Папа Францішак у лісце на тэму Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці напісаў: „Каб перажыць і атрымаць адпуст, вернікі павінны здзейсніць кароткую пілігрымку да Святых Дзвярэй, адчыненых у кожнай катэдры і ў касцёлах, вызначаных біскупам дыяцэзіі, а таксама ў чатырох Папскіх базыліках у Рыме, што будзе з’яўляцца знакам сапраўднага навяртання. Адначасова даю распараджэнне, каб у санктуарыях, дзе будуць адкрыты Дзверы Міласэрнасці, і ў касцёлах, традыцыйна прызначаных юбілейнымі, была магчымасць атрымання адпусту. Важна, каб гэты момант быў звязаны з сакрамэнтам пакаяння і ўдзелам у святой Імшы, а таксама з разважаннем над міласэрнасцю. Неабходна, каб гэтыя ўрачыстасці суправаджаліся вызнаннем веры і малітвай за мяне, а таксама ў інтэнцыях, якія я нашу ў сваім сэрцы для дабра Касцёла і ўсяго свету”.
8 снежня 2015 г. распачынаецца абвешчаны Святым Айцом Францішкам Год Міласэрнасці. З гэтай нагоды ўсе спаведнікі атрымалі ўладу ўдзяляць адпушчэнне грахоў асобам, вінаватым у граху аборту. Святы Айцец таксама прадаставіў поўны адпуст пры звычайных умовах (сакрамэнтальная споведзь, Святая Камунія і малітва ў інтэнцыях Папы) усім вернікам, якія падчас Года Міласэрнасці здзейсняць пілігрымку да Святых Дзвярэй, адчыненых у чатырох асноўных базыліках Рыма, а таксама да катэдры і касцёлаў, вызначаных дыяцэзіяльным біскупам.
Маючы на ўвазе гэтыя інструкцыі і клапоцячыся аб духоўным дабры ўсіх членаў дыяцэзіяльнай супольнасці, а таксама асобаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі, пастанаўляю, што поўны адпуст пры звычайных умовах могуць атрымаць вернікі, якія, акрамя катэдральнага касцёла ў Пінску (адкрыццё Брамаў Міласэрнасці 13 снежня ў 8.30), наведаюць наступныя святыні:
- касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гомелі (адкрыццё Брамаў Міласэрнасці 13 снежня ў 9.00);
- касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце (адкрыццё Брамаў Міласэрнасці 13 снежня ў 18.00);
- касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах (адкрыццё Брамаў Міласэрнасці 13 снежня ў 12.00);
- касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Бярозе (адкрыццё Брамаў Міласэрнасці 13 снежня ў 9.00);
- санктуарый Маці Божай Каралевы Палесся ў Лагішыне (адкрыццё Брамаў Міласэрнасці 13 снежня ў 10.00);
- санктуарый Святога Андрэя Баболі ў Іванаве (Палескім) (адкрыццё Брамаў Міласэрнасці 13 снежня ў 10.00).
+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі