Пошук

09.06.2022 17:00   Тэкст і фота: Рыта Ляховіч / Catholic.by

У панядзелак 6 чэрвеня вернікі парафіі Насвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, у горадзе Чавусы, што на Магілёушчыне, адзначылі адпустовую ўрачыстасць.

Гасцей з розных мясцін Магілёўшчыны (і не толькі) шчыра прывітаў айцец Віталій Слука SP, які ужо амаль два гады нясе служэнне ў чавускай парафіі.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Эўхарыстыю разам з пастырам канцэлебровалі пробашч парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках, дэкан Магілёўскі ксёндз Андрэй Кеўліч, ксёндз Віталій Чабатар CMF і айцец Раман Шульц OP з Магілёва,  пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Крычаве ксёндз Павел Адамовіч, а таксама пробашч парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Шклове ксёндз Міхал Бубен.

У прамоўленай падчас Эўхарыстыі гамілі біскуп заклікаў вернікаў быць вернымі, пакорнымі і даверлівымі ў службе Богу па прыкладу Найсвяцейшай Панны Марыі.

Іерарх падкрэсліў, што згода Марыі прыняць Божую волю, Яе славутае fiat — «няхай станецца» — павінна быць прыкладам для вернікаў у прыманні кожнага жыццёвага задання, якое атрымліваем ад Бога.

На заканчэнне святой Імшы біскуп паведаміў прысутным сумную навіну.

Айцы піяры, якія пятнаццаць гадоў неслі душпастырскае служэнне на чавускай зямлі, на жаль, вырашылі пакінуць Магілёўшчыну.

Іерарху ўдалося дамовіцца з гэтай манаскай супольнасцю на тое, каб манахі яшчэ на працягу двух гадоў працягвалі служэнне ў Чавусах, аднак сёлета гэты тэрмін заканчваецца, і рашэнне піяраў перадаць парафію дыяцэзіі канчатковае.

Біскуп Яшэўскі звярнуўся да засмучанных парафіянаў са словамі:

«Заданне для ўсіх — горача маліцца праз заступніцтва Марыі ў інтэнціі новых святарскіх пакліканняў з нашай магілёўскай зямлі. Маліцеся, і Марыя, Маці святароў, абавязкова нам дапаможа», — заахвоціў прысутных іерарх.

Пасля заканчэння Імшы святкаванне працягнулася супольным пачастункам, які падрыхтавалі мясцовыя вернікі. Прыемным сюрпрызам для ўсіх удзельнікаў урачыстасці сталі памятныя падарункі ад чавускай парафіі.

 

Абноўлена 09.06.2022 17:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.