Уступ
Я горача жадаю, каб хрысціяне задумаліся падчас Юбілею над учынкамі міласэрнасці адносна цела і адносна душы. Гэта стане нагодай абудзіць нашае сумленне, якое часта спіць перад абліччам драмы ўбоства, і заглыбіцца яшчэ больш у сэрца Евангелля, дзе ўбогія маюць прывілей у Божай міласэрнасці. Прапаведаванне Езуса прадстаўляе гэтыя ўчынкі міласэрнасці, каб мы маглі пазнаць, ці мы жывём мы як Яго вучні, ці не. Адкрыем нанова ўчынкі міласэрнасці адносна цела: накарміць галодных, напаіць сасмаглых, адзець нагіх, прыняць у дом падарожных, адведаць хворых, суцешыць вязняў, пахаваць памерлых. Не будзем забываць таксама пра ўчынкі міласэрнасці адносна душы: раіць тым, хто сумняваецца, вучыць тых, хто не ведае, настаўляць грэшнікаў, суцяшаць засмучаных, дараваць ахвотна крыўду, зносіць цярпліва знявагу, маліцца за жывых і памерлых (Папа Францішак, „Misericordiae Vultus”).
Пане, Езу Хрыстэ, мы хочам пайсці шляхам Твайго і нашага крыжа. Мы хочам акунуцца ў разважанне Тваёй мукі, каб у рэшце перамяніцца дзякуючы Тваёй міласэрнасці.
Ты за нас цярпеў ад ранаў +
I. Езус выданы на смерць – Настаўляць грэшнікаў
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ +
Пілат сказаў ім: «А што мне рабіць з Езусам, яко газавуць Хрыстом?» Усе закрычэлі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!» Ён жа сказаў: «Што дрэннага зрабіў Ён?» Але Яны яшчэ мацней крычалі: «Няхай будзе ўкрыжаваны!» Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а абурэнне ўзрастае, узяў ваду і абмыў рукі перад натоўпам, кажучы: «Невінаваты я ў гэтай крыві. Глядзіце самі!» (Мц 27,22-24)
Гэта суд чалавека над Богам. Грэшнікі абвінавацілі святога. Вінаватыя абвінавацілі бязвіннага. Несправядлівыя хочуць забіць справядлівага. Людзі, установы, законы, якія ўстаноўлены дзеля таго, каб супрацьстаяць подласці чалавечых учынкаў, не могуць перамагчы свой асабісты грэх.
Езу міласэрны, навучы нас настаўляць грэшнікаў. Навучы нас адказна ставіцца да чужога граху. Каб мы не дашукваліся зла там, дзе яго няма, а там, дзе яно ёсць, каб бачылі перш за ўсё чалавека. Каб мы не далі сябе падмануць тым, што ўсім усё дазволена. Каб мы мелі адвагу сказаць іншаму чалавеку, што грэх ёсць грэх. У школе, ва ўніверсітэце, дома ці на працы, знаёмым ці ў сям’і. І каб кожнае настаўленне выплывала з любові.
Ты за нас цярпеў ад ранаў +
II. Езус ускладае на сябе крыж – Вучыць тых, хто не ведае
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ +
Тады ён выдаў ім Езуса на ўкрыжаванне. І ўзялі Езуса. І, несучы свой крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам Чэрапа, па-габрэйску — Галгота (Ян 19,16-17).
Крыж усяго свету Езус ускладвае сабе на плечы. Няма лепшага спосабуў змаганні з чалавечай бядой, подласцю і грахом. Няма лепшага спосабу, каб выйсці з памылковага меркавання “гэта не мая справа”. Крыж “наш” і “не наш”не з’яўляецца тым, што мы павінны або не павінны. Крыж – гэта дарога, якая ўсё можа.
Езу міласэрны, навучы нас вучыць тых, хто не ведае. Спачатку навучы нас адрозніваць тых, хто не здольны на многае, ад тых, хто ўмее больш, чым мы. Потым жа навучы нас такту, далікатнасці, разуменню, пяшчоце, так, каб павучанне не прыніжала іншага. Аднак перш за ўсё пакажы, што няма лепшага спосабу, чым свой уласны прыклад. Бо не той хрысціянін, хто апавядае пра крыж, але той хто бярэ яго і прыкладам вучыць іншага праўдзівай дарозе жыцця.
Ты за нас цярпеў ад ранаў +
III. Езус падае першы раз – Галодных накарміць
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ +
Не меў Ён выгляду, каб на Яго паглядзець, ані выгляду, каб падабацца. Пагарджаны і адкінуты людзьмі. Ён сам узяў нашае цярпенне (Іс 53,2-4)
Езус падае адразу пасля таго, як узяў крыж на свае плечы. Усемагутны Бог стаў чалавекам больш слабым, чым драўляная балка. Здзіўленне ахапіла сусвет, i ніводнае слова не апіша прыніжэння, на якое гатовая любоў.
Езу міласэрны. Першае падзенне чалавека – гэта пакута голаду. Пакута найбольш незразумелая. Тысячы нашых братоў і сясцёр, мільёны Тваіх дзяцей паміраюць з недахопу ежы не таму, што на зямлі няма хлеба, i не таму, што не маюць рук для працы, aлe таму, што мы не маем сэрца. Хлеб Жывы, навучы нас карміць галодных, каб ніхто не прыходзіў на гэты свет толькі дзеля таго, каб памерці з голаду.
Ты за нас цярпеў ад ранаў +
IV. Езус сустракае сваю Маці – Адведваць хворых.
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ +
Сыне, дапамагай твайму бацьку ў старасці, нeзасмучай яго ў ягоным жыцці (Сір 3,12-14).
Сустрэча Езуса з Марый проста павінна была адбыцца. Падчас цярпення не можа не быць побач самых блізкіх. Таму такія балючыя разводы, аборты, эўтаназія бацькоў. Taк баляць абвінавачванні і спрэчкі. Бо падчас цярпення цяжкі не столькі крыж, колькі недахоп тых, хто павінен быць побач.
Езу міласэрны. Ты сказаў: „Я быў хворы, і вы адведалі Мяне”. Навучы нас адведваць хворых. Спачатку тых, да каго павінна нас прывесці звычайная чалавечая ўдзячнасць: бацькоў, дзядоў, сяброў і знаёмых. Затым дай нам евангельскую сілу быць побач з тымі хворымі, з якімі ніхто быць не хоча.
Ты за нас цярпеў ад ранаў +
V. Сымон Кірынэец дапамагае несці крыж – Раіць тым, хто сумняваецца
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ +
А калі насмяяліся з Яго, знялі пyрпур і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі Яго, каб укрыжаваць. І прымусілі нейкага Сымона Кірынэйца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля, несці Ягоны крыж (Mк 15,20-21).
Хто ведае, колькі Сымон Кірынэец бунтаваў у той дзень. Жаўнеры перакрэслілі ўсе яго планы. Вінавайца, здавалася, пляміць ягоную годнасць. Аднак не трэба было чакаць шмат дзён, каб зразумець, што, дапамагаючы іншаму, дапамагаю сабе і дапамагаю самому Богу.
Езу міласэрны. Навучы нас раіць тым, хто сумняваецца. Мы ж ведаем іх ужо не першы год. Тых, хто засумняваўся ў сабе, у іншым, а нават у Табе, тых, якія перасталі верыць у любоў і надзею. Запалі ў нас ахвоту да навукі, да пазнавання, да ўніклівага саманавучання, да ведаў, без якіх цяжка раіць іншым. Дай нам свайго Духа, каб ніводная парада не скончылася толькі на словах. Навучы нас быць Сымонамі Кірынэйцамі, якія ўласнымі рукамі дапамагаюць несці крыж.
Ты за нас цярпеў ад ранаў +
VI. Святая Вераніка выцірае твар Езусу – Суцяшаць вязняў
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ +
Пра цябе гаворыць маё сэрца: «Шукай Яго аблічча!» Шукаю, о Пане, Твае аблічча; Ты мая дапамога, таму не адкідай і не астаўляй мяне, Божа, мой Збаўца! (Пс 27,8-10)
Можа, і ведала Вераніка, кім з’яўляецца Езус. А можа, важны быў для яе толькі церпячы чалавек. Гэта нішто, што Яго абвінавацілі. Гэта нішто, што праўдзівай уладай. Гэта нішто, што з прысудам блюзнерцы. Вераніка бачыць у Ім перш за ўсё церпячага чалавека. Таму атрымоўвае як дар аблічча Бога.
Езу міласэрны, Ты сказаў: „Я быўу вязніцы, а вы прыйшлі да Мяне”. Навучы насміласэрнасці да вязняў. Навучы нас адведваць вязняў, суцяшаць, не асуджаць. Навучы бачыць у іх перш за ўсе церпячага чалавека, прагнучага Божай і чалавечай міласэрнасці.
Ты за нас цярпеў ад ранаў +
VII. Езус падае другі раз – Прагнучых напаіць
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ +
Здзекваліся над Ім, аднак Ён не адкрыў сваіх вуснаў (Iс 53,6).
Другое падзенне Езуса ўжо здаецца парадаксальным. Бо сустрэча з Маці дадала Яму сіл. Бо дапамагаў Яму Сымон Кірынэец. Нават Вераніка аблегчыла крыху Яго пакуты. Падзенне пад крыжам не заўсёды зразумелае і апраўданае. Аднак заўсёды балючае.
Езу міласэрны. Ты сказаў: „Я прагнуў, а вы напаілі Мяне”. Другое падзенне чалавецтва – гэта паміраючыя ад смагі. Нягледзячы на тысячы крыніц, азёр і рэк. Нягледзячы на развіццё цывілізацыі і на асабістую гігіену, побач з мільёнамі кветак, якія паліваюць, i машынамі, якія шмат разоў мыюць, ёсць людзі, якія паміраюць ад смагі. Езу, навучы нас напаіць прагнучых. Дапамажы чалавецтву падняцца з найбольш парадаксальнага ўпадку.
Ты за нас цярпеў ад ранаў +
VIII. Езус суцяшае плачучых жанчын – Суцяшаць засмучаных
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ +
Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. А Езус абярнуўся да іх і сказаў: «Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых (Лк 23,27-28).
Здавалася, што жанчыны з Ерузалема зрабілі ўсё, што маглі. Не былі абыякавыя. Прысвяцілі свой час і нават слёзы. Аднак не на гэтым засноўваецца міласэрнасць.
Езу міласэрны, навучы нас суцяшаць засмучаных, адкрываць, хто на самой справе з’яўляецца бедным i хто з’яўляецца патрабуючым, знаходзіць патрэбныя словы і патрэбныя сродкі. Хоць святар і левіт таксама патрабуюць міласэрнасці, не дазволь нам быць самаранамі, якія пакідаюць чалавека ляжаць пры дарозе, каб дапамагчы тым, хто абмінуў паміраючага. Не дай нам трапіць у спакусу ўцячы ад тых, хто тут і цяпер мае ў нас патрэбу.
Ты за нас цярпеў ад ранаў +
IX. Езус падае трэці раз – Падарожных прыняць у дом
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ +
Абудзіся! Чаму спіш, Пане? Абудзіся! Не пакідай нас назаўсёды! (Пс 44)
Можа, гэта быў найбольш балючы ўпадак. Так няшмат да мэты, а так мала сіл. Вельмі вялікая духоўная справа i вельмі вялікія абмежаванні цела. Можа, ніколі раней і пазней Бог-чалавек не цярпеў па прычыне напружанасці паміж тым, што мог як Божы Сын, iтым, што не мог як сын чалавека.
Езу міласэрны. Ты сказаў: „Я быў падарожны, і вы прынялі Мяне”. Падарожны – гэта чужынец. Падарожны – гэта бежанец. Падарожны – гэта таксама эканамічныя імігранты. Падарожны – гэта перш за ўсё чалавек, дзіця таго самага Бога, мой брат і мая сястра. Можа, ніколі раней у сваёй гісторыі чалавецтва не перажывала такой вялікай напружанасці паміж тымі, хто ўцякае ад вайны, і тымі, хто не хоча іх прыняць, паміж драмай змагання за жыццё адных i драмай бяссілля эгаізму другіх. Навучы нас, Пане, прымаць у дом падарожных, не ў гатэль, не ў гетта, aлe свае дамы адчыняць для іншага чалавека. Навучы нас, што Евангелле не з’яўляецца немагчымым.
Ты за нас цярпеў ад ранаў +
X. З Езуса здымаюць адзенне – Адзець нагіх
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ +
Жаўнеры ж, якія ўкрыжавалі Езуса, узялі Ягоную вопратку і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па частцы; узялі і туніку. Туніка была не шытая, уся ад верху тканая. Таму сказалі адзін аднаму: «Не будзем разрываць яе, але кінем лёсы, Каму дастанецца». Кааб збылося сказанае ў Пісанні: «Падзялілі між сабою маю вопратку і аб адзежыне маёй кінулі лёсы». Жаўнеры так і зрабілі (Ян 19,23-24).
Божы Сын, які апранае ўвесь свет кветкамі, раслінамі, кустамі і дрэвамі, быў пазбаўлены апошняй вопраткі. Той, які жыццё аддаў за тое, каб чалавечыя пакуты, бяду і грэх апрануць у Божую міласэрнасць, стаіць безабаронны і нагі перад вачыма ўсіх людзей.
Езу міласэрны, Ты сказаў: „Я быў нагі, і вы апранулі Мяне”. Навучы нас апранаць нагіх. Так часта бываем пераборлівыя ў сваім адзенні, зайздросцім адзін аднаму ў тым, што носім, марым нават пра такую ці іншую вопратку, і забываемся пра людзей, якія не маюць у што апрануцца. Святы Павел напісаў у пасланні да Цімафея: „Але, маючы спажытак і чым прыкрыцца, будзем жа задаволеныя гэтым”(1 Цім 6,8). Адзець нагіх – гэта таксама ўмець быць задаволеным тым, што маю. Гэта таксама не высмейваць іншых па прычыне таго, у што яны апранутыя. І гэта таксама – не здзіраць з іх людскую і Божую годнасць.
Ты за нас цярпеў ад ранаў +
XI. Езус прыбіты да крыжа – Зносіць цярпліва знявагу
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ +
Адзін з павешаных злачынцаў зневажаў Яго, кажучы: «Ці ты не Хрыстус? Уратуй сябе і нас!» Але другі папракнуў яго, кажучы: «Нават Бога ты не баішся, хоць маеш тую самую кару? Мы асуджаны справядліва, бо атрымліваем належнае за ўчынкі нашыя. Ён жа нічога дрэннага не зрабіў». І сказаў: «Езу, узгадай мяне, калі прыйдзеш у сваё Валадарства». І сказаў яму Езус: «Сапраўды кажу табе: сёння будзеш са Мною ў раі» (Лк 23,39-43).
Больш, чым цяжкі крыж, балелі вострыя цвікі. Больш, чым цвікі, балела людская злосць. Больш, чым прыпісанне да злодзеяў, балелі здзекі. Ніхто нікому не робіць такой вялікай крыўды, як чалавек чалавеку. Нішто так не баліць, як крыўда ад самых блізкіх. Сын Божы церпіць ад тых, каго Бог стварыў на свой вобраз і падабенства. Цярпенне Богу прыносяць уласныя дзеці.
Езу міласэрны, навучы нас знявагі зносіць цярпліва. Асабліва знявагі, якія зрабілі нам самыя блізкія. Нішто так не баліць, як цвікі, забітыя сваімі ж бацькамі, братамі, сёстрамі, сябрамі, тымі,каго любім вельмі моцна. І нішто не робіць нас вельмі добрымі хрысціянамі, чым тое, калі прабачаем тым, хто нас крыўдзіць.
Ты за нас цярпеў ад ранаў +
XII. Езус памірае на крыжы – Дараваць ахвотна крыўду
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ +
І калі прыйшлі на месца, званае Чэрап, там укрыжавалі Яго і злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку. А Езус сказаў: «Ойча, прабачім, бо не ведаюць, што робяць» (Лк 23,33-34).
Неверагодныя гэтыя словы Езуса. Настолькі, што вялікая колькасць перапісчыкаў Бібліі ў старажытнасці не адважвалася іх запісаць на старонках Святога Пісання. Бо памерці за кагосьці – гэта вельмі шмат. Памерці за злачынцаў – гэта вельмі шмат, але прабачыць тым, хто забіў, - гэта ўсё, гэта ўсё, што Бог мог даць людзям.
Езу міласэрны, навучы нас ахвотна дараваць крыўды. Не таму, каб заахвочваць яшчэ больш крыўдзіць. Не таму, каб паказаць сваю слабасць. Але дзеля таго, каб паказаць свету, што аніякае зло і грэх не здолеюць забіць любові.
Ты за нас цярпеў ад ранаў +
XIII. Цела Езуса здымаюць з крыжа – Маліцца за жывых і памерлых
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ +
І благаславіў іх Сімяон, і сказаў Марыі, Маці Яго: «Вось гэты прызначаны на падзенне і на паўстанне многіх у Ізраэлі і на знак, якому супраціўляцца будуць. А празТваю душу пройдзе меч, каб выявіліся думкі многіх сэрцаў» (Лк 2,34-35).
Ніадна іншая стацыя не нагадвае Бэтлеем. Езусу руках сваёй Маці. Там нованароджанае дзіця, тут недаўна памерлы дарослы сын. Там народжаны да ўцелаўлёнага жыцця, тут памерлы для жыцця на векі. Там жывое цела нараджае радасць, тут цела памерлае нараджае боль. Абдымкі Марыя, якая прытуляе цела Езуса, усцяж гавораць, што любоў можа перамагаць не толькі нянавісць. Любоў можа перамагаць нават смерць.
Езу міласэрны, навучы нас клапаціцца не толькі пра жывых. Навучы нас маліцца за жывых і памерлых. Няхай Марыя, дапамога вернікаў, дапаможа нам ізноў паверыць у сілу малітвы. Няхай нашая малітва зробіцца абдымкамі, якія туляць з любові патрабуючага і падчас жыцця, і пасля смерці.
Ты за нас цярпеў ад ранаў +
XIV. Цела Езуса кладуць у грабніцу – Памерлых пахаваць
Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ +
Пасля гэтага Юзаф з Арыматэі, які быў вучнем Езуса, але тайна, з-за страху перад юдэямі, папрасіў Пілата, каб дазволіў забраць цела Езуса. І Пілат згадзіўся. Той пайшоў і забраў Яго цела. Прыйшоў і Нікадэм, які раней прыходзіў да Езуса ўначы, і прынёс сумесь смірны і альясу, каля ста фунтаў. Яны ўзялі цела Езуса і закруцілі яго ў палатно з духмянасцямі, як звычайна хаваюць юдэі. На месцы, дзе Ён быў укрыжаваны, быў сад, а ў садзе — новая магіла, у якую яшчэ нікога не клалі. Там з прычыны Прыгатавання Юдэйскага паклалі Езуса, бо магіла была блізка (Ян 19,38-42).
Нават Божаму Сынубыла патрэбна грабніца. Нават Таму, Хто ўваскрашаў памерлых, была патрэбна пасля смерці дапамога. Юзаф і Нікадэм не пыталіся, навошта марнаваць час, месца, навошта даваць грошы на бальзамы. Мала існуе настолькі жыццёвых справаў, як смерць, i такіх чалавечых, як мёртвае чалавечае цела.
Езу міласэрны, навучы нас пашаны да памерлых, навучы нас хаваць памерлых, захоўваць па памерлых памяць. Благаславі працуючых на могілках, у крэматорыях, у моргах і пахавальных дамах. Езу, Слова, якое сталася целам, навучы нас любові да цела падчас жыцця і пасля яго смерці.
Заканчэнне
“Я горача жадаю, каб хрысціяне задумаліся падчас Юбілею над учынкамі міласэрнасці адносна цела і адносна душы. Гэта стане нагодай абудзіць нашае сумленне, якое часта спіць перад абліччам драмы ўбоства, і заглыбіцца яшчэ больш у сэрца Евангелля, дзе ўбогія маюць прывілей у Божай міласэрнасці. Прапаведаванне Езуса прадстаўляе гэтыя ўчынкі міласэрнасці, каб мы маглі пазнаць, ці мы жывём як Яго вучні, ці не. Адкрыем нанова ўчынкі міласэрнасці адносна цела: накарміць галодных, напаіць сасмаглых, адзець нагіх, прыняць у дом падарожных, адведаць хворых, суцешыць вязняў, пахаваць памерлых. Не будзем забываць таксама пра ўчынкі міласэрнасці адносна душы: раіць тым, хто сумняваецца, вучыць тых, хто не ведае, настаўляць грэшнікаў, суцяшаць засмучаных, дараваць ахвотна крыўду, зносіць цярпліва знявагу, маліцца за жывых і памерлых” (Папа Францішак, „Misericordiae Vultus”).
Учынкі міласэрнасці для душы бліжняга:
- Настаўляць грэшнікаў.
- Вучыць тых, хто не ведае.
- Раіцьтым, хто сумняваецца.
- Суцяшаць засмучаных.
- Зносіць цярпліва знявагу.
- Дараваць ахвотна крыўду.
- Маліцца за жывых і памерлых.
Учынкі міласэрнасці для цела бліжняга:
- Накарміць галодных.
- Напаіць сасмаглых.
- Адзець нагіх.
- Прыняць у дом падарожных.
- Адведваць хворых.
- Суцяшаць вязняў.
- Пахаваць памерлых.
Езу Міласэрны, навучы нас выконваць учынкі міласэрнасці, каб ніводнае цела і ніводная чалавечая душа не жыла ў нікчэмнасці, бядзе і граху. Амэн.
Каб атрымаць адпуст за ўдзел у набажэнстве Крыжовага шляху і ахвяраваць яго за душы, церпячыя ў чыстцы, або аб навяртанні грэшнікаў, памолімся ў інтэнцыях Святога Айца Францішка.
Кс. Войцех Вэнгжыняк
Пераклад са згоды аўтара кс. Юзафа Сярпейкі