Пошук

22.12.2021 10:53   Catholic.by

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

«ХВАЛА НА ВЫШЫНЯХ БОГУ, А НА ЗЯМЛІ СПАКОЙ ЛЮДЗЯМ ДОБРАЙ ВОЛІ» (Лк 2, 14)

Пастырскае пасланне на Нараджэнне Пана 2021 года

Умілаваныя браты і сёстры! Наш адвэнтавы шлях новага літургічнага года завяршыўся. Перад намі — святы Божага Нараджэння, пасля якіх мы сустрэнем новы каляндарны 2022 год — год, што распачаў свой адлік ад Нараджэння Езуса Хрыста.

Праз літургічныя чытанні да свята Нараджэння Пана нас вялі прарок Ісая, святы Ян Хрысціцель, апостал Павел, а каля брамы надыходзячых святаў літургія набліжае нам Марыю, Маці Месіі — Абранніцу Бога, і святога Юзафа, апекуна Пана Езуса і апекуна нашай сёлетняй адвэнтавай вандроўкі. І паколькі мы стараліся выконваць слушныя заахвочванні і парады, то сёння чуем радасны спеў: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі» (Лк 2, 14). Гэты спеў Анёлаў, які гучаў у ноч нараджэння Хрыста, мы паўтараем у пачатку святой Імшы з першых стагоддзяў хрысціянства.

Мае дарагія! Давайце паразважаем, на чым грунтуецца і да чаго нас абавязвае дыялог Бога і чалавека, які распачаўся ў Бэтлееме.

Значэнне выразу: «На зямлі спакой людзям добрай волі» можа быць перададзена таксама фразай «спакой людзям, якіх Пан умілаваў», як гэта тлумачаць некаторыя экзегеты Святога Пісання. Менавіта Бог першым праяўляе да чалавека сваю добрую волю, жадаючы вызваліць яго ад граху і смерці. Таму спакой, які Анёлы абвясцілі ў бэтлеемскую ноч, прасякнуты радасцю.

Мы ведаем, што чалавек здольны выбіраць паміж дабром і злом, але гэты выбар часта звязаны з вялікім намаганнем. Мы жывём у пастаянным духоўным змаганні, а пыха і прывязанасць да ўласнай волі, што шукае задавальнення і асабістай выгады, часта прыводзяць нас да выбару зла.

Таму Бог, ведаючы чалавечую слабасць, чакае ад чалавека запрашэння; чакае, каб падштурхнуць яго добрую волю. Толькі тады, калі чалавек добраахвотна дасць згоду, каб Хрыстус нарадзіўся ў ягоным сэрцы, ён знойдзе жаданы спакой. Падобны стан у сваім жыцці перажыў і святы Аўгустын, які знайшоў Бога пасля доўгіх гадоў пошукаў: «Неспакойнае чалавечае сэрца, пакуль не супакоіцца ў Пану».

Дарагія браты і сёстры! Урачыстасць Божага Нараджэння — гэта асаблівы час, калі «слабая добрая воля» вернікаў павінна заглыбіцца ў акіян Божай дабрыні.

Трэба прасіць Нованароджанага Езуса, каб гэтая дабрыня праз кожнага з нас пералівалася на іншых людзей, каб стала магчымым унутранае аднаўленне чалавека і духоўнае адраджэнне ўсяго грамадства. Гэта надзвычай важнае заданне для ўсіх, хто шукае і імкнецца да згоды і еднасці.

Умілаваныя! Сёння патрэбныя людзі добрай волі, гатовыя да добразычлівага дыялогу ва ўсіх сферах сямейнага і грамадскага жыцця. Мы не можам чакаць, пакуль іншыя стануць добрымі. Папа Францішак пастаянна нагадвае, што сучасны свет чакае ад нас, веруючых хрысціянаў, «Евангелля на далоні», гэта значыць, чакае ад нас праведнага жыцця ў адпаведнасці з прынцыпамі Евангелля.

Аднак нельга забываць, што ўзаемнае праяўленне добрай волі павінна заўсёды адбывацца ў атмасферы пошуку праўды, а гэта патрабуе намаганняў і мужнасці. Бо мы як хрысціяне абавязаны не толькі раскайвацца і перапрашаць за свае грахі, але найперш абавязаны выконваць запаведзь любові да кожнага бліжняга. Бо ўсе мы — браты і сёстры, і ўсе мы з’яўляемся салідарна адказнымі за будаўніцтва грамадства, як падкрэслівае ў энцыкліцы Fratelli tutti папа Францішак. Таму Пантыфік заклікае людзей добрай волі выходзіць па-за межы саміх сябе, адкрываючыся на бліжняга, згодна з дынамізмам любові, якая штурхае да «ўніверсальнага адзінства».

Папа Францішак заклікае да адраджэння «цуду ветлівасці» ў дыялогу, які называе «зоркай у цемры», вызваленнем з жорсткасці, страху і няўважлівай спешнасці, што дамінуюць у сучасным свеце.

Дарагія браты і сёстры! Людзі добрай волі, якія шукаюць спакою!

Наперадзе нас чакаюць радасныя дні святаў Божага Нараджэння, да якіх мы рыхтаваліся ў Адвэнце, што, на жаль, быў пазначаны пандэміяй каранавірусу. Нягледзячы на няпростыя выпрабаванні сучаснасці, не выпускайма з-пад увагі галоўнага героя гэтых святаў — Езуса Хрыста, Спрадвечнага Сына Божага, які, не перастаючы быць Богам, стаўся для нас чалавекам. Яго Нараджэнне на зямлі было самым важным нараджэннем у гісторыі свету. Ад яго мы адлічваем каляндарныя гады новай эры. Езус з’яўляецца для нас Дарогай, Праўдай і Жыццём.

Сёння таямніца нараджэння Бога-Чалавека заклікае чалавецтва: «Прыміце дар дабра ад Бога і дзяліцеся ім паміж сабою». Акуніцеся ў гэтую добрую волю, якую Бог аказаў людзям, сыходзячы на зямлю. Няхай яна паселіцца ў сэрцах і розумах, няхай будзе прысутнай ва ўсіх сферах сямейнага і грамадскага жыцця і няхай дзейсна супрацівіцца ўплывам зла. Няхай яна прынясе трывалы спакой, няхай захавае сям’ю і хрысціянскую традыцыю. Няхай паспрыяе нашаму паяднанню. Няхай дапаможа нам не расчараваць Бога, які ўмілаваў нас як людзей добрай волі.

Таму давайце больш актыўна далучацца да жыцця Касцёла, да жыцця нашых парафіяльных і сямейных супольнасцяў. Бо Касцёл — наш другі сямейны дом; гэта наша маці, якая корміць нас «малаком мудрасці і любові».

Дакранемся ж сэрцам да Бэтлеема з Немаўляткам Езусам у яслях.

Няхай святкаванне чарговай гадавіны зямнога нараджэння Сына Божага ў Бэтлееме напоўніць усіх нас новым святлом і моцай Духа Святога, няхай адновіць нашыя сем’і і нашае грамадства, каб кожны дзень нашае сведчанне пра Хрыста было больш бачным і яскравым.

Жадаю вам Божага благаслаўлення, радасці і шчасця на святы Божага Нараджэння. Няхай у новым, 2022 годзе ад Нараджэння Збаўцы, у людзях добрай волі, якіх Бог умілаваў, здзейсніцца дэвіз душпастырскай праграмы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі «Праз адзінства, удзел і місію да Касцёла-супольнасці», дзякуючы дыялогу людзей з Богам і паміж сабой.

Усіх вас, дарагія браты і сёстры, даручаю заступніцтву Багародзіцы Марыі, якая пасля дыялогу з Нябесным Пасланнікам Арханёлам Габрыэлем нарадзіла свету Збаўцу Езуса Хрыста.

На знак паяднання і згоды, міру і еднасці дзялюся з вамі белай аплаткай — сімвалам Нованароджанага Даўцы спакою.

На радасць сустрэчы і дыялогу з Богам, чалавека з чалавекам, грамадзяніна з грамадзянінам у Новым 2022 годзе, сардэчна благаслаўляю вас

† у Імя Айца, і Сына, і Духа Святога.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

P.S. Гэтае Пасланне належыць прачытаць вернікам на Урачыстасць Нараджэння Пана 25 снежня 2021 года.

Абноўлена 22.12.2021 11:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.