Любоў Бога да нас адкрылася ў тым,
што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага,
каб мы жылі праз Яго.
(1 Ян 4, 9)
Кожны год у святы Божага Нараджэння мы зноў чуем Добрую Навіну пра Езуса Хрыста, Божага Сына, які стаў Чалавекам для нашага збаўлення. Гэтая ісціна не перастае нас здзіўляць. Яна напаўняе нашыя сэрцы радасцю, даверам, спакоем, дадае нам мужнасці і моцы. У Божым Дзіцяці, якое прыходзіць на гэты свет, мы бачым аблічча Бога, які ёсць Любоў. Ён – багаты на міласэрнасць – нястомна стукаецца ў дзверы нашых сэрцаў, каб сказаць нам, як моцна Ён нас любіць і як моцна прагне ашчаслівіць нас сваёй міласэрнай любоўю.
Калі мы прымаем гэтую любоў, прызнаючы Хрыста нашым Панам і Збаўцам, мы нараджаемся нанова як усынаўлёныя Божыя дзеці. І гэта самы вялікі дар, самая вялікая ласка, якую толькі можна сабе ўявіць.
Поўныя радасці і ўдзячнасці за гэты дар, давайце абудзім у сабе жаданне абвяшчаць Божую любоў словамі, учынкамі, паставай, якія выражаюцца ў штодзённасці. Падчас Юбілейнага Года Міласэрнасці, адказваючы на заклік Папы Францішка, «адкрыем нашыя вочы, каб заўважыць няшчасці свету, раны многіх братоў і сясцёр, пазбаўленых годнасці. Пачуем жа іх кліч аб дапамозе. Няхай нашыя далоні сціснуць іх далоні, прытулім іх да сябе, каб яны адчулі цеплыню нашай прысутнасці, сяброўства і братэрства» (була «Misericordiae Vultus», п. 15).
Яднаючыся духоўна пры вігілійным стале і дзелячыся традыцыйнай аплаткай, жадаю вам, дарагія браты і сёстры, радаснага перажывання святаў Божага Нараджэння. Няхай гэтая святочная радасць паселіцца ў вашых дамах, у месцах вучобы і працы, няхай перадасца ўсяму нашаму грамадству. Няхай Божае Дзіцятка кожнага з вас адорвае здароўем, супакоем у сэрцы, надзеяй і аптымізмам, няхай умацуе ў веры і ў жаданні ахвяраваць міласэрнасць.
Радасных святаў Божага Нараджэння і шчаслівага Новага года!
Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Гродна, 22 снежня 2015 г.
Прашу паважаных святароў прачытаць нашыя віншаванні падчас кожнай святой Імшы ва ўрачыстасць Божага Нараджэння (25 снежня 2015 г.) і Святой Багародзіцы Марыі (1 студзеня 2016 г.).