілася 18 гадоў, а таксама асоба, якая не валодае поўным выкарыстаннем розуму (арт. 6 пар. 1, 1 Normae de gravioribus delictis ад 21.05.2010). 3.2. У выпадку сумнення ў стане асобы необходна лічыць, што данная асоба з’яўляецца непаўналетняй, пакуль іншае не будзе адназначна вызначана. 4. Суб’екты дакумента Суб'ектамі гэтага дакумента з'яўляюцца: 4.1. Усе святары і кансэкраваныя асобы на тэрыторыі Республікі Беларусь. 4.2. Кандыдаты ў святарства і манаства, семінарысты на тэрыторыі Республікі Беларусь. 4.3. Катэхэты, як мужчыны, так і жанчыны, арганісты і закрыстыяны на тэрыторыі Республікі Беларусь. 4.4. Свецкія асобы, якія прымаюць удзел у пастырскай працы ў касцёльных структурах на тэрыторыі Республікі Беларусь. 4.5. Валанцёры і аніматары, як католікі, так і некатолікі, якія ўдзельнічаюць у працы з непаўналетнімі ў межах працы ў касцёльных структурах на тэрыторыі Республікі Беларусь. 4.6. Любыя паўналетнія асобы у межах працы ў касцёльных структурах або якія бяруць удзел ў касцёльных мерапрыемствах на тэрыторыі Республікі Беларусь. 4.7. Дзеянне дадзеных Прынцыпаў працы і правілаў паводзін не тычыцца ўзаемаадносін паўналетніх асоб з іх бліжэйшымі непаўналетнімі сваякамі (дзецьмі, унукамі, усыноўленымі дзецьмі, роднымі і дваюраднымі братамі і сёстрамі, пляменнікамі і пляменніцамі). 5. Агульныя прынцыпы працы з непаўналетнімі. 5.1. Усе прынцыпы ўзаемаадносін з непаўналетнімі грунтуюцца на абавязковым выкананні IV-й Запаведзі і маюць на ўвазе, што пастырскія супрацоўнікі ні пры якіх абставінах не могуць замяніць сабой бацькоў або законных прадстаўнікоў непаўналетніх. 5.2. Любыя формы пастырскай працы з непаўналетнімі павінны праходзіць выключна па згодзе бацькоў або іх законных прадстаўнікоў, нават у тых выпадках, калі гэта непасрэдна не прадугледжана дзяржаўным заканадаўствам. 5.3. Неабходна больш актыўна ўключаць бацькоў у пастырства непаўналетніх (напрыклад, праз прысутнасць каго-небудзь з бацькоў падчас катэхізацыі ці на мерапрыемствах). 5.4. Неабходна больш актыўна тлумачыць бацькам, што адказнасць за выхаванне, у тым ліку рэлігійнае, уласных дзяцей ляжыць перш за ўсё на іх, а задача святароў і пастырскіх работнікаў заключаецца ў аказанні дапамогі, а не ў замяшчэнні сям'і. 5.5. Неабходна асаблівую ўвагу надаваць выпадкам, калі непаўналетнія паходзяць з няпоўных альбо паталагічных сем'яў, а таксама са змешаных сужэнстваў. 5.6. Пастырскія мерапрыемствы павінны быць планаваныя так, каб непаўналетнія не вярталіся дадому занадта позна, улічваючы мясцовыя патрабаванні. У любым выпадку, яны павінны вяртацца дадому не пазней як а 23 гадзіне, а калі пазней - то толькі ў суправаджэнні бацькоў або законных прадстаўнікоў. Дадзенае правіла не тычыцца выязных мерапрыемстваў з начлегам. 5.7. Усе пастырскія работнікі, якія ўдзельнічаюць у працы з непаўналетнімі, павінны прайсці адпаведную падрыхтоўку і быць азнаёмленыя з дадзенымі нормамі пад подпіс. Падрыхтоўку таксама павінны прайсці кандыдаты ў святарства і манаства. 5.8. Валанцёры і аніматары, а таксама іншыя асобы, якія працуюць у касцёльных структурах, павінны быць праінструктаваныя пад подпіс аб нормах, якія тычацца дапушчальных, забароненых і непрыстойных формаў паводзін з непаўналетнімі. 5.9. Усе паўналетнія асобы, якія прымаюць удзел у мерапрыемствах, арганізаваных касцёльнымі структурамі, і на якіх прысутнічаюць непаўналетнія, павінны быць праінфармаваныя аб прадстаўленых у дадзеным дакуменце дапушчальных, забароненых і непрыстойных формах паводзінаў з непаўналетнімі. 5.10. Дарослы не павінен знаходзіцца сам-насам з непаўналетнім, за выключэннем абставінаў, вызначаных у дадзеных нормах. 5.11. Споведзь непаўналетніх павінна здзяйсняцца ў канфесіянале, які забяспечвае адсутнасць фізічнага кантакту або ў іншым адпаведным месцы, якое забяспечвае бачнасць. 5.12. У выпадку правакацыйных паводзінаў непаўналетняга ў адносінах да дарослага (паўналетняга), неабходна забяспечыць, каб непаўналетні не знаходзіўся з дарослым сам-насам, неадкладна спыніць з ім асабістыя кантакты і пісьмова паведаміць пра гэта бацькам, а таксама касцёльным уладам. Варта нагадаць, што правакацыйныя паводзіны падчас споведзі азначаюць, што пэнітэнт спыніў споведзь, і ў дадзеным выпадку святар можа сысці. 5.13. У выпадку, калі адзін з бацькоў непаўналетняга спрабаваў справакаваць іншага дарослага на недазволеныя адносіны са сваім дзіцем, неабходна спыніць асабістыя кантакты з гэтым бацькам (маці) і дзіцем, а таксама пісьмова заведаміць пра гэта касцёльныя ўлады. 5.14. Аб усіх выпадках, якія выклікаюць занепакоенасць з-за паводзін непаўналетніх, неабходна інфармаваць бацькоў і касцёльныя ўлады. 6. Правілы паводзінаў з непаўналетнімі. 6.1. Дапушчальныя формы паводзінаў. Наступныя праявы пачуццяў разглядаюцца як формы нармальных паводзінаў у рамках служэння непаўналетнім, паколькі яны дапушчальныя ў нашай культуры: - Кароткія абдымкі. - Поціск рукі. - Пахвала на словах. - Дотыкі да рук, твару і плеч непаўналетняга. - Кароткія паляпванні і пагладжванне па плячы, па спіне і па галаве. - Класці руку на плячо. - Вадзіць за руку дзяцей да 7 гадоў. - Трымаць на руках ці браць на рукі маленькіх дзяцей да 4 гадоў. - Падчас размовы сядзець побач з дзецьмі да 7 гадоў. - Уставаць на кукішкі, каб абняць маленькае дзіцяці да 4 гадоў. - Трымацца за рукі падчас малітвы. 6.2. Забароненыя формы паводзінаў. Наступныя формы паводзінаў з непаўналетнімі з’яўляюцца недапушчальнымі: - Ужываць алкаголь ці знаходзіцца пад дзеяннем алкаголю падчас нагляду за непаўналетнімі. - Карыстацца вульгарнай мовай у прысутнасці непаўналетняга, дазваляць сабе жарты сэксуальнага характару. - Абмяркоўваць уласную сэксуальнасць з непаўналетнімі. - Абмяркоўваць па ўласнай ініцыятыве сэксуальныя дзеянні або ўступаць у любую сэксуальна-арыентаваную размову з непаўналетнімі па-за кантэкстам пастырскай апекі. Пастырская апека ўключае ў сябе сакрамант паяднання, пастырскае кансультаванне і размовы, якія з'яўляюцца часткай катэхізацыі ці дыскусій для падлеткаў, прысвечаных пытанням чалавечай сэксуальнасці, у адпаведнасці з праграмамі. Ва ўсіх выпадках неабходна клапаціцца пра тое, каб парады былі разважлівымі, і ў выпадку неабходнасці прадпрымаць крокі, каб накіраваць непаўналетняга да адпаведных спецыялістаў, калі выяўленыя праблемы знаходзяцца па-за кампетэнцыяй пастырскага служыцеля. - Быць аголеным у прысутнасці непаўналетніх, пераапранацца або прымаць душ у прысутнасці непаўналетніх або знаходзіцца ў прысутнасці непаўналетніх, калі яны пераапранаюцца або прымаюць душ, калі толькі гэта не адбываецца ў месцах грамадскага карыстання, агульных для дарослых і непаўналетніх, такіх, як аздараўленчыя клубы, басейны, пляжы, рэкрэацыйныя цэнтры. - Дапамагаць непаўналетнім пераапранацца, распранацца, мыцца, за выключэннем выпадкаў аказання медыцынскай дапамогі. - Рабіць любыя віды масажу непаўналетняму, за выключэннем медыцынскіх паказанняў пры наяўнасці адпаведнай кваліфікацыі. - Дазваляць непаўналетняму рабіць сабе любыя віды масажу. - Цалаваць непаўналетняга. - Дакранацца да ягадзіц, грудзей, унутранай паверхні сцёгнаў або да вобласці палавых органаў непаўналетняга, за выключэннем выпадкаў аказання медыцынскай дапамогі. - Браць інтымныя прадметы адзення непаўналетняга. Варта вучыць непаўналетніх самастойна карыстацца сваімі рэчамі. - Начаваць аднаму даросламу ў адным пакоі з непаўналетнімі, у тым ліку ў любым прыватным або касцёльным жылым памяшканні, гатэлі. - Заставацца сам-насам з непаўналетнім у закрытым памяшканні, за выключэннем выпадкаў аказання медыцынскай дапамогі кваліфікаваным персаналам. - Спаць у адным ложку, спальным мяшку або маленькім намёце з непаўналетнімі. - Запрашаць непаўналетніх у свае прыватныя пакоі без суправаджэння іншага дарослага. - Уступаць у сэксуальны кантакт з непаўналетнімі. У дадзеных нормах сэксуальны кантакт вызначаецца як любы дотык да палавых органаў або іншых інтымных частак цела чалавека непасрэдна або праз вопратку з мэтай задавальнення сэксуальнага жадання любым з бакоў. Сэксуальным кантактам лічыцца таксама дазвол або заахвочванне да такіх дакрананняў з боку непаўналетняга. - Забяспечваць непаўналетніх непрыстойнымі друкаванымі або электроннымі матэрыяламі (часопісамі, паштоўкамі, відэазапісамі, фільмамі, электроннымі лістамі, фатаграфіямі, адзеннем і г.д.). - Дзяліцца з непаўналетнімі сэксуальна-арыентаванымі матэрыяламі праз Інтэрнэт або завязваць з непаўналетнімі непрыстойныя або сэксуальна-арыентаваныя размовы праз Інтэрнэт. - Даваць непаўналетнім доступ да сваіх асабістых гаджэтаў. -Прадастаўляць непаўналетнім доступ да Інтэрнэту касцёльных структур, калі гэта непасрэдна не звязана з пастырскай дзейнасцю. Выхавацель павінен паінфармаваць непаўналетніх аб правілах бяспечнага карыстання Інтэрнэтам і сачыць за бяспекай яго выкарыстання. - Па ўласнай ініцыятыве пачынаць размовы пра сэксуальнасць у сацыяльных сетках і Інтэрнэце з непаўналетнімі, нават маючы добрыя намеры. У выпадку звароту з іх боку па тых ці іншых пытаннях, якія тычацца іх уласнай сэксуальнасці, варта аднаразова рэкамендаваць ім адпаведную літаратуру або асабістую сустрэчу ў касцёльных структурах у межах пастырскай працы. У такім выпадку нельга дапускаць працяг абмеркавання гэтых тэм у сацыяльных сетках і Інтэрнэце. - Прыбягаць да любых форм цялеснага пакарання для кіравання паводзінамі непаўналетніх. Ніякія формы цялесных пакаранняў не прымальныя. У тым ліку забараняецца шлёпаць, біць, шчыпаць, удараць непаўналетніх або любым іншым спосабам прымяняць фізічную сілу ў якасці пакарання ці для карэкцыі паводзін непаўналетніх. - Прымяняць пакаранне працай, голадам, а таксама пакаранні, якія прыніжаюць гонар і годнасць, для кіравання непаўналетнімі або карэкцыі іх паводзін. - Дарыць асабістыя падарункі непаўналетнім, без дазволу альбо ведання іх бацькоў альбо апекуноў. 6.3. Непрыстойныя формы паводзін. Каб забяспечыць непаўналетнім максімальна бяспечнае асяроддзе, варта пазбягаць наступных праяў пачуццяў: - Недарэчным чынам або доўга абдымацца з непаўналетнім. - Займацца з непаўналетнім барацьбой. - Казытаць непаўналетняга. - Вазіць на спіне дзяцей, старэйшых за 4 гады. - Трымаць на каленях дзяцей, старэйшых за 4 гады. - Сядзець на адным ложку з непаўналетнім сам-насам. - Дазваляць знаходзіцца непаўналетнім на плябаніі ці ў кляштары працяглы час па-за заняткамі па катэхезе. - Не захоўваць адпаведную дыстанцыю, седзячы з непаўналетнім на адной канапе ці лаўцы. - Дазваляць сабе любыя формы непажаданых або двухсэнсоўных праяў пачуццяў. - Варта праяўляць разважлівасць у прыватных кантактах у сацыяльных сетках з асобамі, пра якіх заведама вядома, што яны непаўналетнія. Пад прыватнымі кантактамі маюцца на ўвазе тыя, якія не маюць у якасці галоўнай мэты пастырскай апекі (напрыклад, гутаркі пра спорт, музыку, моду, тэхніку, бытавыя пытанні). У выпадку сумневаў такія кантакты варта спыняць. - Памяншаць ролю бацькоў у вачах непаўналетняга. - У выпадку ўзнікнення сумненняў у прыстойнасці ці непрыстойнасці паводзінаў неабходна звярнуцца за тлумачэннем да касцёльных уладаў. 7. Паездкі з непаўналетнімі. 7.1. Пры арганізацыі паездак і выездаў з удзелам непаўналетніх неабходна выконваць усе нормы і прадпісанні дзяржаўнага заканадаўства. 7.2. Забараняецца перавозіць непаўналетніх у транспартным сродку без дазволу іх бацькоў ці законных прадстаўнікоў, а таксама без суправаджэння іншага дарослага, акрамя надзвычайных выпадкаў. 7.3. Забараняецца ўсякі непатрэбны ці непрыстойны фізічны кантакт з непаўналетнімі ў транспартным сродку. 7.4. За выключэннем спецыяльных мерапрыемстваў, такіх як рэкалекцыі, «Канікулы з Богам», летнікі, непаўналетнім не дазваляецца начаваць у парафіяльных або манаскіх дамах. Аб планаваным начлегу павінен быць праінфармаваны дэкан дэканату не менш чым за 2 тыдні. 7.5. Любы выезд непаўналетняга за межы населенага пункта, дзе ён пражывае, павінен суправаджацца дазволам бацькоў або законных прадстаўнікоў. 7.6. Касцёльныя структуры у Республіцы Беларусь, як юрыдычныя асобы, пры арганізацыі выездаў абавязаны строга выконваць усе нормы і прадпісанні беларускага грамадскага заканадаўства, якія рэгулююць перавозку і адпачынак непаўналетніх. У гэтым выпадку кіраўнік касцёльнай структуры абавязаны азнаёміцца з усімі нормамі і з адказнасцю за іх невыкананне, аж да крымінальнай. Таксама кіраўнік касцёльнай структуры абавязаны пісьмова праінфармаваць аб гэтых нормах усіх, хто займаецца арганізацыяй выезду. 7.7. Магчыма арганізаваць выезд непаўналетніх як прыватную ініцыятыву іх бацькоў ці законных прадстаўнікоў, якія давяраюць сваё дзіця іншым фізічным асобам. У гэтым выпадку ўдзел пастырскіх супрацоўнікаў у выездзе магчымы толькі як іх асабістая ініцыятыва і ў вольны ад асноўнай працы час (водпуск). 7.8. У выпадку выездаў з начлегам абавязковая наяўнасць пісьмовага дазволу бацькоў або законных прадстаўнікоў. 7.9. Святарам, кансэкраваным асобам і семінарыстам, а таксама кандыдатам да манаскага жыцця не варта прымаць на сябе ніякіх формаў даверанасцяў на паасобных непаўналетніх. 7.10. Неабходна паклапаціцца пра бяспеку непаўналетніх падчас выезду. Гэта адносіцца да перавозкі, харчавання, умоў пражывання, спартыўна-рэкрэацыйных мерапрыемстваў. У сувязі з гэтым неабходна заручыцца адпаведнай колькасцю кваліфікаваных супрацоўнікаў ці валанцёраў. 7.11. Фізічныя асобы, якім даверана апека непаўналетніх падчас выезду, павінны ў абавязковым парадку прайсці адпаведны інструктаж у касцёльных структурах, а ў выпадку неабходнасці - і ў свецкіх (правілы пажарнай бяспекі, медыцынскі інструктаж і г.д.). 7.12. Варта асабліва сачыць за тым, каб непаўналетнія падчас выезду не ўжывалі спіртныя напоі, наркатычныя рэчывы і тытунь, нецэнзурную лексіку, а таксама не дапускаць неадпаведных сэксуальных паводзінаў з іх боку. 7.13. Пры выязных мерапрыемствах з начлегам варта загадзя скласці распарадак дня. Распарадак павінен улічваць дзённы і начны адпачынак непаўналетніх. Начны адпачынак не павінен пачынацца пазней, чым а 23.00. 7.14. Пры перавозцы непаўналетніх неабходна выконваць правілы арганізаванай перавозкі груп дзяцей, устаноўленыя дзяржаўным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнымі органамі ці перавозчыкамі, якія могуць мяняцца. 7.15. У выпадку неадпаведных паводзінаў непаўналетняга падчас выезду неабходна правесці з ім выхаваўча-тлумачальную працу, выкарыстоўваючы пастырскі і педагагічны вопыт, а таксама разважлівасць. Пры адсутнасці вынікаў варта паведаміць аб непрыстойных паводзінах або неабходнасці адпраўкі яго дадому бацькам і касцёльным уладам, а ў выпадках здзяйснення крымінальнага злачынства - праваахоўным органам. 8. Кантроль і адказнасць. 8.1. Пра любыя здарэнні з непаўналетнімі трэба неадкладна праінфармаваць бацькоў, а таксама дэкана дэканату. Дэкан, у сваю чаргу, паведамляе Ардынарыю, у залежнасці ад сур’ёзнасці здарэння. Да такіх здарэнняў адносяцца, у прыватнасці, выклік хуткай дапамогі да непаўналетняга, шпіталізацыя, няшчасны выпадак, харчовае атручванне, пажар у месцы пражывання, неабходнасць адпраўкі дадому за дрэнныя паводзіны. Неабходна таксама неадкладна паведаміць дэкану аб любых праверках, якія праводзяцца свецкімі ўладамі падчас выезду непаўналетніх. Пра здарэнне, звязанае з сэксуальнымі дамаганнямі або гвалтам неабходна адразу ж паведамляць аднаму або некалькім членам Дыяцэзіяльнай камісіі па абароне непаўналетніх. 9. Заключныя палажэнні 9.1. Гэтыя “Прынцыпы працы і правілы паводзінаў з непаўналетнімі ў дыяцезіях Рэспубліцы Беларусь” уступаюць у сілу адразу пасля іх зацвярджэння на 82-ім Пленарным Паседжанні Канференціі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. 9.2. Яны застаюцца ў сіле бестэрмінова і дейнічаюць на тэррыторыі ўсіх Рымска-каталіцкіх дыяцэзій Республікі Беларусь. Мінск, 10 лістапада 2021
Серада, 3 жніўня 2022
Пятніца, 14 студзеня 2022
Серада, 22 снежня 2021
Субота, 27 лістапада 2021
Аўторак, 18 мая 2021
18.05.2021 12:07
Апостальскі ліст у форме «MOTU PROPRIO» Найвышэйшага Пантыфіка ФРАНЦІШКА ANTIQUUM MINISTERIUM у якім ён устанаўлівае паслугу катэхета 1. Паслуга катэхета ў Касцёле вельмі старажытная. Тэолагі згодна сцвярджаюць, што пра першых катэхетаў ідзе гаворка ўжо на старонках Новага Запавету. Служэнне навучання бярэ пачатак ад «настаўнікаў», пра якіх згадвае Апостал, калі піша ліст да супольнасці ў Карынце: «Адных Бог паставiў у Касцёле найперш апосталамi, другіх – прарокамi, трэцiх – настаўнікамі, потым даў моц, потым – дары аздараўлення, дапамогі, кіравання, розныя мовы. Цi ўсе апосталы? Цi ўсе прарокi? Цi ўсе настаўнікі? Цi ўсе цудатворцы? Цi ўсе маюць дар аздараўлення? Цi ўсе гавораць мовамi? Цi ўсе тлумачаць? Дбайце пра большыя дары, і я пакажу вам яшчэ лепшы шлях» ( 1 Кар 12, 28-31). Таксама Лука распачынае сваё Евангелле сведчаннем: «…вырашыў і я дакладна даследаваць усё ад пачатку і апісаць табе ўсё па парадку, дастойны Тэафіле, каб ты пазнаў праўдзівасць таго, чаму быў навучаны» ( Лк 1, 3-4). Евангеліст добра ведае, што яго пісанне парапануе адмысловую форму навучання, якая сапраўды дадае сілы і вытрываласць тым, хто ўжо атрымаў хрост. Апостал Павел зноў вяртаецца да гэтага аргумента, калі наказвае Галатам: «Няхай той, каго навучаюць, дзеліцца ўсякім дабром з тым, хто яго навучае» ( Гал 6, 6). Як можна заўважыць, тэкст дадае адну істотную дэталь: еднасць жыцця як знак плённасці атрыманай сапраўднай катэхезы. 2. Ужо з самага пачатку хрысціянская супольнасць мае досвед распаўсюджанай формы паслугі, якая больш канкрэтна выяўлялася ў служэнні мужчын і жанчын, якія, паслухмяныя дзеянню Духа Святога, прысвяцілі сваё жыццё справе будавання Касцёла. Харызмы, якія Дух ніколі не пераставаў удзяляць ахрышчаным, набывалі ў пэўныя моманты бачную і канкрэтную форму, скіраваную на служэнне хрысціянскай супольнасці ў яе розных праявах такім чынам, што яна была прынятая як diakonia неабходная для супольнасці. Апостал Павел аўтарытэтна раз’ясняе гэта, калі заяўляе: «Розныя ёсць дары, але той самы Дух. Розныя ёсць служэнні, але той самы Пан. Розныя ёсць дзеянні, але той самы Бог, які робіць усё ва ўсіх. Аднак кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць. Аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому – слова пазнання паводле таго самага Духа; іншаму – вера ў тым самым Духу; іншаму – дар аздараўлення ў тым жа Духу; іншаму – моц чыніць цуды, іншаму – прароцтва, іншаму – распазнаванне духаў, іншаму – розныя мовы, іншаму – тлумачэнне моваў. А ўсё гэта здзяйсняе адзін і той жа Дух, які ўдзяляе кожнаму паасобку, як жадае» ( 1 Кар 12, 4-11). Таму ў межах вялікай харызматычнай традыцыі Новага Запавету можна заўважыць рэальную прысутнасць ахрышчаных, якія выконвалі паслугу перадачы навучання Апосталаў і Евангелістаў у больш арганічнай, працяглай форме, звязанай з рознымі абставінамі жыцця (пар. Другі Ват. Сабор, Дагм. канстыт. Dei Verbum , 8). Касцёл пажадаў прызнаць гэтае служэнне, як канкрэтную праяву асабістай харызмы, якая ў немалой ступені спрыяе выкананню яго евангелізацыйнай місіі. Гэты погляд на жыццё першых хрысціянскіх супольнасцяў, якія ўключыліся ў абвяшчэнне і распаўсюджванне Евангелля, і ў нашы дні заахвочвае Касцёл ацаніць магчымыя новыя спосабы захавання вернасці слову Пана, каб Яго Евангелле магло дасягнуць кожнае стварэнне. 3. Уся гісторыя евангелізацыі за апошнія два тысячагоддзі паказвае вельмі выразна, наколькі плённай была місія катэхетаў. Біскупы, прэзбітэры і дыяканы разам з многімі мужчынамі і кансэкраванымі жанчынамі прысвячалі сваё жыццё катэхетычнаму навучанню, каб вера стала сапраўднай падтрымкай для асабістага існавання кожнай чалавечай істоты. Яшчэ іншыя збіралі вакол сябе наступных братоў і сясцёр, якія, маючы тую самую харызму, заснавалі законныя супольнасці для выключнага служэння катэхезе. Нельга забыць незлічоную колькасць свецкіх, якія прынялі непасрэдны ўдзел у пашырэнні Евангелля праз катэхетычнае навучанне. Мужчыны і жанчыны, праўдзівыя сведкі святасці, напоўненыя вялікай вераю, у некаторых выпадках былі таксама заснавальнікамі Касцёлаў, ахвяруючы нават сваё жыццё. Таксама ў наш час, шмат здольных і вытрывалых катэхетаў стаіць начале супольнасцяў у розных рэгіёнах i выконвае незаменную місію перадачы і паглыблення веры. Вялікі шэраг катэхетаў благаслаўлёных, святых і мучанікаў паспрыяў развіццю місіі Касцёла і заслугоўвае прызнання, бо з’яўляецца багатай крыніцай не толькі для катэхезы, але для ўсёй гісторыі хрысціянскай духоўнасці. 4. Пачынаючы з Другога Ватыканскага Сабору, Касцёл нанова адчуў значэнне ўдзелу свецкіх у справе евангелізацыі. Айцы сабору неаднаразова сцвярджалі, наколькі неабходны для «plantatio Ecclesiae» i для развіцця хрысціянкай супольнасці непасрэдны ўдзел свецкіх вернікаў у розных формах дзейнасці, у якіх можа выявіцца іх харызма. «Годны пахвалы таксама атрад катэхетаў, што здабыў вельмі вялікія заслугі ў місійнай справе сярод народаў. Ён складаецца як з мужчын, так і жанчын, поўных апостальскага духу, якія дзякуючы сваёй вялікай працы сталі асаблівай і абсалютна неабходнай дапамогай у пашырэнні веры i Касцёла. У наш час, калі адчуваецца недахоп духавенства для евангелізацыі такой вялікай колькасці вернікаў i для пастырскага служэння, паслуга катэхетаў мае вялізнае значэнне» (Другі Ват. Сабор, Дэкр. Ad gentes , 17). Побач з багатым саборавым навучаннем абавязкова трэба згадаць пастаянную зацікаўленасць Папаў, Сіноду Біскупаў, Канферэнцый Біскупаў ды паасобных пастыраў, якія цягам гэтых дзесяцігоддзяў у значнай ступені спрычыніліся да адновы катэхезы. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла , Апостальская адгартацыя Catechesi tradendae , Агульная катэхетычная інструкцыя , Агульны дырэктыўны дакумент па катэхізацыі , нядаўні Дырэктыўны дакумент па катэхізацыі разам з многімі нацыянальнымі, рэгіянальнымі і дыяцэзіяльнымі Катэхізісамі з’яўляюцца праяўленнем цэнтральнага значэння катэхетычнай справы, якая ставіць на першае месца навучанне, а таксама сталую фармацыю верных. 5. Ні ў чым не змяншаючы місіі біскупа, які з’яўляецца першым катэхетам сваёй дыяцэзіі разам з прэзбітэрыем, які падзяляе з ім той самы пастырскі клопат, а таксама адказнасці бацькоў у справе хрысціянскай фармацыі іх дзяцей (пар. ККП, кан. 774 §2; ККУК, кан. 618), неабходна прызнанне прысутнасці свецкіх, якія ў сілу сакрамэнту хросту адчуваюць сябе пакліканымі да катэхетычнага супрацоўніцтва (пар. ККП, кан. 225; ККУК, кан. 401 i 406). Гэтая прысутнасць становіцца яшчэ больш неабходнай у наш час з прычыны адноўленага ўсведамлення евангелізацыі ў сучасным свеце (пар. Апост. адгарт. Evangelii gaudium , 163-168), а таксама таму, што сучасная культура глабалізацыі мае значны ўплыў (пар. Энц. Fratelli tutti, 100.138) i таму патрабуе сапраўднага ўзаемадзеяння з моладдзю, не кажучы ўжо пра неабходнасць адпаведнай метадалогіі i творчых рэсурсаў, здольных прыстасаваць абвяшчэнне Евангелля да місійнай трансфармацыі, якую распачаў Касцёл. Вернасць мінуламу i адказнасць за сучаснасць ? гэта неабходныя ўмовы для выканання Касцёлам яго місіі ў свеце. Абуджэнне асабістага энтузіязму з боку кожнага ахрышчанага і жывое ўсведамленне імі ўласнага паклікання да выканання сваёй місіі ў супольнасці патрабуе ўслухоўвання ў голас Духа, які не пазбаўляе нас сваёй плённай прысутнасці (пар. ККП, кан. 774 §1; ККУК, кан. 617). Таксама сёння Дух заклікае мужчын і жанчын вырушыць у дарогу і сустракацца з усімі, хто чакае адкрыцця прыгажосці, дабра і праўды хрысціянскай веры. Задача пастыраў ‒ падтрымаць іх у гэтым працэсе і ўзбагаціць жыццё хрысціянскай супольнасці шляхам прызнання паслугі свецкіх, здольных унесці свой уклад у перамену грамадства праз пранікненне «хрысціянскіх каштоўнасцяў у грамадскі, палітычны і эканамічны свет» ( Evangelii gaudium , 102). 6. Апостальства свецкіх несумненна мае свецкі характар. Яно абавязвае «шукаць Божага Валадарства, займаючыся свецкімі справамі і кіруючы імі згодна з Божым намерам» (Другі Ват. Сабор, Дагм. канст. Lumen Gentium , 31). Штодзённае жыццё свецкіх саткана не толькі з сямейных адносінаў і повязяў, але і грамадскіх, якія дазваляюць праверыць, наколькі яны «пакліканы да таго, каб зрабіць Касцёл прысутным і дзейсным у такіх месцах і такіх абставінах, дзе толькі з іх дапамогай ён можа стаць соллю зямлі» ( Lumen Gentium , 33). Карысна памятаць, што акрамя гэтага апостальства, «свецкія могуць быць па-рознаму пакліканыя да больш канкрэтнага супрацоўніцтва з апостальствам іерархіі, на ўзор тых мужчын і жанчын, якія дапамагалі апосталу Паўлу ў абвяшчэнні Евангелля, шмат працуючы ў Пану» ( Lumen Gentium , 33). Роля, якую адыгрываюць катэхеты, ‒ адна з адмысловых формаў служэння ў хрысціянскай супольнасці. Катэхеты пакліканы ў першую чаргу для таго, каб паказаць сваю кампетэнтнасць ў пастырскім служэнні перадачы веры па меры яе развіцця на розных этапах: ад першага абвяшчэння, якое ўводзіць у керыгму , праз навучанне, якое дапамагае зразумець новае жыццё ў Хрысце і рыхтуе да сакрамэнтаў хрысціянскага ўтаямнічання, аж да пастаяннай фармацыі, якая дазваляе кожнаму ахрышчанаму быць «заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад вас слова пра вашу надзею» ( 1 П 3, 15). У той жа час кожны катэхет павінен быць сведкам веры, настаўнікам і містагогам, прыяцелем і педагогам, які навучае ад імя Касцёла. Толькі дзякуючы малітве, вывучэнню і непасрэднаму ўдзелу ў жыцці супольнасці яны могуць узрастаць у гэтай ідэнтычнасці належным чынам і адказна (пар. Папская рада па новай евангелізацыі, Дырэктыўны дакумент па катэхізацыі , 113). 7. З вялікай дальнабачнасцю святы Павел VI выдаў Апостальскі ліст Ministeria quaedam з намерам не толькі адаптаваць паслугу лектара і паслугу акаліта да зменлівага гістарычнага часу (пар. Апост. ліст Spiritus Domini ), але і заахвоціць Канферэнцыі Біскупаў садзейнічаць развіццю іншых служэнняў, у тым ліку і катэхета. «У дадатак да паслуг, агульных для ўсяго Лацінскага Касцёла, нішто не перашкаджае Канферэнцыям Біскупаў звяртацца да Апостальскай Сталіцы з просьбай аб устанаўленні іншых служэнняў, якія па пэўных прычынах яны лічаць неабходнымі ці вельмі карыснымі ў сваім рэгіёне. Сярод іх, напрыклад, служэнне астыярыя, эгзарцыста і катэхета». Такое ж настойлівае запрашэнне можна знайсці ў Апостальскай адгартацыі Evangelii nuntiandi. Заклікаючы да ўмелага распазнавання сучасных патрэбаў хрысціянскай супольнасці ў вернай пераемнасці яе вытокаў, Папа заахвоціў да развіцця новых формаў служэння для адноўленай пастырскай дзейнасці. «Такія паслугі здаюцца чымсьці новым, але насамрэч яны цесна звязаныя з даўнім досведам Касцёла на працягу яго доўгай гісторыі, як, напрыклад, паслуга катэхета. […] Гэтыя паслугі вельмі каштоўныя пры заснаванні Касцёла, для яго жыцця і росту, а таксама для таго, каб ён меў большы ўплыў на наваколле і дасягнуў тых, хто знаходзіцца здалёк» (Св. Павел VI, Апост. адгарт. Evangelii nuntiandi , 73). Безумоўна, нельга адмаўляць, што «разуменне тоеснасці і місіі свецкай асобы ў Касцёле ўзрасло. Мы маем вялікую колькасць свецкіх, хоць і недастатковую, з моцным пачуццём супольнасці, якія з вялікай вернасцю ўдзельнічаюць у любові, катэхезе, цэлебрацыі веры» ( Evangelii gaudium , 102). Адсюль вынікае, што прыняцце свецкага служэння, такога як катэхет, яшчэ больш падкрэслівае ўдзел у місіі, уласцівы кожнаму ахрышчанаму чалавеку. Аднак гэты ўдзел павінен ажыццяўляцца цалкам у свецкай форме, без якога-небудзь праяўлення клерыкалізму. 8. Пакліканне мае вялікае значэнне для гэтай паслугі, пра што сведчыць абрад устанаўлення, таму патрабуе з боку біскупа належнай разважлівасці. Гэтая паслуга з’яўляецца сталай формай служэння мясцоваму Касцёлу ў адпаведнасці з пастырскімі патрэбамі, якія бачыць мясцовы ардынарый, але мае яна свецкі характар, згодна з самой сутнасцю гэтай паслугі. Добра, калі да ўстанаўленння паслугі катэхета пакліканы мужчыны і жанчыны з глыбокай верай і чалавечай сталасцю, якія актыўна ўдзельнічаюць у жыцці хрысціянскай супольнасці, якія здольныя прымаць іншых, быць шчодрымі і жыць у братэрскай еднасці, якія маюць адпаведную біблійную, тэалагічную, пастырскую і педагагічную фармацыю, якія з’яўляюцца стараннымі прапаведнікамі праўды веры і маюць ужо папярэдні досвед катэхізацыі (пар. Другі Ват. Сабор, Дэкр. Christus Dominus , 14; ККП, кан. 231 §1; ККУК, кан. 409 §1). Вельмі важна, каб яны былі вернымі супрацоўнікамі прэзбітэраў і дыяканаў, гатовымі выконваць сваё служэнне там, дзе гэта неабходна, каб былі натхнёныя сапраўднай апостальскай руплівасцю. Таму, разгледзеўшы ўсе аспекты, сваёй апостальскай уладай устанаўліваю свецкую паслугу катэхета. Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў у найбліжэйшы час апублікуе абрад устанаўлення паслугі свецкага катэхета. 9. Таму заклікаю Канферэнцыі Біскупаў зрабіць паслугу катэхета эфектыўнай, вызначыўшы неабходны працэс фармацыі і нарматыўныя крытэрыі, патрэбныя для атрымання гэтай паслугі, і распрацаваўшы найбольш прыдатныя формы служэння, якое гэтыя мужчыны і жанчыны будуць пакліканы выконваць у адпаведнасці са зместам гэтага Апостальскага ліста. 10. Сіноды Усходніх Касцёлаў ці Сходы іерархаў могуць прыняць тое, што ўстаноўлена тут для адпаведных Касцёлаў sui iuris , у адпаведнасці са сваім мясцовым правам. 11. Няхай пастыры прымаюць заахвочванні айцоў Сабору, якія прыгадвалі, што «пастыры ведаюць, што яны ўстаноўлены Хрыстом не для таго, каб узяць на сябе ўсю місію Касцёла ў збаўленні свету, але што іх ганаровым заданнем з’яўляецца такое ажыццяўленне пастырскай апекі над вернікамі і такое прызнанне іх паслуг і харызмаў, каб усе яны згодна, кожны па-свойму, працавалі на агульную справу» ( Lumen Gentium , 30 ). Няхай распазнаванне дароў, якія Дух Святы ніколі не перастае ўдзяляць Касцёлу, падтрымлівае іх у выкананні паслугі катэхета дзеля ўзрастання даручанай ім супольнасці (пар. Эф 4, 15-16). Загадваю, каб тое, што было прынята ў гэтым Апостальскім лісце, выдадзеным у форме «Motu Proprio», цалкам выконвалася, нягледзячы ні на якія супрацьлеглыя аргументы, нават калі яны вартыя асобнай увагі, каб было абнародавана праз публікацыю ў L’Osservatore Romano і ўступіла ў сілу ў той жа дзень, а пасля было апублікавана ў афіцыйным выданні Acta Apostolicae Sedis . Дадзена ў Рыме, у св. Яна на Латэране, 10 мая 2021 года, ва ўспамін св. Яна Авільскага, прэзбітэра i доктара Касцёла, у дзесяты год майго пантыфікату. Францішак
Серада, 10 сакавіка 2021
Аўторак, 22 снежня 2020
Панядзелак, 16 лістапада 2020
Аўторак, 20 кастрычніка 2020
20.10.2020 13:45
АПОСТАЛЬСКІ ЛІСТ SCRIPTURAE SACRAE AFFECTUS Святога Айца Францішка у тысяча шасцісотую гадавіну смерці св. Гераніма Змест Уступ З Рыма ў Бэтлеем Сапенцыяльны ключ да яго вобраза Любоў да Святога Пісання Даследаванне Святога Пісання Вульгата Пераклад як інкультурацыя Геранім і пасад Пятра Палюбіць тое, што любіў Геранім Замілаванне да Святога Пісання , жывая і глыбокая любоў да запісанага Божага слова – гэта спадчына, якую пакінуў Касцёлу св. Геранім праз сваё жыццё і творы. Словы, узятыя з яго літургічнага ўспаміну 1 , даюць нам, пасля шаснаццаці стагоддзяў з дня яго смерці, патрэбны ключ для разумення яго выдатнай постаці ў гісторыі Касцёла і яго вялікай любові да Хрыста. Гэтая любоў разліваецца як рака на мноства ручаёў у яго нястомнай працы як вучонага, перакладчыка, экзегета, глыбокага знаўцы і гарачага папулярызатара Святога Пісання; выдатнага інтэрпрэтатара біблійных тэкстаў; гарачага і часам нястрыманага абаронцы хрысціянскай праўды; аскетычнага і бескампраміснага пустэльніка, а таксама дасведчанага духоўнага кіраўніка ў сваёй велікадушнасці і пяшчоце. Сёння, праз 1600 гадоў, яго постаць застаецца вельмі важнай для нас, хрысціянаў XXI стагоддзя. Уступ Геранім завяршыў сваё зямное жыццё 30 верасня 420 г. у Бэтлееме ў супольнасці, якую сам заснаваў пры гроце Нараджэння Хрыста. Такім чынам, ён даверыў сябе таму Пану, якога заўсёды шукаў і распазнаваў у Святым Пісанні; таму, каго, як Суддзю, ён ужо сустрэў, будучы ў ліхаманцы, у адной візіі, магчыма ў перыяд Вялікага посту 375 году. Гэтая падзея стала пераломным момантам у яго жыцці, нагодай для навяртання і змены перспектывы. Ён адчуў, што стаіць перад Суддзёю, пра што ўспамінаў: «Адказваючы на пытанне аб сваім стане, я адказаў, што я хрысціянін. Але той, хто сядзеў спераду, сказаў: „Хлусіш! Ты цыцэронец, а не хрысціянін”» 2 . Сапраўды, св. Геранім з дзіцячых гадоў любіў чыстую прыгажосць класічных лацінскіх тэкстаў, у параўнанні з якімі біблійныя творы спачатку падаліся яму грубымі і некарэктнымі, занадта рэзкімі для яго вытанчанага літаратурнага густу. Гэты эпізод з яго жыцця паўплываў на яго рашэнне цалкам прысвяціць сябе Хрысту і Ягонаму слову, аддаючы сваё жыццё таму, каб праз сваю нястомную працу як перакладчыка і каментатара зрабіць боскія пісанні больш даступнымі для іншых. Гэтая падзея надала ягонаму жыццю новую і больш пэўную мэнакіраванасць: стаць слугою Божага слова, закаханым у «цела Пісання». Так у няспынных пошуках, якімі вызначалася яго жыццё, ён дасканаліць сваю юнацкую адукацыю і фармацыю, атрыманую ў Рыме, накіроўваючы ў іншае рычышча свае веды дзеля больш сур’ёзнага служэння Богу і касцёльнай супольнасці. Так св. Геранім стаў адной з выдатных постацяў старажытнага Касцёла ў перыяд, вядомы як залаты век патрыстыкі; сапраўдным мастам паміж Усходам і Захадам: з юнацтва сябруе з Руфінам Аквілійскім, сустракаецца з Амброзіем і вядзе частую перапіску з Аўгустынам. На Усходзе знаёміцца з Грыгорыем Назіянзскім, Дыдымам Александрыйскім, Эпіфаніем Саламінскім. Хрысціянская іканаграфічная традыцыя прадстаўляе яго як святога разам з Аўгустынам, Амброзіем і Грыгорыем Вялікім, сярод гэтых чатырох вялікіх дактароў Заходняга Касцёла. У розных абставінах мае папярэднікі ўжо ўзгадвалі св. Гераніма. Сто год таму, на пятнаццатае стагоддзе з дня яго смерці, Бэнэдыкт XV прысвяціў Гераніму сваю энцыкліку Spiritus Paraclitus (15 верасня 1920 г.), прадставіўшы яго свету як « doctor maximus explanandis Scripturis » 3 . У апошні час Бэнэдыкт XVI прысвяціў яго асобе і творчасці дзве чарговыя катэхезы 4 . Цяпер, у 1600-ую гадавіну яго смерці, я таксама жадаю ўшанаваць памяць св. Гераніма і яшчэ раз падкрэсліць актуальнасць яго паслання і навучання, пачынаючы з яго вялікага замілавання да Святога Пісання. У пэўным сэнсе яго можна прадставіць у дасканалым спалучэнні як надзейнага правадніка і прывілеяванага сведку ўслед за XII Сходам Сіноду Біскупаў, які быў прысвечаны Божаму слову 5 , а таксама разам з Апостальскай адгартацыяй Verbum Domini ( VD ) майго папярэдніка Бэнэдыкта XVI, апублікаванай ва ўспамін святога, 30 верасня 2010 года 6 . З Рыма ў Бэтлеем Жыццё і асабісты шлях св. Гераніма ідуць дарогамі Рымскай імперыі, паміж Еўропай і Усходам. Ён нарадзіўся каля 345 г. у Стрыдоне, на памежжы Паноніі і Далмацыі, на тэрыторыі сучаснай Харватыі або Славеніі. Атрымаў грунтоўнае выхаванне ў хрысціянскай сям’і. Як было прынята ў тыя часы, ён быў ахрышчаны ў дарослым узросце, будучы студэнтам рыторыкі ў Рыме, паміж 358 і 364 гадамі. Менавіта ў гэты час ён стаў ненасытным чытачом лацінскай класікі, які вучыўся пад кіраўніцтвам самых выдатных на той час настаўнікаў рыторыкі. Пасля вучобы ён здзейсніў доўгае падарожжа па Галіі, якое прывяло яго ў імперскі горад Трэвір, які сёння знаходзіцца ў Германіі. Менавіта там ён упершыню сутыкнуўся з усходнім манаствам, якое пашыраў св. Атаназій. Так сталее яго глыбокае жаданне, якое не пакідае яго ў Аквілеі, дзе разам з некалькімі сваімі сябрамі ён ініцыюе «хор благаслаўлёных» 7 , перыяд супольнага жыцця. Каля 374 года, праходзячы праз Антыёхію, ён вырашае сысці ў пустыню Халкіс, каб больш радыкальна весці аскетычнае жыццё, у якім шмат месца адводзіць вывучэнню біблійных моў, спачатку грэцкай, а затым габрэйскай. Ён давяраецца аднаму брату габрэю, які прыняў хрысціянства і дапамог яму пазнаць новую, габрэйскую мову і яе гукі, якія, па яго словах, былі «шыпячымі і прыдыхальнымі» 8 . Геранім выбірае пустыню, а пазней жыццё на пустыні, у самым глыбокім яе значэнні: як месца асноўных экзістэнцыяльных выбараў, блізкасці і сустрэчы з Богам, дзе праз сузіранне, унутраныя выпрабаванні і духоўную барацьбу ён пачынае глыбей разумець сваю слабасць, больш усведамляючы абмежаванасць сваю і іншых людзей і прызнаючы значэнне слёз 9 . Такім чынам на пустыні ён адчуў канкрэтную прысутнасць Бога, неабходнасць адносінаў чалавека з Ім, Яго міласэрнае суцяшэнне. У гэтым кантэксце мне ўспамінаецца анекдот з апакрыфічнай традыцыі. Геранім пытаецца ў Пана: «Што хочаш ад мяне?» − І Ён адказвае: «Ты не ўсё яшчэ аддаў мне». − «Але ж, Пане, я даў табе гэта, гэта і гэта». − «Не хапае адной рэчы». − «Якой?» − «Дай мне свае грахі, каб я мог атрымаць радасць іх прабачэння яшчэ раз» 10 . Пасля мы знаходзім Гераніма ў Антыёхіі, дзе ён быў пасвячаны ў святары біскупам гэтага горада Паўлінам, а затым, прыблізна ў 379 г., у Канстанцінопалі, дзе ён знаёміцца з Грыгорыем Назіянзскім і працягвае вучобу, перакладае з грэцкай мовы на лацінскую важныя творы (гаміліі Арыгена і хроніку Эўзэбія), удыхае атмасферу Сабору, які адбываўся ў гэтым горадзе ў 381 годзе. У гэтыя гады навучання выявілася яго захапленне і шчодрасць. Гэта благаслаўлёны неспакой, які вядзе яго і робіць нястомным і поўным запалу ў сваіх пошуках: «Колькі разоў я расчароўваўся; колькі разоў я адмаўляўся, але потым дзякуючы ўпартаму жаданню вучыцца распачынаў зноў», ідучы праз «горкае насенне» такой вучобы да збірання «салодкіх пладоў» 11 . У 382 г. Геранім вярнуўся ў Рым і трапіў у распараджэнне папы Дамаса, які, ацаніўшы яго выдатныя якасці, зрабіў яго сваім блізкім супрацоўнікам. Тут Геранім вядзе актыўную дзейнасць, не забываючы аднак пра духоўнае вымярэнне. На Авентыне пры падтрымцы рымскіх арыстакратак, такіх як Марцэла, Паўла і яе дачка Эўстахія, якія імкнуцца да евангельскага радыкалізму, ён стварае кола, прысвечанае чытанню і дакладнаму вывучэнню Святога Пісання. Геранім выступае як экзегет, настаўнік і духоўны кіраўнік. У гэты час ён пераглядае ранейшыя лацінскія пераклады Евангелля і, магчыма, іншых частак Новага Запавету; працягвае працу перакладчыка гамілій і біблійных каментарыяў Арыгена; займаецца надзвычай актыўнай эпісталярнай дзейнасцю; вядзе публічныя спрэчкі з аўтарамі-ерэтыкамі, часам дапускаючы празмернасць і нястрыманасць, але заўсёды маючы шчырае жаданне бараніць праўдзівую веру і дэпазіт Святога Пісання. Гэты напружаны і плённы перыяд быў перарваны смерцю папы Дамаса. Геранім вымушаны пакінуць Рым і ў таварыстве сяброў і некаторых жанчын, якія пайшлі за ім, жадаючы працягнуць распачаты ім досвед духоўнага жыцця і вывучэння Бібліі, адпраўляецца спачатку ў Егіпет, дзе сустракае вялікага тэолага Дыдыма Александрыйскага, а затым у Палестыну, каб канчаткова ў 386 г. пасяліцца ў Бэтлееме. Ён зноў бярэцца за вывучэнне філалогіі, будучы звязаным з канкрэтнымі месцамі, якія згадваюцца ў біблійных апавяданнях. Важнасць, якую ён прыпісваў святым мясцінам, бачна не толькі ў яго рашэнні жыць у Палестыне, з 386 г. да самай смерці, але і ў падтрымцы пілігрымак. Менавіта ў Бэтлееме, яго прывілеяваным месцы, паблізу грота Нараджэння Пана ён засноўвае два кляштары «двайняты», мужчынскі і жаночы, прытулкі для пілігрымаў, якія прыбываюць у святыя месцы ( ad loca sancta ), паказваючы гэтым сваю велікадушнасць у прыняцці тых, хто прыязджае на гэтую зямлю, каб убачыць і дакрануцца да месцаў гісторыі збаўлення, спалучаючы такім чынам культурныя і духоўныя пошукі 12 . Услухоўваючыся ў Святое Пісанне, Геранім знаходзіць самога сябе, аблічча Бога і сваіх братоў, а таксама пацвярджае сваю прыхільнасць да супольнага жыцця. Адсюль яго жаданне жыць з сябрамі, як у Аквілеі, засноўваць манаскія супольнасці для рэалізацыі цэнабіцкага ідэалу манаскага жыцця, дзе кляштар разглядаецца як «трэнажорны зал», у якім выхоўваюцца людзі, «якія былі меншыя за ўсіх, каб яны маглі стаць першымі сярод усіх», шчаслівымі ў беднасці і здольнымі вучыць іншых сваім стылем жыцця. Ён лічыць, што жыццё «пад кіраўніцтвам аднаго айца і ў таварыстве многіх» мае выхаваўчае значэнне, бо вучыць пакоры, цярплівасці, маўчанню і лагоднасці, разуменню таго, што «праўда не любіць цёмных куткоў і не шукае шэптаў» 13 . Ён таксама прызнаецца, што «сумуе па келлях кляштара, [...] жадае наследаваць руплівасць тых мурашак, дзе ўсе працуюць разам і дзе няма нічога, што б належала толькі камусьці, але ўсё належыць усім» 14 . Геранім не шукае ў вучобе часова задавальнення і самамэты, але лічыць яе як бы духоўным практыкаваннем і сродкам набліжэння да Бога. Таму яго класічнае выхаванне таксама было падпарадкавана больш глыбокаму служэнню касцёльнай супольнасці. Давайце паразважаем пра дапамогу, якую ён аказаў папу Дамасу, пра яго навучанне жанчын, асабліва па-габрэйску, з часоў першага кола на Авентыне, у выніку чаго Паўла і Эўстахія ўвайшлі ў «змаганні перакладчыкаў» 15 і мелі магчымасць чытаць і спяваць псальмы на мове арыгінала, што было чымсьці нечуваным у тыя часы 16 . Культура, якой ён вызначаўся, была прызначана для служэння і з’яўляецца неабходнай для кожнага евангелізатара. Ён так нагадвае свайму сябру Непацыяну: «Слова прэзбітэра павінна зыходзіць з чытання Святога Пісання. Я не хачу, каб ты быў дэкламатарам, крыклівым пустазвонам, але тым, хто разумее таямніцу ( mysterii ) і глыбока ведае Боскія сакрамэнты ( sacramentorum ). Выклікаць захапленне ў нявопытнага натоўпу патокам словаў і хуткай гаворкай уласціва невукам. Бессаромны чалавек часта тлумачыць тое, чаго сам не ведае, і прыкідваецца вялікім экспертам толькі таму, што яму ўдаецца пераканаць іншых» 17 . У Бэтлееме, аж да сваёй смерці ў 420 г., Геранім перажывае самы плённы і напружаны перыяд свайго жыцця, цалкам прысвечаны вывучэнню Святога Пісання і манументальнай працы па перакладзе ўсяго Старога Запавету з габрэйскага арыгінала. У той жа час ён каментуе кнігі прарокаў, псальмы, творы Паўла, а таксама піша дапаможнікі па вывучэнні Бібліі. Каштоўная праца, замацаваная ў яго творах, з’яўляецца плёнам канфрантацыі і супрацоўніцтва, ад перапісвання і супастаўлення рукапісаў да разважанняў і дыскусій: «Я ніколі не давяраў уласным сілам, вывучаючы Божыя тамы, [...] у мяне ёсць звычка пытацца нават пра тое, што я, як мне здавалася, ведаў, а тым больш пра тое, у чым я не быў упэўнены» 18 . Вось чаму, усведамляючы сваю абмежаванасць, ён просіць пастаяннай падтрымкі ў заступніцкай малітве аб паспяховасці свайго перакладу святых тэкстаў «у тым самым Духу, у якім яны былі напісаны» 19 , не забываючы таксама пра пераклад твораў аўтараў, неабходных для экзэгетычнай працы, такіх як Арыген, каб «даць матэрыял тым, хто хоча дасягнуць поспеху ў веданні рэчаў» 20 . Даследаванне Гераніма разглядаецца як намаганне, рэалізаванае ў межах супольнасці і дзеля служэння супольнасці, як мадэль сінадальнасці для нас, для нашага часу і для розных культурных інстытуцый Касцёла, каб яны заўсёды былі «месцамі, дзе веды становяцца служэннем, бо без ведаў, якія нараджаюцца ў выніку супрацоўніцтва і вядуць да ўзаемадзеяння, няма ніякага сапраўднага і інтэгральнага чалавечага развіцця» 21 . Фундаментам такой еднасці з’яўляецца Святое Пісанне, якое мы не можам чытаць адныя: «Біблія напісана Божым народам і для Божага народу пад натхненнем Духа Святога. Толькі ў гэтай еднасці з Божым народам можам сапраўды дайсці з нашым „мы” да сутнасці праўды, якую Бог хоча нам перадаць» 22 . Трывалы жыццёвы досвед, узгадаваны Божым словам, дазволіў Гераніму дзякуючы шырокай карэспандэнцыі стаць духоўным правадыром. Ён спадарожнічаў многім, бо быў перакананы, што «без настаўніка нельга навучыцца ніякаму майстэрству», як пісаў Рустыку: «Гэта ўсё хачу табе прывіць, трымаючы цябе за руку, падобна як дасведчаны мараплавец пасля многіх караблекрушэнняў спрабуе навучыць недасведчанага марака» 23 . Са свайго спакойнага кутка свету ён сачыў за чалавецтвам у эпоху вялікіх хваляванняў, пазначаных такімі падзеямі, як рабаванне Рыма ў 410 годзе, якое моцна закранула яго. У сваіх лістах ён вядзе дактрынальныя спрэчкі, абараняючы заўсёды праўдзівую веру, будучы чалавекам моцных і далікатных адносінаў, шчырага аддання, без саладжавасці, бо «любоў бясцэнная» 24 . Ён перажывае свае пачуцці жыва і шчыра. Такая рэакцыя на сітуацыі, у якіх ён жыве і працуе, выяўляецца таксама ў тым, што ён прапануе сваю працу перакладчыка і каментатара як munus amicitiae [сяброўскую паслугу]. Гэта ў першую чаргу дар для сяброў, да якіх ён кіруе і якім прысвячае свае творы, якіх просіць, каб яны чыталі іх прыязным, а не крытычным вокам, а пасля чытачам, яго сучаснікам і людзям усіх часоў 25 . Апошнія гады жыцця ён праводзіць у асабістым і супольным малітоўным чытанні Святога Пісання, у сузіранні, у служэнні братам сваімі творамі. Усё гэта ён робіць у Бэтлееме, ля грота, у якім Дзева нарадзіла Слова, ведаючы, што «шчаслівы той, хто ў сваёй душы носіць крыж, уваскрасенне, месца нараджэння Хрыста і месца Яго ўнебаўшэсця! Шчаслівы той, хто ў сваім сэрцы мае Бэтлеем і ў чыім сэрцы штодня нараджаецца Хрыстус!» 26 . Сапенцыяльны ключ да яго вобраза Для поўнага разумення асобы св. Гераніма трэба спалучыць два вымярэнні, якія характарызавалі яго жыццё як веруючага чалавека: з аднаго боку абсалютная i рыгарыстычная адданасць Богу, з адмаўленнем ад любога людскога задавальнення дзеля любові да ўкрыжаванага Хрыста (пар. 1 Кар 2, 2; Флп 3, 8.10); з другога боку, руплівыя намаганні ў вучобе, скіраванай выключна на больш поўнае разуменне таямніцы Пана. І менавіта гэтае падвойнае сведчанне, якое цудоўна дае Геранім, прапанавана як узор: перадусім для манахаў, каб тых, хто жыве аскезай і малітвай, заахвоціць да цяжкой даследчыцкай і інтэлектуальнай працы; затым для вучоных, якія павінны памятаць, што веды маюць рэлігійную каштоўнасць толькі тады, калі грунтуюцца на выключнай любові да Бога, калі пазбаўлены ўсякіх людскіх амбіцый i свецкіх памкненняў. Гэтыя вымярэнні знайшлі адлюстраванне ў гісторыі мастацтва, дзе часта прадстаўляецца св. Геранім: вялікія майстры заходняга мастацтва пакінулі нам яго выявы. Мы можам вылучыць іканаграфічныя жанры паводле двух розных спосабаў яго прадстаўлення. Адзін паказвае яго перадусім як манаха і пакутніка, са знясіленым ад посту целам, які ўкрываецца ў пустыні, кленчыць або ляжыць крыжам на зямлі, часта з заціснутым у правай руцэ каменем, каб біць сябе ў грудзі, і з вачыма, скіраванымі да Укрыжаванага. У гэтую лінію ўпісваецца кранальны шэдэўр Леанарда да Вінчы, які захоўваецца ў Ватыканскай Пінакатэцы. Другі спосаб прадстаўлення Гераніма – той, які паказвае яго ў вопратцы вучонага, які сядзіць за сваім сталом, каб перакладаць і каментаваць Святое Пісанне, у атачэнні кніг i пергаментаў, занураны думкамі і пісаннем у місію абароны веры. У такой паставе, – прыводзячы іншы славуты прыклад, – прадстаўляе яго неаднаразова Альбрэхт Дзюрэр. Згаданыя вышэй два аспекты можна ўбачыць разам на палатне Караваджо ў Галерэі Баргезэ ў Рыме. У адной сцэне прадстаўлены стары аскет, нядбайна ахінуты ў чырвоную тканіну, які трымае на стале чэрап, сімвал марнасці зямных спраў, і адначасова моцна паказаны таксама характар вучонага, вочы якога глядзяць у кнігу, а яго рука макае пяро ў чарніліцу ў характэрным для пісьменніка жэсце. Падобным чынам – які я назваў бы сапенцыяльным – мы павінны разумець падвайны характар жыццёвай дарогі Гераніма. Калі ён як сапраўдны «бэтлеемскі Леў» быў празмерны ў тоне сваіх выказванняў, то рабіў гэта дзеля пошуку праўды, бескампрамісным слугою якой быў гатовы стаць. І як сам гэта тлумачыць у адным з першых сваіх лістоў пад назваю Жыццярыс св. Паўла Тэбанскага, пустэльніка , львы здольныя і на «магутны рык», і на слёзы 27 . Таму тое, што з’яўляецца ў яго вобразе як бы дзьвюма супрацьлеглымі рысамі, па-сутнасці гэта элементы, пры дапамозе якіх Дух Святы дазваляе яму гартаваць духоўную еднасць. Любоў да Святога Пісання Адметнай рысай духоўнасці св. Гераніма была, несумненна, яго гарачая любоў да Божага слова, даручанага Касцёлу ў Святым Пісанні. Усе дактары Касцёла, − асабліва з першых стагоддзяў хрысціянства, − выразна чэрпалі змест свайго навучання з Бібліі, але Геранім рабіў гэта больш сістэматычна і ў нейкай ступені непаўторна. У апошні час экзегеты адкрылі нарацыйную і паэтычную геніальнасць Бібліі менавіта з увагі на яе выразнасць. Геранім жа падкрэсліваў у Святым Пісанні больш ціхмяны характар аб’яўлення Бога, паказаны з дапамогаю грубай і амаль прымітыўнай прыроды габрэйскай мовы ў параўнанні з вытанчанасцю лаціны Цыцэрона. Таму ён прысвяціў сябе Святому Пісанню не з эстэтычных меркаванняў, але − як добра вядома − толькі таму, што Святое Пісанне вяло яго да пазнання Хрыста, бо няведанне Святога Пісання − гэта няведанне Хрыста 28 . Геранім вучыць нас, што трэба вывучаць не толькі Евангеллі, і трэба каментаваць не толькі апостальскую традыцыю, заключаную ў Дзеях Апосталаў i ў Пасланнях, бо для разумення праўды і багацця Хрыста неабходны ўвесь Стары Запавет 29 . Нават старонкі самога Евангелля сведчаць пра гэта: яны гавораць нам пра Езуса як пра Настаўніка, які звяртаецца да Майсея, прарокаў і Псальмаў (пар. Лк 4, 16-21; 24, 27.44-47), каб растлумачыць сваю таямніцу. Прапаведаванне Пятра і Паўла ў Дзеях Апосталаў таксама ў большасці караніцца ў Пісаннях Старога Запавету; без іх нельга ў поўнай меры зразумець постаць Божага Сына, Месіі Збаўцы. Стары Запавет нельга разглядаць толькі як шырокі спіс цытат, якія пацвярджаюць спаўненне прароцтваў у асобе Езуса з Назарэта. Хутчэй, кажучы больш радыкальна, толькі ў святле старазапаветных «фігур» можна зразумець паўнату значэння падзеі Хрыста, якая здзейснілася ў Яго смерці і ўваскрасенні. Таму трэба нанава адкрыць ў катэхетычнай і казнадзейскай практыцы, а таксама ў тэалагічных трактатах неад’емны ўклад Старога Запавету, які трэба чытаць і засвойваць як каштоўную ежу (пар. Эзх 3, 1-11; Ап 10, 8-11) 30 . Поўная адданасць Гераніма Святому Пісанню выяўляецца ў форме яго гарачых выказванняў, падобна старажытным прарокам. Менавіта ад іх наш Доктар чэрпае ўнутраны агонь, які становіцца палымяным і рэзкім словам (пар. Ер 5, 14; 20, 9; 23, 29; Мал 3, 2; С і р 48, 1; Мц 3, 11; Лк 12, 49), неабходным для выражэння гарачай руплівасці таго, хто служыць Божай справе. Як у выпадку з Іллёю, Янам Хрысціцелем і апосталам Паўлам, абурэнне хлуснёй, крывадушнасцю і фальшывым вучэннем распальвае прамову Гераніма, робячы яе правакацыйнай і, здавалася б, жорсткай. Палемічнае вымярэнне яго твораў можна зразумець лепш, калі чытаць іх як своеасаблівае запазычанне і актуалізацыю самай сапраўднай прароцкай традыцыі. Таму Геранім з’яўляецца ўзорам бескампраміснага сведкі праўды, які выкарыстоўвае жорсткасць дакору, каб прывесці да навяртання. Праз інтэнсіўнасць выразаў і вобразаў выяўляецца мужнасць слугі, які хоча падабацца не іншым, але толькі свайму Пану (пар. Гал 1, 10), дзеля якога ён спажыў усю духоўную энергію. Даследаванне Святога Пісання Гарачая любоў св. Гераніма да Святога Пісання прасякнута паслухмянасцю. Перадусім Богу, які выразіў сябе словамі, якія патрабуюць слухання, поўнага пашаны 31 , а ў выніку паслухмянасці тым, хто ў Касцёле прадстаўляе жывую традыцыю інтэрпрэтацыі аб’яўленага паслання. Аднак «паслухмянасць веры» ( Рым 1, 5; 16, 26) не з’яўляецца проста пасіўным прыняццем чагосьці ўжо вядомага; наадварот, патрабуе актыўных намаганняў у асабістым пошуку. Мы можам разглядаць св. Гераніма як вернага і працавітага «слугу» Слова, цалкам адданага пашырэнню сярод сваіх братоў і сясцёр у веры больш адэкватнага разумення даверанага ім святога «дэпазіту» (пар. 1 Цім 6, 20; 2 Цім 1, 14). Без разумення напісанага натхнёнымі аўтарамі само Божае слова пазбаўлена сваёй плённасці (пар. Мц 13, 19), і з яго не можа выплываць любоў да Бога. Аднак біблійныя старонкі не заўсёды даступныя адразу. Як кажа Ісая (29, 11), нават для тых, хто ўмее «чытаць», гэта значыць для тых, хто прайшоў дастатковую інтэлектуальную падрыхтоўку, Святая Кніга падаецца «запячатанай», герметычна закрытай для інтэрпрэтацыі. Таму неабходна, каб умяшаўся кампетэнтны сведка і даў выратавальны ключ, Хрыста Пана, адзінага, хто можа зламаць пячатку і адкрыць кнігу (пар. Ап 5, 1-10) дзеля цудоўнага праліцця ласкі (пар. Лк 4, 17-21). Многія, нават сярод практыкуючых хрысціянаў, адкрыта кажуць, што не ўмеюць чытаць (пар. Іс 29, 12), не з прычыны непісьменнасці, але таму, што не падрыхтаваныя да разумення біблійнай мовы, спосабаў яе выражэння і старажытных культурных традыцый. У выніку чаго біблійны тэкст становіцца неразборлівым, нібы напісаным незнаёмым алфавітам і незразумелай мовай. Таму неабходна пасрэдніцтва інтэрпрэтатара, які б мог выконваць сваю «дыяканскую» функцыю, служачы тым, хто не можа зразумець сэнс напісанага прароча. У сувязі з гэтым можна ўзгадаць вобраз дыякана Філіпа, якога Пан падштурхнуў наблізіцца да еўнуха, які чытаў урывак з Ісаі (53, 7-8) на сваёй калясніцы, але не меў магчымасці зразумець яго сэнс. «Ці разумееш, што чытаеш?» − спытаў Філіп, а еўнух адказаў: «Як жа магу разумець, калі ніхто не павучыў мяне?» ( Дз 8, 30-31) 32 . Геранім наш правадыр, бо як Філіп (пар. Дз 8, 35), ён вядзе кожнага чытача да таямніцы Езуса, а таксама таму, што адказна і сістэматычна дае экзегетычную і культурную інфармацыю, неабходную для правільнага і плённага чытання Святога Пісання 33 . Кампетэнтнасць у мовах, на якіх было перададзена Божае слова, дбайны аналіз і ацэнка рукапісаў, сістэматычныя археалагічныя даследаванні, а таксама веданне гісторыі інтэрпрэтацыі – адным словам усе метадалагічныя рэсурсы, якія былі даступныя ў яго гістарычную эпоху, ён умела і мудра выкарыстаў для таго, каб паказаць правільнае разуменне натхнёнага Пісання. Гэты выдатны аспект дзейнасці св. Гераніма таксама мае вялікае значэнне для Касцёла ў наш час. Калі, як вучыць нас Dei Verbum , Біблія з’ўяўляецца «як бы душой святой тэалогіі» 34 і нібы духоўным касцяком хрысціянскай рэлігійнай практыкі 35 , то неабходна, каб інтэрпрэтацыя Бібліі была падмацавана канкрэтнымі навыкамі. Безумоўна, гэтай мэце служаць такія спецыялізаваныя цэнтры біблійных даследаванняў, як Папскі біблійны інстытут у Рыме, École Biblique і Studium Biblicum Franciscanum у Ерузалеме, а для патрыстычных даследаванняў Augustinianum у Рыме. Аднак кожны тэалагічны факультэт павінен імкнуцца да таго, каб выкладанне Святога Пісання было запраграмавана так, каб студэнты атрымлівалі кампетэнтныя навыкі інтэрпрэтацыі, як у экзегезе тэкстаў, так і ў біблійнай тэалогіі ў цэлым. На жаль, багацце Святога Пісання многія не ведаюць ці мінімізуюць, таму што яны не атрымалі асноўных ведаў. Таму, акрамя павелічэння касцёльных праграм навучання для святароў і катэхетаў, якія б лепш выкарыстоўвалі веды ў галіне разумення Святога Пісання, варта таксама пашыраць фармацыю ўсіх хрысціянаў, каб кожны з іх мог адкрыць святую кнігу і чэрпаць з яе бясцэнныя плады мудрасці, надзеі і жыцця 36 . Тут я хацеў бы прыгадаць тое, што мой папярэднік выказаў у Апостальскай адгартацыі Verbum Domini : «Сакрамэнтальнасць слова становіцца зразумелай праз аналогію з сапраўднай прысутнасцю Хрыста ў кансэкраваных постацях хлеба і віна. [...] Наконт таго, як трэба адносіцца да Эўхарыстыі і да Божага слова, св. Геранім піша: „Мы чытаем Святое Пісанне. Думаю, што Евангелле – гэта цела Хрыста; думаю, што Святое Пісанне – гэта Яго вучэнне. А калі Ён гаворыць: ‘Калі не будзеце спажываць Цела Сына Чалавечага і піць Крыві Ягонай’ ( Ян 6, 53), то хоць гэтыя словы можна разумець у аднясенні да [эўхарыстычнай] таямніцы, не менш аднак цела Хрыста і Яго Кроў сапраўды з’яўляюцца словам Пісання, Божым вучэннем”» 37 . На жаль, у многіх хрысціянскіх сем’ях ніхто не адчувае сябе здольным − як было прадпісана ў Торы (пар. Дрг 6, 6) ‑ перадаваць сваім дзецям слова Пана ва ўсёй яго прыгажосці, з усёй яго духоўнай сілай. Таму я ўстанавіў нядзелю Божага слова 38 , каб заахвоціць да малітоўнага чытання Бібліі і знаёмства з Божым словам 39 . Любое іншае праяўленне пабожнасці набудзе дзякуючы гэтаму больш багаты сэнс, зойме сваё месца ў іерархіі каштоўнасцяў і будзе весці да таго, што з’яўляецца вяршыняй веры: да поўнага з’яднання з таямніцай Хрыста. Вульгата «Салодкім плёнам карпатлівай сяўбы» 40 вывучэння Геранімам грэцкай і габрэйскай моваў, стаў пераклад Старога Запавету на лацінскую мову з габрэйскага арыгінала. Да гэтага часу хрысціяне Рымскай імперыі маглі чытаць Біблію цалкам толькі на грэцкай мове. У той час як кнігі Новага Запавету былі напісаны на грэцкай мове, кнігі Старога Запавету існавалі ў поўнай версіі перакладу, гэтак званай Сэптуагінце (г.зн. версіі сямідзесяці), зробленай габрэйскай супольнасцю Александрыі прыблізна ў ІІ ст. да нар. Хрыста. Але для чытачоў, якія карысталіся лацінскай мовай, не было поўнай версіі Бібліі на іх мове, толькі некалькі частковых і няпоўных перакладаў з грэцкай мовы. Заслуга Гераніма і тых, хто працягваў яго працу, заключалася ў пераглядзе і ў новым перакладзе ўсяго Святога Пісання. Пасля перагляду Евангелляў і Псалтыра ў Рыме па заахвочванні папы Дамаса Геранім распачаў у сваім адасабленні ў Бэтлееме пераклад усіх старазапаветных кніг непасрэдна з габрэйскай мовы: працу, якая доўжылася гадамі. Для выканання гэтай перакладчыцкай працы Геранім добра выкарыстаў свае веды грэцкай і габрэйскай моваў, сваю салідную лацінскую адукацыю, а таксама філалагічныя інструменты, якія меў у распараджэнні, у прыватнасці Гекзаплю Арыгена. Канчатковы тэкст аб’яднаў у сабе працяг формул, якія ўжо шырока ўвайшлі ва ўжытак, з большай вернасцю габрэйскаму арыгіналу, не адыходзячы ад элегантнасці лацінскай мовы. У выніку ўзнік сапраўдны помнік, які азнаменаваў культурную гісторыю Захаду, фарміруючы яго тэалагічную мову. Перамогшы некаторае першапачатковае непрыняцце, пераклад Гераніма адразу стаў агульнай спадчынай як навукоўцаў, так і звычайных вернікаў; адсюль яго назва Вульгата 41 . Сярэднявечная Еўропа навучылася чытаць, маліцца і разважаць са старонак Бібліі ў перакладзе Гераніма. Такім чынам «Святое Пісанне стала своеасаблівым „велізарным слоўнікам” (Поль Кладэль) і „іканаграфічным атласам” (Марк Шагал), з якога чэрпала хрысціянская культура і мастацтва» 42 . Літаратура, мастацтва і нават размоўная мова няспынна чэрпалі з Геранімавай версіі Бібліі, пакідаючы нам скарбы прыгажосці і пабожнасці. Менавіта дзякуючы гэтаму бясспрэчнаму факту Трыдэнцкі Сабор у дэкрэце Insuper сцвердзіў «аўтэнтычны» характар Вульгаты, аддаўшы даніну яе выкарыстанню ў Касцёле на працягу многіх стагоддзяў і пацвердзіўшы яе каштоўнасць як інструмента для даследавання, пропаведзі і публічных спрэчак 43 . Аднак гэта не змяншала значэння арыгінальных моў, бо Геранім не толькі не забараняў рабіць у будучыні новыя захады для поўнага перакладу, але таксама няспынна нагадваў пра іх. Святы Павел VI па прапанове Айцоў Другога Ватыканскага Сабору пажадаў, каб праца па пераглядзе перакладу Вульгаты была завершана і прадстаўлена ўсяму Касцёлу. Так у 1979 г. Ян Павел ІІ у Апостальскай канстытуцыі Scripturarum thesaurus 44 абнародаваў узорнае выданне, якое называецца «Новая Вульгата» (лац. Nova Vulgata). Пераклад як інкультурацыя Сваім перакладам Гераніму ўдалося здзейсніць «інкультурацыю» Бібліі ў лацінскую мову і культуру, а яго праца стала трывалым узорам місійнай дзейнасці Касцёла. Сапраўды, «калі нейкая супольнасць прымае пасланне збаўлення, Дух Святы напаўняе яе культуру перамяняючай моцаю Евангелля» 45 , і такім чынам узнікае своеасаблівае замкнёнае кола: гэтак жа, як пераклад Гераніма абавязаны мове і культуры лацінскіх класікаў, уплыў якіх выразна бачны, так і яго пераклад са сваёй мовай і сваім сімвалічным зместам і ўяўленнем стаў у сваю чаргу творчым элементам культуры. Перакладчыцкая праца Гераніма вучыць нас, што каштоўнасці і пазітыўныя формы кожнай культуры ўзбагачаюць увесь Касцёл. Розныя спосабы абвяшчэння, разумення і перажывання Божага слова ўзбагачаюць само Святое Пісанне, бо, паводле вядомага выказвання Грыгорыя Вялікага, яно ўзрастае разам з тым, хто яго чытае 46 , набываючы цягам стагоддзяў новыя акцэнты і новае гучанне. Уключэнне Бібліі і Евангелля ў розныя культуры робіць Касцёл ўсё больш відавочнай «абранніцай, упрыгожанай сваімі каштоўнасцямі» (Іс 61, 10). У той жа час гэта сведчыць аб тым, што Біблію неабходна пастаянна перакладаць на мову і менталітэт кожнай культуры і кожнага пакалення, а таксама на секулярызаваную глабальную культуру нашага часу 47 . Слушна было адзначана, што можна правесці аналогію паміж перакладам як актам «моўнай адкрытасці» і іншымі відамі гасціннасці 48 . Вось чаму пераклад не з’яўляецца працай, якая датычыць толькі мовы, але па-сутнасці адлюстроўвае больш шырокае этычнае рашэнне, звязанае з цэласным бачаннем жыцця. Без перакладу розныя моўныя супольнасці не змаглі б мець зносін паміж сабой; мы зачынілі б дзверы гісторыі адзін перад адным і адмовілі б у магчымасці будаваць культуру сустрэчы 49 . Сапраўды, без перакладу няма гасціннасці, а варожасць наадварот узрастае. Перакладчык − гэта будаўнік мастоў. Колькі паспешных рашэнняў, колькі асуджэнняў і канфліктаў узнікае з-за таго, што мы не разумеем мовы іншых людзей і не бяромся з цвёрдай надзеяй за бясконцае выпрабаванне любові, якім з’яўляецца пераклад! Гераніму таксама давялося супрацьстаяць пануючай думцы свайго часу. Калі веданне грэцкай мовы было адносна распаўсюджаным на світанні Рымскай імперыі, то ў яго час гэта стала ўжо рэдкасцю. Аднак ён стаў адным з найлепшых знаўцаў грэцкай мовы і хрысціянскай грэцкай літаратуры. Пачаўшы вывучаць габрэйскую мову, ён здзейсніў яшчэ больш цяжкае і самотнае падарожжа. Калі, як ужо было напісана, «межы маёй мовы вызначаюць межы майго свету» 50 , то можам сказаць, што за больш універсальнае разуменне хрысціянства і ў той жа час больш звязаным з яго крыніцамі, мы абавязаны шматмоўю св. Гераніма. Разам з цэлебрацыяй чарговай гадавіны смерці св. Гераніма наш погляд скіраваны на незвычайную місійную жыццяздольнасць, якая выяўляецца ў перакладзе Божага слова больш чым на тры тысячы моў. Многім місіянерам мы абавязаны за неацэнную справу выдання граматык, слоўнікаў ды іншых лінгвістычных дапаможнікаў, якія ствараюць аснову для камунікацыі людзей і з’яўляюцца носьбітамі «місійнай мары дасягнуць усіх» 51 . Трэба ацаніць усю гэтую працу і інвеставаць у яе, дапамагаючы пераадолець межы некамунікатыўнасці і адсутнасці сустрэчы. Шмат яшчэ трэба зрабіць. Як было ўжо сказана, без перакладу не можа быць разумення 52 : мы не зразумелі б ні сябе, ні іншых. Геранім і пасад Пятра Геранім заўсёды меў асаблівыя адносіны з Рымам: Рым быў духоўным прыстанішчам, да якога ён пастаянна вяртаўся; у Рыме ён атрымаў гуманітарную адукацыю і сфарміраваўся як хрысціянін; ён быў homo romanus . Гэтая сувязь вельмі адмыслова адлюстоўваецца ў мове гэтага Горада, лаціне, майстрам і знаўцам якой ён быў, але перадусім яна звязана з Рымскім Касцёлам, асабліва з пасадам Пятра. Іканаграфічная традыцыя анахранічна прадстаўляе яго ў кардынальскім пурпуры, каб паказаць яго прыналежнасць да прэзбітэрату Рыма поруч з папам Дамасам. Менавіта ў Рыме быў распачаты перагляд перакладу. І нават калі зайздрасць і непаразуменні прымусілі яго пакінуць горад, ён заўсёды захоўваў моцную сувязь з пасадам Пятра. Для Гераніма Рымскі Касцёл з’яўляецца ўрадлівай глебай, на якой зерне Хрыста прыносіць багаты плён 53 . У неспакойны час, калі непадзельную туніку Касцёла часта раздзіралі падзелы паміж хрысціянамі, Геранім глядзеў на пасад Пятра як на надзейны арыенцір: «Як я не іду ні за кім, акрамя Хрыста, так я не маю зносін ні з кім, акрамя Вашай Святасці, гэта значыць з пасадам Пятра. Бо ведаю, што на гэтай скале пабудаваны Касцёл». У разгар спрэчак з арыянамі ён напісаў Дамасу: «Той, хто не збірае з табою, раскідвае; хто не ад Хрыста, той ад антыхрыста» 54 . Такім чынам, ён мог бы таксама сказаць: «Я з тым, хто яднаецца з пасадам Пятра» 55 . Геранім часта ўдзельнічаў у вострых спрэчках за веру. Любоў да праўды і гарачая абарона Хрыста прывялі яго, магчыма, да празмернай слоўнай парывістасці ў лістах і творах. І ўсё ж ён імкнуўся да міру: «Я таксама жадаю міру, і не толькі жадаю яго, а прашу аб ім! Але я маю на ўвазе мір Хрыстовы, сапраўдны мір, мір без варожасці, мір, які не мае ў сабе ўкрытай вайны, мір, які не падпарадкоўвае сабе праціўнікаў, але яднае іх як сяброў» 56 . Сёння нашаму свету як ніколі патрэбны лекі міласэрнасці і еднасці. Дазвольце мне яшчэ раз паўтарыць: давайма прыцягальнае і прывабнае сведчанне братэрскай еднасці 57 . «Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» ( Ян 13, 35). Вось аб чым Езус прасіў Айца ў кранальнай малітве: «каб усе былі адно [...], каб паверыў свет» ( Ян 17, 21). Палюбіць тое, што любіў Геранім У завяршэнне гэтага ліста я хачу звярнуцца да ўсіх з заклікам. Сярод шматлікіх пахвал, якія гучаць у адрас св. Гераніма ад нашчадкаў, ёсць адна, што быў ён не проста адным з найвялікшых вучоных гэтай «бібліятэкі», якой сілкуецца ўвесь час хрысціянства, пачынаючы са скарбніцы Святога Пісання, але пра яго можна сказаць тое, што ён сам сказаў пра Непацыяна: «Праз пастаяннае чытанне і доўгае разважанне ён зрабіў сваё сэрца бібліятэкай Хрыста» 58 . Геранім не шкадаваў сілаў для пашырэння сваёй бібліятэкі, якую заўсёды разглядаў як неабходную майстэрню для разумення веры і духоўнага жыцця; у гэтым таксама ён служыць выдатным прыкладам для цяперашняга часу. Але на гэтым ён не спыніўся. Для яго вучоба не абмяжоўвалася юнацкімі гадамі яго выхавання; яна была пастаянным абавязацельствам, штодзённым прыярытэтам яго жыцця. Можна сказаць, што ён засвоіў усю бібліятэку і стаў распарадчыкам ведаў для многіх іншых. Пастуміян, які ў IV ст. падарожнічаў па Усходзе, даследуючы манаскія рухі, на свае вочы ўбачыўшы стыль жыцця Гераніма, з якім правёў некалькі месяцаў, пісаў: «Ён заўсёды заняты чытаннем, заўсёды ў сваіх кнігах; ён не адпачывае ні днём, ні ноччу; пастаянна або штосьці чытае, або піша» 59 . У сувязі з гэтым я часта думаю пра досвед, які малады чалавек можа атрымаць сёння, заходзячы ў кнігарню ў сваім горадзе ці наведваючы Інтэрнэт-сайт, шукаючы рэлігійныя кнігі. У большасці выпадкаў гэты раздзел, калі ён існуе, не толькі маргінальны, але дрэнна забяспечаны матэрыяламі. Гледзячы на гэтыя паліцы ці вэб-старонкі, маладому чалавеку цяжка зразумець, што рэлігійныя пошукі могуць стаць захапляльнай прыгодай, якая лучыць сэрца і розум; што прага Бога распальвае вялікія розумы на працягу стагоддзяў аж да цяперашняга часу; што рост духоўнага жыцця ўплываў на тэолагаў і філосафаў, мастакоў і паэтаў, гісторыкаў і навукоўцаў. Адна з праблемаў, з якімі мы сёння сутыкаемся, не толькі ў рэлігіі, − гэта непісьменнасць: нам не хапае герменеўтычных навыкаў, якія б зрабілі нас надзейнымі перакладчыкамі нашай уласнай культурнай традыцыі. Асабліва я хацеў бы звярнуцца да моладзі: пачніце даследаваць сваю спадчыну. Хрысціянства робіць вас спадкаемцамі непараўнальнай культурнай спадчыны, уладальнікам якой вы павінны стаць. Будзьце ў захапленні ад гэтай вашай гісторыі. Майце адвагу скіраваць свой позірк на таго неспакойнага юнака Гераніма, які, як герой прыпавесці Езуса, прадаў усё, што меў, каб набыць «каштоўную пярліну» ( Мц 13, 46). Сапраўды, Гераніма можна назваць «бібліятэкай Хрыста», невычарпальнай бібліятэкай, якая праз шаснаццаць стагоддзяў працягвае вучыць нас таму, што азначае любоў Хрыста, любоў, якая непадзельна звязана з сустрэчай з Яго словам. Вось чаму цяперашнюю гадавіну можна разглядаць як заклік палюбіць тое, што любіў Геранім, нанова адкрыць яго творы і дазволіць захапіць сябе духоўнасцю, якую можна ахарактарызаваць па сутнасці як неспакойнае і гарачае жаданне больш пазнаваць Бога Аб’яўлення. Як жа нам не паслухаць у наш час тое, да чаго няспынна заклікаў сваіх сучаснікаў Геранім: «Пастаянна чытай Божае Пісанне; ніколі не выпускай святога тэксту са сваіх рук» 60 . Яркім прыкладам з’яўляецца Дзева Марыя, да якой звяртаўся Геранім, згадваючы перш за ўсё Яе Дзявочае Мацярынства, а таксама як узор малітоўнага чытання Святога Пісання. Марыя разважала ў сваім сэрцы (пар. Лк 2, 19. 51), «бо як святая чытала Святое Пісанне, ведала прарокаў і параўноўвала тое, што сказаў ёй анёл Габрыэль з тым, што прадказалі прарокі [...]. Яна глядзела на свайго нованароджанага Сына, свайго адзінага Сына, які ляжаў у яслях і плакаў, але бачыла, насамрэч, таго, хто быў Сынам Божым; яна параўноўвала ўбачанае з прачытаным і пачутым» 61 . Даручым сябе той, якая лепш за ўсіх можа навучыць нас чытаць, разважаць, маліцца і сузіраць Бога, які нястомна робіць сябе прысутным у нашым жыцці. Дадзена ў Рыме , у св. Яна на Латэране , 30 верасня 2020 года , ва ўспамін св . Гераніма , у восьмы год майго Пантыфікату . Францішак   1 « Deus qui beato Hieronymo presbitero suavem et vivum Scripturae Sacrae affectum tribuisti, da, ut populus tuus verbo tuo uberius alatur et in eo xfontem vitae inveniet » (Collecta Missae Sanctae Hieronymi, Missale Romanum , editio typica tertia, Civitas Vaticana, 2002). Пераклад на бел. мову: « Божа, Ты адарыў святога Гераніма жывою і глыбокаю любоўю да Святога Пісанння, умацуй нашыя сэрцы Тваім словам і дай нам знайсці ў ім жыватворную крыніцу » (Калекта ў літургічны ўспамін св. Гераніма, Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі , Мінск 2004). 2 Ep . 22, 30: CSEL 54, 190. 3 AAS 12 (1920), 385-423. 4 Пар. Audientiae Generales 7 і 14 лістапада 2007: Insegnamenti, III, 2 (2007), 553-556; 586-591. 5 Synodus Episcoporum, Nuntius ad Populum Dei XII Coetus Generalis ordinarii (24 кастрычніка 2008). 6 Пар. AAS 102 (2010), 681-787. 7 Chronicum 374: PL 27, 697-698. 8 Ep . 125, 12: CSEL 56, 131. 9 Ep . 122, 3: CSEL 56, 63. 10 Пар. Meditatio matutina , 10 снежня 2015. Анекдот цытуецца з: A. Louf, Sotto la guida dello Spirito , Qiqaion, Magnano (BI) 1990, 154-155. 11 Пар. Ep . 125, 12: CSEL 56, 131. 12 Пар. VD , 89. 13 Пар. Ep . 125, 9.15.19: CSEL 56, 128.133-134.139. 14 Vita Malchi monachi captivi 7, 3: PL 23, 59-60; Opere storiche e agiografiche , a cura di B. Degórski, Opere di Girolamo , XV, Città Nuova, Roma 2014, 196-199. 15 Praef . Esther 2: PL 28, 1505. 16 Пар. Ep . 108, 26: CSEL 55, 344-345. 17 Ep . 52,8: CSEL 54, 428-429; пар. VD , 60. 18 Praef . Paralipomenon LXX , 1. 10-15: SCh 592, 340. 19 Praef . in Pentateuchum : PL 28, 184. 20 Ep . 80, 3: CSEL 55, 105. 21 Nuntius occasione data XXIV sollemnis Sessionis publicae Pontificiarum Academiarum, 4 снежня 2019: L’Osservatore Romano , 6 снежня 2019, p. 8. 22 VD, 30. 23 Ep . 125, 15.2: CSEL 56, 133.120. 24 Ep . 3, 6: CSEL 54, 18. 25 Пар. Praef . Iosue , 1, 9-12: SCh 592, 316. 26 Homilia in Psalmum XCV : PL 26, 1181; пар. S. Girolamo, 59 Omelie sui Salmi (1-115) , a cura di A. Capone, Opere di Girolamo , IX/1, Città Nuova, Roma 2018, 357. 27 Пар. Vita S . Pauli primi eremitae , 16, 2: PL 23, 28; Opere storiche e agiografiche , op. cit., p., 111. 28 Пар. S. Hieronimus, In Isaiam Prol .: PL 24, 17, цыт. за: Дагматычная канстытуцыя пра Божае Аб’яўленне Dei Verbum , у: Дакументы Другога Ватыканскага Сабору, Мінск 2008, с. 276. 29 Пар. Другі Ватыканскі Сабор, Дагм. канст. Dei Verbum , 14. 30 Пар. тамсама . 31 Пар. тамсама , 7. 32 Ep . 53, 5 : CSEL 54, 451; S. Girolamo, Le lettere , a cura di S. Cola, II, Città Nuova, Roma 1997, 54. 33 Пар. Дакументы Другога Ватыканскага Сабору, Дагм. канст. Dei Verbum , 12. 34 Тамсама , 24. 35 Пар. тамсама , 25. 36 Пар. тамсама , 21. 37 N. 56; пар. In Psalmum CXLVII : CCL 78, 337-338; S. Girolamo, 59 Omelie sui Salmi (119-149) , a cura di A. Capone, Opere di Girolamo , IX/2, Città Nuova, Roma 2018, p. 171. 38 Пар. Апостальскі ліст у форме motu proprio Aperuit illis (30 верасня 2019). 39 Пар. Апост. адгарт. Evangelii gaudium , 152. 175. 40 Пар. Ep . 52, 3: CSEL 54, 417. 41 Пар. VD , 72. 42 Ioannes Paulus II, Epistula ad artis cultores (4 красавіка 1999), 5: AAS 91 (1999), 1159-1160. 43 Пар. Denzinger-Schönmetzer, Enchiridion Symbolorum , 1506. 44 25 красавіка 1979: AAS LXXI (1979), 557-559. 45 Апост. адгарт. Evangelii gaudium , 116. 46 Hom. in Ezech . I, 7: PL 76, 843D. 47 Пар. Апост. адгарт. Evangelii gaudium , 116. 48 Пар. P. Ricoeur, Sur la Traduction , Bayard, Paris 2004. 49 Пар. Апост. адгарт. Evangelii gaudium , 24. 50 L. Wittgenstein, Tractatus logico-philosophicus , 5.6. 51 Апост. адгарт. Evangelii gaudium , 31. 52 Пар. G. Steiner, After Babel. Aspects of Language and Translation , Oxford University Press, New York 1975. 53 Пар. Ep . 15, 1: CSEL 54, 63. 54 Тамсама , 15, 2: CSEL 54, 62-64. 55 Тамсама , 16, 2: CSEL 54, 69. 56 Тамсама , 82, 2: CSEL 55, 109. 57 Пар. Апост. адгарт. Evangelii gaudium , 99. 58 Ep . 60, 10: CSEL 54, 561. 59 Sulpicius Severus, Dialogus I, 9, 5: SCh 510, 136-138. 60 Ep . 52, 7: CSEL 54, 426. 61 Homilia de nativitate Domini IV: PL Suppl . 2,191.
Аўторак, 25 жніўня 2020
Пятніца, 15 мая 2020
15.05.2020 13:29
Парадак навэнны: Акт жалю. Малітва да Панны Марыі, якая развязвае вузлы. Частка Ружанца, адпаведная дню тыдня. Акт жалю Мой Божа, я вельмі шкадую за тое, што пакрыўдзіў(ла) Цябе, бо Ты бясконца добры і ненавідзіш грэх. Рашуча пастанаўляю з дапамогаю Тваёй святой ласкі больш не абражаць Цябе і адпакутаваць за грахі свае. Малітва да Панны Марыі, якая развязвае вузлы Панна Марыя, Маці Цудоўнай Любові! Маці, Ты ніколі не пакідаеш дзіцяці, што кліча Цябе на дапамогу, Багародзіца, чые рукі нястомна працуюць дзеля Тваіх любімых дзяцей, а Сэрца перапаўняе Божая любоў і бясконцая міласэрнасць, звярні на мяне свой позірк, поўны спагады. Ты ведаеш, як мне не хапае надзеі і як я пакутую, і ведаеш, як гэтыя вузлы паралізуюць мяне. Марыя, Маці, якой Бог даручыў развязваць цяжкасці сэрцаў Яго дзяцей, у Твае рукі я аддаю ўсё маё жыццё. Ніхто, нават злы, не можа пазбавіць Цябе магчымасці ўдзяляць мне міласэрную дапамогу. Няма такіх вузлоў, якія Ты, о Найсвяцейшая Панна, не змагла б развязаць. Маці Усемагутная, прашу Цябе, вазьмі сёння гэтую складаную справу (…) і дзеля хвалы Божай, дзякуючы Тваёй ласцы і моцы заступніцтва ў Твайго Сына, Езуса, майго Збаўцы, развяжы яе, развяжы назаўсёды. Толькі Ты адзіная Суцяшальніца, дадзеная мне Богам, умацаванне маіх слабых сіл, узбагачэнне ў маёй беднасці, вызваленне ад усяго, што перашкаджае мне быць з Хрыстом. Прымі мае просьбы. Беражы мяне, вядзі мяне, сцеражы мяне. Ты – мая самая надзейная апора. Марыя, якая развязваеш вузлы, маліся за мяне.
15.05.2020 13:25
Пампейская навэнна складаецца з шасці навэннаў і працягваецца 54 дні. Дзеля зручнасці той дзень, калі мы распачынаем Пампейскую навэнну, можна адзначыць у календары. Кожны дзень мы молімся тры часткі святога Ружанца (радасныя, балесныя і хвалебныя таямніцы). Калі хтосьці жадае, можна маліцца чатыры часткі, далучаючы таямніцы святла. Пачынаем малітву як звычайны Ружанец. На крыжыку – Веру ў Бога… , на вялікай пацерцы – Ойча наш… , на маленькіх – Вітай, Марыя… (3 разы), потым – адзін раз Хвала Айцу… Называем просьбу, пасля якой кажам: Гэты Ружанец малюся на Тваю хвалу, Каралева Ружанца святога. Затым молімся выбраную частку святога Ружанца як звычайна. Пачатковыя малітвы Ружанца («Сімвал веры» і інш.) чытаем толькі адзін раз у дзень. Часткі Ружанца можна маліцца на працягу ўсяго дня. У першыя 27 дзён Пампейскай навэнны наша малітва мае характар просьбы, таму на заканчэнне кожнай часткі святога Ружанца мы прамаўляем: Памятай, о міласэрная Ружанцовая Панна з Пампеяў, што ніколі не здаралася, каб Ты пакінула таго, хто Цябе ўшаноўвае, з Ружанцам Тваім кліча Цябе на дапамогу. О Маці спрадвечнага Слова, не пагарджай просьбаю маёю, але праз Твой святы Ружанец і праз упадабанне, якое Ты аказваеш сваёй святыні ў Пампеях, ласкава выслухай мяне. Амэн. На працягу наступных 27 дзён Пампейскай навэнны мы выказваем падзяку Богу за атрыманыя ласкі, таму на заканчэнне кожнай часткі святога Ружанца прамаўляем: Што ж я магу даць Табе, о Каралева, поўная любові? Прысвячаю Табе ўсё сваё жыццё. Усімі сіламі буду пашыраць Тваю хвалу, о Дзева святога Ружанца з Пампеяў, бо калі я клікаў (клікала) Цябе на дапамогу, агарнула мяне ласка Божая. Паўсюль буду распавядаць пра міласэрнасць, якую Ты праявіла да мяне; як толькі здолею, буду пашыраць набажэнства святога Ружанца; усім буду абвяшчаць, якой ласкавай Ты была да мяне, каб і нягодныя, як і я, грэшнікі з даверам імкнуліся да Цябе. О, калі б увесь свет ведаў пра Тваю дабрыню і літасць да церпячых, усе стварэнні звярталіся б да Цябе. Амэн. Незалежна ад малітвы на заканчэнне, напрыканцы кожнай часткі святога Ружанца тройчы ўсклікаем да Маці Божай: Каралева Ружанца святога, маліся за нас! Плённасць ружанцовай малітвы заключаецца ў тым, што разам з Марыяй мы адкрываемся на словы Евангелля і такім чынам молімся Божым словам. Калі мы прымаем гэтае слова сэрцам, яно перамяняе нашыя думкі, словы і ўчынкі.
15.05.2020 13:20
(паводле св. Яна Боска) Парадак навэнны: Малітва на кожны дзень навэнны. Малітвы Вітай, Марыя… Хвала Айцу... С. : Маліся за нас, Беззаганная Панна. Н. : Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых. Літанія аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі Першы дзень О Марыя, Тваю беззаганную чысціню, вечна жывую і пастаянна збаўляючую, сімвалізаваў дзівосны куст, што палаў на гары Сінай, які гарэў, але не згараў. Моцаю гэтай ласкі Беззаганнага Зачацця падтрымлівай нашае нялёгкае змаганне за чысціню сэрца, думак і ўчынкаў, каб мы пераможна ўмелі пераадольваць усялякія пачуццёвыя слабасці, што вядуць да граху. Другі дзень О Марыя, Цябе Бог у сваім бязмежным Провідзе захаваў, быццам містычную арку, ад сусветнага патопу зла. Будзь побач з намі ў хвіліны выпрабаванняў і падтрымай нас сваёю ласкаю, калі грэх і каварства гэтага свету будуць намагацца ахапіць нас сваёю падступнасцю і звесці з добрага шляху. Трэці дзень О Марыя, Ты, нібы галубка бездакорнай чысціні, узнеслася над брудам свету і была пазбаўлена ўсялякага граху, што ганьбіць гэтую зямлю. Учыні, каб прамінальныя даброты не зацьмілі нашага духа. Навучы нас карыстацца імі дзеля хвалы Божай і на карысць бліжнім. Чацвёрты дзень О Марыя, поўная ласкі, водблiск святасці самога Бога, Ты захапляеш вочы і сэрцы ўсіх пакаленняў зямлі, бо Ты – вечна прыгожая, у суквецці духмяных цнотаў адорваеш нас пладамі сваёй мацярынскай любові. Выпрасі нам у Стварыцеля ласку, каб мы, пазбавіўшыся ад граху, фармавалі ў сабе Яго вобраз, становячыся адлюстраваннем Яго дасканаласці. Пяты дзень О Марыя, Ты па волі самога Бога стала зачыненым садам і абяцаным раем, у які не меў доступу каварны змей. Просім Цябе, Маці, барані нашыя душы ад зламысных справаў злога духа, каб мы ніколі не сталі яго ахвяраю. Шосты дзень О Марыя, Ты з’явілася ў цемры змучанаму грахом чалавецтву як Заранка надзеі, атуленая бляскам цноты. Рассейвай цемру ілжы, а ў чорную ноч нашага няшчасця і ўпадку заззяй святлом ранішняй зоркі, несучы збаўленне Пана. Сёмы дзень О Марыя, Ты, нібы поле, расквечанае безліччу каляровых ружаў. Іх духмяны водар знішчае злавесныя павевы. Дазволь нам Табою дыхаць, прывабнасцю Тваіх цнотаў насычацца, каб, узіраючыся ў Цябе, мы змаглі захаваць душы чыстымі і вольнымі ад атрутных і зламысных уплываў гэтага свету. Восьмы дзень О Марыя, Ты з’явілася на гэтай зямлі, як лілея паміж цернямі, заквітнела дасканалай прыгажосцю, чаруючы сваім духоўным хараством. Дапамагай нам развіваць у сабе духоўнае жыццё, прасякнутае нябеснаю ласкаю, нягледзячы на спакусы, слабасці і атакі падступных людзей. Дзявяты дзень О Марыя, Ты стала святыняю Бога, Маці ўсіх жывых, брамаю збаўленых, Каралеваю Усіх Святых і прытулкам грэшнікаў. Будзь маёю Маці і Правадніцаю, каб, наследуючы Твой прыклад, мы пазбягалі ўсялякага маральнага бруду, жылі ў сяброўстве з Богам і станавіліся прыкладам сапраўданага хрысціянскага жыцця.
15.05.2020 13:11
Парадак навэнны: Малітва да Маці Божай Будслаўскай. Малітва на кожны дзень навэнны. Малітвы Ойча наш... Вітай, Марыя… Хвала Айцу... Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыi . Малітва да Маці Божай Будслаўскай Маці Божая Будслаўская! Ты вядзеш нас да свайго Сына. Дзякуючы Твайму заступніцтву мы ўмацоўваемся ў веры. Дзякуючы Тваёй апецы ўзрастае наша надзея на канчатковую перамогу дабра над злом ва ўсім свеце і ў нас саміх. Дзякуючы Твайму панаванню мы напаўняемся любоўю і дабрынёй. Просім Цябе, святая Марыя, аб тых ласках, якія патрэбны нам для збаўлення і для жыцця ў годнасці дзяцей Божых. Заступіся за нас перад сваім Сынам, каб Ён выслухаў усе нашыя просьбы, якія згодныя з воляй Божай. Дапамажы нам, наша святая Пані, жыццём і малітваю яшчэ больш наблізіцца да Твайго Сына і да Цябе, Апякункі нашай Айчыны. Першы дзень «Шчаслівыя ўбогія духам» (Мц 5, 3) Пане Езу Хрыстэ, які ўсіх убогіх духам назваў шчаслівымі! Ты ніколі не шукаў славы для сябе, але толькі дабра для чалавечых душаў, дзеля якіх Ты памёр на крыжы. Учыні, каб мы пасталелі ў духу Твайго вучэння. Няхай наша чалавечая годнасць вынікае з любові да Бога і любові да чалавека. Маці Божая Будслаўская! Ты з’яўляешся прыкладам любові і пакоры. Узбагачай нас Тваім духам сапраўднага ўбоства. Маці і Настаўніца любові да Бога і бліжняга, маліся за нас. Другі дзень «Шчаслівыя засмучаныя» (Мц 5, 4) Пане Езу Хрыстэ, Ты плакаў, калі страціў свайго сябра Лазара, плакаў над лёсам Ерузалема, Ты вучыш нас, што тыя, хто шчыра плача, шчаслівыя і будуць суцешаныя! Дзякуем Табе за тое, што Ты абараняеш слабых. Маці Божая Будслаўская! Мы глядзім на Твой цудадзейны абраз і ад Тваёй ласкавасці спазнаём суцяшэнне. Нас умацоўвае Твой поўны любові позірк. Улі ў сэрцы тых, хто смуткуе і плача, бальзам Тваёй дабрыні. Суцеш і асушы слёзы ўсіх, хто смуткуе і знаходзіцца ў адчаі. Маці суцяшэння, маліся за нас. Трэці дзень «Шчаслівыя лагодныя» (Мц 5, 5) Езу, ціхі і пакорны сэрцам, сваім прыкладам і вучэннем Ты пацвярджаеш, што годнасць чалавека грунтуецца не на прызнанні яго знешніх якасцяў, а на яго ўнутраных і нябачных вартасцях. Мы верым, што толькі Ты, Божа, ведаеш чалавечыя сэрцы і ўзнагароджваеш за нябачнае для чалавечых вачэй. Маці Божая Будслаўская! Пакорная слуга Пана, навучы нас бачыць чалавечнасць у бліжнім. Дапамажы нам зразумець, што веліч заключаецца не ў славе, не ў пахвале і не ў грамадскім прызнанні, а ў радасці, угрунтаванай на ціхім служэнні Богу і бліжняму. Марыя, пакорная і лагодная Слуга Пана, маліся за нас. Чацвёрты дзень «Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці» (Мц 5, 6) Пане Езу Хрыстэ, асвяці наш розум, каб мы не толькі патрабавалі справядлівасці, але таксама ўмелі прытрымлівацца яе самі. Няхай дар любові, які зыходзіць на нас з вышыні Твайго крыжа, учыніць нас сапраўднымі хрысціянамі. Маці Божая Будслаўская, Люстра справядлівасці, Настаўніца любові! Ты глядзіш на нас позіркам, поўным любові. Выпрасі, каб мы напоўніліся духам справядлівасці і любові, каб нашыя ўчынкі ніколі не былі прычынаю несправядлівасці для бліжніх. Люстра справядлівасці, маліся за нас. Пяты дзень «Шчаслівыя міласэрныя» (Мц 5, 7) Пане Езу Хрыстэ! Cваім вучэннем і ўласным жыццём Ты абвясціў, што ў свеце, у якім мы жывём, існуе любоў. Любоў сутыкнулася з цярпеннем. На крыжы Ты прамовіў словы: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць» (Лк 23, 34). Гэта было ўкаранаваннем Твайго вучэння аб міласэрнасці. Маці Божая Будслаўская, Маці міласэрнасці, Ты асаблівым чынам набліжаеш людзей да любові, якую абвясціў Твой Сын. Менавіта да Цябе звяртаюцца людзі са сваімі просьбамі, якія Ты цярпліва выслухоўваеш. Маці Міласэрнасці, будзь заўсёды з намі ў кожнай нашай патрэбе, асабліва калі нам патрэбны любоў і міласэрнасць. Маці Міласэрнасці, маліся за нас. Шосты дзень «Шчаслівыя чыстыя сэрцам» (Мц 5, 8) Пане Езу Хрыстэ! Ты ведаеш чалавечыя цярпенні, бо сам зведаў цярпенні на крыжы! Тваё чыстае Сэрца было прабіта дзідаю. Мы верым, што Ты шырока адчыняеш браму неба для ўсіх людзей, чыстых сэрцам. Правядзі і нас у гэтую браму. Маці Божая Будслаўская! Панна Беззаганная, дапамажы нам, каб мы заўсёды адчувалі агіду да граху і не паддаваліся спакусам. Усёй сілаю свайго духу мы прагнем мець чыстыя сэрцы, каб споўнілася ў нас абяцанне Твайго Сына, што ў вечнасці мы ўбачым Пана Бога нашага. Панна Беззаганная, маліся за нас. Сёмы дзень «Шчаслівыя міратворцы» (Мц 5, 9) Пане Езу Хрыстэ! Ты назваў сынамі Божымі тых, хто прыносіць супакой. Супакой людзям добрай волі абвяшчалі пры Тваім нараджэнні анёлы. У сваіх развітальных словах Ты перадаў нам свой супакой, «не так, як дае свет» (пар. Ян 14, 27). Учыні нас руплівымі вестунамі і носьбітамі Твайго супакою. Маці Божая Будслаўская! Каралева супакою, навучы нас разумець, што сапраўдны Хрыстовы супакой дасягаецца любоўю і дабрынёй; што супакой Хрыста робіць чалавека шчаслівым тут, на зямлі, і вядзе да шчаслівай вечнасці. Улі ў нашыя сэрцы радасць супакою. Каралева супакою, маліся за нас. Восьмы дзень «Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць» (Мц 5, 10) Пане Езу Хрыстэ, які цярпеў за нас на крыжы! Дзякуем Табе за тое, што Ты надаў цярпенню вялікую вартасць. З моманту балесных падзей на Галгоце Касцёл жыве плёнам Тваёй Мукі. На працягу двух тысячагоддзяў існавання Касцёла незлічоныя шэрагі Тваіх вучняў праз ахвяраванне ўласнага жыцця за веру пацвердзілі Праўду, якой Ты з’яўляешся для нас. Просім Цябе аб ласцы адвагі жыць у Праўдзе і дзеля Праўды. Маці Божая Будслаўская, Каралева мучанікаў! Пад крыжам на Галгоце Ты цярпела разам са сваім Сынам. Сёння Ты – Маці Касцёла. Гэты Касцёл акроплены крывёю мучанікаў. Прывядзі ўсіх пераследаваных да Неба, «бо іх ёсць Валадарства Нябеснае» (Мц 5, 10). Маці Божая Балесная, маліся за нас. Дзявяты дзень «Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць, пераследаваць і ўсяляк зласловіць несправядліва за Мяне» (Мц 5, 11) Пане Езу Хрыстэ! Твой цярновы вянок прынёс боль не толькі ад увагнаных у скроні церняў; невыносныя цярпенні Ты спазнаў і з блюзнерства над Тваім Валадарствам. Умацуй у веры ўсіх тых, каго за веру высмейваюць іншыя. Дай ім сілу вытрываць да канца. Няхай усе зразумеюць, што Евангелле абвяшчае любоў таксама і тым, хто здзекуецца з нас. Маці Божая Будслаўская, Каралева ўсіх святых! Абараняй душы ўсіх дзяцей, якія выхоўваюцца сярод нападак і здзекаў над нашай верай. Няхай у сэрцах маладых людзей і ў нашых уласных сэрцах расквітнеюць дабрыня і высакароднасць. Няхай развіваецца і ўмацоўваецца Касцёл, для якога Ты – найлепшая Маці. Маці Сына, які цярпеў і над якім насміхаліся, маліся за нас.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця