Прымаючы на сябе заданне арганізаванай і плённай перадачы евангельскага паслання ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльнай камунікацыі, а таксама у клопаце пра забеспячэнне дакладнай інфармацыі пра жыццё Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі вызначае асноўныя нормы выступлення ў СМІ і сродках сацыяльнай камунікацыі духоўных асобаў і членаў Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця (далей – духоўныя і манаскія асобы).
1. Дадзеныя нормы распаўсюджваюцца таксама на асобаў, якія праходзяць адпаведную фармацыю ў духоўных установах.
2. Свецкія асобы, якія паступаюць на працу або распачынаюць пастаяннае супрацоўніцтва з інстытуцыямі Касцёла, павінны выразіць пісьмовую згоду на распаўсюджванне на іх дадзеных нормаў.
3. Толькі заявы тых духоўных і манаскіх асобаў, якія выступаюць з выразнага дазволу ардынарыя месца, згодна з кан. 831 § 1 і 832 Кодэкса Кананічнага Права, можна лічыць пазіцыяй інстытуцыі Касцёла, ад імя якой яны выказваюцца.
4. Духоўныя і манаскія асобы абавязаны верна перадаваць каталіцкае вучэнне ў адпаведнасці з дактрынай Настаўніцтва Касцёла і захоўваць нормы, выдадзеныя дыяцэзіяльным біскупам, а таксама захоўваць прадпісанні, устаноўленыя Канферэнцыяй Біскупаў, згодна з кан. 772 §1 і 2 Кодэкса Кананічнага Права.
5. Духоўныя і манаскія асобы, якія выказваюцца ў СМІ альбо ў сродках сацыяльнай камунікацыі, павінны адзначацца вернасцю вучэнню Евангелля, адпаведнымі ведамі і кампетэнцыяй, разважлівасцю і адказнасцю за сказанае слова, клопатам і любоўю да праўды, павагай да іншых людзей і шчырым пошукам супольнага дабра, каб Касцёл мог эфектыўна выконваць сваё заданне (гл. кан. 822 § 3 Кодэкса Кананічнага Права).
6. Пры выступленні ў СМІ альбо ў сродках сацыяльнай камунікацыі духоўныя і манаскія асобы павінны памятаць, што яны пакліканы прапаведаваць вучэнне Хрыста, а не ўласныя меркаванні і погляды, асабліва такія, якія могуць выклікаць блытаніну, скандал, стаць прычынай падзелаў паміж людзьмі, і каб такое выступленне спрыяла бездакорнаму захаванню праўдаў веры і добрых нораваў (гл. кан. 823 § 1 Кодэкса Кананічнага Права). Гэта таксама ўключае ў сябе ўстрыманне ад палітычных заяў і выказванняў.
7. Пры выступленні ў СМІ або ў сродках сацыяльнай камунікацыі духоўных і манаскіх асобаў неабходна дакладна выконваць касцёльныя прадпісанні (гл. кан. 822-832 Кодэкса Кананічнага Права) і дзяржаўнае заканадаўства, асабліва ў сферы аховы непаўналетніх, публікацыі фотаздымкаў іншых асоб, абароны асабістых дадзеных і аўтарскіх правоў.
8. Для ажыццяўлення супрацоўніцтва з прэсай, радыё- або тэлепраграмай, інтэрнэт-парталам, для рэгулярнага выступлення ў СМІ і вядзення ўласных праграм духоўным і манаскім асобам неабходна мець выразную згоду ўласнага ардынарыя або ўласнага вышэйшага настаяцеля (кан. 831 §1 і §2, кан.832 Кодэкса Кананічнага Права).
9. Кожны дыяцэзіяльны біскуп павінен клапаціцца пра тое, каб духоўныя і манаскія асобы, якія служаць у яго дыяцэзіі, а таксама супрацоўнікі касцёльных установаў рэгулярна прымалі ўдзел у адукацыйных праграмах, якія забяспечваюць адпаведную медыяадукацыю і кампетэнцыі для адказнага і эфектыўнага ўдзелу ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльнай камунікацыі.
10. Духоўныя і манаскія асобы нясуць персанальную маральную і юрыдычную адказнасць за ўсе ўласныя публікацыі і дзеянні ў СМІ і сродках сацыяльнай камунікацыі.
11. Нягледзячы на тое, што часта прысутнасць духоўных і манаскіх асобаў ў СМІ альбо сродках сацыяльнай камунікацыі, асабліва ў сацыяльных сетках, з’яўляецца іх прыватнай ініцыятывай, аднак яны заўсёды ўспрымаюцца як прадстаўнікі Касцёла. Іх прысутнасць у медыйнай прасторы не можа спрыяць і выкарыстоўвацца для вядзення дзейнасці супраць Бога, Евангелля, Касцёла, свайго настаяцеля, а таксама любога іншага чалавека. Такім чынам, згодна з кан. 831 §1 Кодэкса Кананічнага Права, яны не могуць удзельнічаць у медыйных кампаніях і праектах, якія супярэчаць каталіцкай веры і маралі. Кожны ўдзел у медыйных праектах павінен быць адпаведна зацверджаны ўласным ардынарыем або ардынарыем месца, дзе будзе рэалізоўвацца праект.
12. У сродках сацыяльнай камунікацыі духоўныя і манаскія асобы павінны выступаць ў духоўным або манаскім адзенні, у адпаведнасці з іх дыяцэзіяльнай або манаскай прыналежнасцю. У асобных выпадках, калі дазваляецца выключэнне з гэтага правіла, неабходна атрымаць выразную згоду ардынарыя або вышэйшага настаяцеля.
13. Адказнасць за адміністраванне сайта або старонкі касцёльнай установы ускладаецца на кіраўніка гэтай касцёльнай установы або ўпаўнаважанаю ім асобу. Адміністратары сайтаў або інтэрнэт-старонак касцёльных установаў павінны быць прызначаныя дыяцэзіяльным біскупам.
14. Неабходна мець асаблівую асцярожнасць і разважлівасць ў справах духоўнага кіраўніцтва або прыватнай кансультацыі праз сродкі сацыяльнай камунікацыі. З мэтай захавання канфідэнцыяльнасці абсалютна немагчыма цэлебрацыя сакрамэнту пакаяння і паяднання праз гэтыя сродкі, у тым ліку па тэлефоне ці праз Інтэрнэт (пар. кан. 960 Кодэкса Кананічнага Права і Нормы Апостальскай Пэнітэнцыярыі адносна гэтых пытанняў).
15. Каб пазбегнуць парушэння вышэйпералічаных нормаў уласны Ардынарый або ўласны вышэйшы настаяцель, які нясе адказнасць за тое, каб вера і добрыя норавы захоўваліся бездакорна (кан. 823 §1 Кодэкса Кананічнага Права), можа выдаць адпаведныя распараджэнні, увесці неабходныя абмежаванні і ў абгрунтаваных выпадках накладаць прадугледжаныя Кананічным Правам санкцыі (гл. кан. 1368 §1, 1373, 1378 §1 Кодэкса Кананічнага Права).
Нормы выступлення і прысутнасці духоўных асобаў і членаў Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльнай камунікацыі уваходзяць у жыццё з моманту іх публікацыі.
Нормы выступлення і прысутнасці духоўных асобаў і членаў Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльнай камунікацыі
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .