
4 верасня прайшла цырымонія ўстанаўлення новага кіраўніцтва Беларускай правінцыі Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. З гэтай важнай для сясцёр назарэтанак падзеяй Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, павіншаваў новую рэгіянальную настаяцельніцу сястру Антонію Шайгярэвіч, запэўніваючы аб малітве за сясцёр, якія ўвайшлі ў новае кіраўніцтва Правінцыі.
Шаноўная сястра Настаяцельніца,
3 вялікай радасцю мы сачылі і духоўна ядналіся з Вамі на малітве 4 верасня бягучага года ў цырымоніі ўстанаўлення новага кіраўніцтва Беларускай правінцыі Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. Вельмі прыкметна, што цырымонія адбывалася ў літургічны ўспамін благаслаўлёных навагрудскіх назарэтанак-мучаніц.
Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, духавенства і манаскіх асоб, а таксама вернікаў нашага касцёла, дазвольце павіншаваць Вас, шаноўная сястра Антонія, з гэтым адказным прызначэннем.
Вельмі важна, што пачынаючы ваша служэнне на пасадзе Правінцыйнай настаяцельніцы, Вы маеце такіх вялікіх заступніц на небе — благаслаўлёных навагрудзкіх назарэтанак-мучаніц, а таксама абапіраецеся на даверы сясцёр Беларускай правінцыі.
Запэўніваем аб нашай малітве за новы склад кіраўніцтва Правінцыі і адначасова дзякуем вашай папярэдніцы, сястры Філатэі Ціхановіч, за вернасць беларускіх назарэтанак харызме сваёй супольнасці за гады адданага служэння не толькі Правінцыі, але і касцёлу на Беларусі.
Заклікаючы Божай дапамогі, молімся аб дарах Духа Святога для Вас.
З малітвай,
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі







