Пошук

29.11.2023 12:47   Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Дзяніс Казачэнка / Grodnensis.by

25 лістапада ў касцёле святога Юзафа Каласанса ў Лідзе 25-гадовы юбілей адзначыла парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Як паведамляе Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, у касцёле святога Юзафа Каласанса, заснавальніка манаскага Ордэна Пабожных школаў — піяраў, якія служаць у гэтай парафіі, на свята сабралася вялікая колькасць вернікаў.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскi арцыбіскуп Юзаф Станеўскi. У супольнай малітве ўзяў удзел і заснавальнік парафіі, біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Па запрашэнні піяраў на свята прыбылі таксама дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і госці з польскага горада Кракаў — настаяцель Польскай правінцыі ордэна піяраў айцец Матэуш Піндэльскі SP са сваім асістэнтам айцом Яцэкам Волянам SP. Удзельнічалі ва ўрачыстасцях айцы піяры са Шчучына, іншыя духоўныя асобы, законныя сёстры.

Мерапрыемства распачалося з даклада Таццяны Заблоцкай «Шлях піяраў у Ліду».

Выступоўца падкрэсліла вялікую ролю піяраў, якія на працягу стагоддзяў рабілі вялікі ўнёсак у навучанне і фармацыю мясцовых жыхароў.

Потым адбылася ўрачыстая святая Імша падзякі за парафіяльную супольнасць, за дар уласнай святыні, за святароў, якія служылі тут раней і служаць сёння.

Пробашч айцец Аляксандр Махнач SP на пачатку Літургіі прывітаў прысутных і заахвоціў падзякаваць Богу за парафію, за дары, атрыманыя ад Яго на працягу мінулых гадоў, і папрасіць аб далейшым благаслаўленні, каб усе парафіяне маглі працягваць узрастаць у веры.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі адзначыў, што ўжо 25 гадоў у святыні, пабудаванай ва ўжо новай гісторыі горада Ліды на хвалу Пана і на карысць людзей, «б’ецца любоўю сэрца Эўхарыстычнага Бога і сэрца скрушанага чалавека».

Іерарх пакрэсліў, што, калі вернікі ўсведамляюць, якую багатую спадчыну атрымалі з мінулага, «калені самі схіляюцца, а сэрца спявае словы гімна „Цябе, Бога, праслаўляем“ за вялікія справы, здзейсненыя Панам праз чалавека ўчора і сёння на гэтай умілаванай лідскай зямлі».

Арцыбіскуп нагадаў, што сёлета Ліда адзначае 700-годдзе з часу свайго заснавання, і дадаў: «Сведкаў мінулых падзей ужо няма з намі, але мы адчуваем іх прысутнасць у таямніцы веры лучнасці святых».

Па словах Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, гэтая малітоўная сустрэча — нагода дакрануцца да «чароўнай Божай і лідскай цішыні», акунуцца ў атмасферу супакою, якая спрыяе сустрэчы з Панам, магчымасці адкрыцца на Бога і чалавека.

Напрыканцы святой Імшы да прысутных звярнуўся настаяцель Польскай правінцыі ордэна піяраў айцец Матэуш Піндэльскi SP, які падзякаваў парафіянам за трыванне ў веры, вялікую любоў да Маці Божай і пашану да святога Юзафа Каласанса.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч, у сваю чаргу, падкрэсліў вялікі ўнёсак піяраў у адраджэнне Касцёла на Гродзеншчыне, падзякаваў за іх вялікія старанні ў душпастырскай працы, асабліва за клопат аб дзецях і моладзі.

Пробашч айцец Аляксандр Махнач SP, падзякаваўшы ўсім за супольную малітву, коратка нагадаў пра самыя значныя падзеі з жыцця парафіі.

Свята завяршылася благаслаўленнем мемарыяльнай шыльды, устаноўленай у касцёле з нагоды юбілею.

Мясцовыя вернікі і госці атрымалі памяткі пра юбілейныя ўрачыстасці з малітвай за парафію. Была магчымасць зрабіць у фотазоне перад касцёлам фотаздымак на памяць.

На працягу года ў парафіі будуць праходзіць розныя мерапрыемствы, звязаныя з юбілеем.

З гісторыі парафіі

Парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Лідзе была заснавана рашэннем біскупа Аляксандрa Кашкевічa 19 лістапада 1998 года.

1 лістапада 2000 года ў часовай капліцы парафіі адбылася першая святая Імша.

11 мая 2002 года біскуп Гродзенскі благаславіў фундамент будучага парафіяльнага касцёла. У тым жа годзе ў Кракаве Папа Ян Павел ІІ благаславіў вуглавы камень для касцёла.

Новапабудаваны касцёл святога Юзафа Каласанса, узведзены ў памяць пра касцёл піяраў, які раней знаходзіўся ў цэнтры Ліды, быў пасвячаны 25 жніўня 2008 года.

У 2015 годдзе у парафіі адбыліся Святыя місіі, якія правялі айцы рэдэмптарысты і якія глыбока перажываліся вернікамі.

2 чэрвеня 2019 года біскуп Аляксандр Кашкевіч благаславіў у лідскім касцёле новы арган.

25 жніўня 2017 года адбылося ўрачыстае прысвячэнне касцёла на вечнае карыстанне Бога.

15 жніўня 2018 года адбылося благаслаўленне трох званоў на званіцы касцёла, якія цешаць парафію да сённяшняга дня і паводле якіх, можна сказаць, жыве раён.

Такім чынам, за 25 гадоў парафія пабудавала свой касцёл і ўзрастала ў веры. За гэты час у ёй было здзейснена 1363 хросты, 1069 дзяцей прыступілі да Першай Камуніі, 640 чалавек прынялі сакрамэнт канфірмацыі, было заключана 457 сужэнстваў, паўтары тысячы чалавек прынялі сакрамэнт намашчэння хворых і віятык. Адышло ў вечнасць за ўсе гэтыя гады 677 парафіянаў.

Абноўлена 29.11.2023 12:49
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.