Пошук

04.12.2023 10:00   grodnensis.by / Catholic.by

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!

Сёння мы адзначаем у літургіі Касцёла першую нядзелю Адвэнту – пачатак новага літургічнага года. Перад намі гадавы цыкл касцёльных урачыстасцяў і святаў, а таксама літургічных перыядаў, якія, змяняючы адно аднаго, нагадваюць нам пра найважнейшыя падзеі гісторыі збаўлення і дазваляюць нанова іх перажыць. Гэта гісторыя любові Бога да чалавека, а найдасканалейшым чынам гэтую любоў нам аб’явіў Езус Хрыстус, Сын Божы, які для нас стаўся чалавекам, каб праз муку, смерць і ўваскрасенне адкупіць усё чалавецтва.

Адвэнт, які пачынаецца, – гэта запрашэнне ўвайсці ў настрой суму па Збаўцу і чакання Яго прыйсця. У Старым Запавеце чытаем, як Пан Бог спрадвеку рыхтаваў свой народ да сустрэчы з абяцаным Месіяй. Натхнёныя Богам прарокі нястомна павучалі ізраэлітаў, указвалі на шматлікія выпадкі іх нявернасці і грахі, абвінавачвалі ў жорсткасці сэрца і пагардзе да Божага слова. Адначасова ў пасланнях прарокаў мы можам пачуць заклік апамятацца, распачаць пакаянне і навяртанне, разам з запэўніваннем, што Бог у сваёй бясконцай міласэрнасці акажа грэшнікам прабачэнне і літасць, а Яго ласка пераменіць і адновіць чалавечыя сэрцы. “Завялі мы, як лісце, – вызнае сёння з пакорай прарок Ісая, – а правіны нашыя, як вецер, нясуць нас. І няма нікога, хто заклікаў бы імя Тваё, хто ўстаў бы, каб моцна трымацца за Цябе. […] Але, Пане, Ты – Айцец наш, мы – гліна, а Ты – наш ганчар. І ўсе мы – справа рукі Тваёй” (Iс 64, 5-7).

У перыяд Адвэнту Касцёл запрашае нас з такой жа ахвотай, у духу шчырага навяртання, з верай у Божую міласэрнасць і прабачэнне падрыхтаваць сэрцы да сустрэчы з Езусам Хрыстом, які да нас прыходзіць у таямніцы Нараджэння. Хоць Адвэнт не мае характару вузка пакаяннага, традыцыя Касцёла заахвочвае нас адмовіцца ад павярхоўных пацехаў і гучных забаваў, унутрана сцішыцца і звярнуць большую ўвагу на духоўныя справы. Не дазволім, каб гарачка перадсвяточных закупак, прысутныя паўсюль рэкламы ці спакуслівыя прапановы ў крамах заглушылі ў нас жаданне таго, што самае істотнае: больш інтэнсіўнай малітвы, больш уважлівага слухання Божага слова, больш стараннага прыняцця святых сакрамэнтаў. Няхай Адвэнт стане часам глыбокага аднаўлення нашай веры, ажыўлення надзеі, узрастання ў любові да Бога і бліжняга.

Двухтысячагадовая традыцыя Касцёла выпрацавала разнастайныя адвэнтавыя практыкі, якія могуць быць карыснымі ў актыўным і свядомым перажыванні гэтага асаблівага часу ласкі. У многіх парафіях арганізоўваюцца рэкалекцыі і дні засяроджання, якія маюць на мэце нагадаць нам важныя праўды, звязаныя з верай, і дапамагчы прыняць адпаведныя адвэнтавыя пастановы, якія палегчаць нам пераадоленне ўласных слабасцяў і грахоў. Ужо цяпер сплануем час так, каб мы маглі ўзяць удзел у гэтых духоўных практыкаваннях, такіх важных і вельмі патрэбных.

Па меры магчымасці пастараемся ўдзельнічаць у раратніх святых Імшах, якія традыцыйна цэлебруюцца ў Адвэнт у гонар Маці Божай. Паклапоцімся асабліва аб тым, каб у гэтых Імшах бралі ўдзел дзеці і моладзь. Няхай духоўнае знаходжанне побач з Найсвяцейшай Паннай Марыяй у чаканні прыйсця Сына Божага прынясе ва ўсіх нас плён паглыблення Марыйнай пабожнасці і яшчэ глыбейшага перажывання радасці Божага Нараджэння.

Не забудзем прыступіць у перыяд Адвэнту да сакрамэнту паяднання, каб мы маглі сустрэць Хрыста, які прыходзіць, у стане асвячальнай ласкі ў нашых сэрцах. Няхай паяднанне з Панам Богам будзе для нас заахвочваннем да паяднання з бліжнімі шляхам узаемнага прабачэння, даравання правінаў і кампенсавання ўчыненых крыўдаў.

Перыяд Адвэнту – гэта таксама час агарнуць асаблівым клопатам тых, хто знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, і аказаць ім сардэчную, бескарыслівую дапамогу. У гэты святы час агледзімся вакол сябе і заўважым людзей бедных, самотных, беспрацоўных, хворых, пажылога ўзросту, тых, якія перажываюць розныя жыццёвыя крызісы і цяжкасці. Пачуем іх нямое маленне аб дапамозе, зацікавімся імі, выкажам ім братэрскае спачуванне, падзелімся тым, што маем, і не пашкадуем для іх хвіліны часу, добрага слова і крупінкі сэрца. Будзем памятаць пра словы Езуса Хрыста: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25, 40).

Умілаваныя браты і сёстры! Сёлетні перыяд Адвэнту надзвычай кароткі. Ужо праз тры тыдні мы сядзем сем’ямі за вігілійным сталом, падзелімся аплаткай, выкажам адзін аднаму віншаванні і ў чарговы раз у жыцці адчуем выключную радасць, цеплыню, дабро, мір і любоў – штосьці, што мы часта называем магіяй святаў. Спытаемся ў сябе сёння, на пачатку Адвэнту: чаму мы так мала прыкладваем старанняў, каб падобная атмасфера любові, дабрыні і міру панавала ў нашых дамах штодзень, а не толькі ў святы? Можа, варта ўжо цяпер пачаць штосьці змяняць у нашым сямейным жыцці, каб зрабіць яго паўнейшым і прыгажэйшым, больш падобным да найдасканалейшага ўзору, якім з’яўляецца для нас, хрысціян, жыццё Святой Сям’і з Назарэта?

Няхай пуцяводным святлом для кожнай сям’і будуць прыгожыя словы Папы Францішка з апостальскай адгартацыі Amoris Laetitia пра любоў у сям’і: “Уцелаўленне Слова ў чалавечай сям’і ў Назарэце, – піша Святы Айцец, – ўзрушвае сваёй навізной гісторыю свету. Мы павінны паглыбіцца ў таямніцу нараджэння Езуса, у „так“ Марыі, сказанае падчас нябеснага звеставання, калі ў Яе ўлонні было зачата Слова; таксама ў „так“ Юзафа, які даў імя Езусу і паклапаціўся пра Марыю; у радасць пастухоў пры яслях; у пакланенне трох Мудрацоў; у таямніцу ўдзелу Езуса ў пакутах свайго выгнанага, пераследаванага і прыніжанага народу. […] Далей трэба паглыбіцца ў перыяд трыццаці доўгіх гадоў, калі Езус зарабляў на сваё жыццё, працуючы сваімі рукамі, узносячы малітвы і захоўваючы рэлігійныя традыцыі свайго народу, выхоўваючыся ў веры сваіх айцоў, клапоцячыся, каб яна дала плён ў таямніцы Валадарства. Гэта таямніца Божага Нараджэння і таямніца Назарэта, […] з яе таксама чэрпаюць прыклады хрысціянскія сем’і, каб аднавіць сваю надзею і радасць. Запавет любові і вернасці, якім жыве Святая Сям’я з Назарэта, пралівае святло на прынцып, які надае форму кожнай сям’і і дазваляе ёй лепш спраўляцца са зменлівасцю жыцця і гісторыі. На гэтым падмурку кожная сям’я таксама ў сваёй слабасці можа стаць святлом у змроку свету. […] Няхай Назарэт сам нагадае, чым ёсць сям’я, чым ёсць еднасць любові, яе суровая і простая прыгажосць, яе святы і непарушны характар” (AL, 65-66).

З усяго сэрца жадаю кожнаму з вас, дарагія браты і сёстры, цудоўнага і глыбокага, поўнага сэнсу і шчодрага на духоўныя плёны перажывання Адвэнту. Няхай гэты святы час будзе ўзбагачаны асабістай малітвай, прыняццем святых сакрамэнтаў і ўважлівым слуханнем Божага слова. Няхай не будзе ў вас недахопу ва ўнутранай цішыні і засяроджанасці, якія дазволяць пачуць у сэрцы далікатны і поўны любові Божы голас.

Памятаю пра вас, дарагія вернікі дыяцэзіі, у маіх малітвах, даручаю ваш шлях адвэнтавага чування клапатлівай апецы Беззаганнай Панны Марыі і на плённую падрыхтоўку да святаў Божага Нараджэння ўсіх з усяго сэрца благаслаўляю.

Aляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі



Гродна, 27.11.2023 г.

Абноўлена 04.12.2023 10:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця