Пошук

24.02.2023 10:49   Паводле: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

19–20 лютага ў Гродне праходзіла фармацыйная сустрэча для катэхетаў — святароў, законных сясцёр і свецкіх людзей — якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.

Як адзначае Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, сустрэчу традыцыйна арганізаваў Аддзел каталіцкага навучання і выхавання пры дыяцэзіяльнай курыі.

Увазе ўдзельнікаў былі прапанаваныя тры канферэнцыі. З канферэнцыяй «Катэхет — апостал і вучань» выступіў ксёндз Віктар Бохан CSsR з парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне. Святар, між іншым, звярнуў увагу на тое, што ў дзейнасці катэхета важна перш за ўсё самому быць вучнем.

Галоўным сваім настаўнікам, па словах ксяндза Віктара, трэба мець Езуса Хрыста: гэта дазволіць будаваць асабістыя адносіны з Богам як з Айцом і быць прыкладам для выхаванцаў.

Рэдэмптарыст падкрэсліў, што дзецям і моладзі вельмі важна бачыць, што катэхет не проста вучыць праўдам веры, а жыве гэтымі праўдамі сам: тады размовы пра Бога будуць успрымацца інакш.

У наступнай канферэнцыі ксёндз Віталій Сідорка, пробашч парафіі святога Юзафа Рамесніка і благаслаўлёных сясцёр мучаніц з Навагрудка, разважаў над тэмай «Асабісты пошук Бога як шлях даверу да вучэння Касцёла».

Святар закрануў праблематыку малой эфектыўнасці працэсу катэхізацыі. Ён адзначыў, што ў свеце, дзе развіваецца секулярызацыя, з якой вынікае павярхоўны падыход да жыцця, бацькі не заўсёды разумеюць важнасць катэхізацыі ў жыцці дзяцей, і існуе таксама недавер да Касцёла сярод католікаў.

Ксёндз Віталій назваў важным у такіх умовах тое, каб урок рэлігіі ішоў поруч з асабістай сустрэчай з дзецьмі і моладдзю, у літаральным і пераносным сэнсе. Ён дадаў, што ў катэхізацыі важна ўмець проста быць побач з дзецьмі, пакідаць у іх дотык Бога, умець дакрануцца да іх сэрцаў, пакуль яны наведваюць урокі рэлігіі. Па словах святара, менавіта асабістае сведчанне, нефармальны час разам з катэхетамі, пілігрымкі, нейкія пабожныя акцыі часцей за ўсё памятаюць дарослыя, якія раней наведвалі катэхетычныя заняткі.

У межах двухдзённай сустрэчы была таксама адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой удзельнікі маглі прыступіць да споведзі.

Сустрэча завяршылася Імшой у рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На Эўхарыстыі іерарх маліўся за ўсіх катэхетаў дыяцэзіі.

Гамілію прамовіў айцец Аляксандр Махнач SchP, пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе. Напачатку ён прыгадаў словы Папы Францішка аб тым, што вучыць людзей любіць Хрыста — адна з найбольшых прыгодаў, і што Хрыстус абяцаў заўсёды быць са сваімі вучнямі.

Піяр з Ліды адзначыў важнасць асабістай фармацыі катэхетаў і засяродзіў увагу на яе адзінаццаці фундаментальных прынцыпах.

На заканчэнне біскуп Кашкевіч падзякаваў удзельнікам за ўдзел у гэтай сустрэчы на парозе Вялікага посту і за штодзённую катэхізацыю дзяцей і моладзі ў Гродзенскай дыяцэзіі.

Іерарх выказаў удзячнасць арганізатарам сустрэчы — Аддзелу каталіцкага навучання і выхавання пры Гродзенскай дыяцэзіяльнай курыі на чале з яго дырэктарам ксяндзом Анджэем Шчупалам CSsR.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа