6–7 снежня старадаўні польскі Кракаў наведалі беларускія пілігрымы з парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залаітой Горцы ў Мінску.
Як паведаміў сайт душпастырства беларусаў-католікаў у Польшчы, Сatholicby.pl, група, у склад якой увайшло больш за 100 чалавек, прыбыла ў адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы, дзе калісьці вучыўся наш славуты зямляк Францішак Скарына, пад кіраўніцтвам пробашча Залатагорскай парафіі ксяндза каноніка Юрыя Санько і ксяндза каноніка Кірыла Бардонава.
У праграме пілігрымкі былі святая Імша ў парафіі святога Стэфана ў Кракаве, набажэнства ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках і экскурсія па славутых месцах каралеўскага горада.
Да супольнай малітвы далучыліся таксама мясцовыя беларусы, якія разам са сваім душпастырам, ксяндзом Юрыем Рашатко кожную нядзелю збіраюцца на Імшу на роднай мове.
Пілігрымы з Мінска шчыра падзякавалі вернікам кракаўскай парафіі святога Стэфана, а асабліва яе пробашчу ксяндзу Лешку Гарстку за гасціннасць і магчымасць цэлебрацыі Эўхарыстыі.