Пошук

21.05.2024 12:04   Паводле: Сhausynews.by / Фота: Сhausynews.by / Catholic.by

20 мая, у панядзелак пасля ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, ў Касцёле адзначаецца ўспамін Найсвяцйшай Панны Марыі, Маці Касцёла.

У гэты дзень вернікі парафіі ў Чавусах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Магілёўскі дэканат) адзначылі сваю парафіяльную ўрачыстасць.

Спецыяльны рэпартаж з падзеі быў апублікаваны на афіцыйным сайце чавускай раённай газеты «Іскра» Сhausynews.by.

Па запрашэнні пробашча чавускай парафіі ксяндза Андрэя Кеўліча, дэкана Магілёўскага, урачыстую цэлебрацыю святой Імшы ў касцёле ў Чавусах узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.

Разам з арцыпастырам пры алтары святыні, якая апошнім часам інтэнсіўна добраўпарадкуецца намаганнямі мясцовых вернікаў і іх душпастыра, маліліся адказны за Магілёўскі рэгіён Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі, святары з парафій у Горках, Касцюковічах, Крычаве, Мсціславе і Магілёве.

Арцыбіскупа Станеўскага цёпла прывіталі хлебам-соллю чавускія вернікі, падзякаваўшы іерарху за ўвагу да іх парафіі. Арцыпастыр павіншаваў усіх удзельнікаў святой Імшы са святам, якое нагадвае пра прысутнасць Маці Марыі ў жыцці Касцёла і кожнага паасобнага верніка.

«Яна апякуецца намі, дапагае, умацоўвае, заклікае да любові, да павагі да бліжняга. Дараваць крыўды, дапагчы тым, каму цяжка, маліцца да Найсвяцейшай Панны за дзяцей, моладзь, родных, хворых, жыць з Панам Езусам у сэрцы — гэта пакліканне вернікаў»,— падкрэсліў у прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі.

Як адзначылі ўдзельнікі парафіяльнай урачыстасці ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, у Чавусах, яна была насычана пранікнёнай атмасферай і радасцю.

З 21 красавіка па 6 жніўня ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі па ініцыятыве арцыбіскупа Юзафа Станеўскага праводзіцца акцыя «Дар сэрца для Касцёла на Магілёўшчыне», мэта якой — духоўна і матэрыяльна падтрымаць невялікія парафіяльныя супольнасці ў Магілёўскім рэгіёне.

Абноўлена 21.05.2024 12:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця