6 лістапада, у актаву малітваў за памерлых, парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску (дэканат Гродна-Захад) наведаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Як паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, па запрашэнні пробашча адэльскай парафіі ксяндза каноніка Віктара Мыслюка ў старадаўняй парафіяльнай святыні, дзе быў ахрышчаны арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, яго наступнік на Мінска-Магілёўскай катэдры цэлебраваў Эўхарыстыю.
На літургіі асаблівым чынам маліліся за ўсіх вернікаў гэтай парафіі, хто пераступіў парог вечнасці, а таксама за ўсе душы, якія церпяць у чыстцы.
У гаміліі арцыбіскуп Станеўскі нагадаў, што Бог, ствараючы чалавека, паклікаў яго да вечнага жыцця і гэтае вечнае жыццё існуе для кожнага — таго, хто пражыў на зямлі сто гадоў, таго, хто пражыў дваццаць, а таксама для дзіцяці, якое не было народжана і знаходзілася пад сэрцам маці ўсяго некалькі месяцаў ці дзён.
Арцыбіскуп дадаў, што Пан учыніў жыццё чалавека вечным праз факт існавання гэтага чалавека на зямлі. Іерарх заклікаў прысутных прыкласці ўсе старанні, каб заслужыць сваім зямным жыццём «нерукатворны вечны дом у нябёсах».
Напрыканцы Літургіі прадстаўнікі парафіі на чале з яе руплівым душпастырам падзякавалі арцыбіскупу за візіт і дар супольнай малітвы ў гэты асаблівы час, калі ўвесь Касцёл і верны народ просіць Бога аб вечным жыцці для спачылых.