Пошук

Чацвер, 17 сакавіка 2016
Аўторак, 15 сакавіка 2016
15.03.2016 11:39
Стацыя 1. Езус асуджаны на смерць Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ! Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! “Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусціў ім Барабу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне” (Мк 15, 15). Езус бязвінна асуджаны, Ён церпіць найвялікшую несправядлівасць у жыцці чалавецтва, несправядлівасць, якую здзейснілі людзі супраць Божага Сына. У жыцці таксама здараюцца сітуацыі, калі несправядліва асуджаюць мяне. Тады мая натура пачынае бунтаваць. Але здараецца і адваротнае – калі я сам асуджаю іншых людзей. Асуджаць заўсёды лёгка, таму што чужы грэх з-за сваёй пыхі я заўважаю больш, чым свой. Як часта сярод сяброў і знаёмых у пэўных кампаніях я пачынаю “перамываць косткі” іншым людзям? І менавіта ў гэтых выпадках, асуджаючы і абгаворваючы бліжняга, я выношу бязвінны прысуд Езусу. Знешне з’яўляючыся хрысціянінам, унутрана я адварочваюся ад Хрыста. Езу, навучы мяне пакоры, каб я ўтаймоўваў свой язык, а замест асуджэння бліжняга імкнуўся дапамагчы яму ў змаганні са спакусамі і слабасцямі. Ойча наш… Ты за нас цярпеў… Стацыя 2. Езус бярэ крыж Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ! Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! “І, несучы свой крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам Чэрапа, па-габрэйску – Галгота” (Ян 19, 17). Як цяжка мне ўзяць свой крыж… Калі ў маім жыцці з’яўляюцца перашкоды, я часта пачынаю наракаць на Бога, або абвінавачваю іншых людзей у сваіх праблемах: выкладчыкаў або калег на працы, сяброў або родных… Я гатовы на каго заўгодна ўскласці адказнасць, але не на самога сябе. І тады я пачынаю граць ролю ахвяры. У гэтай ролі я магу пражыць нават шмат гадоў, аж пакуль не зразумею, што не жыву сваім жыццём. Езус дае мне прыклад адказнасці. Ён не пабаяўся ўзяць на сябе крыж, а мужна пранёс яго аж да сваёй смерці і ўваскрасення. Божа, дапамажы мне не наракаць на жыццё, а штодзённа браць свой крыж і самаўдасканальвацца. Ойча наш… Ты за нас цярпеў… Стацыя 3. Езус падае першы раз Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ! Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! Вянок з церня моцна сціскае галаву, а па твары Езуса сцякае кроў. Змучаны бічаваннем, абсмяяны і апляваны жаўнерамі, Езус годна нясе свой крыж. Аднак Яго чалавечая натура не вытрымлівае, і Езус падае першы раз. Я таксама падаю на гэтым шляху да збаўлення. Спакусаў так шмат, і супрацьстаяць ім так складана… Кожны раз, калі я здзяйсняю грэх, Езус падае на зямлю разам са мной.  Упершыню паддаўшыся спакусе, я магу ўпасці ў цяжкім граху ідалапаклонства на доўгія гады. Маімі ідаламі могуць быць фанатызм, мода, ежа, секс або інтэрнэт. Як часта ўпершыню зроблены грэх можа стаць духоўнай праблемай, якую патрэбна вырашаць гадамі?! На гэтым шляху навяртання Ты і толькі Ты, Пане, мне дапамога. Дапамажы мне падняцца, калі я ўпершыню ўпаду, калі будзе здавацца, што грэх перамагае мяне, а надзея знікае. Дапамажы мне ўспомніць у такія моманты, што Ты падаеш  разам са мной і не пакідаеш нават у хвіліны адчаю. Ойча наш… Ты за нас цярпеў… Стацыя 4. Езус сустракае сваю Маці Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ! Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! Марыя – вобраз маці-пакутніцы, якая кажа “так” пакліканню свайго Сына. Яна згаджаецца з Божай воляй нават тады, калі бачыць, як пакутуе і памірае Яе Сын. Езус з’яўляецца прыкладам добрага Сына, які нават перад смерцю не пакідае Маці адну, адаручае апекавацца  над Ёй свайму вучню. Як часта мы не шануем сваіх бацькоў або не можам прабачыць ім крыўды, нанесеныя нам яшчэ ў дзяцінстве. Гэтае непрабачэнне жыве ўнутры нас, травячы душу доўгі час. Езу, дай нам мужнасці прабачаць і адпускаць мінулыя крыўды, навучы нас не проста існаваць побач з нашымі бацькамі і роднымі, а сапраўды быць адной сям’ёй, у якой валадарыць еднасць, любоў і спакой. Вітай, Марыя… Ты за нас цярпеў… Стацыя 5. Сымон Кірынеец дапамагае Езусу несці крыж Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ! Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! Сымон – чалавек, зусім не звязаны з гісторыяй Езуса. Ён выпадкова аказваецца на Крыжовым шляху. І ратам яго прымушаюць несці крыж нейкага “злачынца”. Можна ўявіць ўнутранае абурэнне, якое адчувае Сымон. Але, пранёсшы крыж, ён разумее, што Езус нявінна асуджаны. У маім жыцці таксама здараюцца выпадкі, калі незнаёмыя людзі патрабуюць маёй дапамогі. Ці здольны я, калі патрэбна, панесці крыж бліжняга? Можа, я праходжу міма чалавека, якому стала дрэнна на вуліцы, думаючы, што ён проста п’яны, ці адмаўляюся стаць на бок пакрыўджанага?   Ці дапамагаю я іншым несці крыж? Ці не дазваляю ім заставацца па-за цягніком, які называецца “Жыццё”? Божа, па прыкладзе Сымона з Кірынеі навучы нас быць больш міласэрнымі і дапамагаць бліжнім, калі гэта патрэбна. Ойча наш… Ты за нас цярпеў… Стацыя 6. Вераніка выцірае твар Езуса Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ! Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! Езус настолькі змучаны, што кроў ліецца па ўсім Яго твары, нават засцілае вочы… Ужо нельга трываць, але ў гэтай сітуацыі на дапамогу прыходзіць Вераніка. Яна не можа ўзяць на сябе крыж Езуса, але яна выцірае Яго твар, каб хоць крыху зменшыць пакуты Хрыста. А я? Ці здольны я падтрымаць таго, з каго насміхаюцца ўсе, ці здольны пайсці супраць натоўпу і вызнаваць сваю веру, нават у грамадскіх месцах, сярод сяброў і знаёмых, ці здольны хоць бы “выцерці твар” Езуса, выказаўшы сваё меркаванне ў спрэчцы наконт рэлігіі? А магчыма, у маім акружэнні ёсць людзі, якія прагнуць маёй падтрымкі, часам – простай усмешкі і добрых слоў, а я не заўсёды бачу гэта… Езу, дапамажы мне, гледзячы на прыклад Веранікі, бясстрашна ісці за Табою і вызнаваць Цябе нават тады, калі ўсе будуць з мяне насміхацца… Ойча наш… Ты за нас цярпеў… Стацыя 7. Езус падае другі раз Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ! Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! Шлях на Галготу забірае ў Езуса апошнія сілы. У сітуацыі,калі ўсё Яго цела баліць і хочацца піць, Езус не вытрымлівае і падае зноў. Мой шлях да святасці таксама не бывае лёгкім. Я, як і Езус, змагаюся са сваімі грэшнымі схільнасцямі. Бывае, мне здаецца, што я перамог свой грэх… Тады  пачынае з’яўляцца пыха і вера толькі ў свае сілы. Пасля першага падзення я здолеў падняцца, але штосьці здарылася, сатана падкраўся бясшумна і хітра, спачатку прапанаваўшы здзейсніць лёгкі грэх… Нічога страшнага, падумаў я, “усе так робяць”, можа, гэта і не дрэнна? І тут я ўжо гатовы здзейсніць цяжкі грэх, з якім змагаўся доўгі час. Так лёгка спакушаны, я зноў і зноў падаю… Хрыстэ, дапамажы мне ў моманты спакусаў і падзенняў разлічваць не толькі на свае сілы, але прыходзіць з малітвай да Цябе, бо толькі разам з Табой я магу супрацьстаяць злу і прыйсці да збаўлення. Ойча наш… Ты за нас цярпеў… Стацыя 8. Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ! Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! Дзіўна. Езус, які вытрымаў столькі здзекаў і кпінаў, які згубіў ужо падчас бічавання і ўкаранавання цернем шмат крыві, апошнія свае сілы траціць на суцяшэнне іншых людзей. Я б у такой сітуацыі, пэўна, ужо праклінаў увесь свет і жадаў адпомсціць сваім ворагам, а Хрыстус думае пра іншых. Сэрца Езуса баліць у першую чаргу за маё навяртанне. Я сам не ўмею аплакваць свае грахі так, як аплаквае іх Езус. Мне так часта не хапае ўнутранай скрухі, як не хапае яе ерузалемскім жанчынам. Магчыма, я настолькі баюся паказацца смешным у вачах іншых, што за сваёй маскай абыякавасці хаваю нявыплаканы грэх. Гэты грэх, нібы вялізная жаба, сядзіць унутры мяне і атручвае маё сэрца… Божа, дапамажы мне перамагчы свой страх і выпусціць на свабоду сваю скруху, не баяцца прыйсці з сапраўдным пакаяннем да канфесіянала, нават выплакацца, калі я гэтага сапраўды патрабую, дапамажы мне праз гэтыя слёзы пакаяння ачысціць, нарэшце, сваё сэрца да канца… Вітай, Марыя… Ты за нас цярпеў… Стацыя 9. Езус падае трэці раз Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ! Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! Трэцяе падзенне – апошняе перад укрыжаваннем і смерцю Езуса. Ён амаль што дайшоў да месца здзяйснення свайго паклікання на зямлі і раптам зноў падае… Падзенне перад фінішам, падзенне перад перамогай над смерцю, падзенне, якое павінна было стаць перашкодай, але стала стымулам для Езуса ісці да канца… Твая мужнасць, Езу, дае сілы і мне. Ты падаеш трэці раз і на гэтым шляху не скараешся. Я так часта паўтараю адны і тыя ж грахі, што часам здаецца – ніколі не перамагу іх. Але Твой прыклад дае мне надзею і моц дзейнічаць, змагацца са сваімі слабасцямі, зноў і зноў падымацца. Ойча наш… Ты за нас цярпеў… Стацыя 10. З Езуса здзіраюць адзенне Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ! Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! Змучаны і збіты перад натоўпам, Езус яшчэ церпіць маральны здзек. Адзенне, якое зрываюць з Яго – сімвал аголенасці і маёй душы таксама. Езус цярпеў бязвінна і, тым не менш, не наракаў. Колькі разоў з мяне здзіраюць адзенне? Калі хтосьці пачынае здзіраць з мяне маскі, я станаўлюся аголеным перад грамадствам і самім сабой. У гэтай сітуацыі я часта бунтую і абураюся, замест таго, каб паглядзець на сябе праўдзіва і пачаць змяняцца… Божа, навучы мяне шчырасці, каб я не хаваўся за адзеннем крывадушнасці, а праўдзіва служыў Табе. Ойча наш… Ты за нас цярпеў… Стацыя 11. Укрыжаванне Езуса Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ! Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! Кульмінацыя збаўлення свету. Езуса прыбіваюць да крыжа. Вострыя цвікі ўразаюцца ў Яго бязвінныя рукі і ногі, праліваючы кроў Збаўцы… Над галавой Езуса вісіць подпіс “Гэта кароль юдэйскі”. Езус сапраўды Кароль, Кароль усяго свету, адзіны Манарх, які сам служыў сваім падданым… Цвік граху ўразаецца ў маё сэрца і адначасова ў сэрца Езуса, ён працінае мяне наскрозь, сціскаючы ўсё нутро так, што я не магу дыхаць… Гэта стан цяжкага граху, у якім я так часта знаходжуся, стан, калі Езуса ў маім сэрцы ўкрыжоўваюць… Ён церпіць ад майго бруднага, прасякнутага грахом сэрца, ад сэрца, скамянелага за доўгія гады бязвер’я або несапраўднай споведзі, ад сэрца, якое добраахвотна пайшло на ўкрыжаванне грахом… Езу, я так часта ўкрыжоўваю Цябе, што нават перастаю заўважаць гэта, і маё сэрца становіцца скамянелым. Перамяні мяне, ачысці мяне ад маёй пыхі, растапі мае скамянеласці і “ўспомні пра мяне, калі прыйдзеш у валадарства Айца”!   Ойча наш… Ты за нас цярпеў… Стацыя 12. Езус памірае на крыжы Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ! Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! Езусу здаецца, што Ён зусім адзін у момант сваёй смерці, што Бог Яго пакінуў. Гэта момант адчаю, які адчувае кожны чалавек. Мне таксама часам здаецца, што ўсе навокал супраць мяне, што няма ніякай надзеі, а сябры і знаёмыя не падтрымліваюць. Варта ўзгадаць у гэты момант Езуса. Ён, як і я, перажывае такі момант перад сваёй смерцю на крыжы. І нават калі мне здаецца, што я маю невырашальную праблему, варта, як і Езус, даверыцца Богу, таму што пасля момантаў адчаю надыдзе пара ачышчэння і духоўнага ўваскрашэння разам з Езусам. Ойча наш… Ты за нас цярпеў… Стацыя 13. Езуса здымаюць з крыжа Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ! Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! Так мала даверу да Цябе, Езу! Я часта ўсё хачу зрабіць самастойна. Магчыма, я толькі фармальна з’яўляюся хрысціянінам, а на практыцы не давяраю Божай волі. Я, быццам той жаўнер, не веру, пакуль не ўбачу кроў і ваду, што выцякаюць з Твайго боку. Калі ўсё ў маім жыцці ідзе добра, верыць здаецца лёгка, а калі толькі прыходзяць выпрабаванні, з’яўляецца сумніў. Тады я пачынаю патрабаваць доказаў і вера мая згасае. Дапамажы мне, Божа, не трымацца за свае добрыя адчуванні або перажыванні падчас малітваў, за прывязанасць да касцёльных сяброў або да святароў, а прыходзіць у першую чаргу толькі да Цябе, бо знешнія абставіны змяняюцца, а Ты, Божа, такі самы заўсёды, ва ўсе часы… Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… Ты за нас цярпеў… Стацыя 14. Езуса кладуць у грабніцу Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ! Бо праз крыж і муку сваю свет адкупіў Ты! Вось усё і скончылася, Езуса кладуць у грабніцу, аднак гісторыя збаўлення толькі пачынаецца. Гэты шлях Езус прайшоў за кожнага з нас, за мяне і цябе, каб мы – моладзь ХХІ стагоддзя – у час глабалізацыі і развіцця тэхнікі, у час штучнага інтэлекту, ухвалення дашлюбных сувязяў, легалізацыі абортаў і аднаполых шлюбаў, не забыліся пра самае галоўнае – збаўленне душы. Каб нашая сутнасць, якую так прыгожа Бог назваў чалавекам,  засталася цэлай і не знікла з твару Зямлі… Езу, дапамажы кожнаму з нас чакаць Цябе ў пакоры, міласэрнасці і любові, якой Ты навучыў нас дзве тысячы гадоў таму. Ойча наш… Ты за нас цярпеў… Марына Валасар
Пятніца, 4 сакавіка 2016
04.03.2016 14:53
Уступ Я горача жадаю, каб хрысціяне задумаліся падчас Юбілею над учынкамі міласэрнасці адносна цела і адносна душы. Гэта стане нагодай абудзіць нашае сумленне, якое часта спіць перад абліччам драмы ўбоства, і заглыбіцца яшчэ больш у сэрца Евангелля, дзе ўбогія маюць прывілей у Божай міласэрнасці. Прапаведаванне Езуса прадстаўляе гэтыя ўчынкі міласэрнасці, каб мы маглі пазнаць, ці мы жывём мы як Яго вучні, ці не. Адкрыем нанова ўчынкі міласэрнасці адносна цела: накарміць галодных, напаіць сасмаглых, адзець нагіх, прыняць у дом падарожных, адведаць хворых, суцешыць вязняў, пахаваць памерлых. Не будзем забываць таксама пра ўчынкі міласэрнасці адносна душы: раіць тым, хто сумняваецца, вучыць тых, хто не ведае, настаўляць грэшнікаў, суцяшаць засмучаных, дараваць ахвотна крыўду, зносіць цярпліва знявагу, маліцца за жывых і памерлых (Папа Францішак, „Misericordiae Vultus”).   Пане, Езу Хрыстэ, мы хочам пайсці шляхам Твайго і нашага крыжа. Мы хочам акунуцца ў разважанне Тваёй мукі, каб у рэшце перамяніцца дзякуючы Тваёй міласэрнасці. Ты за нас цярпеў ад ранаў +   I. Езус выданы на смерць – Настаўляць грэшнікаў   Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ + Пілат сказаў ім: «А што мне рабіць з Езусам, яко газавуць Хрыстом?» Усе закрычэлі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!» Ён жа сказаў: «Што дрэннага зрабіў Ён?» Але Яны яшчэ мацней крычалі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!» Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а абурэнне ўзрастае, узяў ваду і абмыў рукі перад натоўпам, кажучы: «Невінаваты я ў гэтай крыві. Глядзіце самі!» (Мц 27,22-24) Гэта суд чалавека над Богам. Грэшнікі абвінавацілі святога. Вінаватыя абвінавацілі бязвіннага. Несправядлівыя хочуць забіць справядлівага. Людзі, установы, законы, якія ўстаноўлены дзеля таго, каб супрацьстаяць подласці чалавечых учынкаў, не могуць перамагчы свой асабісты грэх. Езу міласэрны, навучы нас настаўляць грэшнікаў. Навучы нас адказна ставіцца да чужога граху. Каб мы не дашукваліся зла там, дзе яго няма, а там, дзе яно ёсць, каб бачылі перш за ўсё чалавека. Каб мы не далі сябе падмануць тым, што ўсім усё дазволена. Каб мы мелі адвагу сказаць іншаму чалавеку, што грэх ёсць грэх. У школе, ва ўніверсітэце, дома ці на працы, знаёмым ці ў сям’і. І каб кожнае настаўленне выплывала з любові. Ты за нас цярпеў ад ранаў + II. Езус ускладае на сябе крыж – Вучыць тых, хто не ведае       Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ + Тады ён выдаў ім Езуса на ўкрыжаванне. І ўзялі Езуса. І, несучы свой крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам Чэрапа, па-габрэйску — Галгота (Ян 19,16-17). Крыж усяго свету Езус ускладвае сабе на плечы. Няма лепшага спосабуў змаганні з чалавечай бядой, подласцю і грахом. Няма лепшага спосабу, каб выйсці з памылковага меркавання “гэта не мая справа”. Крыж “наш” і “не наш”не з’яўляецца тым, што мы павінны або не павінны. Крыж – гэта дарога, якая ўсё можа. Езу міласэрны, навучы нас вучыць тых, хто не ведае. Спачатку навучы нас адрозніваць тых, хто не здольны на многае, ад тых, хто ўмее больш, чым мы. Потым жа навучы нас такту, далікатнасці, разуменню, пяшчоце, так, каб павучанне не прыніжала іншага. Аднак перш за ўсё пакажы, што няма лепшага спосабу, чым свой уласны прыклад. Бо не той хрысціянін, хто апавядае пра крыж, але той хто бярэ яго і прыкладам вучыць іншага праўдзівай дарозе жыцця. Ты за нас цярпеў ад ранаў +   III. Езус падае першы раз – Галодных накарміць   Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ + Не меў Ён выгляду, каб на Яго паглядзець, ані выгляду, каб падабацца. Пагарджаны і адкінуты людзьмі. Ён сам узяў нашае цярпенне (Іс 53,2-4) Езус падае адразу пасля таго, як узяў крыж на свае плечы. Усемагутны Бог стаў чалавекам больш слабым, чым драўляная балка. Здзіўленне ахапіла сусвет, i ніводнае слова не апіша прыніжэння, на якое гатовая любоў. Езу міласэрны. Першае падзенне чалавека – гэта пакута голаду. Пакута найбольш незразумелая. Тысячы нашых братоў і сясцёр, мільёны Тваіх дзяцей паміраюць з недахопу ежы не таму, што на зямлі няма хлеба, i не таму, што не маюць рук для працы, aлe таму, што мы не маем сэрца. Хлеб Жывы, навучы нас карміць галодных, каб ніхто не прыходзіў на гэты свет толькі дзеля таго, каб памерці з голаду. Ты за нас цярпеў ад ранаў +   IV. Езус сустракае сваю Маці – Адведваць хворых. Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ +   Сыне, дапамагай твайму бацьку ў старасці, нeзасмучай яго ў ягоным жыцці (Сір 3,12-14). Сустрэча Езуса з Марый проста павінна была адбыцца. Падчас цярпення не можа не быць побач самых блізкіх. Таму такія балючыя разводы, аборты, эўтаназія бацькоў. Taк баляць абвінавачванні і спрэчкі. Бо падчас цярпення цяжкі не столькі крыж, колькі недахоп тых, хто павінен быць побач. Езу міласэрны. Ты сказаў: „Я быў хворы, і вы адведалі Мяне”. Навучы нас адведваць хворых. Спачатку тых, да каго павінна нас прывесці звычайная чалавечая ўдзячнасць: бацькоў, дзядоў, сяброў і знаёмых. Затым дай нам евангельскую сілу быць побач з тымі хворымі, з якімі ніхто быць не хоча. Ты за нас цярпеў ад ранаў +   V. Сымон Кірынэец дапамагае несці крыж – Раіць тым, хто сумняваецца Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ + А калі насмяяліся з Яго, знялі пyрпур і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі Яго, каб укрыжаваць. І прымусілі нейкага Сымона Кірынэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля, несці Ягоны крыж (Mк 15,20-21). Хто ведае, колькі Сымон Кірынэец бунтаваў у той дзень. Жаўнеры перакрэслілі ўсе яго планы. Вінавайца, здавалася, пляміць ягоную годнасць. Аднак не трэба было чакаць шмат дзён, каб зразумець, што, дапамагаючы іншаму, дапамагаю сабе і дапамагаю самому Богу. Езу міласэрны. Навучы нас раіць тым, хто сумняваецца. Мы ж ведаем іх ужо не першы год. Тых, хто засумняваўся ў сабе, у іншым, а нават у Табе, тых, якія перасталі верыць у любоў і надзею. Запалі ў нас ахвоту да навукі, да пазнавання, да ўніклівага саманавучання, да ведаў, без якіх цяжка раіць іншым. Дай нам свайго Духа, каб ніводная парада не скончылася толькі на словах. Навучы нас быць Сымонамі Кірынэйцамі, якія ўласнымі рукамі дапамагаюць несці крыж. Ты за нас цярпеў ад ранаў +   VI. Святая Вераніка выцірае твар Езусу – Суцяшаць вязняў Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ +   Пра цябе гаворыць маё сэрца: «Шукай Яго аблічча!» Шукаю, о Пане, Твае аблічча; Ты мая дапамога, таму не адкідай і не астаўляй мяне, Божа, мой Збаўца! (Пс 27,8-10) Можа, і ведала Вераніка, кім з’яўляецца Езус. А можа, важны быў для яе толькі церпячы чалавек. Гэта нішто, што Яго абвінавацілі. Гэта нішто, што праўдзівай уладай. Гэта нішто, што з прысудам блюзнерцы. Вераніка бачыць у Ім перш за ўсё церпячага чалавека. Таму атрымоўвае як дар аблічча Бога. Езу міласэрны, Ты сказаў: „Я быўу вязніцы, а вы прыйшлі да Мяне”. Навучы насміласэрнасці да вязняў. Навучы нас адведваць вязняў, суцяшаць, не асуджаць. Навучы бачыць у іх перш за ўсе церпячага чалавека, прагнучага Божай і чалавечай міласэрнасці. Ты за нас цярпеў ад ранаў +   VII. Езус падае другі раз – Прагнучых напаіць   Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ + Здзекваліся над Ім, аднак Ён не адкрыў сваіх вуснаў (Iс 53,6). Другое падзенне Езуса ўжо здаецца парадаксальным. Бо сустрэча з Маці дадала Яму сіл. Бо дапамагаў Яму Сымон Кірынэец. Нават Вераніка аблегчыла крыху Яго пакуты. Падзенне пад крыжам не заўсёды зразумелае і апраўданае. Аднак заўсёды балючае. Езу міласэрны. Ты сказаў: „Я прагнуў, а вы напаілі Мяне”. Другое падзенне чалавецтва – гэта паміраючыя ад смагі. Нягледзячы на тысячы крыніц, азёр і рэк. Нягледзячы на развіццё цывілізацыі і на асабістую гігіену, побач з мільёнамі кветак, якія паліваюць, i машынамі, якія шмат разоў мыюць, ёсць людзі, якія паміраюць ад смагі. Езу, навучы нас напаіць прагнучых. Дапамажы чалавецтву падняцца з найбольш парадаксальнага ўпадку. Ты за нас цярпеў ад ранаў +   VIII. Езус суцяшае плачучых жанчын – Суцяшаць засмучаных Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ + Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. А Езус абярнуўся да іх і сказаў: «Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых (Лк 23,27-28). Здавалася, што жанчыны з Ерузалема зрабілі ўсё, што маглі. Не былі абыякавыя. Прысвяцілі свой час і нават слёзы. Аднак не на гэтым засноўваецца міласэрнасць. Езу міласэрны, навучы нас суцяшаць засмучаных, адкрываць, хто на самой справе з’яўляецца бедным i хто з’яўляецца патрабуючым, знаходзіць патрэбныя словы і патрэбныя сродкі. Хоць святар і левіт таксама патрабуюць міласэрнасці, не дазволь нам быць самаранамі, якія пакідаюць чалавека ляжаць пры дарозе, каб дапамагчы тым, хто абмінуў паміраючага. Не дай нам трапіць у спакусу ўцячы ад тых, хто тут і цяпер мае ў нас патрэбу. Ты за нас цярпеў ад ранаў +   IX. Езус падае трэці раз – Падарожных прыняць у дом   Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ + Абудзіся! Чаму спіш, Пане? Абудзіся! Не пакідай нас назаўсёды! (Пс 44) Можа, гэта быў найбольш балючы ўпадак. Так няшмат да мэты, а так мала сіл. Вельмі вялікая духоўная справа i вельмі вялікія абмежаванні цела. Можа, ніколі раней і пазней Бог-чалавек не цярпеў па прычыне напружанасці паміж тым, што мог як Божы Сын, iтым, што не мог як сын чалавека. Езу міласэрны. Ты сказаў: „Я быў падарожны, і вы прынялі Мяне”. Падарожны – гэта чужынец. Падарожны – гэта бежанец. Падарожны – гэта таксама эканамічныя імігранты. Падарожны – гэта перш за ўсё чалавек, дзіця таго самага Бога, мой брат і мая сястра. Можа, ніколі раней у сваёй гісторыі чалавецтва не перажывала такой вялікай напружанасці паміж тымі, хто ўцякае ад вайны, і тымі, хто не хоча іх прыняць, паміж драмай змагання за жыццё адных i драмай бяссілля эгаізму другіх. Навучы нас, Пане, прымаць у дом падарожных, не ў гатэль, не ў гетта, aлe свае дамы адчыняць для іншага чалавека. Навучы нас, што Евангелле не з’яўляецца немагчымым. Ты за нас цярпеў ад ранаў +   X. З Езуса здымаюць адзенне – Адзець нагіх   Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ + Жаўнеры ж, якія ўкрыжавалі Езуса, узялі Ягоную вопратку і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па частцы; узялі і туніку. Туніка была не шытая, уся ад верху тканая. Таму сказалі адзін аднаму: «Не будзем разрываць яе, але кінем лёсы, Каму дастанецца». Кааб збылося сказанае ў Пісанні: «Падзялілі між сабою маю вопратку і аб адзежыне маёй кінулі лёсы». Жаўнеры так і зрабілі (Ян 19,23-24). Божы Сын, які апранае ўвесь свет кветкамі, раслінамі, кустамі і дрэвамі, быў пазбаўлены апошняй вопраткі. Той, які жыццё аддаў за тое, каб чалавечыя пакуты, бяду і грэх апрануць у Божую міласэрнасць, стаіць безабаронны і нагі перад вачыма ўсіх людзей. Езу міласэрны, Ты сказаў: „Я быў нагі, і вы апранулі Мяне”. Навучы нас апранаць нагіх. Так часта бываем пераборлівыя ў сваім адзенні, зайздросцім адзін аднаму ў тым, што носім, марым нават пра такую ці іншую вопратку, і забываемся пра людзей, якія не маюць у што апрануцца. Святы Павел напісаў у пасланні да Цімафея: „Але, маючы спажытак і чым прыкрыцца, будзем жа задаволеныя гэтым”(1 Цім 6,8). Адзець нагіх – гэта таксама ўмець быць задаволеным тым, што маю. Гэта таксама не высмейваць іншых па прычыне таго, у што яны апранутыя. І гэта таксама – не здзіраць з іх людскую і Божую годнасць. Ты за нас цярпеў ад ранаў +   XI. Езус прыбіты да крыжа – Зносіць цярпліва знявагу Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ + Адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: «Ці ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас!» Але другі папракнуў яго, кажучы: «Нават Бога ты не баішся, хоць маеш тую самую кару? Мы асуджаны справядліва, бо атрымліваем належнае за ўчынкі нашыя. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў». І сказаў: «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства». І сказаў яму Езус: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі» (Лк 23,39-43). Больш, чым цяжкі крыж, балелі вострыя цвікі. Больш, чым цвікі, балела людская злосць. Больш, чым прыпісанне да злодзеяў, балелі здзекі. Ніхто нікому не робіць такой вялікай крыўды, як чалавек чалавеку. Нішто так не баліць, як крыўда ад самых блізкіх. Сын Божы церпіць ад тых, каго Бог стварыў на свой вобраз і падабенства. Цярпенне Богу прыносяць уласныя дзеці. Езу міласэрны, навучы нас знявагі зносіць цярпліва. Асабліва знявагі, якія зрабілі нам самыя блізкія. Нішто так не баліць, як цвікі, забітыя сваімі ж бацькамі, братамі, сёстрамі, сябрамі, тымі,каго любім вельмі моцна. І нішто не робіць нас вельмі добрымі хрысціянамі, чым тое, калі прабачаем тым, хто нас крыўдзіць. Ты за нас цярпеў ад ранаў +   XII. Езус памірае на крыжы – Дараваць ахвотна крыўду   Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ + І калі прыйшлі на месца, званае Чэрап, там укрыжавалі Яго і злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку. А Езус сказаў: «Ойча, прабачім, бо не ведаюць, што робяць» (Лк 23,33-34). Неверагодныя гэтыя словы Езуса. Настолькі, што вялікая колькасць перапісчыкаў Бібліі ў старажытнасці не адважвалася іх запісаць на старонках Святога Пісання. Бо памерці за кагосьці – гэта вельмі шмат. Памерці за злачынцаў – гэта вельмі шмат, але прабачыць тым, хто забіў, - гэта ўсё, гэта ўсё, што Бог мог даць людзям. Езу міласэрны, навучы нас ахвотна дараваць крыўды. Не таму, каб заахвочваць яшчэ больш крыўдзіць. Не таму, каб паказаць сваю слабасць. Але дзеля таго, каб паказаць свету, што аніякае зло і грэх не здолеюць забіць любові. Ты за нас цярпеў ад ранаў +   XIII. Цела Езуса здымаюць з крыжа – Маліцца за жывых і памерлых Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ + І благаславіў іх Сімяон, і сказаў Марыі, Маці Яго: «Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць. А празТваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў» (Лк 2,34-35). Ніадна іншая стацыя не нагадвае Бэтлеем. Езусу руках сваёй Маці. Там нованароджанае дзіця, тут недаўна памерлы дарослы сын. Там народжаны да ўцелаўлёнага жыцця, тут памерлы для жыцця на векі. Там жывое цела нараджае радасць, тут цела памерлае нараджае боль. Абдымкі Марыя, якая прытуляе цела Езуса, усцяж гавораць, што любоў можа перамагаць не толькі нянавісць. Любоў можа перамагаць нават смерць. Езу міласэрны, навучы нас клапаціцца не толькі пра жывых. Навучы нас маліцца за жывых і памерлых. Няхай Марыя, дапамога вернікаў, дапаможа нам ізноў паверыць у сілу малітвы. Няхай нашая малітва зробіцца абдымкамі, якія туляць з любові патрабуючага і падчас жыцця, і пасля смерці. Ты за нас цярпеў ад ранаў +   XIV. Цела Езуса кладуць у грабніцу – Памерлых пахаваць Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ + Пасля гэтага Юзаф з Арыматэі, які быў вучнем Езуса, але тайна, з-за страху перад юдэямі, папрасіў Пілата, каб дазволіў забраць цела Езуса. І Пілат згадзіўся. Той пайшоў і забраў Яго цела. Прыйшоў і Нікадэм, які раней прыходзіў да Езуса ўначы, і прынёс сумесь смірны і альясу, каля ста фунтаў. Яны ўзялі цела Езуса і закруцілі яго ў палатно з духмянасцямі, як звычайна хаваюць юдэі. На месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе — новая магіла, у якую яшчэ нікога не клалі. Там з прычыны Прыгатавання Юдэйскага паклалі Езуса, бо магіла была блізка (Ян 19,38-42). Нават Божаму Сынубыла патрэбна грабніца. Нават Таму, Хто ўваскрашаў памерлых, была патрэбна пасля смерці дапамога. Юзаф і Нікадэм не пыталіся, навошта марнаваць час, месца, навошта даваць грошы на бальзамы. Мала існуе настолькі жыццёвых справаў, як смерць, i такіх чалавечых, як мёртвае чалавечае цела. Езу міласэрны, навучы нас пашаны да памерлых, навучы нас хаваць памерлых, захоўваць па памерлых памяць. Благаславі працуючых на могілках, у крэматорыях, у моргах і пахавальных дамах. Езу, Слова, якое сталася целам, навучы нас любові да цела падчас жыцця і пасля яго смерці. Заканчэнне “Я горача жадаю, каб хрысціяне задумаліся падчас Юбілею над учынкамі міласэрнасці адносна цела і адносна душы. Гэта стане нагодай абудзіць нашае сумленне, якое часта спіць перад абліччам драмы ўбоства, і заглыбіцца яшчэ больш у сэрца Евангелля, дзе ўбогія маюць прывілей у Божай міласэрнасці. Прапаведаванне Езуса прадстаўляе гэтыя ўчынкі міласэрнасці, каб мы маглі пазнаць, ці мы жывём як Яго вучні, ці не. Адкрыем нанова ўчынкі міласэрнасці адносна цела: накарміць галодных, напаіць сасмаглых, адзець нагіх, прыняць у дом падарожных, адведаць хворых, суцешыць вязняў, пахаваць памерлых. Не будзем забываць таксама пра ўчынкі міласэрнасці адносна душы: раіць тым, хто сумняваецца, вучыць тых, хто не ведае, настаўляць грэшнікаў, суцяшаць засмучаных, дараваць ахвотна крыўду, зносіць цярпліва знявагу, маліцца за жывых і памерлых” (Папа Францішак, „Misericordiae Vultus”) .   Учынкі міласэрнасці для душы бліжняга: Настаўляць грэшнікаў. Вучыць тых, хто не ведае. Раіцьтым, хто сумняваецца. Суцяшаць засмучаных. Зносіць цярпліва знявагу. Дараваць ахвотна крыўду. Маліцца за жывых і памерлых. Учынкі міласэрнасці для цела бліжняга: Накарміць галодных. Напаіць сасмаглых. Адзець нагіх. Прыняць у дом падарожных. Адведваць хворых. Суцяшаць вязняў. Пахаваць памерлых. Езу Міласэрны, навучы нас выконваць учынкі міласэрнасці, каб ніводнае цела і ніводная чалавечая душа не жыла ў нікчэмнасці, бядзе і граху. Амэн. Каб атрымаць адпуст за ўдзел у набажэнстве Крыжовага шляху і ахвяраваць яго за душы, церпячыя ў чыстцы, або аб навяртанні грэшнікаў, памолімся ў інтэнцыях Святога Айца Францішка. Кс. Войцех Вэнгжыняк Пераклад са згоды аўтара кс. Юзафа Сярпейкі
Аўторак, 16 лютага 2016
16.02.2016 10:54
О Езу Хрысце! Усемагутны, Найвышэйшы Святар, узглянь на нас, якія стаім зараз перад Табою ў пакоры сэрца і звяртаемся да Цябе ў малітве з вялікім даверам: Божа Асвячальнік і Апякун свайго Касцёла, узбудзі ў ім праз Духа Твайго годных і верных распарадчыкаў святых таямніцаў, каб праз іх служэнне і прыклад, пры Тваёй дапамозе, народ хрысціянскі кіраваўся на шлях збаўлення. Касцёлу патрэбны святыя святары – добрыя пастыры, якія будуць сведчыць іншым пра тое, што вялікая радасць жыць выключна для Айца, браць на сябе місію і ахвяру Хрыста, любоўю будаваць новы свет. Езу Хрысце! Благаславі і дапамажы, каб святарскія сэрцы заўсёды і ва ўсім былі падобнымі да Твайго Найсвяцейшага Сэрца! Які за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 1 Езус несправядліва асуджаны на смерць Езу Хрысце– Ты адзіная крыніца Праўды, любові і міласэрнасці! Тваё Слова - спрадвечная мудрасць! Хрысце! Ты прыйшоў, каб свет збавіць, а не асудзіць. Тваё Слова, Езу, жывоеі Ты вучыш: “Не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце,і прабачаць вам. Давайце,і будзе дадзена вам” (Лк 6,37). Самы надзейны сродак, каб распаліць агонь любові да Бога ў сэрцах вернікаў, - гэта тлумачэнне ім Евангелля, гэтай Кнігі любові, у кожным радку якой бачны наш Збаўца, Езус Хрыстус – салодкі, цярплівы, пакорны, заўсёды як суцяшальнік і сябар чалавека; як Той, Хто гаворыць яму толькі пра любоў і заахвочвае цалкам даверыцца Яму; як Той, Хто заўсёды адказвае любоўю. “Вінавацілі мяне ўзамен за любоў маю, а я маліўся. Адплацілі мне злом за дабро і нянавісцю - за любоў” (Пс 109/108, 4-5). З пакораю ў сэрцы, моўчкі Ты прыняў, Езу, несправядлівы прысуд Пілата, бо ведаў, што любоў і цярплівасць заўсёды перамагае! О Езу, Найвышэйшы Святар, будзь жа праслаўлены і ўчыні, каб святарскія сэрцы кіраваліся на шляху служэння толькі Тваёю спрадвечнаю праўдаю! Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу... Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 2 Езус ускладае Крыж на свае плечы «Хто не нясе крыжа свайго і неідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем» (Лк 14,27) «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною» (Лк 9,23) - заклікаеш Ты, Езу. Святар пакліканы да служэння на хвалу Божую для збаўлення душ. Святарскі шлях зусім непросты: спакусаў поўны і перашкод, але, неглядзячы на гэта, шмат Божых ласкаў і прыгод наперадзе ўжо чакае тых, хто даверыўся Хрысту, каго Ён выбраў і жадае, каб з годнасцю служыў Айцу. Сэрца Езуса, поўнае любові, даручаем Табе ўсе святарскія сэрцы. Няхай Твая любоў напоўніць іх і дасць сілы, каб яны ўсім сваім жыццём адказалі на дадзены ім дар. Няхай кожны святар будзе знакам для сучаснага свету, знакам любові, якае дае жыццё і вядзе іншых да хвалы неба. Толькі такая любоў усё перамагае, нясе радасць і надзею. О Езу, Найвышэйшы Святар! Які прымаеш Крыж на свае плечы, спаўняючы Божую волю, будзь жа праслаўлены іўчыні, каб святарскія сэрцы наследвалі Цябе ў цнотах паслухмянасціі пакоры! Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу... Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 3 Езус падае пад цяжарам Крыжа першы раз «Для нядужых я стаў, як нядужы, каб здабыць нядужых» (гл 1Кар 9,22),- гаворыць святы Апостал Павел у Першым пасланні да Карынцянаў. Пакліканне - гэта таямніца Божага абрання, гэта дар, які бясконца пераўзыходзіць чалавека. «Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў» (Ян 15,16). «І ніхто сам сабе не бярэ гэтае годнасці, але толькі той, хто пакліканы Богам, як і Аарон» (Гбр 5,4). Святарства – Божы дар вялікі, Яно ўстаноўлена Хрыстом! Хрыстос сам першы чалавека клікаў, Пятру прапанаваў: - Ідзі за Мной! Сказаў яму Хрыстос: - “Скалою будзеш, І пабудую Я на ёй Касцёл, Маіх авечах годна пасвіць будзеш І несці душам грэшным супакой, Служэнне тваё будзе вельмі плённым: Ты будзеш сэрцы людскія лавіць, Каб скіраваць з грахоў іх на шлях Божы, Любоўю раны душаў ацаліць. Таму, Усемагутны Божа, у сваім Слове святым Ты заклікаеш: “настаўляйце свавольных, суцяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце доўгацярплівымі да ўсіх” (гл. 1 Тэс 5,14). “Браты, калі б і правініўся чалавек у нечым, вы, што трываеце ў духу, павучыце такога ў духу далікатнасці, зважаючы на саміх сябе, каб і самім не ўпасці” (Гал 6, 1). Сёння яшчэ так шмат заблукалых авечак: убогіх, галодных, несвядомых і слабых, самотных, адзінокіх... Прыходзь да нас, о Езу, праз сваіх святароў. Па-сапраўднаму ажыві іх, дзейнічай праз іх і прайдзі яшчэ раз па свеце, навучаючы, прабачаючы, суцяшаючы, ахвяруючы сабой і нанова ўсталёўваючы сувязі любові, якія яднаюць Божае Сэрца з сэрцам чалавечым. О Езу! Найвышэйшы Святар! Будзь жа праслаўлены і ўчыні, каб святарскія сэрцы прыпадобніліся да Твайго Найсвяцейшага Сэрца, заўжды трываючы ў цярплівасці! Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу... Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 4 Сустрэча з любячай Маці Сустрэча двух любячых сэрцаў на шляху Крыжовым злучае ў адзінае Сэрца ўсю веліч любові! На пакутным шляху сустрэліся Найсвяцейшае Сэрца Сына і Беззаганнае Сэрца Маці. Сэрца гэтай добрай Маці ёсць сама любоў і міласэрнасць. А паколькі Яе адзіным жаданнем з’яўляецца наша шчасце, то дастаткова звярнуцца да Яе – і мы будзем выслуханы. У Сэрцы Найсвяцейшай Панны Марыі ёсць толькі міласэрнасць. Сын мае сваю справядлівасць, але  Маці мае толькі любоў. Святы Ян Павел II, звяртаючыся да Найсвяцейшай Панны Марыі, сэрцам маліўся такімі словамі: “Маці Хрыста, Ты дала Святару-Месіі чалавечае цела, каб Дух Святы намасціў Яго для збаўлення ўбогіх і пакорных сэрцам, захавай святароў у сваім сэрцы і ў Касцёле, о Маці Збаўцы! Маці веры, Ты прынесла ў святыню Сына Чалавечага, які ёсць спаўненне дадзеных Айцом абяцанняў, аддавай Айцу, дзеля Яго хвалы, святароў свайго Сына, о Каўчэг Запавету! Маці Касцёла, Ты разам з вучнямі малілася ў Вячэрніку да Духа Святога за новы народ і Яго пастыраў, выпрасі для святарскага стану паўнату дароў, о Каралева Апосталаў! Амэн”(Малітва святога Яна Паўла II за святароў - з малітоўніка “Добры Пастыр”). Тваёй абароне аддаёмся... Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйсянад намі! Маці Божая Балесная – заступіся за нас!!! Стацыя 5 Сымон Кірынеец дапамагае несці Крыж Езусу “Ёнузяў на сябе нашую слабасць і панёс нашыя хваробы” (Мц 8,17) “Ён не абцяжарыўся нашым цярпеннем, Ён нёс наш боль” (гл. Іс. 53,4) “Насіце цяжары адзін аднаго і так выканаеце закон Хрыстовы” (Гал 6,2) “У любові служыце адзін аднаму” (Гал 5,13). “Бо і Сын Чалавечы не для таго прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх” ( Мц 20,28; Мк 10,45) Святар павінен быць заўсёды гатовы адказаць на патрэбы душ. Гэта святар працягвае на зямлі справу адкуплення чалавечых душ. Усе святары пакліканы да выканання асноўнай функцыі Касцёла – місійнасці. Калі яны маюць “місійнае” сэрца і розум, то могуць адкрыцца на патрэбы Касцёла і свету. Тады яны клапатліва ставяцца да тых, хто далёка ад Бога, нясуць ім любоў Хрыста, якому здольныя цалкам аддацца. О Езу, Найвышэйшы Святар! Будзь жа праслаўлены і ўчыні, каб святарскія сэрцы сталі знакам Тваёй бескарыслівай любові, якая разбурае людскі эгаізм, пыху і вучыць увесь час нанова ахвяраваць сабою, не чакаючы нічога ўзамен. Умацуй, добры Езу, святароў-місіянераў дарамі Святога Духа ў іх апостальскім служэнні, каб яны з радасцю неслі Добрую Навіну тым, хто яшчэ не ведае яе або забыўся пра яе. Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу... Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 6 Вераніка выцірае твар Езуса “І як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце” (Лк 6,31). Засведчаная іншым любоў выклікае ў іх узаемную любоў. Таму што ж дзіўнага ў тым, што на Тваім пакутным Крыжовым шляху, Хрысце, знайшоўся міласэрны чалавек, які абцёр Твой святы твар. Ты ж і сам, Езу, мыў да таговучням ногі.А калі абмыў ім ногі, прамовіў да іх: “Ці разумееце, што Я зрабіў вам? Вы Мяненазываеце Настаўнікамі Панам, і добра кажаце, бо Я Ім ёсць. Калі ж Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, то і вы павінныабмываць ногіадзін аднаму. Я даў вам прыклад, кабі вы рабілі, як Я зрабіў вам” (Ян 13, 12-15). Хрыстус першы стаў слугою для ўсіх. Прыкладам служэння, поўнага любові і пакоры, з’яўляецца паслуга Езуса ў Вячэрніку, незразумелая для людзей нашага часу. Гэта знак супраціву для цяперашняга свету. Толькі такая любоў можа перамяніць нашую рэчаіснасць. Святар павінен быць гатовы да выканання заданняў, якія ставіць перад ім Касцёл, да ўдзелу ў ратаванні чалавека з няволі граху праз паслугу міласэрнасці ў сакрамэнце пакаяння, да ахвяравання свайго жыцця за іншых дзеля агульнага дабра. Любоў, як гаворыць святы Аўгустын, не ўмее заставацца без учынкаў у сэрцы таго, хто любіць. Любоў заўсёды прадугледжвае адрачэнне ад сябе самога, “страту сябе самога”, і менавіта праз гэта робіць нас шчаслівымі. Каб дайсці да неба, патрэбныя чыстасць сэрца, пагарда да свету і любоў да Бога. О Езу, Найвышэйшы Святар! Будзь жа праслаўлены і ўчыні, каб святарскія сэрцы цалкам аддаліся служэнню Богу праз паслугу бліжняму, не чакаючы ўзнагароды тут, на зямлі. Просім, каб сэрцы святароў былі заўсёды адкрытыя на любоў Хрыста, які іх паклікаў, і каб яны ўмелі ахвяраваць свае сілы і здольнасці для пашырэння Божай хвалы. Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу... Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 7 Езус падае пад цяжарам крыжа другі раз Стомлены, знясілены, Езус павольна крочыць падарозе, спатыкаецца, падаезноў на зямлю пад цяжарам крыжа. Крыж з’яўляецца шляхам, якім Хрыстус працягвае нанова прыходзіць да нас. “Будзем цярпліва бегчы ў прызначаным для нас змаганні, гледзячы на Езуса, пачынальніка і завяршальніка веры. Заместрадасці, што была перад Ім, Ён, не зважаючы на ганьбу, выцерпеў крыж і сеў праваруч Божага трону. Падумайце пра таго, хто вытрываў такі над сабою здзек ад грэшнікаў, каб не знемагліся вы ў душах сваіх” (Гбр 12, 2-3). Святарская малітва – гэта неабходнасць, звязаная з душпастырскім служэннем, таму што супольнасць абавязкова патрабуе сведчання прасякнутага малітвай святара, які паглыбляецца ў таямніцу Бога. Той, хто моліцца, не губляе часу, нават калі сітуацыя здаецца безвыходнай і змушае нас толькі да дзейнасці. Малітва – гэта фундамент святарскага жыцця. Гэта крыніца сілы і моцы, зброя ад крызісаў і расчараванняў. Малітва дае святару магчымасць яшчэ глыбей усвядоміць тую праўду, што ён з’яўляецца распарадчыкам вялікіх Божых таямніц, якія былі аддадзены ў яго рукі. О Езу, Найвышэйшы Святар! Будзь жа праслаўлены і ўчыні, каб святары заўжды трывалі ў духу няспыннай малітвы, каб яны заўсёды прагнулі заставацца каля гэтай крыніцы жыцця і ніколі ад яе не адышлі.Сэрца Езуса, даручаем Табе святароў, якія адмаўляюцца ад малітвы, якія з-за яе недахопу сталі абыякавыя, перасталі адчуваць радасць свайго паклікання. Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу... Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 8 Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын, якія плачуць «Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача» (Рым 12,15). Звяртаючыся да ерузалемскіх жанчын, Езу Хрысце, Ты казаў: «… не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых» (Лк 23,28). Як казаў у свой час Святы Айцец Бенедыкт XVI: «Шмат дзяцей расце сёння ў грамадстве, якое забываецца пра Бога і натуральную годнасць чалавека, створанага на Яго вобраз. У свеце, які фарміруецца ўсё больш імклівым працэсам глабалізацыі, дзяцей часта вучаць толькі матэрыялістычнаму бачанню свету, жыцця і самарэалізацыі чалавека. Аднак дзеці і моладзь па сваёй натуры – гэта чулыя, велікадушныя і адкрытыя… ідэалісты. Больш за ўсё ім патрэбны любоў і выхаванне ў здаровым чалавечым асяроддзі, каб яны маглі зразумець, што іх прыход у свет – не выпадковасць, а дар, які з’яўляецца часткай Божага плану любові». Езу Хрысце, Тваё чулае Сэрца мела спачуванне да плачучых жанчын. Ты, не зважаючы на ўласныя пакуты, бачыў іншых церпячых людзей, не толькі церпячых фізічна, але і тых, хто паранены і скалечаны духоўна. О Езу, Найвышэйшы Святар! Будзь жа праслаўлены і асвяці святарскія сэрцы, каб заўсёды былі чулымі да патрэб сучаснага грамадства і паказвалі добры прыклад хрысціянскага выхавання дзяцей і моладзі; каб усе святары сталі сапраўднымі Добрымі Пастырамі, асабліва для тых “заблукалых авечак”, якія шукаюць Бога. Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу... Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 9 Езус падае пад цяжарам крыжа трэці раз Як адзначаў святы Ян Марыя Віянэй: "Святарства – гэта настолькі вялікі цяжар, што калі б святар не меў суцяшэння і шчасця, якія дае цэлебрацыя святой Імшы, не здолеў бы яго несці” . Быць святаром – вялікая адказнасць, Супольна з Богам крочыць па жыцці І, часам, пасвіць Божы статак цяжка, Але святар павінен з годнасцю ісці… Ісці наперад цяжкасцям, турботам, Ісці, калі пануе ў сэрцы неспакой, Заўжды наперад крочыць разам з Богам, Надзею запаліць у велічы святой! «Маючы першасвятара вялікага, які прайшоў нябёсы, Езуса, Сына Божага, будзем цвёрда трымацца вызнання нашага. Бо мы маем не такога першасвятара, які не мог бы спачуваць слабасцямнашым, але такога, які, паводлепадабенства, зведаўусевыпрабаванні, акрамяграху» (Гбр 4, 14-15). «Бласлаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог усякага суцяшэння, які суцяшае нас ва ўсякім смутку нашым, каб мы маглі суцяшаць усіх засмучаныхтым суцяшэннем, якім Бог суцяшае нас саміх» (2Кар 1, 3-4). Як казаў у свой час Святы Айцец Бенедыкт XVI: «Чым больш мы дазваляем Хрысту перамяняць нас праз літургію, тым большым будзе наша ўменне перамяняць свет, прамянеючы ў ім Хрыстовай дабрынёй, міласэрнасцю і любоўю да людзей» . О Езу, Найвышэйшы Святар! Будзь жа праслаўлены і ўчыні, каб усе святары свету, якіх Ты паклікаў на шлях служэння, сталі сапраўднымі апосталамі Божай міласэрнасці! Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу... Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 10 З Езуса здзіраюць адзенне Езу Хрысце – Ты сама Сціпласць і Чысціня! Твае пакуты – гэта пакуты за чалавечую бессаромнасць. Калі сорам адступае, то чалавеку пагражае ўпадак. Вельмі часта менавіта бессаромнасць штурхае чалавека на цяжкія грахі і ён усё ніжэй і ніжэй апускаецца ў балота граху. Езу Хрысце, дапамажы, каб усе святары свету, наследуючы Цябе ў цнотах чыстасці і ўбоства, заўсёды памяталі аб тым, што чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае, а таксама, як Добрыя Пастыры, заўжды заклікалі вернікаў шанаваць сваю чалавечую годнасць. Святы Айцец Бенедыкт XVI звяртаў увагу, што “наш цяперашні свет напоўнены страхам перад беднасцю і ўбоствам, страхам перад хваробамі і цярпеннем, страхам перад самотнасцю і смерцю. На гэтым свеце мы маем шырока разгорнутую сістэму страхавання. Аднак мы ведаем, што ў выпадку нясцерпнага болю, у хвіліну канчатковай смяротнай адзіноты нас не ўратуе ніякая страхоўка. У такія хвіліны адзінай надзейнай гарантыяй з’яўляецца тая, якую дае нам Бог. Ён гаворыць: “Не бойся. Я заўсёды з табой”. Мы можам упасці, аднак у канцы нас падымуць рукі Бога. А рукі Бога – гэта добрыя рукі”. О Езу, Найвышэйшы Святар! Будзь жа праслаўлены і ўчыні, каб святары, падтрыманыя Тваёю ласкаю, узрасталі ў цнотах убоства, чысціні, а таксама сціпласці ў думках, пачуццях, словах і ва ўчынках, а таксама вялі гэтымі шляхамі вернікаў, якіх Ты, Езу, ім даручыў, як пастырам Свайго Касцёла. Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу... Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 11 Укрыжаванне Езуса О Езу! Стварыцель неба і зямлі, якога ніводная рэч не можа абмежаваць, ані ахапіць, Ты, які ахопліваеш і аб’ядноўваеш усё сваёю моцаю, узгадай той горкі боль, які адчуваў, калі каты, прывязваючы Твае святыя рукі і ногі да крыжа, працялі іх наскрозь буйнымі затупленымі цвікамі. Расцягваючы Цябе на крыжы, з нечуванай лютасцю, не насычаныя Тваімі пакутамі, асыпалі Цябе лаянкай з усіх бакоў і, даючы волю сваёй раз’юшанасці, павялічвалі Твае раны ўсё больш жорсткімі катаваннямі. Цярпенні, пакуты і слабасць, як казаў святы Ян Марыя Віяней, – гэта шчасце дасканалых душ. Яны робяць хрысціяніна высакародным, таму што прыпадабняюць яго да нашага Боскага Збаўцы і да Яго Найсвяцейшай Маці. Калі любіш свой крыж, ён ніколі не надакучыць, але калі яго адпіхваеш, крыж той прыгнятае. Езус прамовіў на крыжы: “Прагну”. Ён гаварыў пра сваю прагу – не вады, але любові. О Езу, Найвышэйшы Святар! Праз велічэзнасць цярпенняў, якія Ты спазнаў падчас укрыжавання, дай усім святарам Тваю святую боязь і Тваю праўдзівую любоў. Праз тыя катаванні і мноства зневажанняў, о Збавіцелю Божы, вызвалі святарскія сэрцы з варожых путаў, як бачных, так і нябачных, і, дорачы благаслаўлёную апеку, правядзі шляхам дасканаласці да збаўлення вечнага. Амэн. Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу... Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 12 Езус памірае на крыжы «Як смерць, моцная любоў… Вялікія воды не могуць любоў патушыць, і рэкі яе не затопяць» (Песня Песняў 8, 6-7) «Езус сказаў: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць» (Лк 23,34) «Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, лагоднасць, пакору, далікатнасць, доўгацярплівасць, церпячы адзін аднаго і даруючы сабе ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду; як Пандараваў вам, так і вы» (Клс 3, 12-13). “Гэта чыніце на Маю памяць”. О Езу, Найвышэйшы Святар! Ты паклікаў святароў да свайго служэння і ўчыніў іх пастырамі нашых душ, пакорна даручаем Табе ўсіх памерлых святароў, якія вялі нас да Цябе. Выслухай нашыя малітвы і дай ім шчасце ў небе разам з апосталамі. Амэн. (малітва ў цішыні сэрца) Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 13 Цела Езуса знялі з крыжа Найсвяцейшая Панна Марыя, на рукі якой паклалі Цела Езуса, знятае з крыжа, з верай прыняла Хрыста і з любоўю дала Яго свету, ведаючы, што Божая воля споўнілася. Такім з’яўляецца таксама пакліканне і місія святара – пакліканне і місія Касцёла: прыняць Хрыста ў сваё сэрца і даць Яго свету, «каб свет быў збаўлены праз Яго» (Ян 3,17). О Марыя, Каралева Апосталаў і святароў, атулі сваёю найсвяцейшаю апекаю ўсіх хворых святароў. Прачыстая Дзева, якая ў ціхай пакоры прыняла на сябе годнасць Маці Бога, учыні, каб святары Твайго Сына з чыстым і пакорным сэрцам прыступалі да Таямніц алтара. О Марыя, духоўная Маці ўсіх святароў, Ты першая ахвяравала Езуса ў святыні Богу, чувай над кожнаю Ахвяраю алтара, каб святары годна складалі яе Богу. Пані найвярнейшая, якая першая была годная песціць у сваіх руках цела Езуса, благаславі святарскія далоні, якія дакранаюцца да Найсвяцейшага Цела Хрыста, чувай над святасцю святароў. Маці Бога, якая ў дабрыні сэрца прасіла свайго Сына, каб Ён дзеля людзей перамяніў ваду ў віно, благаславі святарскія вусны, якія дзеля нас, грэшных, цудоўнаю моцаю слова перамяняюць хлеб і віно ў Цела і Кроў Хрыста. Супрацоўніца Бога ў справе збаўлення, Маці Балесная, Твой Сын з крыжа аддаў Табе нас у вечную апеку. Чувай над святарамі, слугамі святых сакрамэнтаў, праз якія на нас сплывае плён Адкуплення. Каралева Апосталаў, Ты разам з першымі Апосталамі Хрыста, як і разам з намі, прыняла на сябе агонь Духа Святога, каб словам натхнёным, сэрцам бясстрашным, добрым прыкладам яны ўзмацнялі нас у веры, падтрымлівалі надзею і распальвалі ў нас любоў. Амэн. Тваёй абароне аддаёмся... Які за нас цярпеў ад ранаў - Езу Хрысце, змілуйся над намі! Маці Божая Балесная – заступіся за нас!!! Стацыя 14 Цела Езуса паклалі ў грабніцу «Езус, ведаючы, што прыйшла Ягоная гадзіна перайсці з гэтага свету да Айца, палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх» (Ян 13,1). «Мы ведаем, што перайшлі ад смерці да жыцця, таму што любім братоў. Хто не любіць, той застаецца ў смерці» (1 Ян 3,14). «Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго» (Ян 13, 34). Новую запаведзь сваёй любові Ты пакінуў нам, Хрысце, праз ахвяру святой Імшы, якая здзяйсняецца штодзённа на ўсіх алтарах свету дзякуючы паслузе святароў. Усе добрыя ўчынкі, узятыя разам, не зраўняюцца з ахвярай Імшы, таму што ўчынкі – гэта справа людзей, а святая Імша – гэта чын Бога. Мучаніцтва таксама не вытрымлівае параўнання, таму што гэта ахвяра жыцця чалавека, якую ён складае Богу, а Імша з’яўляецца ахвярай, якую Бог складае чалавеку, - ахвярай Яго Цела і Крыві. Праз гэтую вялікую ахвяру Ты адкрыў нам, Хрысце, брамы да Твайго Валадарства моцаю свайго Уваскрасення! О Езу, Найвышэйшы Святар! Будзь жа праслаўлены і ўчыні, каб святары, цэлебруючы кожную святую Імшу, выконвалі гэты святарскі абавязак з вялікай любоўю да Цябе, а не з прымусу свайго розуму і сэрца! Бо мэтаю галоўнай ёсць збаўленне, У асвячальнай Божай ласцы жыць, Таму эўхарыстычную ахвяру Сам Езус даручае вам служыць! І кожная Імша святая - Вялікі скарб для ацалення душ. Таму служы, святар, бо Езус заклікае: - Сумленне грэшнікаў хутчэй узруш! Бо менавіта сёння – час збаўлення, Час міласэрнасці, паўстання з усіх грахоў! Няхай жа Дух Святы напоўніць сэрца, Душу асветліць радасць і Любоў! Малітва на заканчэнне Крыжовага шляху О Езу мой, прашу Цябе за ўвесь Касцёл, удзялі яму любоў і святло свайго Духа, дай святарскім словам такую моц, каб зачарсцвелыя людскія сэрцы пакаяліся і вярнуліся да Цябе, Пане. Пане, дай нам святых святароў, Ты сам іх захоўвай у святасці. О Божы і Найвышэйшы Святар, няхай моц Тваёй міласэрнасці паўсюль спадарожнічае ім і беражэ іх ад пастак і подступаў д’ябла, якія той няспынна рыхтуе для душ святароў. Няхай моц Тваёй міласэрнасці, о Пане, крушыць і дашчэнту руйнуе ўсё тое, што магло б зацьміць святасць святара, бо Ты ўсё можаш. Амэн. Каб атрымаць каштоўны Божы дар адпусту, памолімся цяпер у інтэнцыях Святога Айца… Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу... альбо  Тваёй абароне аддаёмся... Спіс выкарыстаных крыніц: Святое Пісанне Бог прагне нашага шчасця. Думкі святога Яна Марыі Віянэя. - Гродзенская дыяцэзія Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь, 2010. Верыць – гэта ведаць Бога. Думкі Бэнэдыкта XVI.  – Гродзенская дыяцэзія Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь, 2012. Крыжовы шлях “Гэта  чыніце  на  Маю памяць” // AveMaria. 2001. № 3 (70). Крыжовы шлях. Разважанні. Мінск. Выдавецтва “Про Хрысто”, 2005. Добры Пастыр. Малітвы за святароў. Мінск. Выдавецтва “Про Хрысто”, 2011. Пятнаццаць малітваў св. Брыгіты да нашага Боскага Збаўцы і цудоўныя абяцанні. – Гродзенская дыяцэзія Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь, 2012. апрацавала Анастасія-Алена Блусянкова парафія Св. Сымона і св. Алены, г. Мінск
Пятніца, 12 лютага 2016
12.02.2016 11:56
Уступная малітва Езус Хрыстус гаворыць: “Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны”, і заклікае кожнага з нас: “Ідзі за Мною”. Часам мы задаём сабе пытанне: “Куды мне пайсці? Які мой шлях?” Езус дае нам вельмі канкрэтны адказ, кажучы: “Хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною”. Шлях, які прапануе нам Хрыстус, нялёгкі, бо вельмі цяжка згадзіцца на крыж у сваім жыцці, але менавіта гэты шлях вядзе да вечнасці. Распачынаючы разважанне мукі Пана, хочам прайсці Крыжовы шлях як шлях нашага збаўлення. Ахвяруем Пану Богу нашыя малітвы, просячы аб святасці для кожнага з нас. Стацыя 1 Езус асуджаны на смерць С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! «А першасвятары і ўвесь Сінэдрыён шукалі ілжывага сведчання супраць Езуса, каб забіць Яго, і не знайшлі, хоць прыходзіла шмат ілжывых сведкаў» (Мц 26, 59-60). Мы так моцна прызвычаіліся адзін да аднаго, што некаторыя з нас думаюць, што ім заўсёды можна гаварыць усё, што падабаецца. Яны чакаюць, што іншыя будуць зносіць іх недалікатнасць. Чаму б не паспрабаваць спачатку ўтаймаваць свой язык? Ты ведаеш, што можаш учыніць ім, але не ведаеш, колькі можа знесці іншая асоба. Небяспечна нам забыцца пра тое, што мы – грэшнікі. (стар.111) Пане Езу! Дапамажы нам панаваць над сваім языком, выракаючыся ў жыцці граху асуджэння бліжніх,  таму што Ты вучыш, Езу: “Любіце адзін аднаго!” Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі! Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 2 Езус бярэ крыж С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! «Тады Пілат узяў Езуса і аддаў на бічаванне. А жаўнеры, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і апранулі Яго ў пурпуровы плашч. І падыходзілі да Яго, і казалі: “Вітай, кароль Юдэйскі!” І выйшаў Езус у цярновым вянку і пурпуровым плашчы. І сказаў ім Пілат: “Вось чалавек!” Калі ўбачылі Яго першасвятары і прыслужнікі, закрычалі: “Укрыжуй, укрыжуй!”» (Ян 19, 1-3, 5-6). Ці сапраўды я ведаю, што такое грэх, і ці адпаведным чынам гляджу на крыж? Гледзячы на крыж, мы пазнаём, якімі вялікімі з’яўляюцца нашы грахі. Вазьмі крыж у рукі і задумайся над яго сэнсам. Езус злітаваўся над грэшнікамі. Езус не асудзіў распусніцу. Мне таксама патрэбна прабачэнне. (стар. 45) Пане Езу! Дапамажы зразумець сэнс крыжа і дай ласку сапраўднага навяртання сэрца! Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі! Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 3 Езус падае першы раз С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! «Усе мы, як авечкі, заблукалі, кожны з нас павярнуў на сваю дарогу, а Пан усклаў на Яго ўсе нашы правіны. <…> Ён узяў на сябе грахі многіх, таму заступаецца за злачынцаў» (Іс 53, 6. 12). Прыступіць да споведзі – гэта не што іншае, як на ўзор распусніцы з Евангелля стаць перад Езусам з-за таго, што ты злавіў сябе на граху. Прыходзім да канфесіянала як грэшнікі, абцяжараныя грахом, але адыходзім як грэшнікі, вольныя ад граху. (стар.45) Хачу, каб вы пазбягалі граху не толькі таму, што баіцеся пекла або чысца, але таму, што любіце Езуса. (стар.46) Пане Езу! Перамяні нашыя сэрцы, каб мы імкнуліся быць без граху таму, што любім Цябе, а не таму, што баімся пакарання за грэх! Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі! Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 4 Езус сустракае сваю Маці С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! «Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць. А праз Тваю душу пройдзе меч» (Лк 2, 34-35). Будзем прасіць Марыю, каб учыніла нашы сэрцы ціхімі і пакорнымі на ўзор Сэрца Яе Сына. Так лёгка быць ганарыстым, калючым і самалюбным – вельмі лёгка, але мы створаны для большых спраў. Як жа многаму можам мы навучыцца ў Марыі! Яна была такой пакорнай, таму што была дарэшты адданай Богу. Была поўнай ласкі. (стар. 102) О, Найсвяцейшая Панна Марыя! Учыні нашыя сэрцы ціхімі і пакорныміна ўзор Найсвяцейшага Сэрца Езуса! Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі! Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 5 Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці крыж С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! «Калі павялі Яго, схапілі нейкага Сымона Кірынэйца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на Яго крыж, каб нёс за Езусам» (Лк 23, 26). Сам факт, што на тваёй дарозе Бог паставіў нейкую душу, з’яўляецца знакам, што Ён прагне, каб ты для гэтай душы нешта зрабіў. Такая сустрэча не выпадковая, яна была запланавана Богам. У сумленні ты маеш абавязак дапамагчы гэтай асобе. (стар. 75-76) Пане Езу! Дапамажы нам, каб мы заўсёды кіраваліся голасам свайго сумлення і дапамагалі бліжнім не з прымусу, але ад чыстага сэрца! Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі! Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 6 Вераніка выцірае твар Езуса С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! «Не меў Ён ні хараства, ні прыгажосці, каб мы паглядзелі на Яго, і не меў выгляду, каб прывабіць нас. Зняважаны, адрынуты людзьмі, муж цярпення, ад якога адварочваюць твар» ( Іс 53, 2-3). Зместам любові з’яўляюцца не словы, нельга таксама любоў выказаць словамі, асабліва тую любоў, якая служыць Богу, якая ад Яго паходзіць, якая Яго знаходзіць і да Яго дакранаецца. Мы павінны дасягаць сэрца. Каб дасягнуць сэрца, - бо так трэба, - належыць даказаць любоў учынкам. (стар.77) Пане Езу! Дапамажы нампалюбіць бліжніх не словам і не мовай, але ўчынкам і праўдай! Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі! Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 7 Езус падае другі раз С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! «Ён узяў на Сябе немачы нашыя, Ён сам зносіў наш боль; а мы думалі, што ён асуджаны, пакараны Богам і прыніжаны» (Іс 53, 4). Калі ў маё жыццё ўваходзіць грэх, ён становіцца асабістай перашкодай для маіх адносін з Богам. Калі паміж мной і Богам стаіць грэх, то Бог не можа дзейнічаць праз мяне і надзяліць мяне сваёй моцай. Грэх – гэта не што іншае, як рабства. (стар.108) Пане Езу! Надзялі сваёю моцаю і дапамажы падняцца з балота грахоў, каб любіць Цябе без перашкодаў, бо толькі чыстае сэрца здольнае ўбачыць Бога! Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі! Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 8 Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! «Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. А Езус абярнуўся да іх і сказаў: “Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе”» (Лк 23, 27-28). Спачуванне і любоў павінны нараджацца ў нашай душы, павінны выплываць з нашай еднасці з Хрыстом. Любоў да сям’і, любоў да бліжняга, любоў да ўбогіх з’яўляецца натуральным плодам гэтай еднасці. (стар. 96) Вучыце сваіх дзяцей маліцца і маліцеся разам з імі. Езус учыніў сябе Хлебам Жыцця, каб даць нам сваё жыццё, каб мы маглі стаць падобнымі да Яго. Дык будзем святымі, як Езус, поўнымі спачування, поўнымі пакоры адзін перад адным, таму што тады, калі мы любім адзін аднаго, любім і Яго. (стар. 78) Пане Езу! Дапамажы нам радавацца з тымі, хто радуецца, і плакаць з тымі, хто плача! Учыні, каб слёзы сталі выразам сапраўднай бескарыслівай, а не фальшывай эгаістычнай любові! Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі! Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 9 Езус падае трэці раз С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! «Здзекваліся з Яго, але Ён сам паддаўся і нават не адкрыў вуснаў сваіх. Як ягнё, на зарэз ведзенае, ды як авечка маўчыць перад стрыгалямі, — не адкрыў Ён вуснаў сваіх. Пан пажадаў раздавіць яго цярпеннем» ( Іс 53, 7. 10). Святы Аўгустын гаворыць: “Спачатку напоўніце саміх сябе, а толькі потым зможаце даваць іншым”. Самапазнанне вельмі патрэбна для споведзі. Гэта дзякуючы такому пазнанню святыя маглі сказаць пра сябе, што яны нікчэмныя злачынцы. Яны бачылі Бога і бачылі сябе – і заўважалі розніцу. Таму не здзіўляліся, калі нехта абвінавачваў іх, нават несправядліва. Кожны чалавек мае ў сабе шмат дабра і шмат зла. (стар.110) Пазнанне сябе ставіць нас на калені. Без гэтага пазнання мы б не здолелі любіць. Пазнанне Бога нараджае любоў, пазнанне сябе – пакору. Калі ты будзеш пакорны, нішто не зможа цябе закрануць – ані пахвала, ані прыніжэнне, таму што ты будзеш ведаць, які ты сапраўды ёсць. (стар. 110) Пане Езу! Дапамажы заўсёды наследаваць Цябе ў цноце пакоры і дашчэнту зруйнуй усялякую пыху і маё ўзвышэнне над бліжнімі! Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі! Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 10 З Езуса здзіраюць адзенне С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! «Жаўнеры ж, якія ўкрыжавалі Езуса, узялі Ягоную вопратку і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па частцы; узялі і туніку. Туніка была не шытая, уся ад верху тканая. Таму сказалі адзін аднаму: “Не будзем разрываць яе, але кінем лёсы, каму дастанецца”. Каб збылося сказанае ў Пісанні» (Ян 19, 23-24). Бог, будучы багатым, стаў убогім дзеля цябе і мяне. Ён дарэшты аддаў сябе нам. Але і гэтага Яму не хапіла. Ён хацеў даць нам яшчэ больш – хацеў даць шанс, каб і мы маглі нешта ахвяраваць Яму. Ён учыніў сябе галодным і нагім у чалавеку для таго, каб мы таксама маглі Яго нечым адарыць. (стар.24-25) Пане Езу! Дапамажы нам зразумець, што “быць хрысціянінам – значыць аддаваць”, але не толькі гэта ведаць, а так сапраўды штодзённа чыніць у сваім жыцці! Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі! Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стыцыя 11 Укрыжаванне Езуса С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! «Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі і кажучы: “Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні будуеш, уратуй сябе самога; калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа!” Таксама і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі, насміхаючыся, казалі: “Іншых ратаваў, а сябе не можа ўратаваць. <…> Спадзяваўся на Бога, няхай Бог вызваліць Яго цяпер, калі любіць Яго…”»   (Мц 27, 39-43). На крыжы наш Пан не меў нічога. Крыж…быў уласнасцю Пілата. Цвікі і цярновую карону атрымаў ад жаўнераў. Ён не меў на сабе аддзення… Езус мог памерці як кароль і мог паўстаць з памерлых як кароль. Ён выбраў убоства, таму што ў сваёй бясконцай мудрасці ведаў, што ўбоства з’яўляецца праўдзівай дарогай, каб жыць з Богам, здабыць Яго сэрца і прынесці Яго любоў на гэтую зямлю. (стар. 67) Пане Езу! Дапамажы нам не ўцякаць ад крыжа прыніжэнняў, а з радасцю прыпадобніцца да Цябе ў цнотах, якія адкрываюць шлях да Нябеснага Валадарства! Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі! Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 12 Езус памірае на крыжы С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! «І было ўжо каля шостай гадзіны, і цемра настала па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятай. І Езус закрычаў моцным голасам: “Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой”. І, сказаўшы гэта, сканаў (Лк 23, 44. 46). Калі падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён ужо памёр, не ламалі Яму галені, толькі адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада» (Ян 19, 33-34). Глянь на ўкрыжаванне і ўбачыш, як Езус нахіліў галаву, каб пацалаваць цябе, як раскінуў рукі, каб абняць цябе, як адкрыў сэрца, каб прыняць цябе, каб заключыць у сваёй любові.  Ведаем, што крыж – гэта знак найбольшай любові Хрыста да цябе і да мяне… (стар. 66) Пане Езу! Асвяці нашыя сэрцы сваёю бязмежнаю любоўю і навучы бескарысліва любіць бліжніх, таму што Ты вучыш, Езу: “Любіце адзін аднаго!” Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі! Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 13 Езуса здымаюць з крыжа С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! «Сотнік, убачыўшы, што сталася, славіў Бога і казаў: “Праўдзіва, Чалавек гэты быў справядлівы”. І ўсе людзі, што сабраліся на гэтае відовішча, калі ўбачылі, што сталася, вярталіся, б’ючы сябе ў грудзі. А здалёк стаялі ўсе, хто ведаў Яго» (Лк 23, 47-49). Аддаць сябе – гэта праўдзівая радасць. Чым паўней мы аддаём сябе, тым больш любім Бога і душы. Калі мы сапраўды любім душы, то павінны быць гатовыя заняць іх месца, узяць на сябе іх грахі і каяцца за іх. Мы павінны быць жывымі ахвярамі, таму што менавіта такімі мы патрэбны душам. Божая любоў не мае межаў. Яна неабдымная, і яе глыбіню немагчыма змерыць. Ён сказаў: “Не пакіну вас сіротамі” (Ян 14,18). (стар.63) Пане Езу! Дапамажы нам, каб мы заўсёды трывалі ў адзінстве з Табою і заўжды раздзялялі цярпенні з бліжнімі, якім найбольш патрэбна Твая міласэрнасць! Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі! Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 14 Езуса кладуць у грабніцу С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! «Яны ўзялі цела Езуса і закруцілі Яго ў палатно з духмянасцямі, як звычайна хаваюць юдэі. На месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе — новая магіла, у якую яшчэ нікога не клалі. Там з прычыны Прыгатавання Юдэйскага паклалі Езуса» (Ян 19, 40-42). Езус – гэта Хлеб Жыцця і Любоў, якая разумее. Эўхарыстыя значыць “любоў, якая разумее”. Хрыстус размеў. Разумеў наш вялікі голад па Богу. Разумеў, што мы створаны для таго, каб быць любімымі, таму ўчыніў сябе Хлебам Жыцця і сказаў: “Калі не будзеце спажываць Майго Цела і не будзеце піць Маёй Крыві, не зможаце жыць, не зможаце любіць, не зможаце служыць”. (стар. 96) Зрабі так, каб святло Хрыста заўсёды палала ў тваім сэрцы, таму што Ён адзіны з’яўляецца Дарогай, па якой належыць ісці. Ён з’яўляецца Жыццём , якім трэба жыць, і Любоўю, якой трэба любіць. (стар.43) Пане Езу! Навучы нас цалкам наследаваць Цябе ва ўсіх цнотах і стаць сапраўдным святлом для сучаснага свету! Ойча наш… Вітай, Марыя… Хвала Айцу… О Езу Хрысце, будзь жа праслаўлены і злітуйся над намі! Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Малітва да ўкрыжаванага Хрыста (на заканчэнне Крыжовага шляху) Збаўца наш, Езу Хрысце! Бачу Цябе, прыбітага да крыжа дзеля Тваёй вялікай любові да роду людскога. Галаву маеш нахіленую, бо хочаш пачуць усе нашыя малітвы; сэрца маеш адкрытае, бо хочаш даць усім ласку сваю; рукі маеш распасцёртыя, бо хочаш усіх нас да сябе прыгарнуць; ногі маеш прыбітыя цвікамі, бо хочаш быць заўсёды з грэшнікамі. Прашу Цябе сёння, дзеля Тваёй пакутлівай смерці і пачэснага крыжа пачуй малітвы мае, пашлі мне ласку Тваю, прыгарні мяне да сябе і будзь са мною ў хвіліну маёй смерці. Амэн. Каб атрымаць каштоўны Божы дар адпусту, памолімся цяпер у інтэнцыях Святога Айца… Ойча наш... Вітай, Марыя... Хвала Айцу... альбо Тваёй абароне аддаёмся... Спіс выкарыстаных крыніц Святое Пісанне Найбольшая запаведзь. Думкі благаслаўлёнай Маці Тэрэзы. - Гродзенская дыяцэзія Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь, 2009. – 174с. Нястомна маліцеся: малітоўнік для моладзі. – Мінск: Про Хрысто, 2011. – 512с. апрацавала Анастасія-Алена Блусянкова парафія Св. Сымона і св. Алены, г. Мінск 27.03.2015 г.
12.02.2016 11:40
Калі я гавару мовамі людзей і анёлаў, а любові не маю, я – як медзь звонкая або гулкія цымбалы. І калі маю дар прароцтва, і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я – нішто. І калі раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне, а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці. Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, незайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, непамятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць. Любоў ніколі не мінае. Не так, як прароцтвы, якія спыняцца, ці мовы, якія змоўкнуць, ці веды, якія скончацца. Бо мы часткова пазнаем і часткова прарочым, а калі настане дасканалае, тады тое, што частковае, знікне. Калі я быў дзіцём, то па-дзіцячы гаварыў, па-дзіцячы думаў, па-дзіцячы разважаў; а калі стаў мужчынам, то пакінуў дзіцячае. Бо цяпер мы бачым праз люстэрка, цьмяна, атады – тварам у твар. Цяпер я ведаю часткова, тады ж спазнаю так, як і я спазнаны. А цяпер трываюць вера, надзея і любоў – гэтыя тры, але найбольшая з іх любоў. 1 Кар 13, 1-13. Стацыя 1 – Езус несправядліва асуджаны Любоў доўгацярплівая С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! Езу Хрысце – сапраўдны прыклад доўгацярплівай любові! Калі Ты прымаў прысуд Пілата, церпячы несправядлівае асуджэнне, Ты не гаварыў моваю людзей, не быў як звонкая медзь альбо гулкія цымбалы. Хрысце, Ты прамаўляў моваю любові – моваю глыбокай унутранай цішыні сэрца. Цябе абвінавачвалі, Езу, а Ты Сэрцам маліўся да Айца за сваіх ворагаў. Твая душа была вельмі заклапочана тым, што часта чалавек, які мае ўладу асудзіць іншага, забываецца пра тое, што існуе канчатковы справядлівы суд – гэта Божы Суд. Такі чалавек кіруецца суб’ектыўнымі меркаваннямі, шукаючы толькі ўласнай карысці альбо фальшывай людской справядлівасці. Часам чалавек, які асуджае іншага, імкнецца знайсці выгаду для сябе. О Езу, Ты ціхім пакорным Сэрцам прыняў несправядлівае асуджэнне, будучы бязгрэшным! Учыні, Хрысце, маё сэрца да Твайго падобным, асабліва калі мяне людзі будуць несправядліва асуджаць альбо пакрыўдзяць, дапамажы мне скіраваць свой позірк толькі на Цябе, Езу, і ўзгадаць, што любоў доўгацярплівая ніколі не асуджае! Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу… Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 2 – Езус бярэ крыж на свае плечы Любоў ласкавая С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! Езу Хрысце – сапраўдны прыклад ласкавай любові! Ты ўзяў Крыж на свае плечы менавіта з любові да чалавека. Ты прыняў Крыж чалавечых грахоў, здрадаў, прыніжэнняў, таму што разумеў, што толькі ў Крыжы збаўленне душы ад вечнай смерці. Толькі шлях Крыжа ёсць сапраўднай надзеяй на вечнае жыццё. Езу! Ты не адкідаеш Крыж і не выракаешся яго, таму што любоў ласкавая не можа адвярнуцца ад цяжкага пакутнага шляху. Ласкавая любоў клапоціцца пра збаўленне бліжніх, а не пра ўласны дабрабыт. Ласкавая любоў – дасканалая, яна здольная на ўсё, нават горы перастаўляць, а не толькі несці крыж. Езу Хрысце, дапамажы мне ніколі не наракаць на тое, што крыж майго жыцця нязносна цяжкі, і зразумець, што калі я адкіну крыж любові, мяне пачне прыгнятаць крыж цярпенняў. Дай мне ласку адчуць радасць крыжа, нягледзячы на тое, што шмат розных выпрабаванняў сустрэне мяне на маёй жыццёвай дарозе! Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу… Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 3 –першае падзенне Езуса пад крыжам Любоў не зайздросціць С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! Езу Хрысце – сапраўдны прыклад любові, якая не зайздросціць! На жаль, у маім жыцці здараецца інакш: часам, калі мне нешта не ўдаецца рэалізаваць так, як мне б хацелася, а нехта з маіх знаёмых, сяброў ці родных дасягае пэўных поспехаў, мяне можа ахапіць пачуццё зайздрасці. Зайздрасць – гэта грэх, які атручвае маю душу, прыгнятае мяне і тады я падаю пад цяжарам граху. Галоўнае своечасова зразумець свой упадак і не застацца ва ўпадку, а падняцца і крочыць далей шляхам збаўлення.  Таму, каб выкараніць зайздрасць са сваёй душы, трэба перамагчы сябе праз пакаянне і шчырую радасць поспехам іншых людзей. Атрымаць перамогу над грахом дапамагаеш мне Ты, Езу, у сакрамэнце пакаяння, калі прабачаеш мяне, даеш мне магчымасць падняцца, узяць свой крыж і ісці далей. Дзякую Табе, Езу, бо толькі Ты адзіны ведаеш, што найбольш карысна для збаўлення маёй душы. Дапамажы мне, Езу, заўжды перамагаць зайздрасць удзячнасцю Табе і бліжнім за ўсе радасці і за ўсе выпрабаванні. Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу… Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 4 – сустрэча з Маці Любоў не пыхлівая С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! Езу Хрысце – сапраўдны прыклад любові не пыхлівай, а пакорнай і цярплівай! Ты вучыш пакоры, калі на пакутным крыжовым шляху Цябе сустракае Маці. Найсвяцейшая Панна Марыя – гэта крыніца пакоры! Езу! Тваё Сэрца і Сэрца Тваёй Маці з’ядналіся ў адзінае вялікае Святое Сэрца – Сэрца ціхае і пакорнае, якое без нараканняў, без крыўды здольнае прыняць Божую волю, нават калі Сэрца прабівае востры меч! Як жа часта ў сваім штодзённым жыцці я не магу згадзіцца з Божаю воляю, калі нешта сабе планую, а потым мае планы рэзка змяняюцца і ўсё здзяйсняецца зусім не так, як мне хацелася б. Тады я пачынаю заклапочана перажываць, можа, часам несправядліва абвінавачваць іншых людзей, рэзка рэагую на розныя крыўды, мая вера разбіваецца праз розныя сумнівы… У такія хвіліны я часта забываюся, што мае планы – гэта не Твае, Божа, планы і што Ты заўсёды маеш для мяне найлепшы шлях у жыцці. А ўсё гэта адбываецца таму, што часта мяне духоўна асляпляе ўласны эгаізм, мая пыха. Улі, Езу, у маё сэрца цноту пакоры і вырві корань пыхі, які так глыбока пасяліўся ў маёй душы! О Найсвяцейшая Панна Марыя, навучы мяне сапраўднай пакоры! Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу… Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 5 – Сымон Кірынеец дапамагае Езусу Любоў не ганарыцца С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! Езу Хрысце – сапраўдны прыклад любові, якая не ганарыцца! Ідучы пакутным крыжовым шляхам на Галготу, Ты вучыш, Езу, не ганарыцца. А чалавек часта розныя свае дасягненні прыпісвае сабе як уласныя заслугі,забываючыся пра тое, што не бывае выпадковасцяў у жыцці. Усё здзяйсняецца цалкам па волі Божай. І, напрыклад, калі нам давялося некаму дапамагчы ці то нават з прымусу, ці то з любові да бліжняга, а потым мы заўважаем плёны ад нашай дапамогі, то бывае так, што ў душы пачынаем ганарыцца, што дапамаглі іншаму штосьці зрабіць. Сымона Кірынейца, абцяжаранага ўласнымі жыццёвымі клопатамі, прымусілі дапамагчы Езусу несці Крыж. Спачатку ён не згаджаўся, а потым гонар у яго душы ўсё ж такі перамог і Сымон вырашыў дапамагчы, хоць, можа, нават не зусім глыбока ўсведамляў сэнс такой дапамогі. Хрысце, дай мне ласку сапраўднага разумення, што ўсе людзі, якіх Ты ставіш на маім жыццёвым шляху і ўсё тое, што адбываецца са мною ў жыцці – гэта не простая выпадковасць, а Божы Провід. Таму не дазволь мне, Хрысце, ганарыцца рознымі поспехамі ці дасягненнямі, ведаючы, што над усім гэтым пануе Тваё благаслаўленне! Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу… Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 6 – святая Вераніка выцірае твар Езуса Любоў не бессаромная С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Мукусваю прынёс Ты збаўленне свету! Езу Хрысце – сапраўдны прыклад не бессаромнай любові! Сваім прыкладам, Хрысце, Ты вучыш, што ёсць натуральны чалавечы сорам і фальшывы сорам. Без аніякага сораму Ты пакінуў на хустцы святой Веранікі адбітак свайго Найсвяцейшага Аблічча, калі яна выцерла Твой акрываўлены, збіты твар. Гэта была сапраўдная ўзнагарода, падзяка за ўчынак бескарыслівай любові, праяўлены святой Веранікаю да Цябе.У такой сітуацыі не павінна дамінаваць пачуццё сораму, а павінна ўзрастаць любоў. Любоў знішчае ўсялякі фальшывы сорам! На жаль, чалавек не дасканалы ў любові! Часаму жыцці хрысціяніна, які лічыць сябе глыбока веруючым і пабожным, здараюцца сітуацыі, што бывае сорамна зрабіць знак крыжа, праходзячы па вуліцы каля святыні, ці памаліцца перад ежаю, напрыклад, перад супрацоўнікамі. Таму што тады ўзнікае думка, а што падумаюць, як будуць глядзець іншыя людзі. Ці, напрыклад, трэба вызнаць свае грахі перад святаром у сакрамэнце пакаяння, і тады адчуваецца сорам, асабліва калі неабходна назваць смяротны грэх і не хапае мужнасці гэта зрабіць. Трэба памятаць тады, што гэта толькі фальшывы сорам. А той, хто любіць па-сапраўднаму: усёю душою, усім сэрцам і ўсім розумам – не павінен крочыць шляхам фальшывай сарамлівасці. Таму сэрцам прашу Цябе, Езу, зруйнуй у маім жыцці ўсялякі фальшывы сорам і дапамажы мне кіравацца толькі натуральнаю чалавечай сарамлівасцю, заўсёды памятаючы, што чалавек створаны на вобраз і падабенства Божае! Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу… Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 7 – дргое падзенне Езуса пад крыжам Любоў не шукае свайго С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! Езу Хрысце –сапраўдны прыклад любові, якая свайго не шукае! Любоў не шукае ўдзячнасціі пашаны; яна не шукае ўласнай выгады! Ёй не патрэбна нават падзяка, бо сапраўдная любоў клапоціцца пра дабро бліжніх, выракаючыся сябе. Яна складае з сябе жывую ахвяру! Менавіта толькі з любові да бліжніх дзеля збаўлення грэшнікаў, Езу, Ты нёс цяжкіКрыж на Галготу! І калі другі раз на сваім пакутным Крыжовым шляху Ты ўпаў пад Крыжам, Езу Ты выракся самога сябе, Ты прынізіўсябе самога і спазнаў боль - гэта цяжкія грахі людзей моцна прыціснулі Цябе да зямлі, гэта мой грэх так прыгнятае Цябе! Але Ты, Хрысце, вучыш мяне ніколі не ўпадаць у роспач, нават тады, калі я неаднаразова буду на сваім жыццёвым шляху спатыкацца і падаць пад цяжарам аднаго і таго ж граху! Бо любоў Твая да мяне нашмат мацнейшая за мой грэх! І гэта дае мне надзею, Твая любоў адкрывае мне шлях да збаўлення душы–праз вырачэнне злога, граху і яго наступстваў, а таксама праз шчырае пакаянне. Ты ўказваеш мне, Езу, шлях любові, якая не шукае свайго, а знаходзіць грэшніка і падымае яго! Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу… Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 8 – Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын Любоў не гневаецца С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! Езу Хрысце– сапраўдны прыкладлюбові, якая не гневаецца! Таму што любоў міласэрная, яна не асуджае, але судзіць справядліва. Любоў звычайна прыносіць супакой і суцяшае! Калі на Крыжовым шляху Табе, Езу, сустрэліся ерузалемскія жанчыны, яны моцна плакалі, выказывалі Табе спачуванне. Але Ты сказаўім, што па Табе не трэба праліваць слёзы. Любоў справядлівая не патрабуе слёз, а плакаць трэба чалавеку грэшнаму па сабе і па дзецях сваіх, па сваіх родных, якія жывуць у стане граху. Часам бывае гнеў справядлівы, але любоў перамагае ўсялякі гнеў, бо Ты, Езу, моцна любіш грэшніка, але ненавідзіш грэх. Таму асвяці мой розум, маё сэрца і маю душу, Хрысце, каб мае слёзы былі сапраўднымі і шчырымі слязьмі пакаяння іўлагодзілі Твой справядлівы гнеў! Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу… Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 9 – трэцяе падзенне Езуса пад Крыжам Любоў не памятае зла С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! Езу Хрысце– сапраўдны прыкладлюбові, якая не памятае зла! Хрысце, Тваё трэцяе падзенне пад Крыжам – гэта выраз Тваёй найвялікшай любові да слабага грэшнага чалавека! Каб па-сапраўднаму быць моцным, трэба пазнаць сваю слабасць. Часта ў сваім духоўным жыцці я перажываю розныя спакусы злога духа. Неаднаразова здараецца так, што я не магу самастойна змагацца з уласнымі слабасцямі і яшчэ больш падаю пад цяжарам граху. Бывае сітуацыя, калі здаецца, што душа ўжо вызвалілася з путаў злога і на працягу доўгага часу грэх у жыцці ўжо больш не паўтараецца. Але калі ізноў надыходзіць час выпрабаванняў і я ўпадаю ў той самы грэх, тады глыбей пачынаю разумець, што праз выпрабаванні і падзенні ачышчаеццаі ўдасканальваецца ў любові мая душа. Дапамажы мне, Божа, у маім хрысціянскім жыцці не канцэнтравацца толькі на сваёй грахоўнасці, а ўсім сэрцам заўсёды шукаць Цябе, Езу! Бо толькі моцаю Тваёй любові я сапраўды ўзмацняюся, калі душу атакуюць спакусы злога духа! І Ты, Езу, не памятаеш зла, не ўспамінаеш мне маіх грахоў, калі я шчыра вызнаю іх у сакрамэнце пакаяння. Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу… Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 10 – з Езуса здзіраюць адзенне Любоў не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! Езу Хрысце– сапраўдны прыклад любові, якая не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай! Езу Хрысце, Ты сказаў, што толькі Ты – Праўда, якою трэба кіравацца ў жыцці. Ты стварыў чалавека з любові на свой вобраз і падабенства. Чалавек – найвышэйшае Божае стварэнне над усімі іншымістварэннямі. Толькі чалавек мае розум і вольную волю, таму здольны рабіць выбар у сваім жыцці:выбар паміж благаслаўленнем ці пракляццем.Гэта значыць альбо жыць з Богам і служыць Яму, альбо спадзявацца толькі на ўласныя сілы і адвярнуцца ад Бога. Іншага шляху няма! Альбо трываць у Божай прысутнасці і радавацца разам з Праўдай, альбо чыніць тое, што супярэчыць волі Божай. Калі чалавек парушае Божыя запаведзі, ён выбірае шлях несправядлівасці. А любоў дасканалая не радуецца несправядлівасці! Езу Хрысце, калі злосныя жаўнеры, злачынцы дзялілі Тваю вопратку, яны свядома выбралі для сябе шлях пракляцця. Ты не праклінаў іх, яны самі сябе пракліналі сваімі злачынствамі. Езу – Ты любоў дасканалая, якая не здольная праклінаць! Чалавек сам свядома выбірае для сябе шлях пракляцця, калі чыніць грэх! Езу Хрысце! Дапамажы мне ў жыцці заўжды рабіць мудры выбар і кіравацца толькі шляхамі Тваёй спрадвечнай Праўды і справядлівасці, а таксама навучы мяне заўсёды радавацца разам з Праўдай, бо Ты вучыш словамі Святога Апостала Паўла: “Заўсёды радуйцеся!” Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу… Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 11 – укрыжаванне Езуса Любоў усё зносіць С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! Езу Хрысце – сапраўдны прыклад любові, якая зносіць усё! Любоў дасканалая зносіць усё: знявагі, крыўды, няўдзячнасці, блюзнерствы, падманы, несправядлівыя прысуды… Любоў церпіць боль… Любоў часта адчувае сябе пакінутай, асмяянай. Любоў дасканалая звычайна не знаходзіць разумення, бывае, што за праяўленую дабрыню ёй узнагароджваюць злом… Так, Езу, Ты зносіў усё, калі аддаў сябе на ўкрыжаванне за збаўленне чалавецтва, за збаўленне маёй грэшнай душы... Хрысце, калі Твае святыя рукі і ногі прыбівалі да Крыжа, Ты цярпеў жудасны боль менавіта з вялікай любові да мяне. Гледзячы на Твой сапраўдны прыклад любові, якая ўсё зносіць, я ўсё глыбей разумею, Езу, якая ж недасканалая мая любоў да Цябе і да маіх бліжніх! Гледзячы на святы Крыж, сэрцам і душою, схіляючыся прад Табою, Хрысце, прашу ў Цябе прабачэння за кожны грэх, за кожную здраду, за кожнае занядбанне, якімі я Цябе штодзённа ўкрыжоўваю! Прабач мне, Пане Езу! Мая віна, мая віна, мая вельмі вялікая віна… Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу… Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 12 – смерць Езуса на крыжы Любоў усяму верыць, на ўсё спадзяецца С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! Езу Хрысце – сапраўдны прыклад любові, якая ўсяму верыць, на ўсё спадзяецца! На Крыжы любоў перамагла смерць: любоў перамагла знявагі, крыўды, няўдзячнасці, блюзнерствы, падманы, несправядлівыя прысуды… Любоў, якая жыве праз вякі, любоў, якая не памірае. Твая Любоў, Хрысце, дае жыццё маёй душы, а крыламі маёй душы ёсць вера і надзея, таму што дасканалая Любоў усяму верыць і на ўсё спадзяецца! Вера – гэта ўпэўненасць у нябачным. Ты сказаў: Я з вамі да канца жыцця! Я веру, Езу! Таму што адчуваю Тваю прысутнасцьу сваім жыцці. Часта Ты дакранаешся да сэрца майго Духам Святым, калі суцяшаеш мяне ў смутку; калі выціраеш слёзы з маіх вачэй; калі Ты ўліваеш у маю душу сапраўдны супакой і радасць. Дапамажы мне, Хрысце, заўсёды заставацца вернай Табе! Навучы мяне верыць, спадзявацца і любіць! Навучы мяне дасканалай любові! Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу… Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 13 – Цела Езуса здымаюць з крыжа Любоў усё церпіць С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! Езу Хрысце – сапраўдны прыклад любові, якая ўсё церпіць! Езу, Ты прайшоў пакутным шляхам, несучы Крыж на Галготу. На сваім шляху Ты зведаў тры падзенні, цярпеў здзекі і жудасны боль, калі Твае святыя рукі і ногі прыбівалі да Крыжа, калі з Твайго прабітага Сэрца выплылі святая Кроў і вада, як крыніца міласэрнасці для грэшнікаў – Ты ўсё цярпеў з любові! Любоў дасканалая ўсё церпіць! Цяпер, Езу, Тваё Цела знялі з Крыжа і паклалі на рукі Найсвяцейшай Панне Марыі, Тваёй Маці. Яна і мая духоўная Маці. Марыя для мяне – прыклад цярплівай любові! Толькі праз цярплівасць і пакорнае прыняцце волі Божай я вучуся ў Найсвяцейшай Панны Марыі сапраўднай дасканалай любові! Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу… Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Стацыя 14 – Цела Езуса паклалі ў грабніцу Любоў ніколі не мінае С.: Кланяемся Табе, Пане Езу Хрысце! Усе: Бо праз Крыж і Муку сваю прынёс Ты збаўленне свету! Езу Хрысце – сапраўдны прыклад любові, якая ніколі не мінае! Езу, скончыўся Твой шлях зямнога вандравання, але менавіта на Крыжы ў Вялікую пятніцу распачаўся Твой хвалебны шлях да светлага Уваскрасення! Праз свае пакуты і крыжовую смерць Ты адкрыў брамы ў Валадарства Нябеснае і прынёс збаўленне свету з любові да мяне – самага слабага грэшнага чалавека. Сваёю любоўюТы ўжо знішчыў мой грэх, а таксама даеш мне цяпер магчымасць атрымаць каштоўны дар поўнага адпусту, як прабачэнне караў за ўчыненыя грахі. Гэта доказ Тваёй любові, якая ніколі не мінае! Дзякую Табе, Езу, за тое, што Ты прысутны заўсёды ў маім жыцці і сваёю жывою дасканалаю любоўю ажыўляеш маю душу! Твая любоў жыве зараз ў душы маёй! Бо калі я гавару мовамі людзей і анёлаў, а любові не маю, я – як медзь звонкая або гулкія цымбалы. І калі маю дар прароцтва, і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я – нішто. А цяпер трываюць вера, надзея і любоў – гэтыя тры, але найбольшая з іх любоў. Ойча наш… Вітай,Марыя…Хвала Айцу… Ты за нас цярпеў ад ранаў – Езу Хрысце, змілуйся над намі! Малітва на заканчэнне Крыжовага шляху Езу Хрысце! Мой адзіны Збаўца – сапраўдны прыклад дасканалай любові! Навучы мяне любіць так, як любіш Ты – проста, шчыра і бескарысліва! Навучы мяне прабачаць так, як Ты прабачаеш нам, грэшным! Умацуй маю веру і ўчыні маё сэрца ціхім і пакорным, падобным да свайго Найсвяцейшага Сэрца! Навучы мяне цярпліва зносіць усе крыўды і знявагі! Дапамажы мне ніколі не ўпадаць у роспач, калі мяне будзе прыгнятаць крыж маіх цярпенняў! Навучы мяне, Езу, цалкам Табе давяраць! Каб атрымаць адпуст, памолімся ў інтэнцыі Айца Святога… Ойча наш…Вітай, Марыя…Хвала Айцу… альбо Тваёй абароне аддаёмся…   апрацавала Анастасія-Алена Блусянкова парафія Св. Сымона і св. Алены, г. Мінск
Чацвер, 4 лютага 2016
Аўторак, 2 лютага 2016
Серада, 23 снежня 2015
Субота, 19 снежня 2015
Пятніца, 11 снежня 2015
Серада, 9 снежня 2015
Аўторак, 8 снежня 2015
08.12.2015 17:48
Панядзелак, 7 снежня 2015
Панядзелак, 30 лістапада 2015
Серада, 25 лістапада 2015
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця