Пошук


АПОСТАЛЬСКАЯ АДГАРТАЦЫЯ
C’EST LA CONFIANCE
СВЯТОГА АЙЦА
ФРАНЦІШКА

АБ ДАВЕРЫ ДА МІЛАСЭРНАЙ ЛЮБОВІ БОГА
З НАГОДЫ 150-ГОДДЗЯ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ
СВ. ТЭРЭЗЫ АД ДЗІЦЯТКА ЕЗУСА І НАЙСВЯЦЕЙШАГА АБЛІЧЧА

1. «C’est la confiance et rien que la confiance qui doit nous conduire à l’Amour»: «Гэта давер і нічога, акрамя даверу, мае весці нас да Любові» [1].

2. Гэтыя пераканаўчыя словы св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса і Найсвяцейшага Аблічча выказваюць усё, падагульняючы геніяльнасць яе духоўнасці. Іх было б дастаткова для абгрунтавання прычыны, па якой яна была абвешчана доктарам Касцёла. Толькі давер, «нічога, акрамя даверу», – гэта адзіны шлях, які вядзе нас да Любові, якая дае ўсё. Дзякуючы даверу, крыніца ласкі перапаўняе нашае жыццё, Евангелле становіцца ў нас целам і перамяняе нас у патокі міласэрнасці для нашых братоў і сясцёр.

3. Менавіта давер штодзённа ўмацоўвае нас і падтрымлівае нас, каб мы змаглі стаць перад Панам, калі Ён пакліча: «Увечары гэтага жыцця я з’яўлюся перад Табою з пустымі рукамі, бо не прашу Цябе, Пане, палічыць мае справы. Уся нашая справядлівасць заплямленая ў Тваіх вачах. Таму я прагну апрануцца ў Тваю ўласную Справядлівасць і атрымаць ад Тваёй Любові ў вечнае валоданне Цябе самога» [2].

4. Тэрэзка – адна з самых вядомых і любімых святых на свеце. Яе, як і св. Францішка Асізскага, любяць таксама нехрысціяне і няверуючыя. Акрамя таго, яна была прызнана ЮНЕСКА адной з самых значных постацяў сучаснага чалавецтва [3]. Нам варта паглыбіць сутнасць яе паслання з нагоды 150-годдзя з дня яе нараджэння ў Алансоне (2 студзеня 1873 г.) і стагоддзя яе беатыфікацыі [4]. Аднак я не хацеў публікаваць гэтую адгартацыю ні ў адну з гэтых дат, ні ў дзень яе літургічнага ўспаміну, бо жадаў, каб пасланне выйшла за межы гэтых урачыстасцяў і было прынята як частка духоўнай спадчыны Касцёла. Дата публікацыі ў літургічны ўспамін св. Тэрэзы Авільскай паказвае св. Тэрэзу ад Дзіцятка Езуса і Найсвяцейшага Аблічча як спелы плод рэформы Кармэля і духоўнасці вялікай іспанскай святой.

5. Зямное жыццё св. Тэрэзы было кароткім, усяго дваццаць чатыры гады, і такім жа простым, як любое іншае, спачатку ў сям’і, а пасля ў Кармэлі ў Лізьё. Незвычайная моц святла і любові, якія яна выпраменьвала, выявілася неўзабаве пасля яе смерці разам з публікацыяй яе твораў і з незлічонымі ласкамі, атрыманымі праз вернікаў, якія прасілі яе аб заступніцтве.

6. Касцёл хутка прызнаў надзвычайную вартасць яе сведчання і аўтэнтычнасць яе евангельскай духоўнасці. Тэрэза сустрэлася з папам Львом XIII падчас пілігрымкі ў Рым у 1887 г. і папрасіла дазволу ўступіць у Кармэль ва ўзросце пятнаццаці гадоў. Неўзабаве пасля яе смерці св. Пій Х, адчуўшы яе духоўную веліч, сцвердзіў, што яна стане найвялікшай святой сучаснасці. Яна была абвешчана годнай пашаны слугой Божай у 1921 г. папам Бэнэдыктам XV, які ўсхваляў яе цноты, паказваючы іх у «малой дарозе» духоўнага дзяцінства [5]. Яна была беатыфікаваная сто гадоў таму і кананізаваная 17 мая 1925 г. Піем ХІ, які дзякаваў Богу, што дазволіў яму зрабіць Тэрэзу ад Дзіцятка Езуса і Найсвяцейшага Аблічча «першай благаслаўлёнай, узнесенай ім да хвалы алтароў і першай святой, якую ён кананізаваў» [6]. Той жа папа ў 1927 г. абвясціў яе апякункай місій [7]. Яна была далучана да ліку святых апекуноў Францыі ў 1944 г. слугой Божым Піем XII [8], які пры розных нагодах паглыбляў тэму яе духоўнага дзяцінства [9]. Святы Павел VI ахвотна ўспамінаў свой хрост, прыняты 30 верасня 1897 г., у дзень смерці св. Тэрэзы. У стагоддзе з дня яе нараджэння ён накіраваў біскупу Байё і Лізьё ліст аб яе навучанні [10]. Падчас свайго першага апостальскага падарожжа ў Францыю ў чэрвені 1980 г. св. Ян Павел ІІ наведаў прысвечаную ёй базыліку і ў 1997 г. абвясціў яе доктарам Касцёла [11], пазней называючы яе «знаўцам scientia amoris» [12]. Бэнэдыкт XVI вярнуўся да тэмы яе «навукі любові», прапаноўваючы, каб яна стала «спадарожніцай для ўсіх, асабліва для тых, хто ў Божым народзе выконвае паслугу тэолагаў» [13]. Нарэшце, я меў радасць кананізаваць яе бацькоў Луі і Зэлі ў 2015 г. падчас Сіноду Біскупаў па справах сям’і, і нядаўна я прысвяціў ёй катэхезу ў межах цыкла аб апостальскай руплівасці [14].

1. Езус для іншых

7. Імя, якое яна абрала як законніца, скіроўвае ўвагу на Езуса: «Дзіцятка», якое аб’яўляе таямніцу Уцелаўлення, і «Найсвяцейшага Аблічча», гэта значыць аблічча Хрыста, які дарэшты ахвяруе сябе на Крыжы. Яна ‒ «Св. Тэрэза ад Дзіцятка Езуса і Найсвяцейшага Аблічча».

8. Нястомна, аж да апошняга ўздыху, Тэрэза «дыхае» Імем Езуса, нібы ў акце любові. У сваёй келлі яна таксама накрэсліла: «Езус – мая адзіная любоў». Гэта была яе інтэрпрэтацыя найважнейшага выказвання Новага Запавету: «Бог ёсць любоў» (1 Ян 4, 8.16).

Місійная душа

9. Як і ў кожнай сапраўднай сустрэчы з Хрыстом, гэты досвед веры паклікаў яе да місіі. І сваю місію Тэрэза акрэсліла такімі словамі: «У небе я буду жадаць таго самага, што і на зямлі: любіць Езуса і чыніць так, каб Яго любілі» [15]. Яна пісала, што ўвайшла ў Кармэль, «каб ратаваць душы» [16]. Інакш кажучы, яна не магла ўявіць свайго прысвячэння Богу без пошуку дабра для сваіх братоў і сясцёр. Яна падзяляла міласэрную любоў Айца да грэшнага сына і любоў Добрага Пастыра да згубленых, аддаленых, параненых авечак. Таму яна з’яўляецца апякункай місій, настаўніцай евангелізацыі.

10. Апошнія старонкі «Гісторыі адной душы» [17], будучы яе місійным запаветам, паказваюць спосаб разумення евангелізацыі праз прыцягальнасць [18], а не праз ціск або празелітызм. Варта працытаваць словы, якімі яна гэта падсумоўвае: «„Прыцягні мяне, пабяжым разам да водару тваіх алеяў” (Пп 1,3). О Езу, няма патрэбы казаць: Прыцягваючы мяне, прыцягні таксама душы, якія люблю. Дастаткова гэтай простай фразы: „Прыцягні мяне”. Пане, я разумею, калі душа захапілася ап’яняючым водарам Тваіх алеяў, яна не можа бегчы адна, усе душы, якія яна любіць, пацягне за сабой; дзеецца так без абмежаванняў, без высілку, гэта натуральны вынік яе жадання быць з Табою. Падобна таму, як паток, імкліва ўпадаючы ў акіян, цягне за сабой усё, што сустракае на сваім шляху, так, о мой Езу, душа, якая акунаецца ў бязмежны акіян Тваёй любові, цягне за сабою ўсе скарбы, якімі валодае... Пане, Ты ведаеш, у мяне няма іншых скарбаў, акрамя душ, якія Ты пажадаў злучыць з маёй» [19].

11. Яна цытуе словы, якія нявеста кажа жаніху ў Песні песняў (Пп 1, 3-4), згодна з глыбокім тлумачэннем двух доктараў Кармэлю, св. Тэрэзы ад Езуса і св. Яна ад Крыжа. Жаніх – гэта Езус, Сын Божы, які праз уцелаўленне з’яднаўся з чалавецтвам і адкупіў яго на крыжы. Там, са свайго адкрытага боку, Ён нарадзіў Касцёл, сваю ўмілаваную Нявесту, за якую аддаў сваё жыццё (пар. Эф 5, 25). Уражвае тое, што Тэрэзка, усведамляючы блізкасць смерці, не перажывае гэтую таямніцу ў сабе, толькі ў сэнсе суцяшэння, але мае гарачы апостальскі дух.

Ласка, якая вызваляе ад засяроджанасці на сабе

12. Нешта падобнае адбываецца, калі яна кажа пра дзеянне Духа Святога, якое адразу набывае для яе місійны сэнс: «Вось мая малітва: я прашу Езуса, каб Ён уцягнуў мяне ў полымя сваёй любові і так цесна злучыў мяне з сабою, каб сам жыў і дзейнічаў ува мне. Я адчуваю, што чым большы агонь любові распальвае маё сэрца, тым мацней я кажу: прыцягні мяне, і тым больш душ, якія набліжаюцца да мяне (беднага маленькага бескарыснага кавалачка жалеза, калі б я аддалілася ад боскага вогнішча), пабягуць да водару алеяў свайго Умілаванага, бо душа, ахопленая полымем любові, не можа заставацца бяздзейнай» [20].

13. У сэрцы Тэрэзкі ласка хросту стала імклівым патокам, які ўпадае ў акіян Хрыстовай любові, цягнучы за сабой мноства сясцёр і братоў, што асабліва пачало адбывацца пасля яе смерці. Гэта быў абяцаны «дождж ружаў» [21].

2. Малая дарога даверу і любові

14. Адным з найважнейшых адкрыццяў Тэрэзкі для дабра ўсяго Божага народу з’яўляецца яе «малая дарога», дарога даверу і любові, вядомая таксама як «дарога духоўнага дзяцінства». Кожны, незалежна ад узросту і стану жыцця, можа ісці па ёй. Гэта дарога, якую нябесны Айцец адкрывае малым (пар. Мц 11, 25).

15. Тэрэзка распавядае аб адкрыцці малой дарогі ў «Гісторыі адной душы» [22]: «Таму і я магу, хоць і маленькая, імкнуцца да святасці; зрабіцца вялікай мне немагчыма, я павінна зносіць сябе такой, якая ёсць, з усімі сваімі недасканаласцямі, але я хачу знайсці спосаб трапіць на Неба малой дарогай, вельмі простай, кароткай і цалкам новай дарогай» [23].

16. Для апісання гэтай дарогі яна ўжывае вобраз ліфта: «Ліфт, які павінен падняць мяне на Неба, – гэта Твае рукі, о Езу! Таму мне не трэба расці, а наадварот, трэба заставацца малой і рабіцца ўсё меншай і меншай» [24]. Маленькая, няздольная давяраць сабе, аднак цвёрда ўпэўненая ў любячай сіле Хрыстовых рук.

17. Гэта «салодкая дарога Любові» [25], якую Езус адкрыў малым і бедным, усім. Гэта шлях да сапраўднай радасці. Насуперак пелагіянскай ідэі святасці [26], індывідуалістычнай і элітарнай, больш аскетычнай, чым містычнай, якая робіць акцэнт галоўным чынам на высілках чалавека, Тэрэзка заўсёды падкрэслівае прыярытэт дзеяння Бога, Ягонай ласкі. І яна заходзіць так далёка, што кажа: «Я ўвесь час адчуваю дзёрзкую ўпэўненасць, што стану вялікай святой, паколькі, не маючы ніякіх уласных заслуг, я і не разлічваю на іх, але спадзяюся толькі на таго, хто з’яўляецца самой Цнота і самой Святасцю. Задавольваючыся маімі слабымі высілкамі, Ён сам узнясе мяне да сябе і, ахінуўшы сваімі заслугамі, зробіць мяне святой» [27].

Па-за ўсялякімі заслугамі

18. Такі спосаб мыслення не супярэчыць традыцыйнаму каталіцкаму навучанню аб узрастанні ў ласцы, гэта значыць, што мы, дармова апраўданыя асвячальнай ласкай і перамененыя, атрымліваем здольнасць да супрацоўніцтва праз свае добрыя ўчынкі на шляху ўзрастання ў святасці. Так мы будзем узнесены да таго, каб набыць сапраўдныя заслугі для развіцця атрыманай ласкі.

19. Аднак Тэрэзка жадае падкрэсліць прыярытэт Божага дзеяння і заклікае ўглядацца з поўным даверам у любоў Хрыста, які ахвяраваў сябе за нас да канца. Па сутнасці, яе вучэнне заключаецца ў тым, што, калі мы не можам мець хоць нейкай пэўнасці адносна сябе [28], то не можам быць упэўненымі нават у тым, што валодаем сваімі ўласнымі заслугамі. Такім чынам, нельга разлічваць на гэтыя высілкі або дасягненні. Катэхізіс цытуе словы св. Тэрэзы да Пана: «Я з’яўлюся перад Табою з пустымі рукамі» [29], каб сказаць, што «святыя заўсёды выразна разумелі, што іх заслугі былі выключна ласкай» [30]. Гэтае перакананне выклікае ў ёй радасную і пяшчотную ўдзячнасць.

20. Такім чынам, найбольш адпаведнай паставай з’яўляецца давер не да сябе, а да бясконцай міласэрнасці Бога, які любіць без межаў і які аддаў усё на крыжы Езуса [31]. Таму Тэрэза ніколі не выкарыстоўвае выказванне, папулярнае ў яе часы: «Учыню сябе святой».

21. Аднак тым, хто адчувае сябе крохкім, абмежаваным, грэшным, яе бязмежны давер дадае адвагі, каб дазволіць Хрысту весці іх і перамяняць на шляху да вяршынь: «Ах, калі б усе слабыя і недасканалыя душы адчувалі тое, што адчувае найменшая з усіх душ, душа вашай малой Тэрэзкі, то ніводная з іх не страціла б надзеі дасягнуць вяршыні гары любові, бо Езус не патрабуе вялікіх учынкаў, а толькі поўнага аддання Яму і ўдзячнасці» [32].

22. Такая ж настойлівасць Тэрэзкі адносна Божай ініцыятывы азначае, што, кажучы пра Эўхарыстыю, яна ставіць на першае месца не сваё жаданне прыняць Езуса ў святой Камуніі, але жаданне Езуса, які хоча з’яднацца з намі і жыць у нашых сэрцах [33]. У яе Акце ахвяравання сябе Міласэрнай Любові, пакутуючы ад немагчымасці кожны дзень прымаць святую Камунію, яна кажа Езусу: «Застанься ўва мне, як у табэрнакулюме» [34]. Цэнтрам і аб’ектам яе позірку з’яўляецца не яна сама са сваімі патрэбамі, але Хрыстус, які любіць, шукае, прагне і жыве ў душы.

Штодзённае адрачэнне ад сябе

23. Давер, аб якім кажа Тэрэзка, датычыць не толькі асабістага асвячэння і збаўлення, але мае інтэгральнае значэнне, якое ахоплівае ўсё існаванне канкрэтнага чалавека і датычыць усяго нашага жыцця, дзе нас часта ахопліваюць страхі, чалавечае жаданне быць у бяспецы, патрэба трымаць усё пад кантролем. Менавіта тут узнікае запрашэнне да святога «адрачэння ад сябе».

24. Поўны давер, які становіцца даручэннем сябе Любові, вызваляе нас ад неўтаймаваных разлікаў, няспыннага хвалявання пра будучыню, страхаў, якія забіраюць спакой. У апошнія дні Тэрэзка настойвала на гэтым: «Мы бяжым па дарозе Любові. Я лічу, што мы не павінны думаць пра тое, што з намі можа здарыцца нешта балючае ў будучыні, бо гэта азначае недахоп даверу» [35]. Калі мы ў руках Айца, які любіць нас бязмежна, гэта не зменіцца ні ў якім выпадку; мы зможам ісці наперад, што б ні здарылася, і, так ці інакш, у нашым жыцці споўніцца Ягоны план любові і паўнаты.

Агонь пасярод ночы

25. Найбольш моцна і ўпэўнена Тэрэза жыла сваёй верай у цемры ночы і асабліва ў цемры Галготы. Яе сведчанне дасягнула сваёй кульмінацыі ў апошні перыяд жыцця, падчас вялікага «выпрабавання веры» [36], якое пачалося ў 1896 г. на Вялікдзень. У сваіх нататках [37] яна наўпрост звязвае гэтае выпрабаванне з балючай рэчаіснасцю атэізму свайго часу. Канец ХІХ ст. быў «залатым векам» сучаснага атэізму як філасофска-ідэалагічнай сістэмы. Калі яна пісала, што Езус дазволіў, каб у яе душу «ўварвалася самая густая цемра» [38], то мела на ўвазе цемру атэізму і адмаўлення ад хрысціянскай веры. У еднасці з Езусам, які прыняў на сябе ўсю цемру граху свету, калі згадзіўся выпіць келіх Мукі, Тэрэза ў гэтай цёмнай бездані спазнае адчай і суцэльную пустэчу [39].

26. Але цемра не можа адолець святло: яна была пераможана тым, хто прыйшоў у свет як святло (пар. Ян 12, 46) [40]. Гісторыя Тэрэзкі паказвае гераічны характар яе веры, перамогу ў духоўнай барацьбе перад абліччам наймацнейшых спакусаў. Яна адчувае сябе сястрой атэістаў і сядае, як Езус, за стол з грэшнікамі (пар. Мц 9, 10-13). Яна заступаецца за іх, пастаянна аднаўляючы сваё вызнанне веры, заўсёды ў поўным любові з’яднанні з Панам: «Я бягу да майго Езуса, кажу Яму, што гатовая праліць сваю кроў да апошняй кроплі, каб сведчыць аб існаванні Неба. Я кажу Яму, што я шчаслівая, што не маю магчымасці радавацца гэтаму прыгожаму Небу на зямлі, каб толькі Ён адчыніў яго на ўсю вечнасць для бедных няверуючых» [41].

27. Поруч з верай Тэрэза жыве бязмежным даверам да бясконцай міласэрнасці Бога: «даверам, які мае весці нас да Любові» [42]. Нават у цемры яна жыве поўным даверам дзіцяці, якое без страху кідаецца ў абдымкі бацькі і маці. Для Тэрэзкі, па сутнасці, Бог аб’яўляецца перадусім праз сваю міласэрнасць – гэта ключ да разумення ўсяго, што можа быць сказана пра Яго: «Ён даў мне сваю бясконцую міласэрнасць, і скрозь яе я сузіраю і адарую іншыя Божыя дасканаласці! Тады ўсе яны паўстаюць перада мною ззяючымі любоўю, нават Справядлівасць (магчыма, нават больш, чым усе іншыя) падаецца мне апранутай у любоў» [43]. Гэта адно з найважнейшых адкрыццяў Тэрэзкі, адзін з найбольшых дароў, які яна ахвяравала ўсяму Божаму народу: надзвычайным чынам яна пранікла ў глыбіні Божай міласэрнасці і адтуль чэрпала святло сваёй бязмежнай надзеі.

Непахісная надзея

28. Перад уступленнем у Кармэль Тэрэзка адчула асаблівую духоўную блізкасць з адным з самых няшчасных людзей, злачынцам Анры Пранцыні, які быў асуджаны на смерць за патрайное забойства і не выказваў скрухі [44]. Ахвяруючы св. Імшу ў яго інтэнцыі і з поўным даверам молячыся аб ягоным збаўленні, яна была перакананая, што набліжае яго да Крыві Езуса, і сказала Богу, што яна цвёрда ўпэўнена ў тым, што ў апошні момант Ён прабачыць яму і што яна паверыла б у гэта, «нават калі б ён не паспавядаўся і не выказаў ніякіх прыкмет пакаяння». Падставу сваёй упэўненасці яна акрэсліла наступным чынам: «так моцна я давярала бясконцай міласэрнасці Езуса» [45]. Якія ж эмоцыі ахапілі яе, калі яна даведалася, што Пранцыні, падняўшыся на эшафот, «нечакана, ахоплены раптоўным натхненнем, паварочваецца, хапае крыж, які падае яму святар, і тройчы цалуе святыя раны!» [46]. Гэты інтэнсіўны досвед надзеі насуперак усялякай надзеі быў для яе прынцыповым: «Пасля такой выключнай ласкі маё жаданне ратаваць душы расло з кожным днём!» [47].

29. Тэрэза ўсведамляе драму граху, хоць мы заўсёды бачым яе зануранай у таямніцу Хрыста, упэўненай, што «дзе памножыўся грэх, там яшчэ больш памножылася ласка» (Рым 5, 20). Грэх свету велізарны, але не бясконцы. А міласэрная любоў Адкупіцеля, канешне, бясконцая. Тэрэзка становіцца сведкам канчатковай перамогі Езуса над усімі сіламі зла праз Яго муку, смерць і ўваскрасенне. З даверам яна адважваецца сцвярджаць: «Езу, дазволь мне збавіць многія душы, каб ні адна душа не была сёння асуджана! […] Езу, прабач мне, калі я кажу тое, чаго не павінна казаць: я толькі хачу Цябе развесяліць і суцешыць [48]. Гэта дазваляе нам перайсці да іншага аспекту таго свежага подыху, якім з’яўляецца пасланне св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса і Найсвяцейшага Аблічча.

3. Я буду любоўю

30 Любоў, большая за веру і надзею, ніколі не мінае (пар. 1 Кар 13, 8-13). Гэта найвялікшы дар Духа Святога, а таксама «маці і корань кожнай цноты» [49].

Міласэрнасць як асабістая пастава любові

31. «Гісторыя адной душы» – гэта сведчанне любові, у якой Тэрэзка прапануе нам свой каментар новай запаведзі Езуса: «Каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (Ян 15, 12) [50]. Езус прагне такога адказу на сваю любоў. Сапраўды, «Ён не вагаецца папрасіць вады ў самаранкі. Ён адчуваў смагу... Але, кажучы: „Дай мне піць”, Стварыцель свету хацеў знайсці любоў свайго беднага стварэння. Ён прагнуў любові!» [51]. Тэрэзка хоча адказаць на любоў Езуса, каб адказаць Яму любоўю на любоў [52].

32. Сімволіка сужэнскай любові выражае ўзаемнасць дару мужа і жонкі адно аднаму. Так, натхнёная Песняй песняў (2, 16), Тэрэза піша: «Я думаю, што сэрца майго Умілаванага належыць толькі мне, гэтак жа як маё – толькі Яму, і тады я гавару з Ім у гэтай цудоўнай адзіноце сэрцам да сэрца, чакаючы моманту, калі змагу сузіраць Яго тварам у твар!» [53]. Хоць Пан любіць нас усіх разам як народ, у той жа час міласэрнасць дзейнічае вельмі асабіста, «сэрцам да сэрца».

33. Тэрэзка была глыбока перакананая, што Езус любіў і ведаў яе асабіста падчас сваёй Мукі: «палюбіў мяне і аддаў сябе за мяне» (Гал 2, 20). Сузіраючы Езуса ў Ягонай агоніі, яна кажа Яму: «Ты заўсёды Мяне бачыў» [54]. Гэтаксама, звяртаючыся да Дзіцятка Езуса на руках у Маці, кажа: «Сваёй маленькай ручкай, якая абдымала Марыю, Ты свет трымаў і даў яму жыццё, і думаў пра мяне» [55]. Ужо ў пачатку «Гісторыі адной душы» яна падобным чынам сузірае любоў Езуса да ўсяго чалавецтва і да кожнага паасобку, нібы ён быў адзіным у свеце [56].

34. У акце любові «Езу, я люблю Цябе», які стаўся для Тэрэзы такім жа натуральным, як дыханне, знаходзіцца яе ключ да разумення Евангелля. З гэтай любоўю яна паглыбляецца ва ўсе таямніцы жыцця Хрыста, становячыся ягонай сучасніцай і перажываючы Евангелле разам з Марыяй і Юзафам, Марыяй Магдаленай і Апосталамі. З імі яна ўваходзіць у глыбіню любові Сэрца Езуса. Разгледзім прыклад: «Калі я бачу, як Магдалена ідзе да Езуса не зважаючы на шматлікіх гасцей, абмывае сваімі слязьмі ногі свайго дарагога Настаўніка, да якога яна ўпершыню дакранаецца, я адчуваю, што яе сэрца спасцігла бездані любові і міласэрнасці Сэрца Езуса і што, якой бы грэшніцай яна ні была, гэтае Сэрца любові не толькі гатова прабачыць ёй, але і абсыпаць яе дабротамі сваёй боскай прысутнасці, каб узняць яе на самыя высокія вяршыні сузірання» [57].

Найвялікшая любоў у найвялікшай прастаце

35. Напрыканцы «Гісторыі адной душы» Тэрэзка прадстаўляе свой Акт ахвяравання сябе Міласэрнай Любові [58]. Калі яна цалкам даверылася дзеянню Духа, то без шуму і бачных прыкмет атрымала жывую ваду з лішкам: «Рэкі, а дакладней, акіяны ласкаў напоўнілі маю душу» [59]. Такім ёсць містычнае жыццё, якое, нават без надзвычайных знакаў, прапануе сябе ўсім вернікам як штодзённы досвед любові.

36. Тэрэзка жыве міласэрнасцю ў сціпласці, у самых простых рэчах штодзённага жыцця і робіць гэта ў суправаджэнні Панны Марыі, ад якой вучыцца, што «любіць – значыць аддаваць усё і аддаваць сябе» [60]. І сапраўды, калі прапаведнікі яе часу часта казалі пра веліч Марыі ў трыумфальным ключы, быццам аддаляючы Яе ад нас, Тэрэзка паказвае, зыходзячы з Евангелля, што Марыя з’яўляецца найвялікшай у Нябесным Валадарстве, бо Яна найменшая (пар. Мц 18, 4), найбліжэй да Езуса ў Яго прыніжэнні. Тэрэза бачыць, што хоць апакрыфічныя гісторыі поўныя яркіх і цудоўных эпізодаў, то Евангелле паказвае нам Яе пакорнае і беднае жыццё, якое прайшло ў прастаце веры. Сам Езус хоча, каб Марыя была прыкладам душы, якая шукае Яго са шчырай верай [61]. Марыя першай перажыла «малую дарогу» ў шчырай веры і ў пакоры; таму Тэрэза не вагалася напісаць:

«Маці, поўная ласкі, я ведаю, што ў Назарэце
Ты жывеш у беднасці, нічога большага не прагнучы.
Ні захапленні, ні цуды, ні экстазы
не ўпрыгожваюць Тваё жыццё, о Каралева выбраных!..
Колькасць малых на зямлі вялізная,
яны могуць глядзець на Цябе без трымцення.
Звычайнай дарогай, непараўнальная Маці,
Ты хочаш крочыць, каб весці іх у неба» [62].

37. Тэрэзка таксама пакінула нам запісы аб некаторых момантах ласкі, якія дасведчыла ў звычайнай паўсядзённасці, напрыклад, аб яе раптоўным натхненні, калі яна суправаджала хворую раздражнёную сястру. Заўсёды гэта быў досвед больш інтэнсіўнай міласэрнасці сярод самых празаічных сітуацый: «Аднойчы зімовым вечарам я, як звычайна, выконвала свой невялікі абавязак; было холадна, цёмна... Раптам я пачула воддаль гарманічны гук музычных інструментаў: ва ўяўленні я ўбачыла добра асветленую залу, якая ўся зіхацела золатам, элегантна апранутых дзяўчат, якія гаварылі адна адной кампліменты і свецкія прыемнасці. Потым я зірнула на бедную хворую, якую я падтрымлівала. Замест мелодыі я час ад часу чула яе жаласныя стогны, замест золата бачыла цагліны нашага суровага кляштара, ледзь асветленыя слабым святлом. Не магу выказаць, што адбывалася ў маёй душы, я ведаю толькі тое, што Пан асвятліў яе промнямі праўды, якія настолькі пераўзыходзяць змрочны бляск зямных забаў, што я не магла паверыць свайму шчасцю... Ах, я б не прамяняла дзесяці хвілінаў выканання майго сціплага міласэрнага служэння на тысячу гадоў свецкага балявання» [63].

У сэрцы Касцёла

38. Тэрэзка атрымала ў спадчыну ад св. Тэрэзы Авільскай вялікую любоў да Касцёла і здолела спасцігнуць глыбіню гэтай таямніцы, што выявілася ў яе адкрыцці «сэрца Касцёла». У доўгай малітве да Езуса [64], напісанай 8 верасня 1896 г., у шостую гадавіну свайго законніцкага жыцця, святая прызналася Пану, што адчувае сябе ўзрушанай велізарным жаданнем, запалам да Евангелля настолькі гарачым, што ніякае пакліканне само па сабе не магло б яго задаволіць. І вось, шукаючы свайго «месца» ў Касцёле, яна перачытала 12 і 13 раздзелы Першага паслання св. Паўла да Карынцянаў.

39. У раздзеле 12 Апостал выкарыстоўвае метафару цела і яго членаў, каб патлумачыць, што Касцёл нясе ў сабе вялікую разнастайнасць харызмаў, уладкаваных у адпаведнасці з іерархічным парадкам. Але гэтага апісання Тэрэзе недастаткова. Яна працягвае пошук, чытае «гімн любові» ў раздзеле 13, дзе знаходзіць выдатны адказ і піша сваю памятную старонку: «Разважаючы пра Містычнае цела Касцёла, я не пазнала сябе ні ў адным з членаў, згаданых св. Паўлам: дакладней, я хацела ўбачыць сябе ў кожным!.. Любоў дала мне ключ да майго паклікання. Я зразумела, што калі Касцёл ёсць целам, якое складаецца з розных членаў, то не хапае самага неабходнага, самага высакароднага з усіх: я зразумела, што ў Касцёла ёсць Сэрца і што гэта Сэрца палае Любоўю. Я зразумела, што толькі Любоў пабуджае членаў Касцёла дзейнічаць, і калі б Любоў згасла, апосталы больш не абвяшчалі б Евангелле, мучанікі адмовіліся б праліваць сваю кроў... Я зразумела, што Любоў змяшчае ў сабе ўсе пакліканні, што Любоў ёсць ва ўсім, ахоплівае ўсе часы і ўсе месцы!.. адным словам, яна Вечная!.. Тады, поўная шалёнай радасці, я ўсклікнула: О Езу, Любоў мая.., я нарэшце знайшла сваё пакліканне! Маё пакліканне – гэта Любоў!.. Так, я знайшла сваё месца ў Касцёле, і гэтае месца, о мой Божа, Ты даў мне яго: у Сэрцы Касцёла, маёй Маці, я буду Любоўю!.. Так што Я буду ўсім... Так мая мара здзейсніцца!!!» [65].

40. Гэта не сэрца трыумфуючага Касцёла, гэта сэрца любячага, пакорнага і міласэрнага Касцёла. Тэрэзка ніколі не ставіць сябе вышэй за іншых, а на апошняе месца поруч з Сынам Божым, які для нас стаў слугою і прынізіў сябе, стаўшы паслухмяным аж да смерці на крыжы (пар. Флп 2, 7-8).

41. Гэтае адкрыццё сэрца Касцёла з’яўляецца таксама вялікім святлом для нас сёння, каб мы не спакушаліся абмежаваннямі і слабасцямі Касцёла як інстытута, пазначанага цемрай і грахамі, і каб мы ўвайшлі ў ягонае сэрца, палаючае любоўю, якое ўспыхнула агнём у дзень Пяцідзясятніцы дзякуючы дару Духа Святога. Гэта сэрца, полымя якога ўсё яшчэ разгараецца з кожным нашым актам міласэрнасці. «Я буду любоўю» – вось радыкальны выбар Тэрэзкі, яе канчатковае падагульненне, найбольш асабістая духоўная тоеснасць.

Дождж ружаў

42. Пасля столькіх стагоддзяў, на працягу якіх мноства святых так горача і ўзнёсла выказвалі жаданне «пайсці на Неба», св. Тэрэза з вялікай шчырасцю прызнаецца: «Тады я перажывала вялікія ўнутраныя выпрабаванні рознага кшталту (аж да таго, што пыталася ў сябе, ці сапраўды існуе Неба)» [66]. Іншым разам яна кажа: «Калі я спяваю пра шчасце нябёсаў, пра вечнае валоданне Богам, я зусім не адчуваю радасці, я проста апяваю тое, у што хачу верыць» [67]. Што здарылася? Яна больш услухоўвалася ў Божы заклік распаліць агонь у сэрцы Касцёла, чым марыла пра ўласнае шчасце.

43. Перамена, якая адбылася ў ёй, дазволіла перайсці ад гарачага прагнення Неба да пастаяннага і гарачага жадання дабра для ўсіх, кульмінацыяй якога стала мара працягваць у Небе сваю місію любові да Езуса і рабіць Яго ўсімі любімым. У сувязі з гэтым, у адным са сваіх апошніх лістоў яна напісала: «Я сапраўды не маю намеру заставацца бяздзейнай у Небе: я хачу працягваць працаваць для Касцёла і душ» [68]. І ў тыя ж дні больш непасрэдна кажа: «Маё Неба будзе на зямлі да канца свету. Так, я хачу правесці сваё Неба, робячы дабро на зямлі» [69].

44. Так Тэрэзка дала свой найбольш пераканаўчы адказ на непаўторны дар, які Пан даў ёй, на дзіўнае святло, якое Бог уліў у яе. Яна дасягнула канчатковага асабістага сінтэзу Евангелля, які распачаўся поўным даверам і завяршыўся поўным дарам для іншых. Яна не сумнявалася ў плённасці гэтага прысвячэння: «Я думаю пра ўсё дабро, якое хачу рабіць пасля смерці» [70]. «Добры Бог не даў бы мне гэтага жадання рабіць дабро на зямлі пасля смерці, калі б не хацеў яго рэалізаваць» [71]. «Гэта будзе нібы дождж ружаў» [72].

45. Кола замкнулася. «C'est la confiance». Гэта давер вядзе нас да Любові і такім чынам вызваляе нас ад страху, гэта давер дапамагае нам адарваць позірк ад сябе, гэта давер дазваляе нам аддаць у рукі Бога тое, што можа ўчыніць толькі Ён. Мы атрымліваем велізарную крыніцу любові і энергіі, каб рабіць дабро нашым братам. І таму, сярод пакутаў сваіх апошніх дзён, Тэрэза магла сказаць: «Я больш не разлічваю ні на што, акрамя любові» [73]. У рэшце рэшт, лічыцца толькі любоў. Давер чыніць так, што распускаюцца ружы, і ён рассыпае іх, перапоўнены празмернасцю Божай любові. Будзем прасіць аб такім даверы як аб дармовым і каштоўным дары ласкі, каб у нашым жыцці адкрыліся шляхі Евангелля.

У сэрцы Евангелля

46. У адгартацыі Evangelii gaudium я заклікаў вярнуцца да свежасці крыніцы і падкрэсліваў істотныя і незаменныя рэчы. Я лічу мэтазгодным яшчэ раз агучыць сваё запрашэнне.

Доктар сінтэзу

47. Гэтая адгартацыя аб св. Тэрэзе дае мне магчымасць нагадаць, што ў місійным Касцёле «прапаведаванне канцэнтруецца на істотным, на самым прыгожым, большым, найбольш прывабным і адначасова на найбольш неабходным. Прапанова становіцца прасцейшай, не губляючы пры гэтым глыбіні і праўды, і праз гэта набывае большую перакананасць і бляск» [74]. Крыніца святла ўтварае «прыгажосць збаўчай любові Бога, аб’яўленай у Езусе Хрысце, памерлым і ўваскрослым» [75].

48. Не ўсё аднолькава важнае, сярод праўдаў Касцёла існуе парадак або іерархія, і «гэта датычыць як дагматаў веры, так і ўсяго навучання Касцёла, уключна з маральным» [76]. Цэнтрам хрысціянскай маралі з’яўляецца любоў як адказ на безумоўную любоў Тройцы, дзякуючы якой «справы любові да бліжняга з’яўляюцца найбольш дасканалым знешнім праяўленнем унутранай ласкі Духа» [77]. У выніку, лічыцца толькі любоў.

49. Асаблівы ўклад Тэрэзкі як святой і доктара Касцёла не з’яўляецца аналітычным, як, напрыклад, уклад св. Тамаша Аквінскага. Яе ўклад хутчэй сінтэтычны, бо яе геніяльнасць выяўляецца ў тым, каб прывесці нас да таго, што галоўнае, істотнае і незаменнае. Сваімі словамі і жыццёвым шляхам яна паказвае, што, хоць усё навучанне і нормы Касцёла маюць сваю важнасць, каштоўнасць, святло, некаторыя з іх больш актуальныя і больш канстытутыўныя для хрысціянскага жыцця. Там Тэрэза засяродзіла свой позірк і сэрца.

50. Нам як тэолагам, маралістам, даследчыкам духоўнасці, як пастырам і вернікам, кожнаму ў сваёй сферы, яшчэ трэба засвоіць гэтую геніяльную інтуіцыю Тэрэзкі і зрабіць з яе тэарэтычныя і практычныя, дактрынальныя і пастырскія, асабістыя і грамадскія высновы. Нам спатрэбіцца для гэтага адвага і ўнутраная свабода.

51. Часам цытуюцца толькі досыць другарадныя выказванні святой або згадваюцца тэмы, у якіх яна мае штосьці агульнае з іншымі святымі: малітва, ахвяра, эўхарыстычная пабожнасць і мноства іншых прыгожых сведчанняў, але такім чынам мы можам пазбавіць сябе таго, што найбольш спецыфічнае ў дары, які яна дала Касцёлу, і забываемся, што «кожны святы – гэта місія; гэта план Айца ў адлюстраванні і ўвасабленні ў дадзены момант гісторыі канкрэтнага аспекту Евангелля» [78]. Такім чынам, «каб пазнаць, як гучыць слова, якое Пан хоча сказаць праз канкрэтнага святога, не трэба спыняцца на дэталях… Перадусім, вартае захаплення ўсё яго жыццё, увесь шлях асвячэння, яго пастава, якая адлюстроўвае штосьці з Езуса Хрыста і якая раскрываецца, калі мы пачынаем разумець значэнне ўсёй яго асобы» [79]. Тым больш спраўджваецца гэта ў выпадку св. Тэрэзы, бо мы маем справу з «доктарам сінтэзу».

52. З неба да зямлі актуальнасць св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса і Найсвяцейшага Аблічча захоўваецца ва ўсёй сваёй «малой велічы».

У эпоху, якая змушае нас замыкацца на сабе і ўласных інтарэсах, Тэрэзка паказвае нам прыгажосць жыцця, якое складаецца ў дар.

У час, калі пераважаюць самыя павярхоўныя патрэбы, яна з’яўляецца сведкам евангельскай радыкальнасці.

У эпоху індывідуалізму яна дапамагае нам адкрыць каштоўнасць любові, якая становіцца заступніцтвам.

У час, калі людзі, апантаныя веліччу і новымі формамі ўлады, яна паказвае нам малую дарогу.

У эпоху, калі так шмат адкінутых людзей, яна вучыць нас прыгажосці клопату і адказнасці за іншых.

У складаны момант яна можа дапамагчы нам наноў адкрыць прастату, абсалютную перавагу любові, даверу і аддання Богу, пераадольваючы легалістычны і этычны склад думак, які напаўняе хрысціянскае жыццё абавязкамі і наказамі, ды замарожвае радасць Евангелля.

У час адасобленасці і замкнёнасці Тэрэзка запрашае нас стаць місіянерамі, захопленымі прыцягальнасцю Езуса Хрыста і Евангелля.

53. Праз паўтара стагоддзя пасля свайго нараджэння Тэрэзка жывая, як ніколі раней, сярод пілігрымуючага Касцёла, у сэрцы Божага народу. Яна пілігрымуе з намі і робіць дабро на зямлі, спаўняючы сваю мару. Найпрыгажэйшым знакам яе духоўнай жыццёвай сілы з’яўляецца незлічоныя «ружы»: ласкі, якія дае Бог праз яе поўнае любові заступніцтва, каб падтрымаць нас на дарозе жыцця.

Дарагая святая Тэрэзка,

Касцёл павінен ззяць
колерам, водарам, радасцю Евангелля.
Спашлі нам свае ружы!
Дапамажы заўсёды давяраць, як ты,
бязмернай любові, якую Бог да нас мае,
каб мы маглі ісці штодня
тваёй малой дарогай святасці.
Амэн.

Дадзена ў Рыме, у базыліцы св. Яна на Латэране, 15 кастрычніка 2023 года, ва ўспамін св. Тэрэзы Авільскай, у адзінаццаты год майго Пантыфікату.

ФРАНЦІШАК

[1] Sainte Thérèse de l’Enfant Jésus et de la Sainte Face, Œuvres complètes, LT 197, à Sœur Marie du Sacré-Cœur (17 верасня 1896), Paris 1996, 553.

Спасылкі зроблены на выданне, у якім выкарыстоўваюцца наступныя скарачэнні: Ms A: Manuscrit autobiographique «A»; Ms B: Manuscrit autobiographique «B»; Ms C: Manuscrit autobiographique «C»; LT: Lettres; PN: Poésies; Pri: Prières; CJ: «Carnet jaune»; DE: Derniers entretiens.

[2] Pri 6, Offrande de moi-même comme Victime d’Holocauste à l’Amour Miséricordieux du Bon Dieu (9 чэрвеня 1895), 963.

[3] На двухгадовы перыяд 2022-2023 гг. ЮНЕСКА ўключыла св. Тэрэзу ад Дзіцятка Езуса ў шэраг асоб, якія будуць ушаноўваць з нагоды 150-годдзя з дня яе нараджэння.

[4] 29 красавіка 1923.

[5] Пар. Decreto di Virtù (14 жніўня 1921): AAS 13 (1921), 449-452.

[6] Гамілія з нагоды кананізацыі (17 мая 1925): AAS 17 (1925), 211.

[7] Пар. AAS 20 (1928), 147-148.

[8] Пар. AAS 36 (1944), 329-330.

[9] Пар.: Lettera a Mons. François-Marie Picaud, Vescovo di Bayeux y Lisieux (7 жніўня 1947); Радыёзварот з нагоды кансэкрацыі базылікі ў Лізьё (11 ліпеня 1954): AAS 46 (1954), 404-407.

[10] Пар.: Lettera a Mons. Jean-Marie-Clément Badré, Vescovo di Bayeux y Lisieux, in occasione del centenario della nascita di Santa Teresa del Bambino Gesù (2 студзеня 1973): AAS 65 (1973), 12-15.

[11] Пар. AAS 90 (1998), 409-413, 930-944.

[12] Апост. ліст Novo millennio ineunte, 42: AAS 93 (2001), 296.

[13] Агульная аўдыенцыя (6 красавіка 2011): L'Osservatore Romano (7 красавіка 2011), 8.

[14] Агульная аўдыенцыя (7 чэрвеня 2023): L'Osservatore Romano (7 чэрвеня 2023), 2-3.

[15] LT 220, à l’abbé Bellière (24 лютага 1897): 561.

[16] Ms A, 69vº: 187.

[17] Пар. Ms C, 33vº-37rº: 274-279.

[18] Пар.: Апост. адг. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 14.

[19] Ms C, 34rº: 275.

[20] Тамсама, 36rº: 277-278.

[21] CJ, 9 чэрвеня 1897, 3: 991.

[22] Пар. Ms C, 2vº-3rº: 235-236.

[23] Тамсама, 2vº: 235.

[24] Тамсама, 3rº: 236.

[25] Пар. Ms A, 84vº: 210.

[26] Пар.: Апост. адг. Gaudete et exsultate (19 сакавіка 2018), 47-62.

[27] Ms A, 32rº: 124.

[28] Трыдэнцкі сабор патлумачыў: «Такім чынам, кожны, хто глядзіць на сябе, сваю слабасць і неўпарадкаванасць, мае падставы баяцца і дрыжэць аб сваёй ласцы» (Decreto sulla giustificazione, IX: DS, 1534). Катэхізіс Каталіцкага Касцёла разглядае гэта, калі вучыць, што немагчыма мець упэўненасць, абапіраючыся на свае пачуцці ці ўчынкі (пар. п. 2005). Упэўненасць даверу не знаходзіцца ў нас саміх, нашае «я»  не дае падставы для гэтай перакананасці, якая не засноўваецца на інтраспекцыі. Святы Павел выказаў гэта так: «Я і сам сябе не суджу. Бо я ніўчым сябе не дакараю, але гэта не апраўдвае мяне. Пан ёсць тым, хто мяне судзіць!» (1 Кар 4, 3-4). Святы Тамаш Аквінскі тлумачыў гэта наступным чынам: улічваючы, што ласка «не аздараўляе чалавека цалкам» (Summa Theologiae, I-II, q. 109, art. 9, ad 1), «застаецца ў розуме пэўнае частковае няведанне» (тамсама, со).

[29] Pri 6, 963.

[30] Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 2011.

[31] Трыдэнцкі сабор таксама выразна сцвярджае гэта: «Ні адзін пабожны чалавек не можа сумнявацца ў міласэрнасці Бога» (Decreto sulla giustificazione, IX: DS 1534). «Усе павінны моцна спадзявацца на Божую дапамогу» (тамсама, XIII: DS 1541).

[32] Ms B, 1v°, 220.

[33] Пар. Ms A, 48v°, p. 148 ; LT 92, à Marie Guérin (30 мая 1889), 393.

[34] Pri 6, 963.

[35] CJ, 23 juillet 1897, 3, 1054.

[36] Ms C, 31rº, 277.

[37] Пар. тамсама, 5rº-7vº, 240-244.

[38] Тамсама, 5vº, 241.

[39] Пар. тамсама, 6vº, 242-243.

[40] Пар. Энц. Lumen fidei (29 чэрвеня 2013), 17.

[41] Ms C, 7rº: 240-241.

[42] T 197, à sœur Maríe du Sacré Coeur (17 верасня 1896): 553.

[43] Ms A, 83vº: 211.

[44] Пар. тамсама, 45vº-46vº, 143-145.

[45] Тамсама, 46rº: 144.

[46] Тамсама.

[47] Тамсама, 46vº: 147.

[48] Pri 2, 958.

[49] Summa Theologiae, I-II, q. 62, art. 4.

[50] Ms C, 11v°-31r°, 249-276.

[51] Ms B, 1vº, 220-221.

[52] Пар. тамсама, 4rº, 227-228.

[53] LT 122, à Céline (14 кастрычніка 1890), 431.

[54] PN 24, 21, 697.

[55] Тамсама, 6, 693.

[56] Пар. Ms A, 3rº, 73.

[57] LT 247, à l’abbé Belliére (21 чэрвеня 1897), 603-604.

[58] Пар. Pri 6, 962-964.

[59] Ms A, 84rº, 212.

[60] PN 54, 22, 755.

[61] Пар. тамсама, 15, 753

[62] Тамсама, 17, 754.

[63] Ms C, 29vº-30rº, 274-275.

[64] Пар. Ms B, 2r°-5v°: 222-232.

[65] Тамсама, 3v°, 226..

[66] Ms A, 80vº: 204. Гэта не быў недахоп веры. Святы Тамаш вучыць, што ў веры дзейнічаюць воля і розум. Прыхільнасць волі можа быць вельмі трывалай і добра ўкаранёнай, у той час як розум можа быць зацемнены. Пар. De Veritate 14, 1.

[67] Ms C, 7v°, 244.

[68] LT 254, au P. Roulland (14 ліпеня 1897), 609.

[69] CJ, 17 ліпеня 1897, 1050.

[70] Тамсама, 13 ліпеня 1897, 17, 1042.

[71] Тамсама, 18 ліпеня 1897, 1, 1051.

[72] CJ, 9 чэрвеня 1897, 3, 1013.

[73] LT 242, à Sœur Marie de la Trinité (6 чэрвеня 1897), 599.

[74] Апост. адг. Evangelii gaudium (24 лістапада 2013), 35.

[75] Тамсама, 36.

[76] Тамсама.

[77] Тамсама, 37.

[78] Апост. адг. Gaudete et exsultate (19 сакавіка 2018), 19.

[79] Тамсама, 22.

Абноўлена 09.11.2023 15:04
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.