Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія дыяцэзіяне!
Звяртаюся з радасцю да ўсіх вас, каб нагадаць пра юбілей 25-годдзя існавання нашай Гродзенскай дыяцэзіі, які прыпадае ў гэтым годзе Панскім.
13 красавіка 1991 года Святы Айцец Ян Павел ІІ булай Qui operam арганізаваў стурктуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Рашэннем Папы была эрыгавана, гэта значыць устаноўлена, Гродзенская дыяцэзія. Такім чынам быў фармальна ўтвораны наш партыкулярны Касцёл, будучы часткай адзінага, святога, паўсюднага і апостальскага Хрыстовага Касцёла.
Хрыстус Добры Пастыр, які з’яўляецца Галавой свайго Касцёла, праз служэнне Наступніка святога Пятра, даверыў верны люд на Гродзеншчыне пастырскаму клопату дыяцэзіяльнага біскупа.
Кожны юбілей з’яўляецца нагодай да таго, каб азірнуцца, ацаніць пройдзены шлях, падсумаваць дасягненні. У гісторыі Касцёла 25-гадовы прамежак часу не з’яўляецца, канешне, чымсьці значным. Калі ж, аднак, мы паглядзім на апошнюю чвэрць стагоддзя з перспектывы нашага партыкулярнага Касцёла, то, відавочна, заўважым, як шмат пазітыўных змен адбылося ў жыцці вернага люду на Гродзеншчыне. Можна сказаць, што сёння мы жывём у абсалютна іншую эпоху.
Утварэнне Гродзенскай дыяцэзіі мела месца ў перыяд вялікіх грамадскіх і палітычных змен, калі Касцёл на нашых землях толькі пачынаў адраджацца пасля многіх гадоў уціску і зняволення. Вернікі сярэдняга і старэйшага ўзросту добра памятаюць часы, калі зачыняліся касцёлы і капліцы, шматлікія парафіяльныя супольнасці былі пазбаўлены душпастыраў, а колькасць святароў, з прычыны пажылога ўзросту большасці з іх, пастаянна памяншалася.
Ужо належыць да мінулага эпоха, калі грамадству спрабавалі навязаць атэістычны светапогляд, вернікам немагчыма было свабодна спаўняць рэлігійныя практыкі, абяжоўвалася права на адкрытае вызнаванне веры і на перадачу яе дзецям і моладзі.
Сёння Каталіцкі Касцёл выконвае сваю евангелізацыйную місію ў абсалютна іншых умовах. Большасць парафій мае ўласных душпастыраў, якія з вялікай адданасцю спаўняюць святарскае служэнне сярод вернікаў. Штогод наша дыяцэзія ўзбагачаецца новымі святарамі, якія ў большасці з’яўляюцца выпускнікамі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Адраджаецца жыццё многіх манаскіх супольнасцяў, таксама дзякуючы новым пакліканням сярод мясцовай моладзі. Пасланне Добрай Навіны, якое нястомна абвяшчаецца Касцёлам, дасягае ўсё больш шырокіх колаў грамадства, між іншым праз катэхізацыю дзяцей і моладзі, рознага роду душпастырскія ініцыятывы, скіраваныя да акрэсленых катэгорый вернікаў, праз сродкі масавай камунікацыі і дабрачынную дзейнасць, якая праводзіцца Касцёлам. Дзякуй Пану Богу, што ўсё больш свецкіх католікаў актыўна ўключаецца ў жыццё і місію Касцёла, клапоціцца аб паглыбленні ўласнай веры і рэлігійных ведаў. Шмат святыняў, якія ў мінулым былі забраны ў вернікаў, удалося атрымаць і вярнуць ім годны выгляд. Узніклі таксама новыя парафіі, был ўзведзены новыя касцёлы і капліцы. Тое, што сёння ў жыцці і дзейнасці Касцёла на Гродзеншчыне здаецца безумоўным, асабліва для маладога пакалення вернікаў, яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў таму перасягала б самыя смелыя мары і чаканні.
Юбілей 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі, які прыпадае ў гэтым годзе, - цудоўная нагода да таго, каб дзякаваць Пану Богу за ўсё, што нам разам удалося ў гэты час дасягнуць. Дзякуем Божаму Провіду за тое, што так дзівосна кіруе лёсамі Хрыстовага Касцёла на нашых землях. Дзякуем за людзей старэйшага пакалення, якія, нягледзячы на пераслед, не толькі захавалі ў сэрцах веру ў Хрыста, любоў да Касцёла і вернасць хрысціянскай традыцыі, але здолелі таксама перадаць гэтыя каштоўнасці сваім дзецям і ўнукам. Дзякуем за святароў, якія з вялікім самапрысвячэннем, не шкадуючы здароўя і сіл, верна трывалі на варце, служачы народу, які прагнуў Пана Бога. Дзякуем за той грунтоўны фундамент веры нашых папярэднікаў, на якім будуем сённяшні дзень і будучыню Касцёла на Гродзеншчыне.
У юбілейны год заахвочваю вас, дарагія браты і сёстры, да малітвы падзякі за наш Касцёл, які адраджаецца, за нас, біскупаў, за святароў і дыяканаў, за кансэкраваных асобаў і за ўвесь верны люд, які ўтварае нашу дыяцэзіяльную сям’ю.
Жадаю таксама праінфармаваць, што ў межах падзякі за 25-годдзе свайго існавання і за дар адраджэння жыцця Каталіцкага Касцёла на нашых землях Гродзенская дыяцэзія арганізуе Нацыянальны эўхарыстычны кангрэс, які адбудзецца 24-26 мая бягучага года ў Гродне і на які сардэчна запрашаю.
Эўхарыстычны кангрэс з’яўляецца асаблівым відам культу Найсвяцейшага Сакрамэнту. Ідэя эўхарыстычных кангрэсаў нарадзілася ў Заходняй Еўропе ў 70-х гадах ХІХ ст. у асяроддзі свецкіх католікаў. Мэта кангрэсаў – ажыўленне эўхарыстычнага культу, паглыбленне веры ў праўдзівую прысутнасць Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, а таксама мабілізацыя вернікаў да публічнага давання сведчання прыналежнасці да Касцёла.
Мы ведаем, што сакрамэнт Эўхарыстыі ўяўляе сабой цэнтр жыцця Касцёла. Як вучыў нас Святы Айцец Ян Павел ІІ, «Касцёл жыве дзякуючы Эўхарыстыі. Гэтая праўда выражае не толькі штодзённы досвед веры, але ўтрымлівае ў сабе сутнасць таямніцы Касцёла. Рознымі спосабамі Касцёл з радасц спазнае, што абяцанне пастаянна спраўджваецца: “І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку” (Мц 28, 20). […] Ад дня Спаслання Духа Святога, у якім Касцёл, народ Новага Запавету, распачаў сваё пілігрымаванне да нябеснай айчыны, Найсвяцейшы Сакрамэнт вызначае рытм яго дзён, напаўняючы яго поўнай даверу надзеяй» (Ecclesia de Eucharistia, 1).
Ужо сёння сардэчна запрашаю вас, дарагія браты і сёстры, да ўдзелу ў Нацыянальным эўхарыстычным кангрэсе. Глыбока перакананы, што мы ўсе будзем духоўна ўзбагачаны, а ў нашых сэрцах яшчэ больш узрасце вера і любоў да Хрыста, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.
На прыгожае і шчодрае плёнамі перажыванне юбілею 25-годдзя Гродзенскай дыяцэзіі, у духу падзякі Пану Богу за атрыманыя дары і ласкі, кожнаму з вас, дарагія дыяцэзіяне, ад сэрца ўдзяляю пастырскае благаслаўленне і прашу аб малітве за наш лакальны Касцёл.
Аляксандр Кашкевіч
Біскуп Гродзенскі
Гродна, 1 лютага 2016 г.
Прашу пробашчаў і адміністратараў Гродзенскай дыяцэзіі прачытаць пастырскі ліст 7 лютага 2016 г. ва ўсіх касцёлах і капліцах Гродзенскай дыяцэзіі замест казання.