Пошук


АПОСТАЛЬСКІ ЛІСТ

ВЕРНАСЦЬ, ЯКАЯ НАРАДЖАЕ БУДУЧЫНЮ

СВЯТОГА АЙЦА ЛЬВА XIV

З НАГОДЫ 60-Й ГАДАВІНЫ САБОРАВЫХ ДЭКРЭТАЎ

OPTATAM TOTIUS І PRESBYTERORUM ORDINIS

1. Вернасць, якая нараджае будучыню (Una fedeltà che genera futuro), гэта тое, да чаго пакліканы святары таксама сёння, усведамляючы, што трыванне ў апостальскай місіі дае нам магчымасць задумацца пра будучыню служэння і дапамагчы іншым адчуць радасць святарскага паклікання. 60-я гадавіна Другога Ватыканскага Сабору, якая прыпадае на гэты Юбілейны год, з’яўляецца нагодай нанова паразважаць над дарам гэтай плённай вернасці, прыгадаўшы вучэнне Дэкрэтаў Optatam totius і Presbyterorum ordinis, абвешчаных адпаведна 28 кастрычніка і 7 снежня 1965 года. Гэтыя два тэксты нарадзіліся з аднаго натхнення Касцёла, які пакліканы быць знакам і прыладаю еднасці для ўсіх народаў і запрошаны да абнаўлення, усведамляючы, што «жаданае абнаўленне ўсяго Касцёла ў значнай ступені залежыць ад ажыўленай духам Хрыста паслугі святароў» [1].

2. Не будзем жа святкаваць гадавіну толькі на паперы! Абодва дакументы, сапраўды, моцна абапіраюцца на разуменні Касцёла як Божага народу, які пілігрымуе праз гісторыю, і з’яўляюцца краевугольным каменем разважанняў аб прыродзе і місіі пастырскага служэння, а таксама падрыхтоўкі да яго, захоўваючы на працягу гадоў сваю свежасць і актуальнасць. Таму запрашаю працягваць чытаць і вывучаць гэтыя тэксты ў хрысціянскіх супольнасцях, асабліва ў семінарыях і ва ўсіх іншых асяродках падрыхтоўкі і фармацыі да паслугі пасвячэнняў.

3. Дэкрэты Optatam totius і Presbyterorum Ordinis, якія добра ўпісваюцца ў дактрынальную традыцыю Касцёла адносна сакрамэнту пасвячэння, прыцягнулі ўвагу Сабору да разважанняў пра службовае святарства і падкрэслілі клопат супольнасці Сабору пра святароў. Мэтай было распрацаваць неабходныя перадумовы для фармацыі будучых пакаленняў святароў у адпаведнасці з абнаўленнем, якое прапанаваў Сабор, моцна трымаючыся тоеснасці паслугі і адначасова паказваючы новыя перспектывы, якія дапоўнілі б папярэднія разважанні дзеля здаровага дактрынальнага развіцця [2]. Таму варта падтрымаць гэтую жывую памяць пра іх і адгукнуцца на заклік прыняць заданне, якое гэтыя Дэкрэты даручылі ўсяму Касцёлу: штодня аднаўляць прэзбітэрскае служэнне, чэрпаючы сілу з яго вытоку, якім з’яўляецца сувязь паміж Хрыстом і Касцёлам, каб разам з усімі вернікамі і ў іх служэнні быць вучнямі-місіянерамі паводле Ягонага Сэрца.

4. У той жа час, за шэсць дзесяцігоддзяў пасля Сабору, чалавецтва перажыло і перажывае змены, якія патрабуюць пастаяннай верыфікацыі пройдзенага шляху і паслядоўнай актуалізацыі вучэння Сабору. Разам з тым, на працягу апошніх гадоў Дух Святы натхняў Касцёл развіваць саборнае вучэнне пра яго супольнасны характар у адпаведнасці з сінадальнай і місійнай формай [3]. Менавіта з гэтай інтэнцыяй звяртаюся з дадзеным Апостальскім лістом да ўсяго Божага народу, каб разам пераасэнсаваць тоеснасць і функцыю паслугі пасвячэнняў з улікам таго, аб чым Пан просіць сёння Касцёл, працягваючы вялікую працу Другога Ватыканскага Сабору па абнаўленні (іт. aggiornamento). Я прапаную зрабіць гэта праз прызму вернасці, якая ёсць адначасова Божай ласкай і пастаянным шляхам навяртання, каб з радасцю адказаць на заклік Пана Езуса. Найперш хачу пачаць з удзячнасці за сведчанне і адданасць святароў ва ўсім свеце, якія ахвяруюць сваё жыццё, цэлебруюць ахвяру Хрыста ў Эўхарыстыі, абвяшчаюць Слова, адпускаюць грахі і дзень за днём аддана прысвячаюць сябе братам і сёстрам, умацоўваючы іх супольнасць і адзінства, асабліва клапоцячыся пра тых, хто найбольш церпіць і жыве ў патрэбе.

Вернасць і служэнне

5. Кожнае пакліканне ў Касцёле нараджаецца з асабістай сустрэчы з Хрыстом, «Асобай, якая надае жыццю новую перспектыву і тым самым выразны накірунак» [4]. Перад кожным абавязацельствам, перад кожным добрым асабістым памкненнем, перад кожнай паслугай спачатку гучыць голас Настаўніка, які кліча: «Ідзі за Мной» (Мк 1, 17). Пан жыцця ведае нас і асвятляе нашыя сэрцы сваім поўным любові позіркам (пар. Мк 10, 21). Гэта не толькі ўнутраны голас, але духоўны імпульс, які часта даходзіць да нас праз прыклад іншых вучняў Пана і набывае форму ў адважным жыццёвым выбары. Вернасць пакліканню, асабліва падчас выпрабавання і спакусы, умацоўваецца тады, калі мы не забываем той голас, калі можам з замілаваннем узгадаць гучанне голасу Пана, які нас любіць, выбірае, кліча і давярае таксама нас саміх неабходнаму суправаджэнню дасведчаных у духоўным жыцці асобаў. Рэха гэтага Слова з цягам часу становіцца прынцыпам унутранай еднасці з Хрыстом – еднасці фундаментальнай і незаменнай у апостальскім жыцці.

6. Пакліканне да святарскага служэння гэта свабодны і дармовы дар ад Бога. Пакліканне, па сутнасці, не з’яўляецца прымусам з боку Пана, а хутчэй поўнай любові прапановай плана збаўлення і свабоды для нашага жыцця, якую мы атрымліваем, калі з Божай ласкай усведамляем, што ў цэнтры нашага жыцця знаходзіцца Езус Пан. Тады пакліканне да паслугі пасвячэнняў паглыбляецца ў якасці дару сябе Богу, а таксама і Ягонаму святому Народу. Увесь Касцёл моліцца і радуецца гэтаму дару з сэрцам, перапоўненым надзеяй і ўдзячнасцю, як выказаўся папа Бэнэдыкт XVI на заканчэнне Года святарства: «Мы жадалі зноў абудзіць радасць з прычыны таго, што Бог так блізка да нас, і ўдзячнасць за тое, што Ён давярае сябе нашай слабасці; што Ён кожны дзень вядзе і падтрымлівае нас. А таксама мы хацелі яшчэ раз паказаць моладзі, што гэтае пакліканне, гэтае адзінства служэння Богу і з Богам існуе і, звыш таго, Бог сапраўды чакае нашага „так”» [5].

7. Кожнае пакліканне дар ад Айца, які трэба верна берагчы ў дынаміцы няспыннага навяртання. Паслухмянасць свайму пакліканню будуецца кожны дзень праз слуханне Божага слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстычнай Ахвяры, праз евангелізацыю, блізкасць да найменшых, святарскае братэрства ва ўсім з апорай на малітву як найважнейшае месца сустрэчы з Панам. Кожны дзень святар быццам вяртаецца на бераг Галілейскага мора, дзе Езус спытаў Пятра: «Ці любіш ты Мяне?» (Ян 21, 15), каб аднавіць сваё «так» [6]. У гэтым сэнсе можна зразумець надзею, выказаную ў Optatam totius, адносна таго, што святарская фармацыя не спыняецца з заканчэннем семінарыі (пар. 22), а хутчэй пракладае шлях для няспыннай, пастаяннай фармацыі, каб стварыць дынаміку сталага чалавечага, духоўнага, інтэлектуальнага і пастырскага абнаўлення.

8. Таму ўсе прэзбітэры пакліканы нястомна дбаць пра сваю фармацыю, каб падтрымліваць жывым Божы дар, атрыманы ў сакрамэнце пасвячэння (пар. 2 Цім 1, 6). Такім чынам, вернасць свайму пакліканню не з’яўляецца чымсьці статычным ці замкнёным, але ўяўляе сабой шлях штодзённага навяртання, якое пацвярджае і дапамагае атрыманаму пакліканню выспяваць. У гэтай перспектыве варта падтрымліваць ініцыятывы, такія як канферэнцыя, прысвечаная пастаяннай фармацыі святароў, якая прайшла ў Ватыкане з 6 па 10 лютага 2024 года і ў кой прынялі ўдзел больш за восемсот асобаў, адказных за пастаянную фармацыю, з васьмідзесяці краінаў. Пастаянная фармацыя гэта не інтэлектуальны высілак і пастырскае абнаўленне, але жывая памяць і пастаянная актуалізацыя ўласнага паклікання ў супольным вандраванні.

9. З моманту паклікання і пачатковай фармацыі прыгажосць і нязменнасць шляху захоўваюцца праз наследаванне Хрыста (іт. sequela Christi). Кожны пастыр, перш чым прысвяціць сябе таму, каб весці статак, павінен заўсёды памятаць, што ён сам вучань Настаўніка разам са сваімі братамі і сёстрамі, бо мы «на працягу ўсяго жыцця застаёмся „вучнямі” з няспынным імкненнем быць падобнымі да Хрыста» [7]. Толькі адносіны паслухмянага наследавання і вернага вучнёўства могуць утрымліваць розум і сэрца на правільным шляху, нягледзячы на хваляванні, якія можа прынесці жыццё.

10. У апошнія дзесяцігоддзі крызіс даверу да Касцёла, выкліканы злоўжываннямі духавенства, што напаўняе нас сорамам і заклікае да пакоры, яшчэ больш паказаў нам неабходнасць усебаковай фармацыі, якая забяспечвае рост і чалавечую сталасць кандыдатаў да прэзбітэрату поруч з багатым і глыбокім духоўным жыццём.

11. Пытанне фармацыі таксама мае ключавое значэнне ў вырашэнні праблемы тых, хто пасля некалькіх гадоў ці нават дзесяцігоддзяў пакідае служэнне. Аднак гэтую балючую рэальнасць нельга інтэрпрэтаваць выключна ў юрыдычных катэгорыях, трэба ўважліва і са спагадай прыгледзецца да гісторый гэтых братоў і да шматлікіх прычын, якія маглі прывесці іх да прыняцця такога рашэння. І адказам, у першую чаргу, будзе абноўленае ўключэнне ў фармацыю, засяроджаную на «шляху паглыблення сувязі з Панам. Гэты працэс ахоплівае ўсю асобу – сэрца, розум, свабоду і фармуе яе паводле вобраза Добрага Пастыра» [8].

12. Такім чынам, «семінарыя, незалежна ад прынятай формы, павінна быць школай пачуццяў [...]; нам трэба вучыцца любіць і рабіць гэта на ўзор Езуса». Таму я заахвочваю семінарыстаў да ўнутранай працы над сваёй матывацыяй, якая ахопіць усе аспекты жыцця: «Нічога з вашай індывідуальнасці не трэба адкідаць, але ўсё мае быць прынята і пераменена ў адпаведнасці з логікай пшанічнага зерня, каб вы сталі шчаслівымі людзьмі і святарамі, «мастамі», а не перашкодамі для ўсіх, хто звяртаецца да вас, каб сустрэцца з Хрыстом» [9]. Толькі прэзбітэры і кансэкраваныя асобы, па-чалавечы сталыя і духоўна моцныя, гэта значыць тыя, у каго чалавечае і духоўнае вымярэнні добра інтэграваныя і хто дзякуючы гэтаму здольны да сапраўдных адносінаў з усімі, могуць узяць на сябе абавязак цэлібату і пераканаўча абвяшчаць Евангелле Уваскрослага.

13. Такім чынам, гаворка ідзе пра захаванне і развіццё паклікання праз пастаянны працэс навяртання і адноўленай вернасці, а ён не можа быць выключна індывідуальным шляхам, але абавязвае нас клапаціцца адзін пра аднаго. Гэтая дынаміка заўсёды з’яўляецца дзеяннем ласкі, якая ахоплівае нашую крохкую чалавечнасць, аздараўляючы яе ад самалюбавання і эгацэнтрызму. З верай, надзеяй і любоўю мы пакліканы ісці за Хрыстом кожны дзень, поўнасцю давяраючы Пану. Камунія, сінадальнасць і місія не будуць дасягнуты, калі ў сэрцах святароў спакуса самарэферэнтнасці не саступіць месца духу слухання і служэння. Як падкрэсліў Бэнэдыкт XVI, «святар слуга Хрыста ў тым сэнсе, што яго жыццё, анталагічна прыпадобненае да Хрыста, набывае па сутнасці характар адносінаў: ён у Хрысце, праз Хрыста і з Хрыстом служыць людзям. Менавіта таму, што ён належыць Хрысту, прэзбітэр трывае цалкам у служэнні людзям: ён служыць іх збаўленню, іх шчасцю, іх сапраўднаму вызваленню, ён сталее ў гэтым паступовым прыняцці волі Хрыста, у малітве, у прабыванні з Ім „сэрцам да Сэрца”» [10].

Вернасць і братэрства

14. Другі Ватыканскі Сабор змясціў спецыфічную паслугу прэзбітэраў у рамкі роўнай годнасці і братэрства ўсіх ахрышчаных, як абвяшчае Дэкрэт Presbyterorum ordinis: «Хоць святары Новага Запавету ў выніку сакрамэнту пасвячэння выконваюць сярод народу і для Божага народу вельмі ўзнёслую i неабходную функцыю айцоў i настаўнікаў, аднак разам з усімі хрысціянамі яны з’яўляюцца вучнямі Пана і ўдзельнікамі Яго Валадарства дзякуючы ласцы Бога, які іх кліча. Бо для ўсіх адроджаных у вадзе хросту прэзбітэры з’яўляюцца братамі сярод братоў, як члены аднаго і таго ж Хрыстовага цела, будаванне якога даручана ўсім» [11]. Гэтае фундаментальнае братэрства мае свае карані ў хросце і яднае ўвесь Божы народ. Адначасова Сабор падкрэслівае асаблівую братэрскую сувязь паміж святарамі, заснаваную на самім сакрамэнце пасвячэння: «Усе прэзбітэры, устаноўленыя праз сакрамэнт пасвячэння, звязаны паміж сабою вельмі цесным сакрамэнтальным вузлом братэрства. Пры гэтым, асабліва ў дыяцэзіі, якой аддана служаць пад кіраўніцтвам свайго біскупа, яны ствараюць адзін прэзбітэрый. […] Кожны звязаны з іншымі членамі таго ж прэзбітэрыя асаблівымі повязямі апостальскай любові, паслугі і братэрства» [12]. Па гэтай прычыне, святарскае братэрства, перш чым стаць задачай, якую трэба выканаць, з’яўляецца дарам, які прыносіць ласка пасвячэння. Трэба прызнаць той факт, што гэты дар нас апярэджвае: яго не пабудуеш дзякуючы выключна добрай волі і супольным намаганням – ён з’яўляецца дарам ласкі, які робіць нас удзельнікамі служэння біскупа і рэалізуецца ў супольнасці з ім і з братамі.

15. Менавіта таму прэзбітэры пакліканы адказаць на ласку братэрства, дэманструючы і пацвярджаючы сваім жыццём тое, што вызначана не толькі ласкай хросту, але і сакрамэнтам пасвячэння. Быць верным камуніі азначае, перш за ўсё, пераадольваць спакусу індывідуалізму, паколькі ён несумяшчальны з місійнай і евангелізацыйнай дзейнасцю, якая заўсёды датычыць Касцёла ў цэлым. Нездарма Другі Ватыканскі Сабор амаль заўсёды казаў пра прэзбітэраў у множным ліку: ніводзін пастыр не існуе сам па сабе! Сам Пан «устанавіў Дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі, каб яны былі з Ім» (Мк 3, 14). Гэта азначае, што не можа існаваць служэння па-за камуніяй з Езусам Хрыстом і з Яго целам, якім ёсць Касцёл. Адна з галоўных задач на будучыню, асабліва ў свеце, пазначаным войнамі, падзеламі і разладамі, рабіць усё больш заўважным гэтае міжасабовае і супольнаснае вымярэнне паслугі пасвячэнняў, ведаючы, што адзінства Касцёла вынікае з «адзінства Айца і Сына і Духа Святога » [13].

16. Такім чынам, прэзбітэрскае братэрства павінна разглядацца як канстытутыўны элемент тоеснасці святароў [14], не толькі як ідэал або лозунг, але як аспект, які трэба развіваць з новай сілай. У гэтым сэнсе шмат зроблена ў ажыццяўленні рэкамендацый Presbyterorum ordinis (пар. 8), але яшчэ шмат чаго трэба зрабіць, пачынаючы, напрыклад, з эканамічнага выраўноўвання паміж тымі, хто служыць у бедных парафіях, і тымі, хто здзяйсняе сваё служэнне ў заможных супольнасцях. Варта таксама адзначыць, што ў некаторых краінах і дыяцэзіях усё яшчэ не гарантавана неабходнае забеспячэнне на выпадак хваробы і старасці. Узаемны клопат, асабліва ўвага да самотных ды ізаляваных нашых братоў, да хворых і пажылых, не можа лічыцца менш важнай, чым апека над людзьмі, якія нам даручаны. Гэта адно з асноўных пытанняў, над якімі я рэкамендаваў паразважаць святарам з нагоды іх нядаўняга Юбілею. «Бо як жа мы, святары, пабудуем жывыя супольнасці, калі найперш сярод нас не будзе панаваць сапраўднае і шчырае братэрства?» [15].

17. У многіх кантэкстах, асабліва на Захадзе, перад прэзбітэрамі ўзнікаюць новыя выклікі, звязаныя з сучаснай мабільнасцю і фрагментарнасцю грамадства. У выніку святары больш не з’яўляюцца часткай з’яднанай і веруючай супольнасці, якая ў мінулым падтрымлівала іх служэнне. Таму яны часцей трапляюць у небяспеку самотнасці, якая аслабляе іх апостальскую руплівасць і можа прывесці да сумнага замыкання ў сабе. Таксама па гэтай прычыне, у адпаведнасці з настаўленнямі маіх Папярэднікаў [16], я спадзяюся, што ва ўсіх мясцовых Касцёлах народзіцца новае імкненне інвеставаць у магчымыя формы супольнага жыцця і развіваць іх, «каб прэзбітэры, клапоцячыся пра духоўнае і інтэлектуальнае жыццё, мелі ўзаемную дапамогу, каб лепш маглі супрацоўнічаць у паслузе i каб пазбеглі небяспек, што нясе самотнасць» [17].

18. З іншага боку, трэба памятаць, што еднасць прэзбітэрыя ніколі не ўсталюецца шляхам знішчэння індывідуальнасці, харызмаў ці талентаў, якія Пан даў кожнаму святару. Важна, каб у дыяцэзіяльных прэзбітэрыях, дзякуючы распазнаванню біскупа, існавала раўнавага паміж шанаваннем гэтых дароў і захаваннем еднасці. З гэтага пункту гледжання школа сінадальнасці можа ўсім дапамагчы ўнутрана пасталець у прыняцці розных харызмаў у сінтэзе, што ўмацоўвае верную Евангеллю і вучэнню Касцёла еднасць прэзбітэрыя. У час вялікай крохкасці ўсе пасвячаныя пакліканы жыць у еднасці, вярнуўшыся да таго, што істотнае, і набліжаючыся да людзей, каб захаваць надзею, якая вырастае ў пакорным і канкрэтным служэнні. У гэтым кантэксце служэнне сталага дыякана, падобнага да Хрыста Слугі, з’яўляецца жывым знакам любові не павярхоўнай, але той, якая схіляецца, слухае і аддае сябе. Прыгажосць Касцёла, які складаецца з прэзбітэраў і дыяканаў, якія супрацоўнічаюць між сабой, з’яднаныя адным замілаваннем да Евангелля і клопатам пра найбяднейшых, становіцца яскравым сведчаннем еднасці. Згодна са словамі Езуса (пар. Ян 13, 34-35), менавіта з гэтай еднасці, укаранёнай ва ўзаемнай любові, хрысціянскае абвяшчэнне чэрпае пераканаўчасць і сілу. Таму дыяканскае служэнне, асабліва калі яно перажываецца ў камуніі з сям’ёй, гэта дар, які трэба зразумець, ацаніць і падтрымаць. Непрыкметнае, але неабходнае служэнне людзей, адданых любові, нагадвае нам, што місія спаўняецца не праз вялікія жэсты, а праз агульны запал да Валадарства і штодзённую вернасць Евангеллю.

19. Цудоўным і красамоўным прыкладам вернасці супольнасці несумненна з’яўляецца той, які прадставіў св. Ігнацый з Антыёхіі ў сваім Пасланні да Эфесцаў: «Належыць вам бегчы ў згодзе з думкай біскупа, што вы і робіце. Вашыя прэзбітэры, слушна шанаваныя і годныя Бога, знаходзяцца ў поўнай сугучнасці з біскупам, як струны на ліры. І такім чынам вашая аднадушнасць і гармонія любові апявае Езуса Хрыста. […] Таму для вас карысна заставацца ў бездакорнай еднасці, каб заўсёды мець удзел у Богу» [18].

Вернасць і сінадальнасць

20. Падыходжу да пытання, якое асабліва ляжыць мне на сэрцы. Кажучы пра тоеснасць святароў, Дэкрэт Presbyterorum ordinis падкрэслівае, перш за ўсё, сувязь са святарствам і місіяй Езуса Хрыста (пар. п. 2), а затым выяўляе тры фундаментальныя вымярэнні: адносіны з біскупам, які знаходзіць у прэзбітэрах «неабходных памочнікаў і дарадчыкаў», з якімі падтрымлівае братэрскія і сяброўскія сувязі (пар. п. 7); сакрамэнтальную еднасць і братэрства з іншымі прэзбітэрамі, каб «супрацоўнічаць у той самай справе» і выконваць «адну святарскую паслугу», імкнучыся «да аднаго», нават калі яны выконваюць розныя заданні (п. 8); адносіны са свецкімі вернікамі, сярод якіх прэзбітэры, маючы сваё спецыфічнае заданне, з’яўляюцца братамі сярод братоў, падзяляючы адну і тую ж годнасць хросту, жадаючы «супрацоўнічаць са свецкімі вернікамі» і прызнаючы «іх вопыт і кампетэнцыю ў розных сферах чалавечай дзейнасці, каб разам з імі маглі распазнаць знакі часу». Замест таго, каб імкнуцца дамінаваць ці браць усе задачы на сябе, «няхай у духу веры адкрываюць разнастайныя харызмы свецкіх — самыя сціплыя і самыя ўзнёслыя» (п. 9).

21. У гэтай галіне яшчэ шмат чаго трэба зрабіць. Імпульсам сінадальнага працэсу з’яўляецца моцны заклік Духа Святога зрабіць рашучыя крокі ў гэтым кірунку. Таму я паўтараю сваё жаданне «запрасіць святароў [...] нейкім чынам адкрыць свае сэрцы і прыняць удзел у гэтых працэсах» [19], якія мы перажываем. У гэтым сэнсе другая сесія XVI Сінадальнай асамблеі ў Заключным дакуменце [20] прапанавала перамяніць адносіны і працэсы. Здаецца неабходным, каб ва ўсіх мясцовых Касцёлах распачаліся адпаведныя ініцыятывы, дзякуючы якім святары маглі б азнаёміцца з рэкамендацыямі гэтага дакумента і адчуць плённасць сінадальнага стылю Касцёла.

22. Усё гэта патрабуе ўвагі да фармацыі на кожным узроўні, асабліва да пачатковай і сталай фармацыі святароў. Ва ўсё больш сінадальным і місійным Касцёле святарская паслуга не губляе сваёй важнасці і актуальнасці; больш за тое, яна можа больш засяродзіцца на сваіх канкрэтных і асаблівых задачах. Выклік сінадальнасці, які не ліквідуе адрозненні, але падкрэслівае іх, застаецца адной з галоўных магчымасцяў для святароў будучыні. Як адзначае вышэйзгаданы Заключны дакумент, «прэзбірэты пакліканы ажыццяўляць сваю паслугу ў духу блізкасці да людзей, гасціннасці і гатоўнасці выслухаць усіх, прыняўшы сінадальны стыль» (п. 72). Каб лепш рэалізоўваць эклезіялогію камуніі, паслуга прэзбітэра павінна выйсці за межы мадэлі выключнага лідарства (leadership), якая вядзе да цэнтралізацыі пастырскага жыцця і абцяжарвае толькі яго ўсімі даручанымі абавязкамі, і імкнуцца да больш калегіяльнага кіравання ў супрацоўніцтве паміж прэзбітэрамі, дыяканамі і ўсім Божым народам у межах узаемнага ўзбагачэння, якое з’яўляецца вынікам разнастайнасці харызмаў, натхнёных Духам Святым. Як нагадвае нам Evangelii gaudium, службовае святарства і прыпадабненне да Хрыста Абранніка не павінны весці нас да атаясамлення сакрамэнтальнай улады з уладай у цэлым, бо «прыпадабненне святара да Хрыста Галавы – як галоўнай крыніцы ласкі – не азначае ўзвышэння, якое ставіць яго вышэй за астатніх» [21].

Вернасць і місія

23. Тоеснасць прэзбітэраў будуецца на іх быцці для і непадзельна злучана з іх місіяй. Сапраўды, той, хто «імкнецца адкрыць святарскую ідэнтычнасць праз самааналіз свайго ўнутранага свету, магчыма, знаходзіць толькі знакі, якія кажуць пра „выхад”: выйдзі з сябе, выйдзі ў пошуках Бога ў адарацыі, выйдзі і дай свайму народу тое, што табе было даручана, а твой народ паклапоціцца, каб ты адчуў і пасмакаваў тое, кім ты ёсць, як цябе завуць, якая твая ідэнтычнасць, і прымусіць цябе радавацца сторазоваму плёну, які Пан абяцаў сваім слугам. Калі не выйдзеш з сябе, алей прагоркне, а намашчэнне не здолее быць плённым» [22]. Як вучыў св. Ян Павел II, «прэзбітэры ў Касцёле і для Касцёла з’яўляюцца сакрамэнтальным увасабленнем Езуса Хрыста, Галавы і Пастыра. Яны аўтарытэтна абвяшчаюць Яго слова, паўтараюць Яго жэсты прабачэння і ахвяру збаўлення, асабліва ў сакрамэнтах хросту, пакаяння і Эўхарыстыі, падзяляюць Яго поўны любові клопат аж да той ступені, што цалкам прыносяць сябе ў дар за статак, які збіраюць у адно і вядуць да Айца праз Хрыста ў Духу Святым» [23]. Такім чынам, святарскае пакліканне развіваецца сярод радасцяў і цяжараў пакорнага служэння братам, якога свет часта не заўважае, але якога моцна прагне: сустрэча з годнымі даверу сведкамі вернай і міласэрнай Любові Бога ўтварае прыярытэтны шлях евангелізацыі.

24. У нашым сучасным свеце, які вызначаецца хуткім тэмпам жыцця і няспынным жаданнем быць на сувязі, з-за чаго мы часта забеганыя і схільныя да актывізму, існуюць прынамсі дзве спакусы, якія пагражаюць нашай вернасці місіі. Першая гэта ментальнасць, арыентаваная на эфектыўнасць, паводле якой каштоўнасць кожнага чалавека вымяраецца яго прадуктыўнасцю, гэта значыць колькасцю зробленых спраў і рэалізаваных праектаў. Згодна з гэтым спосабам мыслення, тое, што ты робіш, важней за тое, кім ты ёсць, што пераварочвае сапраўдную іерархію духоўнай тоеснасці. Другая спакуса, наадварот, апісваецца як своеасаблівы квіетызм: напалоханыя кантэкстам, мы замыкаемся ў сабе, адкідаючы выклік евангелізацыі і абіраючы гультаяваты і паражэнчы падыход. Наадварот, радаснае і палкае служэнне – нягледзячы на ўсе чалавечыя слабасці – можа і павінна з энтузіязмам брацца за евангелізацыю ўсіх аспектаў нашага грамадства, асабліва культуры, эканомікі і палітыкі, каб усё магло быць адноўлена ў Хрысце (пар. Эф 1, 10). Каб пераадолець гэтыя дзве спакусы і жыць радасным і плённым служэннем, кожны прэзбітэр павінен заставацца верным даручанай місіі, гэта значыць дару ласкі, які біскуп удзяліў яму падчас пасвячэння. Вернасць місіі азначае прыняцце парадыгмы, пераказанай нам св. Янам Паўлам II, які прыгадаў усім, што пастырская любоў ёсць тым прынцыпам, які яднае жыццё прэзбітэра [24]. Менавіта праз падтрыманне агню пастырскай любові – па сутнасці, любові Добрага Пастыра кожны святар можа знайсці раўнавагу ў паўсядзённым жыцці і навучыцца распазнаваць, што будзе карысным і што складае proprium служэння, згодна з указаннямі Касцёла.

25. Гармоніі паміж кантэмпляцыяй і дзеяннем варта дасягаць не праз паспешлівае прыняцце аператыўных схем або простае ўраўнаважанне дзейнасці, але праз прыняцце пасхальнага вымярэння ў якасці цэнтральнага элемента служэння. Поўная самаадданасць не можа і не павінна ні ў якім выпадку азначаць адмовы ад малітвы, вучобы, святарскага братэрства, але наадварот, стаць гарызонтам, у які ўсё ўключана ў той меры, у якой накіравана на Пана Езуса, які памёр і ўваскрос дзеля збаўлення свету. Так спаўняюцца абяцанні, дадзеныя падчас пасвячэння, якія разам з непрывязанасцю да матэрыяльных дабротаў спрыяюць таму, што ў сэрцы прэзбітэра нараджаецца няспынны пошук і адданасць Божай волі, даючы Хрысту магчымасць ззяць ў кожным яго ўчынку. Так адбываецца, напрыклад, калі ён пазбягае ўсякага эгатызму і самапакланення, нават калі функцыя, якую ён выконвае, часам абавязвае яго да публічнасці. Выхаваны таямніцай, якую ён цэлебруе ў святой літургіі, кожны святар павінен «знікнуць, каб заставаўся Хрыстус, зрабіць сябе малым, каб Яго пазнавалі і праслаўлялі, цалкам ахвяравацца, каб ніхто не быў пазбаўлены магчымасці пазнаць і палюбіць Яго» [25]. Па гэтай прычыне прысутнасць у СМК, выкарыстанне сацыяльных сетак і ўсіх даступных сёння інструментаў заўсёды трэба ацэньваць з мудрасцю, бяручы за парадыгму распазнавання служэнне евангелізацыі. «Усё мне можна, але не ўсё карысна» (1 Кар 6, 12).

26. У кожнай сітуацыі прэзбітэры пакліканы эфектыўна адказваць на вялікую патрэбу сучаснага грамадства ў сапраўдных і шчырых адносінах праз сваё сведчанне сціплага і чыстага жыцця. Яны таксама сведчаць пра Касцёл, які з’яўляецца «дзейснай закваскай сувязяў, адносін і братэрства чалавечай сям’і», «здольнай умацоўваць адносіны: з Панам, паміж мужчынамі і жанчынамі, у сем’ях, у супольнасцях, паміж усімі хрысціянамі, сацыяльнымі групамі, рэлігіямі» [26]. Для гэтага неабходна, каб святары і свецкія усе разам здзейснілі сапраўднае місійнае навяртанне, якое скіроўвала б хрысціянскія супольнасці пад кіраўніцтвам сваіх пастыраў «на служэнне місіі, якую вернікі ажыццяўляюць у грамадстве, у сямейным і працоўным жыцці». Як адзначыў Сінод, «так будзе больш відавочна, што парафія не засяроджваецца на сабе, а накіравана на місію і паклікана падтрымліваць адданасць мноства людзей, якія па-рознаму жывуць і сведчаць пра сваю веру ў сваёй прафесіі, а таксама ў сацыяльнай, культурнай і палітычнай дзейнасці» [27].

Вернасць і будучыня

27. Спадзяюся, што святкаванне юбілею гэтых двух саборных дэкрэтаў і шлях, якім мы пакліканы ісці разам дзеля іх ажыццяўлення і актуалізацыі, абернуцца новай Пяцідзясятніцай пакліканняў у Касцёле і абудзяць святыя, шматлікія і трывалыя пакліканні да службовага святарства, каб ніколі не было нястачы ў работніках на жніве Пана. І няхай ва ўсіх нас зноў абудзіцца жаданне цалкам прысвяціць сябе садзейнічанню пакліканням і пастаяннай малітве да Гаспадара жніва (пар. Мц 9, 37-38).

28. Аднак, поруч з малітвай, недахоп пакліканняў да святарства, асабліва ў некаторых рэгіёнах свету, усіх прымушае задумацца пра плённасць душпастырскай практыкі Касцёла. Па праўдзе, гэты крызіс мае шмат розных прычын, і яны, у прыватнасці, залежаць ад сацыяльна-культурнага кантэксту. Але ў той жа час мы мусім мець адвагу агучваць моладзі моцныя і вызваляльныя прапановы і дбаць пра тое, каб у мясцовых Касцёлах развіваліся «асяродкі і формы моладзевага служэння, прасякнутыя Евангеллем, дзе пакліканні могуць праявіцца і даспець да поўнай самаадданасці» [28]. У перакананні, што Пан ніколі не перастае клікаць (пар. Ян 11, 28), неабходна заўсёды памятаць пра гэтую перспектыву ў кожнай сферы душпастырскай дзейнасці, асабліва ў душпастырстве моладзі і сем’яў. Будзем памятаць: няма будучыні без клопату пра ўсе пакліканні!

29. Напрыканцы я дзякую Пану, які заўсёды блізка да свайго народу і ідзе з намі, напаўняючы нашыя сэрцы надзеяй і спакоем, якімі мы можам дзяліцца з усімі. «Я хацеў бы, браты і сёстры, каб гэта было нашым першым вялікім жаданнем: з’яднаны Касцёл, знак еднасці і камуніі, які станецца закваскай паяднанага свету» [29]. Дзякую таксама ўсім вам, пастырам і свецкім вернікам, якія адкрываеце розумы і сэрцы на прароцкае пасланне саборных дэкрэтаў Presbyterorum ordinis і Optatam totius і разам рыхтуецеся чэрпаць з іх спажытак і натхненне для шляху Касцёла. Я даручаю ўсіх семінарыстаў, дыяканаў і прэзбітэраў заступніцтву Беззаганнай Дзевы, Маці Добрай Рады, і св. Яну Марыі Віянэю, заступніку пробашчаў і прыкладу для ўсіх святароў. Як казаў пробашч з Арса: «Святарства – гэта любоў сэрца Езуса» [30]. Любоў настолькі моцная, што развейвае хмары звычак, расчаравання і адзіноты. Любоў усёабдымная, якая ў паўнаце даецца нам у Эўхарыстыі. Любоў Эўхарыстычная, любоў святарская.

Дадзена ў Рыме, у Святога Пятра, 8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у Юбілейны 2025 год, першы год майго Пантыфікату.

ЛЕЎ XIV

____________________

[1] Другі Ватыканскі Сабор, Дэкрэт пра фармацыю святароў Optatam totius, уступ.

[2] Пар. Св. Джон Генры Ньюман, An Essay on the Development of Christian Doctrine, Notre Dame 2024. У гэтым сэнсе ўзгадваю заклік з Optatam totius, 16, да аднаўлення і развіцця касцёльных даследаванняў, якія працягваюцца дагэтуль.

[3] Пар. Сінод Біскупаў, Да сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія, Падрыхтоўчы дакумент (2021), 1; Францішак, Прамова з нагоды 50-годдзя ўстанаўлення Сіноду Біскупаў (17 кастрычніка 2015 г.).

[4] Бэнэдыкт XVI, Энц. Deus caritas est (25 снежня 2005 г.), 1.

[5] Бэнэдыкт XVI, Гамілія на Імшы на заканчэнне Года святарства (11 чэрвеня 2010 г.).

[6] «Спытаў Пятра, ці любіць ён Яго, не дзеля таго, каб пераканацца ў любові вучня, але каб паказаць яму бязмежнасць сваёй любові» (св. Ян Хрызастом, De sacerdotio II, 1: SCh 272, Paris 1980, 104, 48-51).

[7] Кангрэгацыя па справах духавенства, Дар святарскага паклікання. Ratio Fundamentalis Institutionis Sacerdotalis (8 снежня 2016 г.), п. 57.

[8] Зварот да ўдзельнікаў Міжнароднай сустрэчы «Шчаслівыя святары – „Я ж назваў вас сябрамі” (Ян 15, 15)», арганізаванай Дыкастэрыяй па справах духавенства з нагоды Юбілею святароў і семінарыстаў (26 чэрвеня 2025 г.).

[9] Разважанне з нагоды Юбілею семінарыстаў (24 чэрвеня 2025 г.).

[10] Бэнэдыкт XVI, Катэхеза (24 чэрвеня 2009 г.).

[11] Другі Ватыканскі Сабор, Дэкрэт пра служэнне і жыццё прэзбітэраў Presbyterorum ordinis, 9.

[12] Тамсама, 8.

[13] Св. Кіпрыян, De dominica oratione, 23: CCSL 3A, Turnhout 1976, 105.

[14] Пар. Кангрэгацыя па справах духавенства, Дар святарскага паклікання. Ratio Fundamentalis Institutionis Sacerdotalis (8 снежня 2016 г.), 87-88.

[15] Зварот да ўдзельнікаў Міжнароднай сустрэчы «Шчаслівыя святары – „Я ж назваў вас сябрамі” (Ян 15, 15)», арганізаванай Дыкастэрыяй па справах духавенства з нагоды Юбілею святароў і семінарыстаў (26 чэрвеня 2025 г.).

[16] Пар. Ян Павел ІІ, Паслясінадальная ап. адг. Pastores dabo vobis (25 сакавіка 1992 г.), 61; Бэнэдыкт XVI, Ап. ліст у форме Motu proprio Ministrorum institutio (16 студзеня 2013 г.).

[17] Другі Ватыканскі Сабор, Дэкрэт пра служэнне і жыццё прэзбітэраў Presbyterorum ordinis (7 снежня 1965 г.), 8.

[18] Св. Ігнацый з Антыёхіі, Ad Ephesios, 4, 1-2: SCh 10, Paris 1969, 72.

[19] Зварот да ўдзельнікаў Юбілею сінадальных груп і прадстаўнічых органаў (24 кастрычніка 2025 г.).

[20] Сінод Біскупаў, Заключны дакумент Другой сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі «Да сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія» (26 кастрычніка 2024 г.).

[21] Францішак, Ап. адг. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013 г.), 104.

[22] Той жа, Гамілія на св. Імшы Хрызма (17 красавіка 2014 г.).

[23] Св. Ян Павел II, Ап. адг. Pastores dabo vobis (25 сакавіка 1992 г.), 15.

[24] Пар. тамсама, 23.

[25] Гамілія на св. Імшы pro Ecclesia (9 мая 2025 г.).

[26] Сінод Біскупаў, Заключны дакумент Другой сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі «Да сінадальнага Касцёла: камунія, удзел і місія» (26 кастрычніка 2024 г.), 20; 50.

[27] Тамсама, 59; 117.

[28] Зварот да ўдзельнікаў Міжнароднай сустрэчы «Шчаслівыя святары – „Я ж назваў вас сябрамі” (Ян 15, 15)», арганізаванай Дыкастэрыяй па справах духавенства з нагоды Юбілею святароў і семінарыстаў (26 чэрвеня 2025 г.).

[29] Гамілія на св. Імшы з нагоды пачатку Пятровага служэння Біскупа Рыма (18 мая 2025 г.).

[30] «Le Sacerdoce, c’est l’amour du cœur de Jésus», Bernard Nodet, Le curé d’Ars. Sa pensée, son cœur, Parigi 1995, 98.

Пераклад
Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла
Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа