Пошук

23.12.2015 15:49  

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце,
Паважаныя жыхары і госці нашай сінявокай Бацькаўшчыны!

Хрысціянскі свет уваходзіць у святкаванне Вялікай Падзеі — Нараджэння Божага Сына. Падзея, якая перакрочвае межы часу, і мы не толькі ўспамінаем Нараджэнне Хрыста — мы зноў і зноў сустракаем з’яўленне Бога ў гэтым свеце. Такой ёсць наша вера. Вера ў Бога, няспынна прысутнага сярод нас — сёння ўжо не ў выглядзе чалавека, але які дзякуючы таму, што калісьці нарадзіўся як Чалавек, прагне заставацца з намі і ў нас. Мы — Яго Святыня. Нашае цела — Ягоны Храм, а душа — Яго Уласнасць.

Ці памятаем мы пра гэта сёння, калі столькі клопатаў паглынае наш час, а страх і непакой перапаўняюць душу? Ці, стукаючыся сёння ў нашае сэрца праз сумленне, Божы Сын можа разлічваць на прынамсі невялікі куток з зімнай падлогай, як у той бэтлеемскай стайні? Ці для нас гэта неабыякава? І няхай не будзе для нас перашкодай той факт, што нашае сэрца яшчэ не такое чыстае і ўтульнае. Хрыстус не прыйшоў, каб судзіць ці абвінавачваць нас. Ён прыйшоў ратаваць. Нам трэба толькі паверыць у Яго бязмежную Міласэрнасць, у Яго вялікую Любоў, дзякуючы якой яшчэ існуе гэты свет. Гэта вельмі важна.  

Мы павінны сёння абудзіцца як хрысціяне, падобна тым пастушкам, што на заклік анёлаў пайшлі шукаць Нованароджанага Збаўцу ў Бэтлееме, каб наша вера магла ўратаваць гэты свет ад бяды. Бо толькі вера ў Бога, які ёсць Любоў, можа супрацьстаяць фанатызму, у імя якога і сёння яшчэ забіваюць людзей. Спыніць яго можа толькі ўсёпрабачаючая Божая Міласэрнасць, якая дзейнічае праз тых, хто ў Яе паверыў.

Няхай святло Бэтлеемскай зоркі пакажа нам шлях да тых каштоўнасцяў, якія падараваў нам Усемагутны праз Цуд у звычайнай палесцінскай стайні, а збудаванае на іх жыццё нясе радасць і супакой усім людзям добрай волі. Радасці святла і супакою ад Нованароджанага Збаўцы. Са святам!

+ Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

Абноўлена 05.06.2017 13:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа