Пошук

11.10.2024 11:05   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Станіслаў Бервячонак / Grodnensis.by

 

8 і 9 кастрычніка ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшлі першыя ў новым навучальным годзе дні засяроджання.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, духоўныя практыкаванні для семінарыстаў правёў айцец Аляксандр Махнач з ордэна піяраў. Галоўнай тэмай, над якой разважалі ўдзельнікі, была супольнасць.

Дні засяроджання распачаліся гімнам Духу Святому і малітвай на заканчэнне дня — камплетай. У межах сустрэчы было чатыры асетычныя канферэнцыі.

Ва ўводзінах у тэму айцец Аляксандр распавёў пра Святую Тройцу, якую назваў самай дасканалай супольнасцю.

Звяртаючы ўвагу на біблійную Кнігу Быцця, ён падкрэсліў, што чалавек быў створаны, каб знаходзіцца ў супольнасці. Святар акрэсліў ўзаемаадносіны паміж асобамі Святой Тройцы, сярод рысаў якой — адзінства, роўнасць і плённасць.

Кожны з удзельнікаў мог паразважаць, колькі ён укладае ў супольнасць і колькі бярэ з яе.

Другі дзень быў прысвечаны малітве. У апошніх канферэнцыях піяр падзяліўся ўласным досведам, а таксама адзначыў, што сённяшні чалавек адчувае «голад малітвы».

Каментуючы словы вядомага тэолага Карла Ранэра, што хрысціяне трэцяга тысячагоддзя будуць альбо містыкамі, альбо нікім, айцец Аляксандр Махнач падкрэсліў неабходнасць малітвы на шляху святарскага паклікання.

Акрамя канферэнцый, у межах дзён засяроджання былі ружанцовая малітва, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, магчымасць споведзі.

Духоўныя практыкаванні завяршыліся святой Імшой, якую цэлебраваў рэктар семінарыі ксёндз канонік Віталь Вайцяхоўскі.

Пасля Эўхарыстыі семінарысты падзякавалі айцу Аляксандру за праведзены разам з імі час і павіншавалі рэктара з днём нараджэння, які ён адзначаў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця