
У суботу, 24 кастрычніка, у магілёўскай конкатэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі адбудзецца ўрачыстасць з нагоды пятай гадавіны ўрачыстага інгрэсу Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ў архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску і яго ўрачыстага ўваходу ў гістарычную магілёўскую катэдру.
З гэтай нагоды Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і адказны за Магілёўскі рэгіён біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB скіраваў зварот да духавенства, кансэкраваных асоб і вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
ЗВАРОТ ДА ДУХАВЕНСТВА, КАНСЭКРАВАНЫХ АСОБ І ВЕРНІКАЎ
МІНСКА-МАГІЛЁЎСКАЙ АРХІДЫЯЦЭЗІІ
Вашы Эксцэленцыі, глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы і вернікі нашай архідыяцэзіі!
Сардэчна запрашаю вас прыняць удзел ва ўрачыстым святкаванні пятай гадавіны інгрэсу Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ў архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску і яго ўрачыстага ўваходу ў гістарычную магілёўскую катэдру.
Святкаванне адбудзецца ў суботу, 24 кастрычніка, у 11.00 у старажытнай магілёўскай конкатэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава.
Гэтая велічная святыня мае выключнае гістарычнае значэнне, бо менавіта яна стала першай катэдрай Магілёўскай архідыяцэзіі — першай каталіцкай Мітраполіі на тэрыторыі ўсёй Расійскай імперыі.
Заснаваная рашэннем імператрыцы Кацярыны II у 1772 годзе і зацверджаная Апостальскай Сталіцай у 1783 годзе Папам Піем VI, архідыяцэзія ахапіла велізарныя прасторы і стала духоўным цэнтрам для ўсіх лацінскіх каталікоў, а магілёўскі храм быў узведзены ў ранг катэдры першага каталіцкага Мітрапаліта Станіслава Богуша-Сестранцэвіча.
Урачыстае святкаванне пятай гадавіны служэння нашага Мітрапаліта ў Магілёве нагадвае пра глыбокія карані веры на нашых землях і пра нязломнасць Святой Маці-Касцёла праз стагоддзі выпрабаванняў. Наведванне святыні і ўдзел у супольнай Літургіі заклікаюць кожную кансэкраваную асобу і кожнага верніка да аднаўлення асабістай вернасці святарскаму, манаскаму і хрысціянскаму пакліканню, да ўдзячнасці за дар мінулых пакаленняў душпастыраў і да руплівага сведчання пра Хрыста ў сучасным свеце.
Няхай гэтае свята стане благаслаўлёнай магчымасцю паглыбіць наша адзінства вакол біскупскай кафедры і ўмацаваць супольнасць у любові, малітве і пастырскім служэнні.
Усе святары і манаскія асобы Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі запрошаны на гэтае агульнадыяцэзіяльнае свята. Канонікі Мінскага Катэдральнага капітула заклікаюцца да ўдзелу ў харальным адзенні. Падчас святой Імшы будуць таксама абвешчаны новыя грэміяльныя і ганаровыя канонікі Магілёўскага калегіяльнага капітула.
Мітрапаліт Юзаф прызначыў гэтае святкаванне для ўсёй нашай архідыяцэзіяльнай супольнасці, таму арганізацыя прыбыцця вернікаў з парафій архідыяцэзіі ў Магілёў з'яўляецца вельмі пажаданай.
Запрашаю ўсіх нас супольна сабрацца на Эўхарыстыю, каб скласці падзяку Богу за пяць гадоў пастырскага служэння нашага іерарха, памаліцца ў яго інтэнцыях і павіншаваць яго з гэтай нагоды.
З благаслаўленнем,
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB
Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Адказны за Магілёўскі рэгіён
Важная інфармацыя для духавенства:
Для арганізацыі пачастунку святарам, манаскім асобам і вернікам неабходна абавязкова паведаміць пра свой удзел і колькасць вернікаў з парафіі пробашчу Магілёўскай конкатэдры ксяндзу Уладзіміру Русаку па тэлефоне: +375 29 622 23 10 (Viber, WhatsApp).






