Змест
1. Уводзіны
2. Мэты дадзенага дакумента
3. Тэрміналогія
4. Суб’екты дакумента
5. Агульныя прынцыпы працы з непаўналетнімі
6. Правілы паводзінаў з непаўналетнімі
7. Паездкі з непаўналетнімі
8. Кантроль і адказнасць
9. Заключныя палажэнні
1.1. Праца з дзецьмі і падлеткамі з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў пастырства, якое ажыццяўляецца Рыма-каталіцкім Касцёлам у Беларусі. Разам з тым, Рыма-каталіцкі Касцёл у Беларусі прызнае, што любая форма работы з непаўналетнімі патрабуе выканання пэўных норм, як маральных, так і заканадаўчых, паколькі непаўналетнія яшчэ не здольныя самастойна адстойваць свае правы і законныя інтарэсы і таму маюць патрэбу ў дадатковай абароне.
1.2. Асаблівым чынам непаўналетнія безабаронныя перад рознымі формамі злоўжывання з боку дарослых. Такое злоўжыванне даверам і ўладай прычыняе глыбокі боль і шкоду ахвярам і іх родным. На жаль, сусветны вопыт паказвае, што гэтыя злоўжыванні мелі і могуць мець месца з боку прадстаўнікоў рэлігійных супольнасцяў, што прычыняе асаблівую шкоду не толькі непаўналетнім і іх родным, але і Рыма-каталіцкаму Касцёлу ў Беларусі і Касцёлу ў цэлым.
1.3. Сярод розных формаў злоўжывання асабліва цяжкім з'яўляецца сэксуальнае выкарыстанне. Яно з'яўляецца супрацьзаконным, глыбока амаральным, наносіць разбуральную духоўную, эмацыйную і псіхічную шкоду ахвярам і іх родным і ўяўляе сабой глыбокае злоўжыванне даверам у пастырскіх, чалавечых і прафесійных узаемаадносінах. Як заўважыў Папа Ян Павел II на сустрэчы з лідарамі Каталіцкага Касцёла ў 2002 годзе, спакушэнне моладзі “ва ўсіх адносінах недапушчальна і справядліва разглядаецца грамадствам як злачынства; гэта таксама жахлівы грэх у вачах Бога”.
1.4. Варта адзначыць, што парушэнні ў адносінах з непаўналетнімі могуць прывесці да сур'ёзных наступстваў згодна з дзеючым беларускім заканадаўствам, аж да крымінальнай адказнасці. Глава 20 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Злачынствы супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды» прадугледжвае дзеянні, якія альбо спалучаныя з адкрытым сэксуальным гвалтам, альбо заключаюцца ў грубым парушэнні нормаў палавой маралі паўналетнімі асобамі ў адносінах да непаўналетніх асоб.
1.5. Артыкул 166 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Гвалт» прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў за палавыя зносіны насуперак волі пацярпелай з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення да жанчыны ці яе блізкіх альбо з выкарыстаннем бездапаможнага стану пацярпелай. Пры гэтым учыненне гвалту паўторна, групай асоб, альбо заведама малалетняй караецца пазбаўленнем свабоды на тэрмін ад пяці да трынаццаці гадоў. Гвалт, што пацягнуў па неасцярожнасці смерць пацярпелай, альбо прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, альбо заражэнне ВІЧ, альбо іншыя цяжкія наступствы караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў.
1.6. Артыкул 167 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць за мужаложства, лесбіянства ці іншыя дзеянні сэксуальнага характару, учыненыя насуперак волі пацярпелага (пацярпелай) з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення або з выкарыстаннем бездапаможнага стану пацярпелага (пацярпелай), якія караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў. Тыя ж дзеянні, учыненыя паўторна, альбо асобай, якая раней учынiла згвалтаванне, або групай асоб, альбо ў дачыненні да заведама непаўналетняга (непаўналетняй) прадугледжваюць адказнасць у выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам ад пяці да трынаццаці гадоў. Гэтыя ж дзеянні, ўчыненыя ў дачыненні да заведама малалетняга (малалетняй) (асоба, якая не дасягнула 14-ці гадовага ўзросту), альбо якія пацягнулі па неасцярожнасці смерць пацярпелага (пацярпелай), альбо прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, альбо заражэнне ВІЧ, альбо іншыя цяжкія наступствы, - караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад васьмі да пятнаццаці гадоў.
1.7. Артыкул 168 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да чатырох гадоў са штрафам за палавыя зносіны, мужаложства, лесбіянства ці іншыя дзеянні сэксуальнага характару, учыненыя асобай, якая дасягнула васемнаццацiгадовага ўзросту, з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту. Тыя ж дзеянні, але ўчыненыя асобай, якая раней учынiла злачынствы, прадугледжаныя гэтым артыкулам, артыкуламі 166 або 167 гэтага Кодэкса, альбо асобай, на якую ўскладзены абавязкi па выхаванню, утрыманню, забеспячэнню бяспекі жыцця і здароўя непаўналетняга, або групай асоб, - караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў.
1.8. Артыкул 169 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць за распусныя дзеянні, учыненыя асобай, якая дасягнула васемнаццацiгадовага ўзросту, у адносiнах да асобы, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту, пры адсутнасці прыкмет злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 166, 167 і 168 Крымінальнага кодэкса, у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад аднаго да трох гадоў. Тыя ж дзеянні, учыненыя з прымяненнем гвалту або з пагрозай яго прымянення, - караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да шасці гадоў.
1.9. Артыкул 170 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае адказнасць за прымус асобы да палавых зносін, мужаложства, лесбіянства або да здзяйснення іншых дзеянняў сэксуальнага характару шляхам шантажу, пагрозы знішчэння, пашкоджаннем або адабраннем маёмасці або з выкарыстаннем службовай, матэрыяльнай або іншай залежнасці пацярпелага (пацярпелай) у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў са штрафам і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю або без пазбаўлення. Тое ж дзеянне, але здзейсненае ў дачыненні да заведама непаўналетняга (непаўналетняй), караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да шасці гадоў.
1.10. Паводле беларускага дзяржаўнага заканадаўства ўзрост згоды на сэксуальныя дзеянні складае 16 гадоў, а палавыя зносіны ці іншыя дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту, караюцца ў адпаведнасці з вышэй узгаданымі артыкуламі Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
1.11. Кананічнае Права ўстанаўлівае больш строгую адказнасць для вышэйпералічаных злачынстваў з асобамі, якія не дасягнулі 18-гадовага ўзросту або якія не валодаюць поўным выкарыстаннем розуму. Кананічным правам і грамадскім заканадаўствам да непаўналетніх асоб прыраўноўваюцца недзеяздольныя асобы.
1.12. Кананічнае Права Каталіцкага Касцёла (“Normae de gravioribus delictis” ад 21.05.2010) разглядае злоўжыванні ў сэксуальнай вобласці ў дачыненні да непаўналетніх як цяжкія касцёльныя злачынствы, якія прадугледжваюць жорсткія санкцыі для духавенства без тэрміну даўнасці. Касцёл прызнае сваю адказнасць за тое, каб прадухіляць гэтыя злачынствы і выхоўваць у сабе ўменне заўважаць прыкметы сэксуальнага або фізічнага выкарыстання непаўналетніх і зрабіць усё, што ў яго сілах, каб абараніць непаўналетніх ад любых формаў злоўжывання і пагарды. З іншага боку Касцёл таксама ўсведамляе, што фізічныя праявы пачуццяў і падтрымкі, хоць і могуць здавацца камусці непрымальнымі, усё ж прадстаўляюць сабой частку нармальнага пастырскага служэння.
1.13. Наступныя Прынцыпы працы і правілы паводзін, прынятыя ў Рыма-каталіцкім Касцёлам у Рэспубліцы Беларусь, пакліканы дапамагчы забяспечыць бяспечнае для непаўналетніх асяроддзе падчас пастырскай дзейнасці, а таксама правільнае выкарыстанне дарэчных формаў фізічных праяўленняў пачуццяў, без якіх немагчымыя паўнавартасныя міжасабовыя адносіны.
Згодна з кананічным правам асаблівая абарона распаўсюджваецца на ўсіх асоб, якія не дасягнулі ўзросту 18-ці гадоў. Да непаўналетніх асоб прыраўніваюцца недзеяздольныя асобы.
Дадзены дакумент мае наступныя мэты:
2.1. Ахова непаўналетніх.
2.2. Ахова ўразлівых асоб, г.зн. тых, якія з-за свайго фізічнага, інтэлектуальнага або псіхічнага стану не ў поўнай меры свабодныя ў сваіх дзеяннях ці могуць асаблівым чынам падвяргацца ціску.
2.3. Забеспячэнне празрыстых адносінаў з непаўналетнімі ўсіх дарослых, якія бяруць удзел у пастырскай дзейнасці.
2.4. Абарона добрага імені дарослых і пазбяганне падазрэнняў у непрыстойных паводзінах.
3. Тэрміналогія, якая ўжываецца ў гэтых Прынцыпах працы і правілах паводзін.
3.1. Непаўналетні - асоба, якой не споўнілася 18 гадоў, а таксама асоба, якая не валодае поўным выкарыстаннем розуму (арт. 6 пар. 1, 1 Normae de gravioribus delictis ад 21.05.2010).
3.2. У выпадку сумнення ў стане асобы необходна лічыць, што данная асоба з’яўляецца непаўналетняй, пакуль іншае не будзе адназначна вызначана.
Суб'ектамі гэтага дакумента з'яўляюцца:
4.1. Усе святары і кансэкраваныя асобы на тэрыторыі Республікі Беларусь.
4.2. Кандыдаты ў святарства і манаства, семінарысты на тэрыторыі Республікі Беларусь.
4.3. Катэхэты, як мужчыны, так і жанчыны, арганісты і закрыстыяны на тэрыторыі Республікі Беларусь.
4.4. Свецкія асобы, якія прымаюць удзел у пастырскай працы ў касцёльных структурах на тэрыторыі Республікі Беларусь.
4.5. Валанцёры і аніматары, як католікі, так і некатолікі, якія ўдзельнічаюць у працы з непаўналетнімі ў межах працы ў касцёльных структурах на тэрыторыі Республікі Беларусь.
4.6. Любыя паўналетнія асобы у межах працы ў касцёльных структурах або якія бяруць удзел ў касцёльных мерапрыемствах на тэрыторыі Республікі Беларусь.
4.7. Дзеянне дадзеных Прынцыпаў працы і правілаў паводзін не тычыцца ўзаемаадносін паўналетніх асоб з іх бліжэйшымі непаўналетнімі сваякамі (дзецьмі, унукамі, усыноўленымі дзецьмі, роднымі і дваюраднымі братамі і сёстрамі, пляменнікамі і пляменніцамі).
5. Агульныя прынцыпы працы з непаўналетнімі.
5.1. Усе прынцыпы ўзаемаадносін з непаўналетнімі грунтуюцца на абавязковым выкананні IV-й Запаведзі і маюць на ўвазе, што пастырскія супрацоўнікі ні пры якіх абставінах не могуць замяніць сабой бацькоў або законных прадстаўнікоў непаўналетніх.
5.2. Любыя формы пастырскай працы з непаўналетнімі павінны праходзіць выключна па згодзе бацькоў або іх законных прадстаўнікоў, нават у тых выпадках, калі гэта непасрэдна не прадугледжана дзяржаўным заканадаўствам.
5.3. Неабходна больш актыўна ўключаць бацькоў у пастырства непаўналетніх (напрыклад, праз прысутнасць каго-небудзь з бацькоў падчас катэхізацыі ці на мерапрыемствах).
5.4. Неабходна больш актыўна тлумачыць бацькам, што адказнасць за выхаванне, у тым ліку рэлігійнае, уласных дзяцей ляжыць перш за ўсё на іх, а задача святароў і пастырскіх работнікаў заключаецца ў аказанні дапамогі, а не ў замяшчэнні сям'і.
5.5. Неабходна асаблівую ўвагу надаваць выпадкам, калі непаўналетнія паходзяць з няпоўных альбо паталагічных сем'яў, а таксама са змешаных сужэнстваў.
5.6. Пастырскія мерапрыемствы павінны быць планаваныя так, каб непаўналетнія не вярталіся дадому занадта позна, улічваючы мясцовыя патрабаванні. У любым выпадку, яны павінны вяртацца дадому не пазней як а 23 гадзіне, а калі пазней - то толькі ў суправаджэнні бацькоў або законных прадстаўнікоў. Дадзенае правіла не тычыцца выязных мерапрыемстваў з начлегам.
5.7. Усе пастырскія работнікі, якія ўдзельнічаюць у працы з непаўналетнімі, павінны прайсці адпаведную падрыхтоўку і быць азнаёмленыя з дадзенымі нормамі пад подпіс. Падрыхтоўку таксама павінны прайсці кандыдаты ў святарства і манаства.
5.8. Валанцёры і аніматары, а таксама іншыя асобы, якія працуюць у касцёльных структурах, павінны быць праінструктаваныя пад подпіс аб нормах, якія тычацца дапушчальных, забароненых і непрыстойных формаў паводзін з непаўналетнімі.
5.9. Усе паўналетнія асобы, якія прымаюць удзел у мерапрыемствах, арганізаваных касцёльнымі структурамі, і на якіх прысутнічаюць непаўналетнія, павінны быць праінфармаваныя аб прадстаўленых у дадзеным дакуменце дапушчальных, забароненых і непрыстойных формах паводзінаў з непаўналетнімі.
5.10. Дарослы не павінен знаходзіцца сам-насам з непаўналетнім, за выключэннем абставінаў, вызначаных у дадзеных нормах.
5.11. Споведзь непаўналетніх павінна здзяйсняцца ў канфесіянале, які забяспечвае адсутнасць фізічнага кантакту або ў іншым адпаведным месцы, якое забяспечвае бачнасць.
5.12. У выпадку правакацыйных паводзінаў непаўналетняга ў адносінах да дарослага (паўналетняга), неабходна забяспечыць, каб непаўналетні не знаходзіўся з дарослым сам-насам, неадкладна спыніць з ім асабістыя кантакты і пісьмова паведаміць пра гэта бацькам, а таксама касцёльным уладам. Варта нагадаць, што правакацыйныя паводзіны падчас споведзі азначаюць, што пэнітэнт спыніў споведзь, і ў дадзеным выпадку святар можа сысці.
5.13. У выпадку, калі адзін з бацькоў непаўналетняга спрабаваў справакаваць іншага дарослага на недазволеныя адносіны са сваім дзіцем, неабходна спыніць асабістыя кантакты з гэтым бацькам (маці) і дзіцем, а таксама пісьмова заведаміць пра гэта касцёльныя ўлады.
5.14. Аб усіх выпадках, якія выклікаюць занепакоенасць з-за паводзін непаўналетніх, неабходна інфармаваць бацькоў і касцёльныя ўлады.
6. Правілы паводзінаў з непаўналетнімі.
6.1. Дапушчальныя формы паводзінаў.
Наступныя праявы пачуццяў разглядаюцца як формы нармальных паводзінаў у рамках служэння непаўналетнім, паколькі яны дапушчальныя ў нашай культуры:
- Кароткія абдымкі.
- Поціск рукі.
- Пахвала на словах.
- Дотыкі да рук, твару і плеч непаўналетняга.
- Кароткія паляпванні і пагладжванне па плячы, па спіне і па галаве.
- Класці руку на плячо.
- Вадзіць за руку дзяцей да 7 гадоў.
- Трымаць на руках ці браць на рукі маленькіх дзяцей да 4 гадоў.
- Падчас размовы сядзець побач з дзецьмі да 7 гадоў.
- Уставаць на кукішкі, каб абняць маленькае дзіцяці да 4 гадоў.
- Трымацца за рукі падчас малітвы.
6.2. Забароненыя формы паводзінаў.
Наступныя формы паводзінаў з непаўналетнімі з’яўляюцца недапушчальнымі:
- Ужываць алкаголь ці знаходзіцца пад дзеяннем алкаголю падчас нагляду за непаўналетнімі.
- Карыстацца вульгарнай мовай у прысутнасці непаўналетняга, дазваляць сабе жарты сэксуальнага характару.
- Абмяркоўваць уласную сэксуальнасць з непаўналетнімі.
- Абмяркоўваць па ўласнай ініцыятыве сэксуальныя дзеянні або ўступаць у любую сэксуальна-арыентаваную размову з непаўналетнімі па-за кантэкстам пастырскай апекі. Пастырская апека ўключае ў сябе сакрамант паяднання, пастырскае кансультаванне і размовы, якія з'яўляюцца часткай катэхізацыі ці дыскусій для падлеткаў, прысвечаных пытанням чалавечай сэксуальнасці, у адпаведнасці з праграмамі. Ва ўсіх выпадках неабходна клапаціцца пра тое, каб парады былі разважлівымі, і ў выпадку неабходнасці прадпрымаць крокі, каб накіраваць непаўналетняга да адпаведных спецыялістаў, калі выяўленыя праблемы знаходзяцца па-за кампетэнцыяй пастырскага служыцеля.
- Быць аголеным у прысутнасці непаўналетніх, пераапранацца або прымаць душ у прысутнасці непаўналетніх або знаходзіцца ў прысутнасці непаўналетніх, калі яны пераапранаюцца або прымаюць душ, калі толькі гэта не адбываецца ў месцах грамадскага карыстання, агульных для дарослых і непаўналетніх, такіх, як аздараўленчыя клубы, басейны, пляжы, рэкрэацыйныя цэнтры.
- Дапамагаць непаўналетнім пераапранацца, распранацца, мыцца, за выключэннем выпадкаў аказання медыцынскай дапамогі.
- Рабіць любыя віды масажу непаўналетняму, за выключэннем медыцынскіх паказанняў пры наяўнасці адпаведнай кваліфікацыі.
- Дазваляць непаўналетняму рабіць сабе любыя віды масажу.
- Цалаваць непаўналетняга.
- Дакранацца да ягадзіц, грудзей, унутранай паверхні сцёгнаў або да вобласці палавых органаў непаўналетняга, за выключэннем выпадкаў аказання медыцынскай дапамогі.
- Браць інтымныя прадметы адзення непаўналетняга. Варта вучыць непаўналетніх самастойна карыстацца сваімі рэчамі.
- Начаваць аднаму даросламу ў адным пакоі з непаўналетнімі, у тым ліку ў любым прыватным або касцёльным жылым памяшканні, гатэлі.
- Заставацца сам-насам з непаўналетнім у закрытым памяшканні, за выключэннем выпадкаў аказання медыцынскай дапамогі кваліфікаваным персаналам.
- Спаць у адным ложку, спальным мяшку або маленькім намёце з непаўналетнімі.
- Запрашаць непаўналетніх у свае прыватныя пакоі без суправаджэння іншага дарослага.
- Уступаць у сэксуальны кантакт з непаўналетнімі. У дадзеных нормах сэксуальны кантакт вызначаецца як любы дотык да палавых органаў або іншых інтымных частак цела чалавека непасрэдна або праз вопратку з мэтай задавальнення сэксуальнага жадання любым з бакоў. Сэксуальным кантактам лічыцца таксама дазвол або заахвочванне да такіх дакрананняў з боку непаўналетняга.
- Забяспечваць непаўналетніх непрыстойнымі друкаванымі або электроннымі матэрыяламі (часопісамі, паштоўкамі, відэазапісамі, фільмамі, электроннымі лістамі, фатаграфіямі, адзеннем і г.д.).
- Дзяліцца з непаўналетнімі сэксуальна-арыентаванымі матэрыяламі праз Інтэрнэт або завязваць з непаўналетнімі непрыстойныя або сэксуальна-арыентаваныя размовы праз Інтэрнэт.
- Даваць непаўналетнім доступ да сваіх асабістых гаджэтаў.
-Прадастаўляць непаўналетнім доступ да Інтэрнэту касцёльных структур, калі гэта непасрэдна не звязана з пастырскай дзейнасцю. Выхавацель павінен паінфармаваць непаўналетніх аб правілах бяспечнага карыстання Інтэрнэтам і сачыць за бяспекай яго выкарыстання.
- Па ўласнай ініцыятыве пачынаць размовы пра сэксуальнасць у сацыяльных сетках і Інтэрнэце з непаўналетнімі, нават маючы добрыя намеры. У выпадку звароту з іх боку па тых ці іншых пытаннях, якія тычацца іх уласнай сэксуальнасці, варта аднаразова рэкамендаваць ім адпаведную літаратуру або асабістую сустрэчу ў касцёльных структурах у межах пастырскай працы. У такім выпадку нельга дапускаць працяг абмеркавання гэтых тэм у сацыяльных сетках і Інтэрнэце.
- Прыбягаць да любых форм цялеснага пакарання для кіравання паводзінамі непаўналетніх. Ніякія формы цялесных пакаранняў не прымальныя. У тым ліку забараняецца шлёпаць, біць, шчыпаць, удараць непаўналетніх або любым іншым спосабам прымяняць фізічную сілу ў якасці пакарання ці для карэкцыі паводзін непаўналетніх.
- Прымяняць пакаранне працай, голадам, а таксама пакаранні, якія прыніжаюць гонар і годнасць, для кіравання непаўналетнімі або карэкцыі іх паводзін.
- Дарыць асабістыя падарункі непаўналетнім, без дазволу альбо ведання іх бацькоў альбо апекуноў.
6.3. Непрыстойныя формы паводзін.
Каб забяспечыць непаўналетнім максімальна бяспечнае асяроддзе, варта пазбягаць наступных праяў пачуццяў:
- Недарэчным чынам або доўга абдымацца з непаўналетнім.
- Займацца з непаўналетнім барацьбой.
- Казытаць непаўналетняга.
- Вазіць на спіне дзяцей, старэйшых за 4 гады.
- Трымаць на каленях дзяцей, старэйшых за 4 гады.
- Сядзець на адным ложку з непаўналетнім сам-насам.
- Дазваляць знаходзіцца непаўналетнім на плябаніі ці ў кляштары працяглы час па-за заняткамі па катэхезе.
- Не захоўваць адпаведную дыстанцыю, седзячы з непаўналетнім на адной канапе ці лаўцы.
- Дазваляць сабе любыя формы непажаданых або двухсэнсоўных праяў пачуццяў.
- Варта праяўляць разважлівасць у прыватных кантактах у сацыяльных сетках з асобамі, пра якіх заведама вядома, што яны непаўналетнія. Пад прыватнымі кантактамі маюцца на ўвазе тыя, якія не маюць у якасці галоўнай мэты пастырскай апекі (напрыклад, гутаркі пра спорт, музыку, моду, тэхніку, бытавыя пытанні). У выпадку сумневаў такія кантакты варта спыняць.
- Памяншаць ролю бацькоў у вачах непаўналетняга.
- У выпадку ўзнікнення сумненняў у прыстойнасці ці непрыстойнасці паводзінаў неабходна звярнуцца за тлумачэннем да касцёльных уладаў.
7.1. Пры арганізацыі паездак і выездаў з удзелам непаўналетніх неабходна выконваць усе нормы і прадпісанні дзяржаўнага заканадаўства.
7.2. Забараняецца перавозіць непаўналетніх у транспартным сродку без дазволу іх бацькоў ці законных прадстаўнікоў, а таксама без суправаджэння іншага дарослага, акрамя надзвычайных выпадкаў.
7.3. Забараняецца ўсякі непатрэбны ці непрыстойны фізічны кантакт з непаўналетнімі ў транспартным сродку.
7.4. За выключэннем спецыяльных мерапрыемстваў, такіх як рэкалекцыі, «Канікулы з Богам», летнікі, непаўналетнім не дазваляецца начаваць у парафіяльных або манаскіх дамах. Аб планаваным начлегу павінен быць праінфармаваны дэкан дэканату не менш чым за 2 тыдні.
7.5. Любы выезд непаўналетняга за межы населенага пункта, дзе ён пражывае, павінен суправаджацца дазволам бацькоў або законных прадстаўнікоў.
7.6. Касцёльныя структуры у Республіцы Беларусь, як юрыдычныя асобы, пры арганізацыі выездаў абавязаны строга выконваць усе нормы і прадпісанні беларускага грамадскага заканадаўства, якія рэгулююць перавозку і адпачынак непаўналетніх. У гэтым выпадку кіраўнік касцёльнай структуры абавязаны азнаёміцца з усімі нормамі і з адказнасцю за іх невыкананне, аж да крымінальнай. Таксама кіраўнік касцёльнай структуры абавязаны пісьмова праінфармаваць аб гэтых нормах усіх, хто займаецца арганізацыяй выезду.
7.7. Магчыма арганізаваць выезд непаўналетніх як прыватную ініцыятыву іх бацькоў ці законных прадстаўнікоў, якія давяраюць сваё дзіця іншым фізічным асобам. У гэтым выпадку ўдзел пастырскіх супрацоўнікаў у выездзе магчымы толькі як іх асабістая ініцыятыва і ў вольны ад асноўнай працы час (водпуск).
7.8. У выпадку выездаў з начлегам абавязковая наяўнасць пісьмовага дазволу бацькоў або законных прадстаўнікоў.
7.9. Святарам, кансэкраваным асобам і семінарыстам, а таксама кандыдатам да манаскага жыцця не варта прымаць на сябе ніякіх формаў даверанасцяў на паасобных непаўналетніх.
7.10. Неабходна паклапаціцца пра бяспеку непаўналетніх падчас выезду. Гэта адносіцца да перавозкі, харчавання, умоў пражывання, спартыўна-рэкрэацыйных мерапрыемстваў. У сувязі з гэтым неабходна заручыцца адпаведнай колькасцю кваліфікаваных супрацоўнікаў ці валанцёраў.
7.11. Фізічныя асобы, якім даверана апека непаўналетніх падчас выезду, павінны ў абавязковым парадку прайсці адпаведны інструктаж у касцёльных структурах, а ў выпадку неабходнасці - і ў свецкіх (правілы пажарнай бяспекі, медыцынскі інструктаж і г.д.).
7.12. Варта асабліва сачыць за тым, каб непаўналетнія падчас выезду не ўжывалі спіртныя напоі, наркатычныя рэчывы і тытунь, нецэнзурную лексіку, а таксама не дапускаць неадпаведных сэксуальных паводзінаў з іх боку.
7.13. Пры выязных мерапрыемствах з начлегам варта загадзя скласці распарадак дня. Распарадак павінен улічваць дзённы і начны адпачынак непаўналетніх. Начны адпачынак не павінен пачынацца пазней, чым а 23.00.
7.14. Пры перавозцы непаўналетніх неабходна выконваць правілы арганізаванай перавозкі груп дзяцей, устаноўленыя дзяржаўным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнымі органамі ці перавозчыкамі, якія могуць мяняцца.
7.15. У выпадку неадпаведных паводзінаў непаўналетняга падчас выезду неабходна правесці з ім выхаваўча-тлумачальную працу, выкарыстоўваючы пастырскі і педагагічны вопыт, а таксама разважлівасць. Пры адсутнасці вынікаў варта паведаміць аб непрыстойных паводзінах або неабходнасці адпраўкі яго дадому бацькам і касцёльным уладам, а ў выпадках здзяйснення крымінальнага злачынства - праваахоўным органам.
8.1. Пра любыя здарэнні з непаўналетнімі трэба неадкладна праінфармаваць бацькоў, а таксама дэкана дэканату. Дэкан, у сваю чаргу, паведамляе Ардынарыю, у залежнасці ад сур’ёзнасці здарэння. Да такіх здарэнняў адносяцца, у прыватнасці, выклік хуткай дапамогі да непаўналетняга, шпіталізацыя, няшчасны выпадак, харчовае атручванне, пажар у месцы пражывання, неабходнасць адпраўкі дадому за дрэнныя паводзіны. Неабходна таксама неадкладна паведаміць дэкану аб любых праверках, якія праводзяцца свецкімі ўладамі падчас выезду непаўналетніх. Пра здарэнне, звязанае з сэксуальнымі дамаганнямі або гвалтам неабходна адразу ж паведамляць аднаму або некалькім членам Дыяцэзіяльнай камісіі па абароне непаўналетніх.
9.1. Гэтыя “Прынцыпы працы і правілы паводзінаў з непаўналетнімі ў дыяцезіях Рэспубліцы Беларусь” уступаюць у сілу адразу пасля іх зацвярджэння на 82-ім Пленарным Паседжанні Канференціі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
9.2. Яны застаюцца ў сіле бестэрмінова і дейнічаюць на тэррыторыі ўсіх Рымска-каталіцкіх дыяцэзій Республікі Беларусь.
Мінск, 10 лістапада 2021