У сераду 9 кастрычніка ў Кракаве (Польшча) адбылося пахаванне айца Гжэгажа Ксёнжка, піяра, які доўгі час нёс служэнне ў Беларусі.
Спачылы святар працаваў у супольнасці свайго ордэна ў Лідзе (Гродзенская дыяцэзія), а таксама 12 гадоў быў пробашчам парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, у Чавусах на Магілёўшчыне (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).
Цэлебрацыю пахавальнай святой Імшы ў парафіяльным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Кракаве апоўдні ўзначаліў дапаможны біскуп Кракаўскай архідыяцэзіі Робэрт Хшчоншч. Гамілію прамовіў настаяцель Польскай правінцыі Ордэна піяраў айцец Матэуш Піндэльскі SP.
Напачатку святар узгадаў фрагмент тэстамэнту памерлага, у якім айцец Гжэгаж прасіў, каб у гаміліі на яго пахаванні не разважалі над яго жыццём, а ўслухаліся ў змест Літургіі слова, чытанай падчас пахавальнай святой Імшы.
Айцец Гжэгаж жадаў, каб пахаванне правесці сціпла, без адмысловых цырымоній.
Прамаўляючы гамілію, настаяцель Правінцыі ўшанаваў жаданне памерлага і разважаў пра таямніцу смерці і цярпення паводле вершаў Караля Вайтылы (святога Яна Паўла ІІ) і Збігнева Гэрбэрта.
Словы спачування супольнасці пяіраў у асобе настаяцеля Польскай правінцыі Ордэна скіраваў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч. У сваім лісце заслужаны беларускі іерарх, між іншым, напісаў: «Ойча Гжэгаж, як твой біскуп падчас твайго служэння ў Беларусі я бязмерна ўдзячны за ахвярную працу, самаадданне і безумоўную дапамогу.
Дзякуючы такім святарам, як ты, Касцёл на Беларусі адрадзіўся, як фенікс з попелу. Сваёй працай ты ўзнёс сабе помнік, не рукой чалавека збудаваны — помнік адроджанага духоўнага жыцця, да якога не зарасце сцежка людской памяці», — напісаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Словы спачування перадаў таксама адказны за Магілёўскі рэгіён, дзе доўгі час нёс служэнне айцец Гжэгаж, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, які цяпер знаходзіцца ў Рыме на Сінодзе Біскупаў.
Ад імя духавенства Магілёўшчыны ў пахаванні ўзяў удзел ксёндз Міхал Бубен, пробашч парафіі святых Пятра і Паўла, апосталаў, у Шклове.
Прысутнічалі таксама айцы пяіры з Беларусі.
Пахаванне цела памерлага адбылося на Ракавіцкіх могілках Кракава, дзе знаходзіцца супольная пахавальня айцоў піяраў.