Пошук


АПОСТАЛЬСКІ ЛІСТ
МАЛЯВАННЕ НОВЫХ МАП НАДЗЕІ
ПАПЫ ЛЬВА XIV З НАГОДЫ 60-ГОДДЗЯ
САБОРНАЙ ДЭКЛАРАЦЫІ GRAVISSIMUM EDUCATIONIS

1. Прадмова

1.1. Маляванне новых мап надзеі (Disegnare nuove mappe di speranza). 28 кастрычніка 2025 года адзначаецца 60-я гадавіна саборнай Дэкларацыі Gravissimum educationis аб надзвычайнай важнасці і актуальнасці адукацыі ў жыцці чалавека. Гэтым тэкстам Другі Ватыканскі Сабор нагадаў Касцёлу, што адукацыя — гэта не другарадная дзейнасць, але сутнасць самой евангелізацыі: гэта канкрэтны спосаб, праз які Евангелле становіцца выхаваўчым жэстам, адносінамі, культурай. Сёння, перад абліччам хуткіх зменаў і дэзарыентуючай няпэўнасці, гэтая спадчына дэманструе дзіўную трываласць. Там, дзе адукацыйныя супольнасці кіруюцца словамі Хрыста, яны не адыходзяць, але аднаўляюцца; яны не ўзводзяць сцены, але будуюць масты. Яны рэагуюць творча, адкрываючы новыя магчымасці для перадачы ведаў і сэнсу ў школах, ва ўніверсітэтах, у сферы прафесійнай і грамадзянскай адукацыі, у школьным і моладзевым душпастырстве, а таксама ў навуковых даследаваннях, бо Евангелле не старэе, але робіць «усё новым» (Ап 21, 5). Кожнае пакаленне ўспрымае яго як навізну, якая аднаўляе. Кожнае пакаленне нясе адказнасць за Евангелле і за адкрыццё яго сілы сеяць і памнажаць.

1.2. Мы жывём у складаным, фрагментарным і лічбавым выхаваўчым асяроддзі. Менавіта таму варта спыніцца і перавесці позірк на «касмалогію хрысціянскай paidei»: бачанне, якое змагло аднаўляцца на працягу стагоддзяў і пазітыўна натхняць усе шматгранныя аспекты выхавання. З самага пачатку Евангелле нараджала «адукацыйныя сузор’і»: як пакорны, так і рашучы досвед, здольны чытаць час, захоўваць адзінства паміж верай і розумам, паміж мысленнем і жыццём, паміж ведамі і справядлівасцю. Падчас буры яны былі якарам выратавання, а ў штылі — разгорнутым ветразем. Ноччу — маяком, які кіруе навігацыяй.

1.3. Дэкларацыя Gravissimum educationis не страціла свайго значэння. З моманту яе прыняцця з’явілася шмат спраў і харызмаў, якія і сёння вызначаюць напрамак: школы і ўніверсітэты, рухі і інстытуты, свецкія аб’яднанні, законныя супольнасці, а таксама нацыянальныя і міжнародныя сеткі. Разам гэтыя жывыя арганізацыі стварылі духоўную і педагагічную спадчыну, здольную прайсці ХХІ ст. і адказаць на найбольш актуальныя выклікі. Гэтая спадчына не закамянелая: яна — компас, які надалей паказвае напрамак і кажа пра прыгажосць падарожжа. Сённяшнія чаканні не меншыя за тыя, з якімі сутыкнуўся Касцёл шэсцьдзесят гадоў таму. Наадварот, яны сталі больш шырокімі і складанымі. Ці можам мы заставацца бяздзейнымі перад абліччам мільёнаў дзяцей у свеце, якія да гэтага часу не маюць доступу да пачатковай адукацыі? Ці можам мы не адчуваць вострай патрэбы аднавіць нашую актыўнасць перад абліччам драматычных крызісных сітуацый у сферы выхавання, выкліканых войнамі, міграцыяй, няроўнасцю і рознымі формамі беднасці? Адукацыя — як я нагадаў у сваёй Апостальскай адгартацыі Dilexi te — «заўсёды была адной з найвышэйшых праяў хрысціянскай любові» [1]. Свет патрабуе гэтай формы надзеі.

2. Дынамічная гісторыя

2.1. Гісторыя каталіцкага выхавання — гэта гісторыя дзеяння Духа Святога. Касцёл — гэта «Маці і Настаўніца» [2] не з прычыны свайго вяршэнства, але з прычыны свайго служэння: нараджае веру і суправаджае развіццё свабоды, прымаючы місію Боскага Настаўніка, каб усе «мелі жыццё і мелі [яго] ўдосталь» (Ян 10, 10). Паслядоўныя стылі выхавання дэманструюць бачанне чалавека як Божага вобраза, пакліканага да праўды і дабра, а таксама плюралізм метадаў, якія служаць гэтаму пакліканню. Выхаваўчыя харызмы — гэта не жорсткія формулы: яны з’яўляюцца арыгінальнымі адказамі на патрэбы кожнай эпохі.

2.2. У першыя стагоддзі Айцы пустыні вучылі мудрасці з дапамогай прыпавесцяў і апафегм; яны нанова адкрылі шлях да таго, што з’яўляецца істотным, — дысцыпліну языка і ахову сэрца; яны перадалі педагогіку позірку, які ўсюды распазнае Бога. Святы Аўгустын, прышчапляючы біблійную мудрасць грэка-рымскай традыцыі, разумеў, што сапраўдны настаўнік абуджае імкненне да праўды, вучыць свабодзе чытання знакаў і слуханню ўнутранага голасу. Манастыцызм працягнуў гэтую традыцыю ў самых аддаленых месцах, дзе дзесяцігоддзямі вывучаліся, каментаваліся і выкладаліся класічныя творы настолькі, што без гэтай ціхай працы на карысць культуры многія шэдэўры не захаваліся б да нашых дзён. «З сэрца Касцёла» нарадзіліся першыя ўніверсітэты, якія з самага пачатку сталі «непараўнальным цэнтрам творчасці і пашырэння ведаў дзеля дабра чалавецтва» [3]. У іх аўдыторыях спекулятыўная думка праз пасярэдніцтва жабрацкіх ордэнаў змагла сур’ёзна сфарміравацца і выйсці аж да межаў дакладных навук. Многія законныя супольнасці рабілі свае першыя крокі ў гэтых галінах ведаў, узбагачаючы выхаванне педагагічна-наватарскім і сацыяльна-дальнабачным чынам.

2.3. Гэтае выхаванне выяўлялася па-рознаму. У Ratio Studiorum багацце схаластычнай традыцыі зліваецца з ігнацыянскай духоўнасцю, адаптуючы складаную, міждысцыплінарную і адкрытую для эксперыментаў праграму навучання. У Рыме XVII ст. св. Юзаф Каласанс адкрыў бясплатныя школы для бедных, разумеючы, што пісьменнасць і ўменне лічыць — гэта пытанні больш годнасці, чым кампетэнтнасці. У Францыі Жан Батыст Сальскі, «адчуваючы несправядлівасць, выкліканую выключэннем дзяцей рабочых і сялянаў з адукацыйнай сістэмы» [4], заснаваў Кангрэгацыю Братоў Хрысціянскіх Школаў. На пачатку XIX ст., таксама ў Францыі, св. Марсэлен Шампанья цалкам прысвяціў сябе «ў эпоху, калі доступ да адукацыі ўсё яшчэ быў прывілеем нямногіх, місіі выхавання і евангелізацыі дзяцей і моладзі» [5]. Таксама св. Ян Боска, дзякуючы свайму «прафілактычныму метаду», ператварыў дысцыпліну ў разумнасць і блізкасць. Такія мужныя жанчыны, як Вікенція Марыя Лопес-і-Вікунья, Францішка Кабрыні, Жазэфіна Бакіта, Марыя Мантэсоры, Кацярына Дрэксэль ці Альжбета Анна Сетан акрылі шлях для дзяўчат, мігрантаў і бедных. Я паўтараю тое, што выразна сказаў у Dilexi te: «Для хрысціянскай веры адукацыя бедных — не паслуга, а абавязак» [6]. Гэтая генеалогія канкрэтнасці сведчыць пра тое, што ў Касцёле педагогіка ніколі не была адарванай ад рэчаіснасці тэорыяй, але целам, запалам і гісторыяй.

3. Жывая традыцыя

3.1. Хрысціянскае выхаванне — гэта сумесная праца: ніхто не выхоўвае адзін. Выхаваўчая супольнасць — гэта «мы», дзе настаўнік, студэнт, сям’я, адміністрацыйны і абслугоўваючы персанал, душпастары і грамадзянская супольнасць сустракаюцца, каб ствараць жыццё [7]. Гэтае «мы» не дазваляе вадзе застойвацца ў балоце гэтак званага «так заўсёды было» і прымушае яе цячы, сілкаваць і арашаць. Падмурак застаецца нязменным — асоба, як вобраз Бога (Быц 1, 26), здольная да праўды і адносінаў. Таму пытанне аб лучнасці веры і розуму не з’яўляецца неабавязковым раздзелам: «рэлігійная праўда — гэта не толькі частка, але і ўмова агульных ведаў» [8]. Гэтыя словы св. Джона Генры Ньюмана, якога ў кантэксце гэтага Юбілею свету выхавання я з вялікай радасцю абвяшчаю суапекуном выхаваўчай місіі Касцёла разам са св. Тамашам Аквінскім, з’яўляюцца запрашэннем стаць больш дзейнымі на карысць ведаў, як інтэлектуальна адказных і рыгарыстычных, так і глыбока чалавечых. Трэба таксама быць асцярожнымі, каб не трапіць у fides прасвятлення, якое з’яўляецца толькі спыненнем для ratio. Мы павінны выйсці з тупіка, аднавіўшы эмпатычнае бачанне, адкрытае для лепшага разумення таго, як чалавек сёння разумее сябе, каб развіваць і паглыбляць уласнае вучэнне. Таму нельга аддзяляць жаданне і сэрца ад ведаў: гэта азначала б разбіццё асобы. Універсітэт і каталіцкая школа — гэта месцы, дзе пытанні не замоўчваюцца, а сумненні не выключаюцца, але суправаджаюць нас. Там сэрца вядзе дыялог з сэрцам, і метадам з’яўляецца слуханне, якое прызнае іншага як дабро, а не пагрозу. «Cor ad cor loquitur» — гэта быў дэвіз св. кардынала Джона Генры Ньюмана, узяты з ліста св. Францішка Сальскага: «Шчырасць сэрца, а не празмернасць словаў кранае сэрцы людзей».

3.2. Выхаванне — гэта акт надзеі і запалу, які аднаўляецца, таму што адкрывае абяцанне, якое мы бачым у будучыні чалавецтва [9]. Спецыфіка, глыбіня і сфера адукацыйнай дзейнасці, як мы чытаем у «Апалогіі Сакрата» Платона (30a–b), — гэта як таямнічая, так і рэальная справа, якая спрычыняецца да таго, каб «заквітнела існаванне, клопат пра душу». Гэта «прафесія абяцанняў»: абяцаюцца час, давер, кампетэнтнасць; абяцаюцца справядлівасць і міласэрнасць; абяцаюцца мужнасць праўды і бальзам суцяшэння. Выхаванне — гэта заданне любові, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне, сшывае разарваныя адносіны і вяртае словам вагу абяцання: «Кожны чалавек здольны да праўды, аднак шлях значна лягчэйшы, калі ідзём па ім з дапамогай іншых» [10]. Праўду шукаюць у супольнасці.

4. Компас Gravissimum educationis

4.1. Саборная Дэкларацыя Gravissimum educationis пацвярджае права кожнага на адукацыю і паказвае сям’ю як першую школу чалавечнасці. Касцёльная супольнасць паклікана падтрымліваць асяроддзі, якія інтэгруюць веру і культуру, шануюць годнасць усіх людзей і вядуць дыялог з грамадствам. Дакумент папярэджвае аб любым звядзенні выхавання да функцыі школьнай падрыхтоўкі або эканамічнага інструмента: чалавек — гэта не «профіль навыкаў», не прадказальны алгарытм, але твар, гісторыя, пакліканне.

4.2. Хрысціянская фармацыя ахоплівае ўсю асобу: яе духоўную, інтэлектуальную, эмацыйную, сацыяльную і фізічную сферу. Яна не супрацьпастаўляе практыку і тэорыю, навуку і гуманізм, тэхналогіі і сумленне; наадварот, яна патрабуе, каб прафесіяналізм быў прасякнуты этыкай, а этыка не была абстрактным паняццем, але штодзённай практыкай. Выхаванне вымярае сваю каштоўнасць не толькі па восі эфектыўнасці: яно вымярае яе годнасцю, справядлівасцю, здольнасцю служыць агульнаму дабру. Гэтае інтэгральнае і антрапалагічнае бачанне павінна заставацца краевугольным каменем каталіцкай педагогікі. Яна, згодна з думкай св. Джона Генры Ньюмана, супярэчыць чыста меркантыльнаму падыходу, які часта прымушае сёння вымяраць выхаванне з пункту гледжання функцыянальнасці і практычнай карыснасці [11].

4.3. Гэтыя прынцыпы — не ўспаміны мінулага. Гэта нязменныя ўказальнікі. Яны кажуць, што праўду шукаюць разам; што свабода — гэта не капрыз, але адказ; што ўлада — гэта не панаванне, але служэнне. У выхаваўчым кантэксце нельга «прыўлашчваць сабе права на валоданне праўдай ні пры аналізе праблемаў, ні пры іх вырашэнні» [12]. Замест гэтага «больш важна ведаць, як да гэтага падысці, чым даваць паспешлівы адказ на пытанне, чаму нешта адбылося ці як гэта пераадолець. Мэта — навучыцца супрацьстаяць праблемам, якія заўсёды розныя, бо кожнае пакаленне новае, з новымі выклікамі, новымі марамі, новымі пытаннямі» [13]. Задача каталіцкага выхавання — аднавіць давер у свеце, які пазначаны канфліктамі і страхамі, нагадваючы, што мы дзеці, а не сіроты: з гэтага ўсведамлення нараджаецца братэрства.

5. Цэнтральнае месца асобы

5.1. Паставіць асобу ў цэнтры — значыць выхоўваць з далёкасяжным бачаннем Абрагама (Быц 15, 5): адкрываць сэнс жыцця, неад’емную годнасць і адказнасць перад іншымі. Выхаванне — гэта не проста перадача зместу, але таксама вучэнне цноце. Так фарміруюцца грамадзяне, здольныя служыць, і вернікі, здольныя даваць сведчанне, больш свабодныя мужчыны і жанчыны, не самотныя. Фармацыя не можа быць імправізацыяй. Я з цеплынёй успамінаю гады, праведзеныя ў любімай дыяцэзіі Чыклаё, калі, наведваючы Каталіцкі Універсітэт Сан-Тарыбіа-дэ-Магравеха, меў магчымасць звярнуцца да акадэмічнай супольнасці, кажучы: «Чалавек не нараджаецца прафесіяналам; кожная ўніверсітэцкая кар’ера будуецца крок за крокам, кніга за кнігай, год за годам, ахвяра за ахвярай» [14].

5.2. Каталіцкая школа — гэта асяроддзе, у якім вера, культура і жыццё пераплятаюцца. Гэта не проста ўстанова, а жывое асяроддзе, у якім хрысціянскае бачанне пранізвае кожную дысцыпліну і кожнае ўзаемадзеянне. Педагогі пакліканы да адказнасці, якая выходзіць за рамкі іх працоўнага кантракту: іх сведчанне гэтак жа каштоўнае, як і іх лекцыі. Таму падрыхтоўка настаўнікаў — навуковая, педагагічная, культурная і духоўная — мае вырашальнае значэнне. Сумесная выхаваўчая місія патрабуе таксама сумеснага працэсу падрыхтоўкі, «пачатковай і пастаяннай, здольнай вырашаць праблемы сучаснасці, звязаныя з выхаваннем, і забяспечваць больш эфектыўныя інструменты для іх вырашэння [...]. Для педагогаў гэта азначае гатоўнасць вучыцца і развіваць веды, абнаўляць і мадэрнізаваць методыкі, а таксама ўдзельнічаць у духоўнай і рэлігійнай фармацыі і абмене» [15]. Тэхнічных абнаўленняў недастаткова, мы павінны захаваць сэрца, якое слухае, позірк, які падбадзёрвае, інтэлект, які распазнае.

5.3. Сям’я застаецца першым месцам выхавання. Каталіцкія школы супрацоўнічаюць з бацькамі, а не замяняюць іх, таму што «абавязак выхавання, асабліва рэлігійнага, [...] у першую чаргу ім належыць» [16]. Выхаваўчы альянс патрабуе мэтанакіраванасці, слухання і сумеснай адказнасці. Ён будуецца з дапамогай сумесных працэсаў, інструментаў і верыфікацый. Гэта адначасова і намаганне, і благаслаўленне; калі гэта працуе, то выклікае давер; калі гэтага няма, усё становіцца больш крохкім.

6. Ідэнтычнасць і субсідыярнасць

6.1. Дакумент Gravissimum educationis ужо прызнаваў вялікае значэнне прынцыпу субсідыярнасці і таго, што абставіны адрозніваюцца ў залежнасці ад мясцовых касцёльных кантэкстаў. Аднак Другі Ватыканскі Сабор сфармуляваў права на адукацыю і яго асноўныя прынцыпы як універсальна важныя. Ён падкрэсліў адказнасць як саміх бацькоў, так і дзяржавы. Ён лічыў «святым правам» гарантаванне фармацыі, якая дапамагае вучням правільна ацэньваць маральныя каштоўнасці паводле правага сумлення [17], і заклікаў грамадзянскія ўлады паважаць гэтае права. Ён таксама перасцярог наконт падпарадкавання адукацыі рынку працы і часта жорсткай і бесчалавечнай логіцы фінансаў.

6.2. Хрысціянскае выхаванне нагадвае харэаграфію. Звяртаючыся да студэнтаў падчас Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне, мой папярэднік, святой памяці папа Францішак сказаў: «Будзьце пратаганістамі „новай харэаграфіі”, якая ставіць чалавека ў цэнтры; будзьце харэографамі танца жыцця» [18]. Фарміраванне «ўсёй» асобы азначае пазбяганне герметычных адсекаў. Вера, калі яна сапраўдная, — гэта не дададзеная «матэрыя», а дыханне, якое насычае кіслародам усю астатнюю матэрыю. Такім чынам, каталіцкае выхаванне становіцца закваскай у чалавечай супольнасці: нараджае ўзаемнасць, пераадольвае рэдукцыянізм, адкрываецца на сацыяльную адказнасць. Сённяшняя задача — адважыцца на інтэгральны гуманізм, які адказвае на пытанні нашага часу, не губляючы пры гэтым крыніцы.

7. Сузіранне стварэння

7.1. Хрысціянская антрапалогія з’яўляецца асновай выхаваўчага стылю, які прапагандуе павагу, індывідуальны падыход, распазнаванне і развіццё ўсіх чалавечых вымярэнняў. Сярод іх духоўнае натхненне не з’яўляецца другасным, яно таксама рэалізуецца і ўмацоўваецца праз сузіранне стварэння. Гэты аспект не з’яўляецца новым у філасофскай і тэалагічнай традыцыі хрысціянства, дзе даследванне прыроды таксама мела на мэце прадэманстраваць сляды Бога (vestigia Dei) ў нашым свеце. У «Collationes in Hexaemeron» св. Бонавэнтура з Багнарэджыа піша, што «ўвесь свет — гэта цень, сцежка, след. Гэта кніга, напісаная звонку (Эзх 2, 9), таму што ў кожнай істоце ёсць адлюстраванне боскай мадэлі, але змяшанае з цемрай. Такім чынам, свет — гэта сцежка, падобная да непразрыстасці, змяшанай са святлом; у гэтым сэнсе ён з’яўляецца сцежкай. Гэтак жа, калі бачыш, як прамень святла, які пранікае праз акно, афарбоўваецца ў адпаведнасці з рознымі адценнямі розных частак шкла, так боскі прамень адлюстроўваецца па-рознаму ў кожным стварэнні і набывае розныя ўласцівасці» [19]. Гэта датычыць таксама пластычнасці навучання, адаптаванага да розных характараў, якія — у любым выпадку — сыходзяцца вакол прыгажосці стварэння і яго аховы. Для гэтага неабходны адукацыйныя праекты, якія з’яўляюцца «інтэрдысцыплінарнымі і трансдысцыплінарнымі, якія рэалізуюцца з мудрасцю і творчасцю» [20].

7.2. Забыццё пра нашую агульную чалавечнасць выклікала падзелы і гвалт; а калі пакутуе зямля, бедныя пакутуюць яшчэ больш. Каталіцкае выхаванне не можа маўчаць: яно павінна аб’ядноўваць сацыяльную справядлівасць і справядлівасць навакольнага асяроддзя, прамаваць умеркаванасць і ўраўнаважаны лад жыцця, фарміраваць сумленне, здольнае выбіраць не толькі тое, што зручнае, але і тое, што слушнае. Кожны маленькі жэст: пазбяганне марнатраўства, адказны выбар, абарона агульнага дабра — гэта культурная і маральная пісьменнасць.

7.3. Экалагічная адказнасць не абмяжоўваецца тэхнічнымі дадзенымі. Яны неабходныя, але іх недастаткова. Патрэбна выхаванне, якое ўключае розум, сэрца і рукі; новыя навыкі, стылі супольнасці, практыкі дабрадзейнасці. Мір — гэта не адсутнасць канфлікту, гэта лагодная сіла, якая адкідае гвалт. Выхаванне дзеля міру, якое «раззбройвае і абяззбройвае» [21], вучыць нас адкласці зброю агрэсіўных словаў і асуджальных позіркаў, каб навучыцца мове міласэрнасці і мірнай справядлівасці.

8. Адукацыйныя сузор’і

8.1. Я кажу пра «сузор’і», таму што свет каталіцкага выхавання — гэта жывая і плюралістычная сетка: парафіяльныя школы і каледжы, універсітэты і вышэйшыя навучальныя ўстановы, цэнтры прафесійнай падрыхтоўкі, рухі, лічбавыя платформы, ініцыятывы service-learning, а таксама школьнае, універсітэцкае і культурнае душпастырства. Кожная «зорка» мае свой уласны бляск, але разам яны вызначаюць курс. Там, дзе ў мінулым было суперніцтва, сёння мы просім установы аб’яднацца: адзінства — нашая найбольшая прароцкая сіла.

8.2. Метадалагічныя і структурныя адрозненні — гэта не баласт, а рэсурсы. Разнастайнасць харызмаў, калі яны добра скаардынаваныя, стварае зладжаную і плённую структуру. У свеце, звязаным сеткай адносінаў, гульня вядзецца на двух узроўнях: лакальным і глабальным. Нам патрэбны абмен настаўнікамі і студэнтамі, сумесныя праекты паміж кантынентамі, узаемнае прызнанне перадавых практык, а таксама місійнае і акадэмічнае супрацоўніцтва. Будучыня патрабуе ад нас навучыцца больш супрацоўнічаць, расці разам.

8.3. Сузор’і адлюстроўваюць сваё святло ў бясконцым сусвеце. Падобна як у калейдаскопе, іх колеры пераплятаюцца, ствараючы дадатковыя храматычныя варыяцыі. Так адбываецца ў выпадку каталіцкіх выхаваўчых устаноў, якія адкрыты для сустрэч і дыялогу з грамадзянскай супольнасцю, палітычнымі і адміністрацыйнымі ўладамі, а таксама прадстаўнікамі вытворчых сектараў і розных прафесійных груп. Разам з імі яны пакліканы да яшчэ больш актыўнага супрацоўніцтва, каб дзяліцца і ўдасканальваць выхаваўчыя шляхі, каб тэорыя падмацоўвалася досведам і практыкай. Гісторыя таксама вучыць, што нашыя ўстановы прымаюць студэнтаў і сем’і, якія з’яўляюцца няверуючымі або прадстаўнікамі іншых рэлігій, але жадаюць атрымаць сапраўды чалавечую адукацыю. Па гэтай прычыне, як гэта ўжо адбываецца, мы павінны надалей спрыяць стварэнню адукацыйных супольнасцяў, у якіх свецкія людзі, кансэкраваныя асобы, сем’і і вучні нясуць адказнасць за місію выхавання разам з дзяржаўнымі і прыватнымі ўстановамі.

9. Арыентацыя ў новых прасторах

9.1. Шэсцьдзесят гадоў таму Дэкларацыя Gravissimum educationis адкрыла новую эпоху даверу: яна заахвочвала да абнаўлення метадаў і моваў. Сёння гэты давер выпрабоўваецца лічбавым асяроддзем. Тэхналогіі павінны служыць чалавеку, а не замяняць яго; яны павінны ўзбагачаць працэс навучання, а не збядняць адносіны і супольнасці. Каталіцкаму ўніверсітэту і школе без такога бачання пагражае бяздушная эфектыўнасць, стандартызацыя ведаў, што потым вядзе да духоўнага збяднення.

9.2. Каб запоўніць гэтыя прасторы патрэбна душпастырская творчасць: больш моцная падрыхтоўка настаўнікаў, у тым ліку ў сферы лічбавых тэхналогій; падтрымка актыўнай дыдактыкі; прамаванне service-learning і адказнага грамадзянства; пазбяганне ўсялякай тэхнафобіі. Нашае стаўленне да тэхналогій ніколі не можа быць варожым, таму што «тэхналагічны прагрэс — гэта частка Божага плана стварэння» [22]. Аднак гэта патрабуе разважлівасці ў сферы дыдактычнага праектавання, ацэнкі, платформаў, аховы дадзеных і справядлівага доступу. У любым выпадку, ніякі алгарытм не можа замяніць тое, што робіць выхаванне чалавечым: паэзію, іронію, каханне, мастацтва, фантазію, радасць адкрыццяў і нават выхаванне да таго, каб рабіць памылкі, бо гэта дае магчымасць развіцця.

9.3. Галоўнае — не тэхналогіі, а тое, як мы імі карыстаемся. Штучны інтэлект і лічбавае асяроддзе павінны служыць абароне годнасці, справядлівасці і працы; яны павінны кіравацца крытэрыямі грамадскай этыкі і ўдзелу; яны павінны суправаджацца адэкватнымі тэалагічнымі і філасофскімі разважаннямі. Каталіцкія ўніверсітэты павінны выконваць галоўную ролю: прапанаваць «дыяконію культуры», менш кафедр, а больш сталоў, за якімі мы можам сядзець разам, без непатрэбных іерархій, каб дакрануцца да ран гісторыі і шукаць у Духу той мудрасці, якая нараджаецца з жыцця народаў.

10. Пуцяводная зорка Пакту аб адукацыі

10.1. Сярод зорак, якія паказваюць шлях, — Глабальны Пакт аб адукацыі. Я з удзячнасцю прымаю гэтую прароцкую спадчыну, давераную нам папам Францішкам. Гэта запрашэнне стварыць саюзы і сеткі для адукацыі дзеля ўсеагульнага братэрства. Яго сем шляхоў застаюцца нашым падмуркам: паставіць чалавека ў цэнтр; слухаць дзяцей і моладзь; садзейнічаць годнасці і поўнаму ўдзелу жанчынаў; прызнаць сям’ю галоўным выхавацелем; адкрыцца для прыняцця і ўключэння; абнавіць эканоміку і палітыку на карысць чалавецтва; аберагаць наш агульны дом. Гэтыя «зоркі» натхнілі школы, універсітэты і адукацыйныя супольнасці па ўсім свеце, даючы пачатак канкрэтным працэсам гуманізацыі.

10.2. Праз шэсцьдзесят гадоў пасля Gravissimum educationis і праз пяць гадоў пасля Пакту гісторыя зноў кідае нам сур’ёзны выклік. Хуткія і глыбокія змены падвяргаюць дзяцей, падлеткаў і моладзь беспрэцэдэнтным дагэтуль выпрабаванням. Недастаткова проста захоўваць, мы павінны адраджаць. Я заклікаю ўсе адукацыйныя ўстановы распачаць новы перыяд, які прамовіць да сэрцаў новых пакаленняў, спалучаючы веды і сэнс, кампетэнтнасць і адказнасць, веру і жыццё. Пакт з’яўляецца часткай больш шырокага Глабальнага адукацыйнага сузор’я: харызмы і ўстановы, хоць і разнастайныя, утвараюць адзіны і выразны план, які вызначае напрамак ў цемры сучаснасці.

10.3. Да сямі шляхоў я дадаю тры прыярытэты. Першы тычыцца ўнутранага жыцця: моладзь патрабуе глыбіні; патрабуе прасторы цішыні, распазнання, дыялогу з сумленнем і з Богам. Другі тычыцца чалавечай лічбавізацыі: давайце вучыць мудраму выкарыстанню тэхналогій і штучнага інтэлекту, ставячы асобу чалавека вышэй за алгарытм і гарманізуючы тэхнічны, эмацыйны, грамадскі, духоўны і экалагічны інтэлект. Трэці прыарытэт тычыцца няўзброенага і абяззбройвальнага міру: давайце вучыць мовам, пазбаўленым насілля, прымірэнню, будаванню мастоў, а не муроў. «Шчаслівыя міратворцы» (Мц 5, 9) — няхай гэта стане метадам і зместам навучання.

10.4. Мы разумеем, што каталіцкая адукацыйная сетка мае выключны радыюс дзеяння. Гэта сузор’е, якое ахоплівае ўсе кантыненты, асабліва раёны з нізкім узроўнем даходу: гэта канкрэтная гарантыя адукацыйнай мабільнасці і сацыяльнай справядлівасці [23]. Гэтае сузор’е патрабуе якасці і мужнасці: якасці ў педагагічным планаванні, у падрыхтоўцы настаўнікаў, у кіраванні; мужнасці ў гарантаванні доступу для найбяднейшых, у падтрымцы слабых сем’яў, у прамоцыі стыпендый і інклюзіўнай палітыкі. Евангельская бескарыслівасць — гэта не рыторыка, гэта стыль адносінаў, метад і мэта. Там, дзе доступ да адукацыі застаецца прывілеяй, Касцёл павінен адчыніць дзверы і вынайсці новыя шляхі, таму што «страта бедных» раўназначна страце самой школы. Гэта датычыць таксама ўніверсітэтаў: інклюзіўны падыход і клопат пра сэрца ратуюць ад стандартызацыі; дух служэння ажыўляе ўяўленне і распальвае любоў.

11. Новыя мапы надзеі

11.1. У шасцідзясятую гадавіну Gravissimum еducationis Касцёл праслаўляе плённую гісторыю выхавання, але таксама сутыкаецца з неабходнасцю абнаўлення сваіх прапаноў у святле знакаў часу. Каталіцкія адукацыйныя сузорі — гэта натхняльны вобраз таго, як традыцыя і будучыня могуць пераплятацца без супярэчнасцей: жывая традыцыя, якая ахоплівае новыя формы прысутнасці і служэння. Сузор’і нельга зводзіць да нейтральнага і сплюснутага звязвання разнастайнага досведу. Замест ланцугоў мы адважваемся думаць пра сузор’і, пра іх перапляценне, поўнае цудаў і ажыўлення. У іх заключаецца здольнасць пераадольваць выклікі з надзеяй, а таксама з адважным пераглядам, не губляючы вернасці Евангеллю. Мы ўсведамляем цяжкасці: гіперлічбавізацыя можа рассейваць увагу; крызіс адносінаў можа раніць псіхіку; сацыяльная няпэўнасць і няроўнасць могуць згасіць жаданне. Тым не менш, менавіта тут каталіцкае выхаванне можа быць маяком: не настальгічным прытулкам, а лабараторыяй распазнання, педагагічных інавацый і прароцкага сведчання. Маляванне новых мап надзеі — гэта пільнае заданне.

11.2. Я звяртаюся да адукацыйных супольнасцяў: раззбройце словы, узніміце позірк, сцеражыце сэрцы. Раззбройце словы, бо выхаванне развіваецца не праз палеміку, а праз лагоднасць, якая слухае. Узніміце позірк. Як Бог сказаў Абрагаму: «Паглядзі на неба і палічы зоркі» (Быц 15, 5), гэтак і вы ўмейце задаваць сабе пытанне, куды вы ідзяце і навошта. Сцеражыце сэрцы: адносіны больш важныя за меркаванні, чалавек — за праграму. Не марнуйце час і магчымасці: «цытуючы выраз Аўгустына: нашая сучаснасць — гэта інтуіцыя, час, у якім мы жывём і якому павінны радавацца, перш чым ён выслізне з нашых рук» [24]. Напрыканцы, дарагія браты і сёстры, раблю сваім заклік апостала Паўла: «...вы ззяеце, як светачы ў свеце. Трымайцеся слова жыцця» (Флп 2, 15-16).

11.3. Даручаю гэты шлях Дзеве Марыі, Sedes Sapientiae, і ўсім святым выхавацелям. Заклікаю пастыраў, кансэкраваных асобаў, свецкіх, адказных за ўстановы, настаўнікаў і вучняў: будзьце слугамі свету выхавання, харэографамі надзеі, нястомнымі шукальнікамі мудрасці, верагоднымі стваральнікамі праяваў прыгажосці. Менш ярлыкоў, больш гісторыі; менш бясплённых кантрастаў, больш гармоніі ў Духу. Тады нашае сузор’е будзе не толькі ззяць, але і паказваць шлях да праўды, якая вызваляе (пар. Ян 8, 32), да братэрства, якое ўмацоўвае справядлівасць (пар. Мц 23, 8), да надзеі, якая не асароміць (пар. Рым 5, 5).

Базыліка Святога Пятра, 27 кастрычніка 2025 г.

Напярэдадні 60-годдзя Gravissimum еducationis

ЛЕЎ XIV

______________________________ 

[1] ЛЕЎ XIV, Апостальская адгартацыя Dilexi te (4 кастрычніка 2025), 68.

[2] Пар. GIOVANNI XXIII, Lettera enciclica Mater et Magistra (15 мая 1961).

[3] GIOVANNI PAOLO II, Costituzione Apostolica Ex corde Ecclesiae (15 жніўня 1990), 1.

[4] ЛЕЎ XIV, Апостальская адгартацыя Dilexi te (4 кастрычніка 2025), 69.

[5] ЛЕЎ XIV, Апостальская адгартацыя Dilexi te (4 кастрычніка 2025), 70.

[6] ЛЕЎ XIV, Апостальская адгартацыя Dilexi te (4 кастрычніка 2025), 72.

[7] CONGREGAZIONE PER L’EDUCAZIONE CATTOLICA, Istruzione “Lidentità della scuola cattolica per una cultura del dialogo” (25 студзеня 2022), n. 32.

[8] JOHN HENRY NEWMAN, L’idea di Università (2005), p. 76.

[9] Пар. CONGREGAZIONE PER L’EDUCAZIONE CATTOLICA, Instrumentum laboris Educare oggi e domani. Una passione che si rinnova (7 красавіка 2014), Introduzione.

[10] S.E. Mons. ROBERT F. PREVOST, O.S.A., Omelia all’Università Cattolica Santo Toribio de Mogrovejo (2018).

[11] Пар. JOHN HENRY NEWMAN, Scritti sull’Università (2001).

[12] LEONE XIV, Udienza ai Membri della Fondazione Centesimus Annus Pro Pontifice (17 мая 2025).

[13] Тамсама.

[14] S.E. Mons. ROBERT F. PREVOST, O.S.A., Omelia all’Università Cattolica Santo Toribio de Mogrovejo (2018).

[15] CONGREGAZIONE PER L’EDUCAZIONE CATTOLICA, Lettera circolare Educare insieme nella scuola cattolica (8 верасня 2007), n. 20.

[16] ДРУГІ ВАТЫКАНСКІ САБОР, Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes (29 чэрвеня 1966), 48.

[17] Пар. ДРУГІ ВАТЫКАНСКІ САБОР, Дэкларацыя пра хрысціянскае выхаванне Gravissimum educationis (28 кастрычніка 1965), 1.

[18] PAPA FRANCESCO, Discorso ai giovani universitari in occasione della Giornata Mondiale della Gioventù (3 жніўня 2023).

[19] SAN BONAVENTURA DA BAGNOREGIO, Collationes in Hexaemeron, XII, in  Opera Omnia  (пад рэд. Пельцье), Vivès, Parigi, t. IX (1867), pp. 87-88.

[20] PAPA FRANCESCO, Costituzione Apostolica  Veritatis gaudium (8 dicembre 2017), n. 4c.

[21] LEONE XIV, Saluto dalla Loggia centrale della Basilica di San Pietro dopo l’elezione (8 мая 2025).

[22] DICASTERO PER LA DOTTRINA DELLA FEDE E DICASTERO PER LA CULTURA E L’EDUCAZIONE, Nota Antiqua et nova  (28 студзеня 2025), n. 117.

[23] Пар. Annuario Statistico della Chiesa (абноўлена 31 снежня 2022).

[24] S.E. Mons. ROBERT F. PREVOST, O.S.A., Messaggio all’Università Cattolica Santo Toribio de Mogrovejo in occasione del XVIII anno di fondazione (2016).

Абноўлена 31.12.2025 19:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.