Гродна, 2 снежня 2015 г.
На падставе дазволу, які быў выдадзены Святым Айцом Францішкам для ўсіх дыяцэзіяльных біскупаў у буле аб святкаванні надвычайнага Юбілею Міласэрнасці пад назвай “Misericordiae Vultus” з 11 красавіка 2015 года, пастанаўляю, каб у Гродзенскай дыяцэзіі дарам Брамы Міласэрнасці падчас Надзвычайнага Святога Года Божай Міласэрнасці былі адораны наступныя касцёлы:
- катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Гродне;
- парафіяльны касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе;
- усе касцёлы, якія маюць зацверджаны статус дыяцэзіяльнага санктуарыя Гродзенскай дыяцэзіі (санктуарый Маці Божай Каралевы сем’яў у в. Тракелі і санктуарый Маці Божай Шкаплернай у в. Гудагай, санктуарый Езуса Журботнага ў г. п. Рось).
Урачыстае адкрыццё Брамы Міласэрнасці належыць зрабіць у вышэй узгаданых касцёлах у адпаведнасці з пастановай папскага дакумента падчас галоўнай святой Імшы або падчас святой Імшы з удзелам найбольшай колькасці вернікаў у ІІІ Нядзелю Адвэнту - 13 снежня.
У адпаведнасці з гэтым дэкрэтам усе вернікі, якія будуць пілігрымаваць або знаходзіцца ў гэтых касцёлах на працягу Юбілейнага Года Міласэрнасці (8 снежня 2015 г. - 20 лістапада 2016 г.) будуць мець магчымасць атрымаць ласку поўнага адпусту.
Ласку адпусту могуць атрымаць усе вернікі праз праход галоўнымі дзвярыма юбілейных касцёлаў, якія будуць нагадваць аб адкрытай для нас Браме Міласэрнасці, а таксама праз выкананне звычайных умоў, якія неабходныя для атрымання ласкі поўнага адпусту, кіруючыся загадамі Святога Айца Францішка (прыступіць да сакрамэнту пакаяння і ўдзельнічаць у святой Імшы, падчас якой трэба прыняць святую Камунію, паразважаць над таямніцай Божай Міласэрнасці, прамовіць Сімвал веры, памаліцца за Папу і ў намерах, якія ён носіць у сэрцы для дабра Касцёла і ўсяго свету, пар. Misericordiae Vultus).
На перажыванне надзвычайнага дару Святога Года з yсім Паўсюдным Касцёлам на чале са Святым Айцом Францішкам ад усяго сэрца благаслаўляю
Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Кс. Антоні Грэмза
Віцэ-канцлер курыі
Просім дэканаў Гродзенскай дыяцэзіі данесці змест дэкрэта да святароў свайго дэканату і сумесна наладзіць урачыстае адкрыццё Брамаў Міласэрнасці ва ўзгаданых у дэкрэце касцёлах Гродзенскай дыяцэзіі (перад упрыгожанымі дэкарацыяй дзвярыма - Брамай Міласэрнасці - каментарый, заклік да малітвы, малітва на Год Міласэрнасці, урачысты ўваход).