2 лістапада, ва успамін Усіх памерлых вернікаў, працэсію па Кальварыйскіх могілках сталіцы, а потым цэлебрацыю святой Імшы ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Разам з іерархам, а таксама з Апостальскім адміністратарам для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам, ксяндзом канонікам Юрыем Ясевічам і пробашчам ксяндзом Андрэем Сіповічам вернікі розных парафій горада прайшлі ў працэсіі паміж магіл, узгадваючы ў малітве памерлых святароў, бацькоў і продкаў, сваякоў і дабрадзеяў, ахвяр войнаў і загінулых у катастрофах, а таксама ўсіх памерлых і церпячых у чыстцы.
Завяршаючы працэсію, арцыбіскуп Станеўскі адзначыў: «Мы сёння молімся за тых, хто адышоў ад нас, з гэтага свету. Як мы кажам, за тых, чыя кроў у нашых жылах і вера ў нашым сэрцы. Але таксама і за ўсіх памерлых, аб жыцці вечным для іх.
Учора дзякавалі і радаваліся вялікаму заступніцтву ўсіх святых. <…> Няхай сённяшняя наша малітва будзе просьбай за тых, хто найбольш патрабуе Божай Міласэрнасці», — дадаў іерарх.
У прамоўленай падчас святой Імшы гаміліі Апостальскі адміністратар Сяргей Гаек нагадаў гісторыю ўзнікнення звычая ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў. Архімандрыт падкрэсліў, што адкрыццё зачыненага пасля доўгіх гадоў Кальварыйскага касцёла таксама «ёсць знакам перамогі Хрыста, які жыве ў Касцёле».
«Калі мы молімся за нашых памерлых, гэта таксама нагода памаліцца за нас саміх, каб мы былі вернымі той каштоўнай спадчыне. Гэта — веліч нашага паклікання», — падкрэсліў айцец Сяргей.
На заканчэнне Эўхарыстыі арцыбіскуп Станеўскі падзякаваў прысутным у Кальварыйскім касцёле святарам, міністрантам і ўсім вернікам за дар супольнай малітвы. «Сённяшні дзень належыць нам. Яшчэ нядаўна тыя, за каго мы сёння маліліся, былі з намі… Але надыходзіць час, і ўсе вяртаюцца да дому Нябеснага Айца».
«Няхай наш дзень будзе пражыты добра, каб нашае жыццё было напоўнена добрымі ўчынкамі згодна з Евангельскім патрабаваннем Езуса Хрыста. Тады і мы будем мець удзел у жыцці вечным», — заахвоціў прысутных арцыпастыр.
Ён таксама нагадаў умовы атрымання ўстаноўленага Касцёлам адпусту — даравання часовага пакарання за грахі памерлым — і заклікаў удзельнікаў набажэнства карыстацца гэтай магчымасцю, якую дае Бог і Касцёл для таго, каб дапамагчы душам памерлых дасягнуць збаўлення. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі перадаў просьбу Папы Францішка маліцца за яго, «каб ён споўніў добра волю Божую і наказ Езуса Хрыста», а на заканчэнне ўдзяліў прысутным пастырскае благаслаўленне.